staralitva (staralitva) wrote,
staralitva
staralitva

ПАЧАТКІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА:

АД СТВАРЭННЯ ДА КРЭЎСКАЙ УНІІ

зборнік артыкулаў з дадаткамі

https://drive.google.com/drive/folders/1xmQ81wEiRdLdwac5TliE1EdQCu9iSetV

укладальнік:
Алёхна Дайліда
бакалаўр гуманітарных навук

рэцэнзент:
Сяргей Тарасаў
кандыдат гістарычных навук

аўтарскае выданне
Менск, 2019

Кніга ёсць зборнікам артыкулаў мовазнаўцы Алёхны Дайліды, у якіх аўтар праз разгледжанне канкрэтных пытанняў рэканструе палітычную і рэлігійную гісторыю Вялікага княства Літоўскага 13–14 стагоддзяў.
На грунце чысленых гістарычных матэрыялаў паказана, што літоўская шляхта з этнічнага паходжання была не балцкаю, а ўсходнегерманскаю. Гэты германскі элемент злучыўся з славянамі Панямоння, утварыўшы канфесійную супольнасць “літвінаў” богумільскага характару, якая існавала да Крэўскай уніі 1385 году. Гэтыя працэсы спрычынілі само стварэнне Вялікага княства Літоўскага на землях сучаснае Беларусі і далейшае існаванне народу літвінаў у якасці славянамоўнага хрысціянскага народу.
У другой частцы кнігі змешчаны некаторыя помнікі сярэднявечнае літоўскае (беларускае) евангеліцкае літаратуры.
У дадатках змешчаны дакументы і летапісныя ўрыўкі па гісторыі Вялікага княства Літоўскага 13–15 стагоддзяў.


ПЕРАДМОВА
На працягу колькіх стагоддзяў наш народ жыў у створаным ім гаспадарстве – Вялікім княстве Літоўскім – і называўся літвінамі. Назоў “беларусы” быў прыдуманы і штучна накінуты літвінам расейскім урадам пасля захопу Вялікага княства Літоўскага, з мэтаю асіміляваць наш народ і пазбыць яго гістарычнае памяці. Гісторыя Вялікага княства Літоўскага была паддадзена велічэзнаму фальшаванню і міфалагізацыі дзеля асаблівага месца Вялікага княства ў гісторыі сярэднявечнае Еўропы. Ад часу ўрынення нашаму народу штучнага назову “беларусы” наш народ быў адрэзаны ад сваёй гаспадарствавае і арыстакратычнае спадчыны і лёс нашага народу стаўся нібыта падзеленым на два няроўныя вымярэнні: “літва” – традыцыйнае, сакральнае, гістарычнае; “беларусы” – мадэрновае, прафаннае, антыгістарычнае. Для разумення сапраўднага месца нашага народу ў гісторыі няма іншых шляхоў апрача вяртання да нашай сапраўднай гісторыі, да гістарычнай Літвы.
У гэтым зборніку, які складаецца з сямі артыкулаў і многіх дадаткаў, у якіх агулам больш за паўтары тысячы спасылак і цытат з гістарычных крыніц, на шырокім гістарычным матэрыяле выяўлена палітычнае і рэлігійнае жыццё народу літвінаў у 13–14 стагоддзях. Паказана, што літоўская шляхта з этнічнага паходжання была ўсходнегерманскаю і да балтаў не мела ніякага дачынення; гэты германскі элемент злучыўся з славянскім жыхарствам Панямоння, утварыўшы канфесійную супольнасць “літвінаў”, і паступова цалкам славянізаваўся. На матэрыяле гістарычных крыніц аб рэлігійным жыцці Вялікага княства Літоўскага насветлены дачыненні супольнасцей “літвінаў” і “русінаў” у Вялікім княстве: паказана, што ў 13–14 ст. гэта былі азначэнні не розных этнасаў (як у сучаснай гістарыяграфіі) – а розных канфесійных супольнасцей. Калі да Крэўскай уніі існавала розніца між літвінамі і русінамі ў рэлігійным, канфесійным плане – то па Крэўскай уніі назоў “літвіны” зрабіўся нацыянальным назовам усяго жыхарства (як каталіцкага, так і праваслаўнага) уласна Вялікага княства Літоўскага, а назоў “русіны” працягваў быць перадусім праваслаўным канфесіёнімам. Па Крэўскай уніі літвіны маглі быць і католікамі, і праваслаўнымі (“літвіны рускае веры”), і евангелікамі, галоўнае што яны заставаліся тытульнаю нацыяй свайго гаспадарства – Вялікага княства Літоўскага. Насвятленне рэлігійнае гісторыі ранняга ВКЛ паказуе, што Вялікае княства Літоўскае належала да таго шэрагу еўрапейскіх гаспадарстваў (Баўгарыя, Боснія, Чэхія, Нямеччына, Францыя), у якіх яшчэ ў часы Сярэднявечча былі моцнымі евангеліцкія (протапратэстанцкія) рухі – дзеля чаго ВКЛ у 15 стагоддзі моцна падтрымала чэскіх гусітаў, а ў 16 стагоддзі натуральна далучылася да еўрапейскай Рэфармацыі. Шырокі і разнастайны матэрыял нашага зборніку, спадзяемся, будзе здольны паказаць гісторыю Вялікага княства Літоўскага 13–14 стагоддзяў у сапраўднай гістарычнай перспектыве і пакласці канец знітаваным з ранняю гісторыяй ВКЛ спекуляцыям і містыфікацыям, якія заўсёды заснаваны на ігнараванні гістарычных крыніц.
Пры адраджэнні палітычнае гісторыі народу і гаспадарства на першы план выходзіць разуменне таго, што пытанне гістарычнасці народу – гэта пытанне аб нацыянальным гаспадарстве і аб нацыянальнай арыстакратыі. Можна заўважыць, што наймя ў гэтым пытанні палягае асноўны пафас сучаснае гістарыяграфіі – бо яна цвердзіць, што Вялікае княства Літоўскае не было нацыянальным гаспадарствам беларусаў і што ў беларусаў у Вялікім княстве не было нацыянальнае арыстакратыі і наогул нацыянальнае свядомасці, у той час як паноўнай тытульнай нацыяй Вялікага княства Літоўскага, згодна з гэтай гістарыяграфіяй, быццам быў “этнічна балцкі народ” летувісаў (“паганскі” да Крэўскай уніі), які стварыў Вялікае княства Літоўскае як сваё нацыянальнае гаспадарства. Таму на старонках нашага зборніку нададзена шмат увагі насвятленню дзейнасці гаспадарствавых урадаў, а таксама жыцця і дзейнасці паноўных колаў, арыстакратыі Вялікага княства Літоўскага 13 – пачатку 15 стагоддзя. На шырокім гістарычным матэрыяле паказана, што чыста ўся гаспадарствавая і арыстакратычная гісторыя і спадчына тытульнае нацыі ВКЛ – літвінаў – належыць нашаму народу, а сённяшнія летувісы (гістарычныя жамойты) не маюць аніякага дачынення да тытульнай нацыі Вялікага княства Літоўскага і павінны абмежаваць сваю нацыянальную гісторыю сціплымі прасторамі Жамойцкага стараства.
Апошнім часам, на жаль, афіцыёзная гістарыяграфія ўсё больш аддаляецца ад сапраўднае гісторыі Літвы, як сярэднявечнае, так і больш позняе, ад поўнага і асэнсаванага яе насвятлення. Гістарычныя факты, падзеі, старонкі жыцця народу і краю – падмяняюць фантастычнымі інтэрпрэтацыямі, сімулякрамі, фікцыямі, сурагатам гісторыі. Дапускаюцца самыя адвольныя напінанні, самыя фантастычныя перакручванні фактаў дзеля адной мэты – каб абгрунтаваць існаванне ў ВКЛ “балцкага народу летувісаў”. Спробы напісаць сапраўдную гісторыю народу літвінаў па-ранейшаму натрапляюць на агрэсіўнае выпіранне прапагандыстаў тэорыі “балцкага паганскага этнасу”. Гэтыя дзеячы, якія заяўляюць, што беларусы жадаюць “прысабечыць літоўскую гісторыю”, насамрэч не маюць ніякага ўяўлення аб літоўскай гісторыі: гістарычныя рэаліі ВКЛ падмяняюць антыгістарычнымі выдумкамі аб існаванні на працягу стагоддзяў “этнічна балцкага народу летувісаў”. Фактычна, уся найбагацейшая гісторыя сярэднявечнае Літвы, яе велізарная роля для лёсаў усёй Усходняй Еўропы 13–15 стагоддзяў у сённяшняй гістарыяграфіі прынесена ў ахвяру міфу аб “балцкім паганскім народзе” і цалкам захілена ім. Гістарычныя нарысы, ідучы ўтроп за найгоршымі ўзорамі польскае шавіністычнае гістарыяграфіі 19 стагоддзя, па-ранейшаму працягваюць сцвярджаць, што да Крэўскай уніі літвіны былі “паганскім” народам – хаця ўсе гістарычныя матэрыялы паказуюць, што літвіны яшчэ да Крэўскай уніі вызнавалі хрысціянскую веру. Працягваюць сцвярджаць, што сутнасцю ідэнтычнасці літоўскага народу нібыта была “балцкая этнічнасць” – хаця сярод літоўскае шляхты не было ніводнага балцкага імя і няма ніводнага сведчання ўжывання ёю якое-кольвечы балцкае мовы. Працягваюць адмаўляць злучэнне літоўскае шляхты з славянскім жыхарствам ВКЛ у адзіны славянамоўны народ і насупраць кажуць аб быццам “арганічнай еднасці” літвінаў з жамойтамі. Усе гэтыя тэорыі не заснаваны на ніякім гістарычным матэрыяле і ёсць проста пладамі езуіцка-польскае шавіністычнае міфатворчасці 19 стагоддзя, якія цалкам узяла на ўзбраенне савецкая гістарыяграфія з мэтаю разбурэння гісторыі Вялікага княства Літоўскага і нацыянальнае гісторыі беларусаў-літвінаў.
За разбуялым лесам сімулякраў, абстрактных канструкцый сядні ўжо мала відаць уласна гісторыю Вялікага княства, жывыя старонкі яго гістарычнага жыцця. Таму змешчаныя ў дадзеным зборніку артыкулы, якія складзены пераважна з цытат з гістарычных крыніц і спасылак на іх, а таксама чысленыя дадаткі мусяць вывесці чытача на ровень добрага ведання гістарычных крыніц і матэрыялаў па айчыннай гісторыі 13 – пачатку 15 стагоддзя, многія з якіх дагэтуль або малавядомы, або чыста ігнаруюцца. Адраджэнне сапраўднае гісторыі Вялікага княства Літоўскага дазволіць нам выйсці з-за кратаў савецкае антыхрысціянскае міфалогіі і вярнуць нацыянальную гістарычную спадчыну нашага народу, якая лучыць нашу цяпершчыну з Сярэднявеччам, з традыцыйнаю хрысціянскаю цывілізацыяй.


-------------------------------------------

Асноўныя тэмы даследвання
“Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”

артыкул “Германскі суперстрат у старажытнай Літве”
усходнегерманскае паходжанне літвінаў: с. 8-12
пачаткі фэўдалізму ў Літве (11–12 ст.): 13-15
імёны літвінаў: 16-26
рэлікты ўсходнегерманскае мовы літвінаў: 29-31
хрысціянства літвінаў 11–13 ст.: 33-35
дачыненні полацка-менскіх княстваў з Літвою 11–13 ст.: 35-38

артыкул “Літоўскі народ 14 стагоддзя”
канфесійны сэнс назову “літвіны” ў 13–14 ст., Літоўская мітраполія 14 ст.: 48-54
тэрыторыя “Літоўскага княства” 13–14 ст.: 55-58
мова літвінаў, “літоўская” мова 14–15 ст.: 61-64
“літвіны” – азначэнне богумільскае дэнамінацыі ВКЛ у 13–14 ст.: 64-74

артыкул “Літва і Орда ў 13–15 стагоддзях”
ваенна-палітычны звяз ВКЛ з Ордаю ў 13–14 ст.: 98-104
атаесамленне назоваў “літвіны” і “татары” ў розных крыніцах: 98-100, 104, 106
Літва і гусіты: 106-107
звяз Літвы з Ордаю ў 15 ст.: 108-112

артыкул “Літоўскае права ў 13–15 стагоддзях”
паходжанне і крыніцы Літоўскага права: 125-127
абсалютызм вялікакняскае ўлады ў ВКЛ 13–14 ст.: 128-129
успраўленне стану баяраў-шляхты: 135-138
землеўладанне: 142-146
адметнасць Літоўскага права: 152-153

артыкул “Крэўская рэлігійная рэформа і яе наступствы”
перадумовы рэлігійнае рэформы ў Літве 1385 г.: 158-160
крыніцы сведчаць аб тым, што пераводзілі іншую хрысціянскую дэнамінацыю на каталіцтва: 161-163 (таксама 170-171)
Ягайла і яго двор у Кракаве: 164-168
сведчанні крыніц аб нацыянальным характару і мове “літоўскага народу” (“nacione Lithvanos”, “gens Lithuanica”) – для якога стваралі касцёлы і каталіцкія парафіі ў ВКЛ: 173-188
пераход значнае часткі літоўскага народу ў праваслаўе: 188-194
нацыянальны характар і ідэнтычнасць літоўскага народу па Крэўскай уніі: 195-209
Tags: ВКЛ, богумільства, літвіны
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Р Э Ц Э Н З І Я

    С.В. Тарасава на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча

    Зноў міфы замест гісторыі рэцэнзія на: Всеслав Зинькевич “Несвядомая” история Белой Руси Москва: “Книжный мир”,…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 2)

    Калі зінькевічы пачынаюць свае мантры пра “спрадвечна адзіны рускі народ” – я адразу жадаю запытаць: калі гэты “адзіны…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments