staralitva (staralitva) wrote,
staralitva
staralitva

Германскі суперстрат у старажытнай Літве



Бітва готаў з франкамі ў 6 ст. (мініятура 14 ст.)

Галоўнаю тэзаю сённяшняе літуаністыкі ёсць пастулат аб балцкай этнічнасці сярэднявечнага народу літвінаў. Незалежна ад усіх праяў славянізацыі літоўскае шляхты, славянскага характару гаспадарства і права Вялікага княства Літоўскага, пастулат “балцкае этнічнасці” літвінаў застаецца ў якасці адзінага падмурку ўсіх рэканструкцый гісторыі Літвы – што, аднак, ніяк не тлумачыць працэсаў стварэння Вялікага княства Літоўскага і ўспраўлення яго ўрадовага ладу і культуры. Таму А. Краўцэвіч адзначыў, што ўяўляецца непазбежнаю адмова ад “балцкай” канцэпцыі стварэння і развіцця ВКЛ, якая разглядае балцкую этнічнасць літоўскае шляхты як абсалютны матыў стварэння і развіцця гаспадарства, а славянскаму жыхарству надае вылучна пасыўную ролю [1].
Між тым, здаецца, што для сённяшняй гістарыяграфіі тэза аб “балцкай этнічнасці” шляхты ВКЛ – гэта нешта большае, ніж проста навуковы пастулат. Здаецца, што гэта нібыта панацэя ад любых праблемных пытанняў. Моўную асыміляцыю, праблемныя пытанні палітыкі, пытанні шляхецкіх радаводаў, дзяржаўнае будаванне – усё што заўгодна можна патлумачыць (а часцей апраўдаць) пастулатам “балцкае этнічнасці” літоўскае шляхты. Дзеля захавання гэтага пастулату можна ахвяраваць якімі заўгодна аспектамі рэальнага гістарычнага жыцця Літвы. Праўда, у грамадскім і культурным жыцці ВКЛ цяжка знайсці нейкія праявы “этнічнае балцкасці” літоўскае шляхты – таму ейныя неславянскія імёны ёсць абсалютным аргументам сённяшняе гістарыяграфіі. “Балцкія” імёны літоўскае шляхты (дарма што любыя праявы асыміляцыі) ёсць дастатковым сведчаннем “захавання каранёў” аўтахтоннага балцкага жыхарства, якое стварыла літоўскае гаспадарства з цэнтрам на сваёй этнічна балцкай тэрыторыі, – а значыць сведчаннем існавання балцкае нацыянальнае свядомасці, якая і была адзіным вырочным матывам стварэння і існавання гэтага гаспадарства. Прыблізна так разважае сённяшняя гістарыяграфія. Але – у мэтах навуковае грунтоўнасці – разгледзім імёны сярэднявечных літоўскіх князёў і шляхты, каб высветліць, ці сапраўды яны ёсць балцкімі. Аналіз гэтага пытання пакажа, якую сапраўдную вартасць мае тэорыя аб “этнічнай балцкасці” як першасным чынніку стварэння Вялікага княства Літоўскага.
Як вядома, імёны сярэднявечных літоўскіх князёў і шляхты не тлумачацца з летувіскае (жамойцкае) мовы і наогул з балцкіх моў, што прызналі самі летувісы (гэтак, паводле энцыклапедыі “Літва” 1989 году, сэнс двохфармантных імёнаў літоўскае шляхты “цяжка патлумачыць”) [2]. Спробы прыдумаць балцкую этымалогію гэтых імёнаў ёсць яўна няспорымі. Яшчэ ў 19 стагоддзі летувіскія даследнікі спрабавалі тлумачыць імя Ягайла ад слоў “калі” і “шкада” або ад слоў “добры вершнік”; імя Кейстут спрабавалі тлумачыць ад слоў “пераменлівы” або “той, хто разагравае”; імя Гедымін ад слоў “той, хто топча сорам” або “дасканалы спявак” [3]. Згодна з сённяшнімі летувіскімі даследнікамі, імя Гедымін нібыта мусіць тлумачыцца ад слоў “журыцца” і “думка”; імя Даўспронг – ад слоў “шмат” і “папырхнуцца”; імя Любарт – ад слоў “спыняць” і “лаяць”; імя Гедыгоўд – ад слоў “журыцца” і “лавіць”; імя Радзівіл – ад слоў “знайшоў” і “надзея”. Да таго ж, летувіскія даследнікі перакручваюць словы сваёй мовы для такіх тлумачэнняў. Гэтак, паводле іх, імя Ягайла мусіць тлумачыцца ад слоў joti (“ехаць конна”) і galia (“моц”); у такім разе імя князя мусіла б гучаць як “Ётгаля” – але яго імя Ягайла. Можна дадаць яшчэ, што згодна з летувіскаю моваю імя Альгерд мусіла б тлумачыцца як “п’яны ад піва” [4]. Апрача тузыну няўдалых спроб, тлумачэнняў іншых чысленых імёнаў старажытнае літоўскае шляхты летувісы прапанаваць проста не здольны.
Гэтыя імёны не тлумачацца з балцкіх моў, бо яны не ёсць балцкімі. Яшчэ гісторыкі 19 стагоддзя пісалі аб усходнегерманскім паходжанні сярэднявечнае літоўскае шляхты. Ейныя імёны, ужо паводле наяўных у іх фармантаў (-буд-, -від-, -віл-, -гаўд-, -герд-, -мунт- і інш.) ёсць яўна германскімі, а не балцкімі – у чым можна пераканацца, пагартаўшы любы даведнік па сярэднявечных германскіх імёнах. Хаця аб германскім паходжанні літоўскае шляхты пісаў шэраг гісторыкаў [5], мадэрновая гістарыяграфія ігнаравала гэтае пытанне і збудавала сваю хісткую тэорыю на тэзе аб “этнічнай балцкасці” паноўнага элементу Вялікага княства Літоўскага. Нежаданне мадэрновае гістарыяграфіі разглядаць пытанне германскага паходжання літоўскае шляхты цалкам зразумела: калі літоўская шляхта не была аўтахтонамі ў Панямонні, то яна не мела патрэбы збліжацца з мясцовымі балтамі (якія стаялі ў культурным і ваенным планах куды ніжэй за яе), пераймаць мову і культуру балтаў ды будаваць нейкую “балцкую” этнічнасць і свядомасць – яна магла пераймаць мову і культуру славянаў ды нарэшце злучыцца з славянамі ў адзін народ (што, відавочна, і адбылося). Такім парадкам, з разгледжаннем сапраўднага этнічнага паходжання літоўскае шляхты (якое было, як убачым ніжэй, усходнегерманскім) развальваецца “балцкая” тэорыя мадэрновае гістарыяграфіі – а разам з ёю ўсе ўласцівыя для мадэрновай гістарыяграфіі спробы ігнараваць сапраўдны грамадска-палітычны характар Вялікага княства Літоўскага.
Усходнегерманскія народы – готы, бургунды, гепіды, ругі і інш. – займалі ў першых стагоддзях нашае эры значныя тэрыторыі паўночна-ўсходняе Еўропы ля Балтыйскага мора (у часы сярэднявечча вядомага як Гоцкае мора – mare Gothicum) і былі вядомы сваімі паходамі амаль па ўсёй Еўропе. Найбольш вядомым з іх быў народ готаў, які ў 3–5 стагоддзях сваімі паходамі апанаваў вялікія абшары сярэдняе і паўднёвае Еўропы. Захопы Рыму готамі ў 410 г. і вандаламі ў 455 г. традыцыйна разглядаюцца ў гістарычнай навуцы як тычка, што аддзяляе антычны час ад сярэднявечча. Пасля 7 стагоддзя звесткі аб усходнегерманскіх народах амаль знікаюць, вядома, што частка іх вярнулася да сваіх былых тэрыторый ля Балтыйскага мора. Вядома, што шляхта герулаў і вандалаў у 7–8 стагоддзях часткова інтэгравалася ў шляхту палабскіх і паморскіх славянаў і захоўвала сярод іх свае германскія імёны. Да аднаго з такіх народаў мусіла належаць група, якая недзе ў 10 стагоддзі ўвайшла з мора ў Неман і пасялілася ля Неману і яго прыток, як аб гэтым паведамляюць летапісы Вялікага княства Літоўскага. Імёны літоўскае шляхты, яе летапісныя апавяданні аб сваім паходжанні, рэлікты мовы – усё паказуе на тое, што этнічнае паходжанне літоўскае шляхты было ўсходнегерманскім.
Разгледжанне імёнаў жыхарства сярэднявечнае ўласна Літвы (вобласці Неманска-Вілейскага міжрэчча) паказуе, што тут існавалі тры выразлівыя этнічныя элементы: балцкі субстрат (балцкія імёны простага люду), славянскі суперстрат (славянскія імёны шляхты і простага люду) і германскі суперстрат (усходнегерманскія імёны амаль вылучна шляхты, у пазнейшы час таксама часткова простага люду). Звяртаюць на сябе ўвагу германскія імёны вядомых з летапісаў князёў Літвы 11–13 ст.: Нетымер, Монтвіл, Германт, Вікінт, Гердывіл, Скірмунт, Звінбуд, Маўкольд, Даўгерд. Гэта тыповыя германскія двохфармантныя шляхецкія імёны. Сярод шляхты германцаў былі пашыраны двохфармантныя імёны, якія складаліся з фармантаў, што азначалі тыпова “барбарскія” якасці: бойка, перамога, слава, меч, войска, сонца і г.д. Гэтыя фарманты, спалучаючыся ў размаітых камбінацыях, утваралі чысленыя імёны, якія “былі паказнікам на пэўны грамадскі стан і служылі для азначэння прадстаўнікоў найвышшае ступені грамадскае гіерархіі” [6]. Падобныя імёны былі пашыраны таксама сярод шляхты славянаў (Усяслаў, Ярамір і г.д.). Між тым, у балтаў такія імёны невядомы.
Першая згадка князя ў сувязі з Літвою ў пісьмовых крыніцах (пад 1009 г.) дае яўна германскае імя Нетымер (Nethimer) [7]. Усе пазнейшыя імёны літоўскае шляхты (як паказана ніжэй) таксама ёсць яўна германскімі. Гэтыя імёны не маглі мець балцкае паходжанне, бо яны не маюць ніякіх тлумачэнняў у балцкіх мовах. Усе імёны – а пагатоў двохфармантныя шляхецкія – маюць нейкі сэнс. Прыкладам, кожнаму славяніну зразумелы сэнс імёнаў Святаслаў, Ярамір, Звеніслава, Балемысл або сэнс простанародных імёнаў Неруш, Воўчка, Пуцята, Круглец. Сэнс маюць і балцкія імёны, нават аднафармантныя; прыкладам, жамойцкія: Трумпа (“кароткі”), Жвірбліс (“верабей”), Мажуйтыс (“малы”), Гражына (“прыгожая”). Але сярод жамойтаў і іншых балтаў мы не знаходзім аніякіх балцкіх імёнаў, падобных да імёнаў літоўскае шляхты, якія ёсць яўна германскімі. Толькі ва ўсходнегерманскіх мовах знаходзяць паралелі і толькі з іх тлумачацца імёны з фармантамі -скір-, -гаўд-, -гайл-, -мунд- і іншымі, такія рэдкія імёны, як Гвазэлют [8], Свальгед, Сунгайла, Прэзгінд, Альдона, Вілгейда. Увогуле незразумела, на якіх падставах летувіскія даследнікі ўпэўнена цвердзяць, што імёны накшталт Альгерд, Вітаўт, Валімунд, Звінвальт, Бутвід, Радзівіл, Гастольд або Ромвальт ёсць “балцкімі” – насамрэч яны не маюць ані аналагаў сярод балцкіх імёнаў, ані тлумачэнняў з балцкіх моў і ў той жа час маюць наўпростыя адпаведнікі або аналагі з такімі ж фармантамі сярод германскіх імёнаў.
Разгледзім сапраўды балцкія імёны. Вось імёны жамойтаў 14–15 стагоддзяў: Дамутыс, Навеніс, Дыкрыс, Мажуйтыс, Рамутыс, Пікелюс, Спутчус, Келпшыс, Міжык, Трумпа, Чулюна, Віскуліс, Пяполіс, Жыманіс, Дайкутыс, Дажуна, Піскульт, Геўдус, Стырбіс, Копчыс, Гігас, Шэкстыс, Доргіс, Лоўдзюс і г.д. Вось імёны латышоў 13–14 стагоддзяў: Вардэкэ, Варыбуле, Рамека, Мелюке, Вестард, Пайке, Утыле, Вездат, Варыдотэ, Муйжэль, Думпі, Кайрэ, Крэша. Вось прускія імёны 13–14 ст.: Матто, Піпін, Дорг, Пёпса, Паманда, Налуба, Гедун, Кандэйм, Тырско, Маўдэль, Склода, Гланда, Глап, Аўктум, Дыван, Мілігед, Тропа, Клекінэ, Лінка, Накейм, Сантырм, Самбанга, Някаркіс і г.д. Як бачым, ёсць некаторае падабенства форм і фанетычных асаблівасцей у імёнах латышоў, жамойтаў, прусаў (што зразумела, бо ўсе яны балцкія). Але нідзе сярод імёнаў балтаў мы не бачым фармантаў, якія ёсць у імёнах Бутаўт, Альгімунт, Монтрым, Войшвід, Эйвільд. Ужо з формы і з гучання імёнаў літоўскае шляхты відаць, што яны істотна розняцца ад балцкіх імёнаў. Калі ў Жамойці бачым падобнае імя – то гэта заўсёды літоўскі баярын або ўраднік, прысланы з Вільні. Таксама значная лічба германскіх імёнаў існуе яшчэ ў 15 ст. у жамойцкіх местах ля Неману – месцах даўняе каланізацыі германскім элементам. Падобным чынам, у прускіх землях каля Неману (Надрове, Яцвезі) бачым у 13–14 ст. некаторыя яўна германскія імёны (Скомунд, Гедыгаўд, Вісгаўд, Кантыгерд), што таксама тлумачыцца даўняю каланізацыяй Неману германцамі.


Палямон – продак Гедымінавічаў (рысунак 17 ст.)

Падрабязна аб прыбыцці продкаў літоўскае шляхты ў Панямонне распавядае легенда пра Палямона, якая ўвайшла ў прыдворныя летапісы Вялікага княства Літоўскага. Хаця ейнае апавяданне не заўсёды ёсць ясным, яго галоўныя абрысы ёсць досыць выяўнымі. Вывад продкаў літоўскіх князёў з “рымскае шляхты” ёсць, відаць, згадкаю пра часы, калі готы і вандалы валодалі Рымам – як пра часы найвышшага ўздыму і гонару гэтых народаў. Летапісная “река Шума” (даньскія пратокі), “королевство Дуньское”, праз якія плылі вандроўнікі, відаць, ёсць паказнікам на сапраўднае месца, адкуль яны прыбылі – балтыйскае ўзбярэжжа эльбска-одрскага міжрэчча, дзе ў 9–10 ст. усходнегерманскія народы зазналі моцную экспансыю каталіцкіх дзяржаў франкаў і саксаў.
Летапісы падрабязна выпісуюць асваенне прыбышамі Неману і яго прытокаў. Прыбышоў было даволі многа (“пятсот шляхты з жонами и з детми и з многыми людми”); будучую шляхту Літвы склалі не адно нашчадкі Палямона, але і нашчадкі іншых шляхецкіх родаў, сярод якіх “чотыры были рожаи найвышшые, именем Китоврасы, Колюмны, Рожы, Урсы” (ад Кітаўрасаў летапісец выводзіў вялікага князя Тройдзеня, князёў Гедройцяў і Гальшанскіх, ад Калюмнаў – Гастоўтаў, ад Рожаў – Манівідаў, ад Урсаў – Давойнаў) [9]. Сынамі Палямона, паводле легенды, былі Борг, Кунас і Спэра, сынамі Кунаса – Кернус і Гінбут (усе імёны яўна германскія: Borca/Burgo, Cuno, Sperus, Kerne, Genobaud [10]). Усе іхнія нашчадкі таксама мелі германскія імёны: Монтвіл, Скірмунт, Мінгайла, Гінвіл, Ямант, Пісімонт, Альгімонт, Рынгольт. Першы горад, заснаваны прыбышамі, мае яўна германскі назоў – Юрбарк (ад гоцк. baurgs “горад” – горад на рацэ Юры). Далей прыбышы заснавалі Коўню, Кернаў, Вількамір і іншыя гарады ў Неманска-Вілейскім міжрэччы, а ў час калі “повстав царь Батый и пошол на Рускую землю”, апанавалі Наваградак, Бярэсце, Полацк і Мазыр [11] – то бо стварылі Вялікае княства Літоўскае. Летапісныя апавяданні яўна дэманструюць, што ўсе продкі літоўскіх князёў і шляхты захоўвалі германскія імёны – такім парадкам, летапісы ВКЛ ясна кажуць аб неаўтахтонным, германскім паходжанні літоўскае шляхты. Калі летапісец прытрымваўся больш-менш рэалістычнага ліку пакаленняў (ад Кунаса да Рынгольта мінула дзевяць пакаленняў), то гэта мусіла б азначаць, што прыбышы прыбылі ў Панямонне недзе ў другой палове 10 стагоддзя (гэтым часам датуе пачатак літоўскае дынастыі і хроніка Ратунда). У гэты час усходнегерманскія народы эльбска-одрскага міжрэчча зазналі моцны ціск суседніх каталіцкіх дзяржаў, дзеля чаго сапраўды магло адбыцца перасяленне часткі іх у Панямонне. Раўданскі рукапіс (рукапісны твор пад назовам “Codex selectus”, укладзены ў 1488 г. Антоніем Корсакам для княжыча Аляксандра Казімеравіча) таксама падае германскія імёны продкаў Ягайлавічаў (Імін, Глапімін, Сутынк, Дармунімунд, Лютавор), апавядае пра іх бітвы “на моры” з шведамі ў 11 ст. і пра “марскога ваяра” князя Лютавора, а таксама тлумачыць імёны князёў Монтвіда, Нарымунта, Альгерда і Кейстута з германскае мовы (гл. ніжэй) [12].
Выяўна, што летапісы апавядаюць толькі аб асваенні прыбышамі Неману і яго буйнейшае прытокі Віліі: іншыя землі прыбышоў яўна не цікавілі. Гэта выяўнае сведчанне таго, што экспансыя адбывалася па рэках – як і ў іншых выпадках асваення германцамі новых зямель з мора. Раён Неманска-Вілейскага міжрэчча, асабліва мястэчкі па Немане і Віліі і іхніх прытоках – гэта якраз месцы, дзе месціліся старажытныя вотчыны літоўскае шляхты і дзе яшчэ ў 15 ст. мы знаходзім многа германскіх імёнаў не адно сярод шляхты, але і сярод дробнага баярства і простага жыхарства.




Разгледзім мапу размешчання айчызных сядзіб буйнейшых літоўскіх шляхецкіх родаў (Гастоўтаў, Радзівілаў, Манівідаў, Кясгайлаў, Бутрымаў, Сунгайлаў, Давойнаў, Саковічаў і інш.) у канцы 14 стагоддзя, складзеную Р. Пятроўскім [13]. Гэтая мапа шмат кажа аб працэсах, якія адбываліся ў Панямонні ў 11–13 стагоддзях. Як бачым, амаль усе вотчыны буйнейшых літоўскіх баяраў размешчаны на кампактнай тэрыторыі ў міжрэччы сярэдняга Неману і Віліі. Колькі сядзіб яшчэ размешчаны па буйнейшай прытоцы Віліі – Свенце, а таксама па іншых прытоках Віліі і Неману. Адметнаю рысаю гэтага арэалу ёсць тое, што ён перацінае славяна-балцкую этнічную мяжу: вышняе і сярэдняе Панямонне ўжо ў 10–11 ст. было апанавана славянамі, якія заснавалі Наваградак, Горадню, Турыйск і іншыя гарады і гарадзішчы (імаверна, і Вільню), у 12 ст. складалі ладную частку жыхарства Вільні, Кернава, развівалі тут рамёствы і гандаль [14]. Такім парадкам, размешчанне на гэтай тэрыторыі ўсіх вотчын буйнейшае літоўскае шляхты выглядае досыць дзіўна ў святле тэорыі аб яе “балцкім этнічным” характару, які нібыта быў галоўным чыннікам яе палітычнае дзейнасці. Тым, хто разважае пра “балцкую этнічнасць” літоўскае шляхты, варта было б задумацца: чаму айчызныя сядзібы літоўскае эліты не месціліся ў глыбіні балцкага арэалу – дзесьці на поўнач ад Свенты або ў глыбіні Жамойці? чаму гэтыя айчызныя сядзібы месцяцца на мяжы з славянскім арэалам і нават унутры яго? Адказ у тым, што самі гэтыя шляхцічы мелі небалцкія, германскія імёны і да аўтахтоннага балцкага жыхарства Панямоння не мелі ніякага дачынення. Увесь парадак асваення прыбышамі-германцамі Панямоння (як ён выступае ў летапісных крыніцах ды праз разгледжанне размешчання баярскіх вотчын) паказуе, што прыбышоў цікавіла толькі тэрыторыя ля Неману і яго буйнейшых прыток, а этнічнасць мясцовага жыхарства (балцкага або славянскага) не мела ў гэтым працэсе ніякага значэння.
Галоўнаю мэтаю прышлага германскага элементу, як у пачатку каланізацыі, так і ў 14 стагоддзі, было асваенне і кантроль Неману і Віліі, таму ён абраў тэрыторыю між вышнявінамі гэтых рэк у якасці сваёй сядзібы. Таму робіцца зразумелым выбар Наваградка і Вільні як сталіц Вялікага княства Літоўскага. Размешчаныя на пакручастых пагорках блізка, адпаведна, да Неману і Віліі, гэтыя месты найлепш гадзіліся для размешчання галоўнае сядзібы князя, які меў мэтаю кантраляваць найперш Неман або Вілію. Калі спачатку першасную ролю адыгрываў Наваградак, то ў пачатку 14 ст. (відаць, дзеля актыўнасці ліфлянцкіх крыжакоў) на першае месца выходзіць кантроль Віліі і вялікі князь Гедымін пераносіць сталіцу ў Вільню, якая, размешчаная на крутых пагорках непасрэдна ля Віліі, найлепш гадзілася для кантролю Вілейскага воднага шляху. Вось як аб ваенных выгодах Вільні ў захапленні пісаў Конрад Кібург, крыжацкі дыпламат, які наведаў Вільню ў 1397 г. [15]:
“З ваеннага гледзішча размешчанне гораду ёсць выдатным: у ім можна абараняцца, не маючы досыць умацаванняў, бо пагоркі, цясніны і глыбокія яры даюць выдатныя нагоды для нападу на непрыяцеля падчас аблогі. <...> З гэтага відаць, што не сон аб жалезным воўку і не гаданне чарнакніжніка надала Гедыміну думку аб збудаванні тут сталіцы гаспадарства, але веданне ваеннае справы і назіранне за мясцовасцю. Ён быў выбітным ваяводам свайго часу і варты таго, каб мы яго пераймалі, хаця ён і не быў хрысціянінам. Якое моцнае размешчанне замкаў!”
Гэтаксама Наваградак, размешчаны на пакручастых пагорках недалёка ад Неману, найлепш гадзіўся для кантроля сярэдняга Неману. Безумоўна, з узмацненнем гандлю па Немане знітаваны росквіт у 11–13 ст. панямонскіх гарадоў (Наваградка, Ваўкавыска, Горадні), знаходкі з якіх уражваюць нават спецыялістаў-археолагаў – у 11–13 ст. тут гандлявалі ўнікальнымі рэчамі, якія прывозілі сюды з далёкіх краёў ад Сірыі да нямецкіх рэйнскіх гарадоў [16]. Знаходкі многіх паўночна-германскіх рэчаў (асабліва зброі) у Ваўкавыску і іншых гарадох кажуць аб значнай прысутнасці ў панямонскіх гарадох германскага этнічнага элементу [17]. Цікава, што з узмацненнем камунікацыі па Неманскім гандлёвым шляху ў 10–11 ст. даследнікі знітоўваюць вальную славянізацыю Панямоння [18].
Такім парадкам, у Неманска-Вілейскім рэгіёне, які стаўся тэрыторыяй рассялення прышлага ўсходнегерманскага элементу, на працягу 11–13 стагоддзяў існавалі тры этнічныя элементы: балцкі, германскі і славянскі. Субстратны балцкі элемент Панямоння адыгрываў вылучна пасыўную ролю, не маючы ніякае палітычнае вагі ў рэгіёне – гэтаксама як і на вялізных (некалі балцкіх) тэрыторыях між Прыпяццю і Дняпром, дзе балты былі выціснуты і цалкам апанаваны славянамі ў 8–9 стагоддзях. Сярэднявечныя балты стаялі на непараўнальна ніжэйшай ступені грамадскага развіцця, ніж германцы і славяне. Як паказалі даследванні, у жамойтаў да 14 ст. былі вельмі слаба развіты рамёствы, асабліва складаныя, жамойты не ведалі каменнага будавання, вырабу цэглы, шкла, не мелі гарадоў [19]; дасягненні жамойтаў у ваеннай справе, адпаведна, таксама былі вельмі слабымі. У святле ўсіх гістарычных фактаў наогул выглядае фантастычнаю “балцкая” канцэпцыя ўтварэння ВКЛ, згодна з якой слаба развітыя балты, якія не мелі гарадскога будавання і пісьменства, нібыта стварылі развітае фэўдальнае гаспадарства пераважна на славянскай тэрыторыі, ва ўрадовым ладзе якога не было ніводнага балцкага з паходжання інстытуту і ў дзяржаўным жыцці якога за пяць стагоддзяў яго існавання не прагучала ніводнага балцкага слова. Балты заўсёды былі пасыўнымі земляробамі, яны ніколі не праяўлялі ваеннае або палітычнае актыўнасці і не стваралі ніякіх дзяржаўных утварэнняў. Іншая рэч – вельмі развітыя славяне і германцы. Сустрэўшыся ў Панямонні, германцы і славяне мусілі ўзаемадзейнічаць і – як паказуе гістарычны матэрыял – ўзаемадзейнічалі ў стварэнні новага гаспадарства. Таму не дзіўна, што ва ўрадовым ладзе Вялікага княства Літоўскага было нямала ўсходнегерманскіх тэрмінаў (гл. ніжэй), а шляхту ВКЛ склалі асобы з германскімі імёнамі, якія, аднак, размаўлялі славянскаю моваю.
Робіцца зразумелым, чаму літоўскі летапісец далучыў да літоўскай княскай дынастыі полацкага князя Васіля-Рагвалода, зрабіўшы яго сынам літоўскага князя Барыса-Гінвіла [20]. Сапраўдны Васіль-Рагвалод быў полацкім князем між 1144 і 1162 гг. і быў сынам полацкага князя Барыса-Рагвалода. Летапісец не мог не заўважыць, што імя Рагвалод ёсць яўна германскім – і з гэтай прычыны, відаць, далучыў яго да літоўскай дынастыі. Падобным чынам, робіцца зразумелым, чаму сярод летапісных літоўскіх князёў апынулася імя Раман (летапісны бацька вялікага князя Тройдзеня) – сапраўды было германскае імя Romman (мабыць, варыянт імя Rommund). Сапраўдны наваградскі князь Раман Данілавіч (сын Данілы Галіцкага) княжыў у Наваградку ў 1254–1259 гг. Літоўскі летапісец, відаць, як і ў выпадку з Рагвалодам, палічыў імя Рамана германскім, таму з пэўнасцю далучыў яго да літоўскай княскай дынастыі. Гэтаксама і пазней літоўскія князі ахвотна абіралі хроснае імя Жыгімонт, бо гэта старажытнае пашыранае германскае (гоцкае) імя Sigimundus, якое трапіла ў хрысціянскі іменаслоў.
Заўважана, што германцы, апаноўваючы новыя краі, звычайна досыць хутка гублялі сваю мову і пераходзілі на мову падпарадкаванага народу, але зацята захоўвалі свае германскія імёны. Гэтыя імёны рабіліся прыкметаю арыстакратызму іх носьбітаў, бо заваёўнікі-германцы стаялі ля вытокаў шляхецкіх родаў падпарадкаваных краёў. Чыста тое самае адбывалася і ў Вялікім княстве Літоўскім. Князі-Гедымінавічы, прадстаўнікі іншых княскіх і шляхецкіх літоўскіх родаў ужо ў 14 стагоддзі, безумоўна, былі славянамі з гледзішча мовы і культуры, але працягвалі гарліва захоўваць свае старажытныя германскія імёны ў якасці прыкметы прыналежнасці да паноўных колаў ВКЛ. У той жа час адбывалася славянізацыя гэтых германскіх імёнаў. Ужо ў летапісным паведамленні пад 1219 г. бачым літоўскіх князёў Рушковічаў і Булевічаў (іхнія імёны ёсць яўна германскімі: Кінтыбут, Ванібут, Бутавіт, Вішымут, Гедывіл) [21]. Пазней славянскія прозвішчы на -віч у спалучэнні з собскімі германскімі імёнамі робяца звыклымі для літвінаў: на працягу 13–14 ст. бачым Сірвіда Рушковіча, Юрыя Вітаўтавіча, Даўгвідавічаў, Даўнаровічаў, Радзівілавічаў, Данілу Вісавідавіча, Бутвіда Ракутовіча, Бутрыма Савічэвіча, Лелюша Герстаўтавіча, Дзерманта Савігінавіча, Братошу Гайлютовіча і інш. [22]. Для германцаў, як і для славянаў, быў уласцівы культ воўка і лікантрапічныя матывы ў фальклёру: у германцаў былі пашыраны імёны з фармантам -wulf- (“воўк”). Такія імёны былі пашыраны і сярод літвінаў. Гэтак, пра брата князя Гердзеня Віда летапіс кажа: “егожъ люди Волкомъ звали” [23]. Сярод баяраў, што прысведчвалі акт Віленска-Радамскае уніі 1401 г., былі Воўчка Вялютовіч, Воўчка Тансаўтовіч, Воўчка Мілейкавіч [24]. Сярод баяраў, што прысведчвалі акт Гарадзельскае уніі 1413 г., былі Міцусь Вільчковіч, Воўчка Кульва, Воўчка Ракутовіч [25]. Сведкамі дамовы Літвы з Тэўтонскім ордэнам у 1432 г. былі баяры Даўмонт Ваўковіч, Воўчка Страчэвіч, Васько Ваўчковіч [26]. Ваўкі згадваліся і ў летапісных апавяданнях аб заснаванні Вільні і Вількаміру [27]. Між тым, у балтаў культ воўка і лікантрапічныя матывы не існавалі.
Высвятленне германскага этнічнага паходжання літоўскае шляхты дазваляе адказаць на пытанне аб межах летапіснае ўласна “Літвы”, “зямлі Літоўскае” – асяродку Вялікага княства, які абыймаў Вільню, Вількамір, Коўню, Наваградак і Горадню. Сучасная гістарыяграфія не тлумачыць, чаму гэтая тэрыторыя (якая называлася ўласна “Літвою” ў вузкім сэнсе) абыймала і балцкія, і славянскія землі, але ў той жа час адрознівалася як ад балцкай Жамойці, так і ад “рускіх” зямель ВКЛ (Полацкага, Друцкага, Пінскага ўдзельных княстваў). Як паказуе разгледжанне вотчын буйнейшае літоўскае шляхты (гл. вышэй), гэта была тэрыторыя кампактнага рассялення ў Панямонні прышлага германскага элементу, што і спрычыніла яе асаблівы статус і адрозненне як ад Жамойці, так і ад беларускіх удзельных княстваў. Між тым, з стварэннем ВКЛ палітычны назоў “Літвы”, “Літоўскага княства” пашырыўся на ўсю тэрыторыю ўласна Вялікага княства Літоўскага (без Жамойці). Як відаць з гістарычнага матэрыялу, германскі элемент актыўна ўзаемадзейнічаў і злучаўся з славянскім элементам (як з роўным), а не з балтамі. Гэтым тлумачыцца тое, што літоўскія князі імкнуліся заняць княскія стальцы ў Наваградку, Віцебску, Дарагічыне і не клапаціліся аб улучэнні Жамойці ў склад Літвы. Літоўская вялікакняская дынастыя злучыла пад імем уласна Літоўскага княства славянскія землі Полацку, Мазыра, Пінску – у той час як Жамойць была толькі стараствам і не ўваходзіла ва ўласна Літоўскае княства, а жамойты былі далучаны да ліку “родичей и врожонцев” ВКЛ адно ў 1566 г. Такім парадкам, разгледжанне сапраўднага (германскага) этнічнага паходжання літоўскае шляхты дазваляе зразумець падставы стварэння і спачатнага развіцця Вялікага княства Літоўскага: не маючы дачынення да дзейнасці мясцовага балцкага субстрату, гэтае гаспадарства было створана германскім і славянскім этнічнымі элементамі, дзеля чаго яго тэрыторыя ахапіла зону германска-славянскага ўзаемадзеяння (Неманска-Вілейскае міжрэчча і суседнія княствы Полацку, Друцку, Мазыра, Пінску), паноўная дынастыя і буйнейшая шляхта мелі германскія імёны, а ўсе атрыбуты гаспадарства (права, мова, герб і інш.) былі славянскімі. Можна з пэўнасцю цвердзіць, што сярод імёнаў князёў і шляхцічаў, якія займалі найвышшыя дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім у 13–15 ст., няма ніводнага балцкага імя.
Аб германскім паходжанні літоўскае шляхты пісалі яшчэ старажытныя гісторыкі. Гэтак, прускі біскуп Хрысціян (1231–1245 гг.) атаесамляў Літву з “Венедыяй” – зямлёй усходнегерманскага народу вандалаў, чый назоў у часы позняга сярэднявечча зрабіўся азначэннем паўночных славянаў: Хрысціян пісаў, што Венедыя цяпер называецца Літвою (Wenedia olim, nunc Lithphania) [28]. У сваёй хроніцы біскуп Хрысціян пісаў таксама, што княская ўлада ў Прусах пачалася з перасялення туды жыхароў выспы Готланд, два важары якіх – Брутэн і Відавут (германскія імёны) – сталіся першымі князямі ў тых землях. Старэйшы сын Відавута зваўся Літво, ад яго хроніка Хрысціяна выводзіла назоў Літвы [29]. Яшчэ ў 18 ст. ад Відавута выводзіў радавод літоўскіх князёў езуіт Алоіс Міштальт, прафесар Віленскага ўніверсытэту [30]. Аб тым, што старажытную шляхту літвінаў большаю часткаю складалі готы, венеды і герулы, пісалі ў 16 ст. гісторыкі К. Гарткнах і Л. Давід [31]. У адной з першых згадак літвінаў у гістарычных крыніцах польская хроніка каля 1025 г. атаесамляла літвінаў з “гетамі” (Gethas id est Letwanos) [32]. Аб паходжанні літоўскае шляхты ад готаў пісаў у 16 ст. М. Стрыйкоўскі [33]. Гісторык 17 ст. Ф. Сафановіч выводзіў літву ад германскіх народаў кімбраў і гепідаў [34].
Яркім прыкладам усведамлення літоўскаю шляхтаю гістарычнае памяці аб сваім германскім паходжанні яшчэ ў 17 стагоддзі ёсць успаміны Яна Цадроўскага, шляхціча з Случчыны, які служыў князю Богуславу Радзівілу і ў 1637 г. спадарожнічаў яму ў вандроўцы ў Нямеччыну і іншыя еўрапейскія краі. Вось што Цадроўскі пісаў у сваім дзённіку пра нашчадкаў германскага народу герулаў, якіх сустрэў каля Любеку і Гамбургу (т.б. на паўночным узбярэжжы Нямеччыны каля Даніі): “...Мы ехалі на Любек і Гамбург і там каля Рытвегу мы напаткалі мужыкоў, якія размаўлялі на мяшаным нямецка-літоўскім дыялекце; сваё паходжанне яны вядуць ад герулаў, продкаў літвінаў” [34]. З гэтае кароткае зацемкі відаць наступнае: 1) германскае паходжанне літвінаў у сярэдзіне 17 ст. ёсць для літоўскай шляхты несумнеўным і агульнавядомым і падаецца як нешта не патрабуючае даводаў; 2) сваё паходжанне літоўская шляхта вядзе ад германскага народу герулаў, нашчадкі якіх яшчэ ў сярэдзіне 17 ст. жывуць на паўночным узбярэжжы Нямеччыны каля Даніі – то бо ў дакладнасці ў тым месцы, адкуль выводзяць літоўскую шляхту летапісы ВКЛ; 3) спачатнаю (старажытнаю) “літоўскаю” моваю Цадроўскі лічыць, відавочна, германскую мову (а не балцкую – на паўночным узбярэжжы Нямеччыны ніякія балты ніколі не жылі). Усё гэта паказвае на тое, што яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя (дарма што распачатая замежнымі езуітамі прапаганда пра балцкае паходжанне літвінаў) у асяроддзі літоўскае шляхты – прынамсі, у асяроддзі Радзівілаў – выдатна ўсведамлялі сваё германскае этнічнае паходжанне (у поўнай адпаведнасці з літоўскімі летапісамі 15–16 ст., якія празрыста кажуць аб германскім паходжанні літоўскае шляхты).
Tags: Вялікае княства Літоўскае, Літва, германцы, літвіны, шляхта
Subscribe

Posts from This Journal “германцы” Tag

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments