staralitva (staralitva) wrote,
staralitva
staralitva

Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 5)

Пры разгледжанні нашае палітычнае гісторыі паўстае вельмі важнае, можна сказаць, галоўнае пытанне: Беларусь геапалітычна – гэта цэнтр або перыферыя? Галоўным пунктам маскоўскае прапаганды, можна сказаць, яе “сымбалем веры” ёсць імкненне заўсёды зрабіць з Беларусі – гістарычнае Літвы – перыферыю (для гэтага ўласна і спатрэбілася перайменаванне Літвы ў “Беларусь”). Без гэтага губляюць сэнс усе мантры маскоўскае прапаганды пра адвечную цягу “сялянскага народу” да “мацеры-Масквы” і г.д. Між тым, Беларусь з гістарыясофскага гледзішча ёсць выразным цэнтрам, як у полацкім перыядзе, так і ў літоўскім. Наймя на нашых землях і на нашай мове выракоўваліся ў 14–16 ст. лёсы ўсёй Русі – у тым ліку часам і Маскоўскага княства (прыкладам, у 1427 г., калі яно прызнала сваім рэгентам вялікага князя літоўскага Вітаўта). Прызнанне сапраўднае гісторыі Вялікага княства Літоўскага – то бо прызнанне яго беларускім гаспадарствам – аўтаматычна азначае для маскоўскай прапаганды прызнанне не нейкае выпадковае анамаліі ў развіцці Русі ў выглядзе міфічных “уварванняў балцкіх язычнікаў”, а прызнанне цалкам поўнавартаснага і паспяхова рэалізаванага палітычнага праекту развіцця нават не часткі, а цэлае Русі. Таму прызнанне геапалітычнае цэнтральнасці (а не перыферыйнасці) Беларусі для маскоўскай прапаганды смерці падобна. Адсюль бяруць свае карані юродзівыя мантры пра “сялянскі народ-пакутнік”, які “адвечна пакутваў пад чужаземнымі прыгнятальнікамі” і г.д. Таму сёння ў паспалітай свядомасці сымбалямі нашае гісторыі ёсць не кнігі, статуты, замкі і рыцарскія панцыры – а прасліцы і лапці ў “беларускіх кутках” у школах.
Зінькевіч піша, што ў Рэчы Паспалітай беларусам пагражала поўная паланізацыя і знікненне як нацыі, што калі б Рэч Паспалітая не была падзелена, то праз некалькі пакаленняў аб беларускім народзе нагадвалі б толькі музеі сялянскага побыту – як аб палабскіх славянах у Нямеччыне. Але ці прапануе маскоўскі каланіялізм нам нешта якасна іншае?.. Ужо сёння аб беларускай нацыянальнай адметнасці ў Беларусі нагадваюць не мова законаў, войска і парламенту – а прасліцы ў “беларускіх кутках” (нейкім іхнім аналагам ёсць музеі індэйцаў у рэзервацыях ЗША). Дык хіба гэта дужа розніцца ад страхаў, намаляваных Зінькевічам? Я далёка не схільны апраўдваць польска-каталіцкі прыгнёт у Рэчы Паспалітай: але чаму пры тым прыгнёце існаваў беларускі друк, беларускія друкары атрымвалі прывілеі ад каралёў (не кажучы ўжо пра ўніяцкую царкву, чый друк і адукацыя былі амаль суцэльна беларускімі) – а ў Расеі 19 стагоддзя не толькі беларускі друк, але і вусновая беларуская мова ў царкве былі забаронены? Дык дзе быў большы нацыянальны прыгнёт беларусаў – у Рэчы Паспалітай або ў Расеі 19 стагоддзя? Вядома, у Расеі. Чаму пасля двух стагоддзяў польска-каталіцкага прыгнёту ў пачатку 19 стагоддзя ў Літве (Беларусі) засталася шляхта, якая ў масе ведала і ўжывала сваю родную беларускую мову, былі такія пісьменнікі, як Ян Баршчэўскі, чыю кнігу “Шляхціч Завальня”, напісаную на народным матэрыяле, можна паставіць у адзін рад з найвыбітнейшымі шэдэўрамі еўрапейскае літаратуры? І які інтэлектуальны патэнцыял застаўся ў Беларусі ў пачатку 20 стагоддзя, пасля стагоддзя панавання “братэрскага”, “роднага” расейскага народу?.. І які інтэлектуальны і маральны патэнцыял застаўся ў Беларусі ў канцы 20 стагоддзя пасля стагоддзя панавання чарговага “братэрскага” рэжыму – савецкага – які Зінькевіч таксама ідэалізуе?.. І расейскі рэжым у 19 стагоддзі, і савецкі ў 20 стагоддзі не нес Беларусі нічога, апрача ператварэння ў калонію Расеі – і падставовым элементам гэтае праграмы было вынішчэнне любое памяці пра былую дзяржаўнасць і нацыянальную адметнасць Беларусі (Літвы), што аўтаматычна даўнімала знішчэнне (любымі спосабамі, у тым ліку фізічна) беларускае інтэлігенцыі, якая мысліла нацыянальнымі, палітычнымі, гістарычнымі катэгорыямі.
Вельмі выяўна, што сёння якраз ужыванне любых гістарычных сымбаляў дзяржаўнае, шляхецкае, высокае культуры Беларусі выклікае гістэрычны віск маскавіцкіх прапагандыстаў – як жа! беларусам спрабуюць нагадаць, што яны гістарычная нацыя, а не чэлядзь Масквы. Маскавіцкія прапагандысты хутчэй аддадуць арыстакратычную культуру ВКЛ летувісам, ніж беларусам, нават калі ў ёй няма анічога летувіскага. А ў гэты час жамойты – якія не стварылі ў ВКЛ роўным рахункам анічога – распавядаюць усёй Еўропе пра сваю быццам “арыстакратычнасць” і пра сваю пяцьсотгадовую “этнічна балцкую імперыю”...
Пару гадоў таму ў адказ на пастанову беларускага ўраду аб рэстаўрацыі замкаў Беларусі расейскія журналісты ўсчалі енк наконт таго, што беларускія ўлады жадаюць “адбудоўваць літоўскія і польскія замкі” (!). У гэтых словах уся сутнасць маскоўскае прапаганды – у народу “беларусаў” замкаў не можа быць апрыёры, беларусы ж “сялянскі народ”... Зінькевіч таксама адмаўляецца лічыць беларускімі нацыянальнымі каштоўнасцямі замкі, статуты і нават слуцкія паясы (!) (с. 413-414) (паводле Зінькевіча, відаць, у ВКЛ будавалі замкі, пісалі статуты і ткалі слуцкія паясы вылучна “этнічныя летувісы” і палякі). У гэтых фармулёўках уся нянавісць, антыбеларускасць, псіхапатычнасць маскавіцкае прапаганды. Не дзіва, што маскавіцкая (анты)гістарычная прапаганда сёння згаджаецца з самым дзікім антыгістарычным маразмам летувісаў і палякаў, затое адкідае элементарныя гістарычныя канстатацыі беларускіх гісторыкаў. Сваю прапаганду маскоўскія агітатары апранаюць у “хрысціянскія” адзежкі, а таксама ў квазінавуковыя канструкцыі аб тым, што “лимитрофы” (да якіх чамусьці далучаюць Беларусь) “изначально нежизнеспособны, по определению не могут продемонстрировать высокую культуру, экономическую и политическую самодостаточность” і г.д. Пры гэтым, нават разыходжанне рэальнасці з гэтымі прапагандысцкімі мантрамі не бянтэжыць іхніх аўтараў: нават калі ў вас ёсць у гісторыі высокая дзяржаўная культура, маскавіты прыйдуць і разбураць яе ў імя “спрадвечнае Русі” і “праваслаўнага хрысціянства”.
Значную ролю ў сістэме маскоўскае антыбеларускае прапаганды грае маскоўская царква, якая замест пашырэння хрысціянскае навукі сёння займаецца ў Беларусі насаджваннем культаў усякіх “общерусских святых” (якія ўсе чамусьці родам з Масковіі) ды яўнай прапагандай знішчэння беларускае мовы і скасавання суверэнітэту Беларусі. Самыя брудныя метады ўжываюцца для спекуляцый на рэлігійнай гісторыі. У візіі Масквы прапанавана простая тэорыя: Масква была адзіным цэнтрам хрысціянства на Русі, а ўсё, што не пагаджалася з маскоўскаю праграмаю, было “чужым” і “нярускім”. Дазволю сабе нагадаць асноўныя вехі дачыненняў царкоўных улад Вялікага княства Літоўскага з Масквою.
Перанос катэдры Рускае мітраполіі з Кіеву ў Маскву быў зацверджаны Канстантынопалем толькі ў 1354 г. На гэты момант ужо больш за паўстагоддзя існавала Літоўская мітраполія ВКЛ (створана ў 1299 або 1300 г.), якая злучала біскупствы Наваградку, Полацку і Турава і задавальняла ўсе рэлігійныя патрэбы хрысціянаў ВКЛ. У 1356 г. маскоўскі мітрапаліт Алексій быў намінальна высвячаны на “мітрапаліта Кіеўскага”, але не наведваў Кіеў і, як сведчыць бізантыйскія крыніцы, “выяўляў агіду” да рускіх князёў пад уладаю Літвы, “прыняў на сябе свецкую ўладу”, “захапіўся войнамі, сваркамі і разладамі”, што давяло да “разладаў, сварак і крывавых войн” Масковіі з Вялікім княствам Літоўскім і Рускім. Вялікі князь Альгерд у 1371 г. гэтак пісаў пра Алексія ў Канстантынопаль: “Не я пачаў нападаць, яны спярша пачалі нападаць, і цалавання крэста, што мелі да мяне, не склалі і прысяжных грамат не адаслалі. Нападалі на мяне дзевяць разоў <...>. Мітрапаліт і дагэтуль дабраслаўляе іх на праліццё крыві. І за айцоў нашых не было такіх мітрапалітаў, як гэты мітрапаліт! Дабраслаўляе маскавітаў на праліццё крыві і да нас не прыходзіць, ані ў Кіеў не прыязджае”. Невядома дакладна, колькі загінула ў тых войнах, справакаваных галлівасцю маскоўскага палітыкана. Сучасная падзеям бізантыйская крыніца сведчыла, што падчас тых закалотаў адбылося “нямала бед і разляння крыві між хрысціянаў”. Сёння ў маскоўскіх цэрквах у Беларусі паўсюль вісяць іконы “святога” мітрапаліта Алексія. Яму – чалавеку, які люта ненавідзеў беларусаў і натхніў забойствы соцень беларускіх хрысціянаў толькі дзеля сваіх абсурдных палітычных амбіцый, – беларусаў прымушаюць кланяцца і маліцца як “святому заступніку” беларускага народу (!). Алексій – адзін з тых “общерусских святых”, культ якіх сёння агрэсіўна, бязглузда, не зважаючы ні на якія культурныя і этычныя нормы, насаджае ў Беларусі маскоўская царква, адзін з тых маскоўскіх “святых”, якія дабраслаўлялі і натхнялі войны Масковіі проці нашага народу ў 14 і 15 стагоддзях, дабраслаўлялі крывавыя паходы на Полаччыну Івана Грознага, дабраслаўлялі жудасны тэрор маскавітаў на нашых землях падчас вайны 1654–1667 гг. і Паўночнае вайны 1700–1721 гг. З гэтымі “святымі” – а не з сваімі продкамі, якія мужна абаранялі сваю Айчыну – беларусы мусяць сёння (паводле маскоўскіх прапагандыстаў) атаесамляць сябе...
Выхаванец Алексія маскоўскі князь Дзмітрый (Данскі) меў магчымасць злучыць мітраполію ды ўкласці звяз з Вялікім княствам Літоўскім: у 1376 г. літоўскае пасольства ў Маскве прапаноўвала жаніцьбу Ягайлы з дачкою Дзмітрыя і пераход Ягайлы ў праваслаўе. Умоваю гэтага было прызнанне Масквою Літоўскага мітрапаліта Кіпрыяна, які ў 1375 г. быў высвячаны ў Канстантынопалі на мітрапаліта “Кіеўскага і ўсяе Русі”. Але калі Кіпрыян у чэрвені 1378 г. прыбыў у Маскву, ураднікі маскоўскага князя, не зважаючы на лісты патрыярха і бізантыйскага цэсара, паланілі мітрапаліта, абрабавалі, а потым выгналі з гораду (Кіпрыян у сваім лісце Сергію Раданежскаму пісаў, што “...елико створилося надо мною, еже не створилося ни над единым святителем, как Руская земля стала”). Гэтыя падзеі далі справядлівую нагоду гісторыку І. Меендорфу назваць раздзел сваёй кнігі пра гэтыя падзеі “Митрополит Киприан и московский сепаратизм” (заўважу: гэтая фармулёўка належыць не беларускаму нацыяналісту і не паляку, а вядомаму масквафілу). Вось так Масква дбала аб умацаванні праваслаўя і адзінстве мітраполіі...
У 1448 г. Маскоўская мітраполія выйшла з падпарадкавання Канстантынопальскаму патрыярхату і канчаткова разарвала сваю гістарычную сувязь з Кіевам. Тытул “Кіеўскіх і ўсяе Русі” сталі насіць Літоўска-Кіеўскія мітрапаліты. Нашыя продкі ў 15–17 стагоддзях у сваіх тэстаментах і іншых дакументах заўсёды называлі цэнтрамі хрысціянства Кіеў і Канстантынопаль і нават не здагадваліся, што Масква ёсць нейкім “цэнтрам праваслаўя”. У 1655–1657 гг., калі войскі гетмана Хмяльніцкага стаяць у Вільні, Кракаве і Варшаве, Масква здраджвае Хмяльніцкаму, падпісвае ўгоду з палякамі і пачынае дзейнічаць на польскім баку. Чаму? Бо ў Масковіі свае палітычныя карысці заўсёды пераважалі над карысцямі ўсёй Русі. Сёння маскавіты льюць кракадзілавы слёзы над гаротнаю доляю праваслаўных у Рэчы Паспалітай, якіх яны быццам мроілі “вызваліць”. Але ці не Масква распачала Ліфлянцкую вайну, якая справакавала Люблінскую, а потым і Берасцейскую унію? Ці не Масква падчас вайны 1654–1667 гг. заміж вызвалення прынесла на беларускія землі страшэнны тэрор, які адгарнуў ад яе нават тых, хто ўскладаў на яе вялікія надзеі? Ці не Масква здрадзіла Хмяльніцкаму і абярнула ў нішто яго заваяванні, калі войскі Хмяльніцкага стаялі ў Варшаве? Ці не Масква ўчыніла на сваіх землях у 1666 г. раскол царквы ды пачала самых праваслаўных рускіх хрысціянаў паліць жыўцом? І знаходзілі прытулак гэтыя хрысціяне ў ВКЛ, а не ў “праваслаўнай” Масковіі.
Пасля падзелу Рэчы Паспалітае на першым месцы для Масквы таксама стаяла не хрысціянская асвета, а знішчэнне ўсяго беларускага (літвінскага). Вядомы словы адданага імператрыцы Кацярыне біскупа Садкоўскага да беларускіх уніяцкіх святароў на слуцкім епархіяльным зборы: “Я вас скорэню, знішчу, штоб і языка не было вашого проклятого літовского і вас саміх; я вас у зсылкі парассылаю альбо ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардону пановажу!” Маскавіты тысячамі палілі ўніяцкія кнігі толькі за тое, што яны былі напісаны па-беларуску (прытым пашырэнне ў Беларусі кніг на польскай мове не сустракала ніякага супраціву расейскіх улад аж да 1860-х гадоў). У 1840 г. было забаронена прамаўленне царкоўных казаней па-беларуску. Гледзячы на такі здзек з сваёй мовы і веры, многія беларусы пераходзілі ў каталіцтва і пачыналі карыстацца польскімі кнігамі – што Масква дазваляла.
У 19 стагоддзі Масковія зноў несла ў Беларусь не хрысціянства, а маскоўскі каланіялізм. Вядомы словы расейскага чыноўніка Карнілава: “Что не доделал русский штык – доделает русский чиновник, русская школа и русский поп”. У гэтых словах вельмі глыбокі сэнс: палітычная прапаганда – гэта зброя масавага паражэння, мацнейшая за любыя гарматы. Таму знішчэнне беларускае мовы, знішчэнне і забарона беларускае гісторыі, культуры – заўсёды былі на першым месцы для маскавіцкіх каланіялістаў у Беларусі. У маскавітаў на ўсё гэта заўсёды ёсць гатовы адказ: яны, маўляў, дасягалі вышэйшае мэты – адраджалі “праваслаўнае хрысціянства”. Але якое “хрысціянства” можна насаджаць праз нянавісць, забойствы і разбурэнні?.. Сёння рэлігійная рыторыка маскавітаў зноў ёсць інструментам палітычнае прапаганды, а не хрысціянскае асветы. Лішне казаць, што сёння ў маскавіцкіх цэрквах і кнігарнях вы не знойдзеце і згадкі пра беларускіх асветнікаў эпохі ВКЛ, пра цудоўныя літаратурныя творы, створаныя імі на нашай народнай мове дзеля асветы простага люду. Дый што казаць! Усім вядома, што маскоўская царква вызначаецца маніякальнаю, проста заалагічнаю нянавісцю да ўсяго беларускага. Для яе беларусы гэта “русские”, а значыць расейцы, маскавіты. Усё, што хоць трохі адрозніваецца ад маскавіцкае культуры, падлягае бязлітаснаму знішчэнню. Гэта погляд акупанта, фашыста, а не хрысціяніна. Застаецца толькі дзівіцца, як людзі, чыя дзейнасць прадыктавана нянавісцю, страхам і гневам, наогул могуць называць сябе хрысціянамі ды выдаваць сваю дзейнасць за быццам “хрысціянскую асвету”. Таму выглядае цалкам натуральным, што манахі Святое гары Афон у 2014 годзе апаведалі, што падтрымваюць Украіну ў яе змаганні за сваю незалежнасць і параўналі гэтую падзею да адраджэння Кіеўскае Русі.
Варта займець бачанне на яшчэ адну ідэю-фікс маскавіцкае прапаганды: ідэю адвечнае нібыта ізаляванасці Русі ад Еўропы і нават проціпастаўленасці Русі еўрапейскай цывілізацыі. Сама гэтая ідэя выглядае досыць камічнаю, калі ўлічыць, што Русь як палітычны інстытут была створана варагамі-германцамі, а як царкоўна-грамадскі – бізантыйскімі і баўгарскімі святарамі з дапамогаю тых жа варагаў. Уся высокая культура сярэднявечнае Русі – улучна з яе царкоўнаславянскаю моваю – ёсць еўрапейскаю з паходжання: германскаю, бізантыйскаю, баўгарскаю. Дарма што гэта, маскоўскія прапагандысты ўяўляюць сабе Русь у мінулым і ў цяпершчыне як нейкі абложаны лагер, які нібыта мусіць усімі сродкамі абараняцца проці любых еўрапейскіх уплываў. Фразеалогія “бастиона”, “форпоста” наўсцяж пашырана ў заходнерусісцкіх публікацыях пра Беларусь. Адпаведна, у культурнай вобласці любыя праявы якое-кольвечы супольнасці з еўрапейскаю культураю (нават калі яны цалкам аўтэнтычна беларускія) разглядаюцца як “варожыя” і “чужыя” – затое ў архітэктуры паўсюль насаджваюць маргінальныя, правінцыйныя, нярускія элементы з суздальска-кастрамскога дойлідства. Здавалася б, Кіеўскае і Полацкае княствы – тыя землі, дзе ў 11 стагоддзі былі збудаваны Сафійскія саборы, дзе стваралася Руская Праўда, дзе складалася сярэднявечная руская культура і традыцыйная архітэктура – мусяць быць тым арыентырам, на які трэба зважаць падчас якіх-кольвечы культурных стылізацый і рэканструкцый. Але нішто не можа спыніць маскоўскіх міфатворцаў: фінскія балалайкі, фінскія танцы ўпрысядкі, фінскае оканне ў маўленні, мусульманскія купалы-цыбуліны – гэта ўсё нібыта “спрадвечная”, “сапраўдная” Русь, а ўсё, што трохі адрозніваецца (хоць ёсць насамрэч абсалютна аўтэнтычным рускім сярэднявечным), – гэта “сапсаванае”, “нярускае”. Адсюль паўстае сама маскоўская ідэалагема, што беларусы і ўкраінцы – гэты “сапсаваныя” рускія, якія не маюць права на ўласную культуру і мову...

Ці было магчымым у гісторыі поўнае (палітычнае) адзінства Русі? Гэтае пытанне ставілі многія гісторыкі, у тым ліку цытаваны вышэй расейскі гісторык Станіслаў Думін у сваёй працы “Другая Русь”:
“Возможно ли всё же было единство Руси? Мы попытались показать несколько моментов нашей истории, когда такая перспектива представлялась довольно реальной. Но вплоть до XV в. подобный вариант развития восточнославянских земель был возможен лишь на основе политической программы Великого княжества Литовского и Русского”.
Далей Думін пералічае многія карысці, якія б прынесла ўсёй Русі задзіночанне пад уладаю вялікіх князёў літоўскіх: гэта і “сословное представительство”, і “сохранение региональных особенностей”, і “включение в местную культуру западноевропейских элементов”. Немагчымасць практычнага злучэння Літоўскае і Маскоўскае Русі Думін тлумачыць рэальнымі нацыянальнымі і палітычнымі адрозненнямі гэтых краін:
“...оказывалось, что существующие государственные границы устойчивы и стабильны, что есть коренные различия в строе, обычаях, культуре этих земель”.
Тое самае прызнаваў і расейскі акадэмік Б. Флора, які ў сваёй спецыяльнай працы канстатаваў, што “в XVI в. объединительная политика Русского государства не встретила сильной поддержки со стороны населения Украины и Белоруссии”.
Гэтымі прычынамі Думін тлумачыць і няздольнасць Масквы захаваць уладу над беларускімі землямі нават ва ўмовах акупацыі падчас вайны 1654–1667 гг.:
“В Белоруссии и Литве, как покажет ход русско-польской войны середины XVII в., власть царизма, установленная ненадолго, будет сброшена – так отторгает здоровый организм чужеродное тело. И лишь в конце XVIII в. «железом и кровью» присоединены будут белорусские и литовские земли к Российской империи”.
Як бачым, не толькі беларускія нацыяналісты, але і здарова мыслячыя расейскія гісторыкі прызнаюць, што ад 13 стагоддзя існавалі дзве розныя “Русі” – якія, захоўваючы гэты назоў, укладалі ў яго розны нацыянальна-палітычны сэнс і будавалі вельмі розныя грамадска-палітычныя сістэмы. І справа зусім не ў тым, што ў заходняй Русі быў большым каталіцкі ўплыў або ўплыў польскіх грамадска-палітычных інстытутаў (хаця і гэтыя чыннікі былі важнымі) – справа зусім не ў вонкавых чынніках, як гэта імкнуцца выявіць маскоўскія прапагандысты. Справа ў тым, што заходняя Русь – Русь у складзе Вялікага княства Літоўскага і Рускага – настолькі адрознівалася ад Маскоўскае Русі сваім нутраным ладам, культураю і побытам, што аб якой-кольвечы супольнасці лёсаў і задзіночанні не магло быць і мовы. Ці можа Зінькевіч уявіць, скажам, існаванне ў Масковіі ў 1447 г. чагосьці падобнага да прывілея Казімера? Або ці можа Зінькевіч уявіць у Масковіі ў 1588 г. існаванне чагосьці падобнага да прамовы да станаў ВКЛ Льва Сапегі? Калі б Леў Сапега прамовіў свае палымяныя словы пра вяршэнства права і выбарнасць манархаў не ў ВКЛ, а ў Масковіі – яго, хутчэй за ўсё, чакала б плаха, а не пасада канцлера. Таму існаванне нейкай “общерусской истории” ВКЛ і Масковіі было чыста немагчымым. Захоўваючы назоў Русі і апелюючы да яго ў сваіх палітычна-нацыянальных пабудовах, заходняя Русь і ўсходняя Русь былі рознымі краінамі і народамі. І нават самыя паспяховыя акупацыйныя спробы Масквы не сканчаліся для яе поўнаю перамогаю (што, як бачым, прызнаюць самі расейскія гісторыкі).
Зінькевіч на с. 69-70 сваёй кнігі піша, што “свядомыя” гісторыкі прапануюць “...две основополагающие “свядомые мифологемы”: об извечной борьбе белорусов с Москвой и о принадлежности Белоруссии к Европе, а Москвы – к Азии”. Але гэта меркаванне не толькі беларускіх нацыяналістаў. Сёння і ў Расеі нямала пішуць на тэму “другой Русі” – заходняе Русі з еўрапейскімі дэмакратычнымі (а не дыспатычна-азіяцкімі) традыцыямі. Зноў працытую С. Думіна:
“Опыт Великого княжества Литовского и Русского показывает, что на восточнославянских землях было возможно создание не только азиатской деспотии Ивана Грозного, но и достаточно эффективное функционирование демократических институтов многонационального государства, в течение длительного периода довольно успешно решавшего свои многочисленные проблемы”.
Адною з найвыбітнейшых праяў дэмакратычнасці Вялікага княства Літоўскага была яго шматканфесійнасць. Праваслаўныя, католікі, пратэстанты мірна суіснавалі ў адным гаспадарстве (і ў лавіцы паноў-рады) да пачатку агрэсіўнае палітыкі Контррэфармацыі каталіцкага касцёлу. Чыста не мае слушнасці Зінькевіч, калі кажа, што “подписание Люблинской унии <...> стало логичным завершением курса, который политическая элита ВКЛ приняла в 1385 году в Крево” (с. 114). Умовы ўкладання Крэўскае уніі 1385 г. і Люблінскае уніі 1569 г. былі вельмі рознымі. Крэўская унія была ўкладзена Літвою цалкам дабравольна (прытым, паводле яе ўмоў Ягайла быў пасаджаны на польскі каралеўскі сталец) і несла Літве вялікія палітычныя набыткі – а Люблінская унія была прынята, фактычна, вымушана і спрычыніла вялікія палітычныя і грамадскія страты (не будзем забываць аб тым, што немалаважным чыннікам укладання Люблінскае уніі 1569 г. была маскоўская ваенная агрэсія падчас Ліфлянцкае вайны). Крэўская унія была спробаю не толькі інтэгравацца ў жыццё каталіцкае Еўропы, але і ўчыніць уплыў на яго. Крэўская унія паставіла Ягайлу і Вітаўта ў адзін рад з манархамі Еўропы і дазволіла ім разгарнуць увесь патэнцыял ВКЛ для ўплыву на еўрапейскую палітыку. Не дзіва, што Вітаўт заміж уціску праваслаўных (для якіх ён аднавіў у 1415 г. Літоўска-Кіеўскую мітраполію) заняўся падтрымкаю чэскіх гусітаў. Ягайла і Вітаўт не былі ані фанатыкамі, ані тыранамі (як іх часам выяўляюць расейскія прапагандысты), гэта былі руплівыя і вельмі мудрыя гаспадары. Пры палітычных абставінах на 1385 год (з улікам агрэсіўнае і сепаратысцкае палітыкі Масквы) частковае ўвязанне каталіцтва і звяз з Польшчаю былі вельмі мудрымі і прагрэсіўнымі крокамі. Быў абяззброены Тэўтонскі ордэн, пачалося запазычванне самых прагрэсіўных элементаў еўрапейскага права, пачаўся культурны абмен з Чэхіяй, які ўчыніў вялікі ўплыў на развіццё права і літаратуры ВКЛ.
Так, у канцы 16 стагоддзя, падчас Контррэфармацыі сталіся відавочнымі праблемы суіснавання каталіцтва і праваслаўя ў адным гаспадарстве. Але ці была ў гэтым віна літвінаў? Мабыць, усё-ткі, у гэтым была віна агрэсіўнае палітыкі Ватыкану? Нельга параўноўваць рэлігійную сітуацыю ў ВКЛ да і пасля пачатку Контррэфармацыі, гэта зусім розныя эпохі. Да пачатку Контррэфармацыі каталіцтва мірна суіснавала з іншымі хрысціянскімі канфесіямі ў ВКЛ дый зусім не было чыннікам паланізацыі, бо касцёл ВКЛ паслугоўваўся беларускаю моваю (а польская мова тады наогул не была пісьмоваю). У нас ніколі не было нічога падобнага да тых лютасцей на рэлігійнай глебе, якія адбываліся ў Масковіі падчас Расколу 17 стагоддзя. Дый тое, наколькі адноснаю была канфесійная ідэнтычнасць (у параўнанні да нацыянальнай), відаць з таго, што з пачаткам еўрапейскае Рэфармацыі ў сярэдзіне 16 стагоддзя бальшыня шляхты ВКЛ (як каталіцкае, так і праваслаўнае) перайшла ў кальвінізм. Гэтаксама і раней каталіцкая канфесійная прыналежнасць літвінаў не закажала нацыянальнаму адзінству ды славянскаму характару народу ВКЛ. Хіба не быў католікам, скажам, князь Жыгімонт Карыбутавіч, які ў 1422 г. прыбыў у гусіцкую Прагу ў якасці намесніка вялікага князя літоўскага Вітаўта, абвешчанага гусітамі чэскім каралём? Ды ці не быў католікам сам Вітаўт, які выпраўляў яго туды? Ці не быў католікам канцлер ВКЛ Міхайла Кясгайла, які склаў на беларускай мове прывілей 1447 году – адзін з першых у Еўропе агульнадзяржаўных прывілеяў на народнай мове? Ці не быў католікам кароль Жыгімонт Стары, які асабіста апекаваўся Францыскам Скарынам? Ды ці не быў католікам сам Скарына?
Так, самыя яркія старонкі нашае нацыянальнае гісторыі адбыліся падчас кіравання каталіцкіх гаспадароў. І гэта не “добра” і не “дрэнна”, а проста нашая гісторыя. А гісторыю, як вядома, змяніць нельга. Прыкладам, каралі Босніі да 1445 г. былі богуміламі, а пасля католікамі. Але гэта не выклікае енкаў і рвання на сабе кашулі ў баснякоў – яны ведаюць, што ўсе этапы іхняе гісторыі гэта адзіная нацыянальная гісторыя баснійскага народу. У Нямеччыне ад 16 стагоддзя існуюць прыблізна роўныя па лічбе канфесіі лютэранаў і католікаў – і зноў-такі ні ў каго не выклікае сумневаў, што гэта адзіная нямецкая нацыя. Шматканфесійнасць пры монаэтнічнасці, здаровым нацыяналізме – вось шлях нашае нацыі, які мае шмат супольнага з многімі нацыямі Еўропы. І калі мы, маючы належнае бачанне на нашу гістарычную шматканфесійнасць, разглядаем нашую нацыянальную гісторыю – мы разумеем, што “літвіны”, “літва” гэта нашае гістарычнае імя. Не таму што гэта “прэстыжна”, а проста таму, што гэта нашая і толькі нашая гісторыя.

Што можна сказаць у якасці замкнення? Кніга Зінькевіча выйшла сапраўды “несвядомаю”. Трэба мець вельмі вялікую фантазію, каб цвердзіць, што канфесіёнім “русіны”, які ўжываўся ў ВКЛ і Маскоўскай Русі для будавання двух розных нацыянальных праектаў, азначаў нібыта “этнічна адзіны народ”. З такою логікаю можна было б палічыць “адзіным народам” сярэднявечных грэкаў і італьянцаў – бо і тыя, і тыя апелявалі да ідэі “рымскае (рамейскае)” нацыі. Не кажучы ўжо пра суцэльную фантастычнасць уяўленняў Зінькевіча аб гісторыі Вялікага княства Літоўскага: у Зінькевіча існуе нейкае “балцкае гаспадарства”, урады і праўны лад якога ствараюць вылучна балты, беларусы да дзяржаўнага кіравання ВКЛ не маюць дачынення, бо беларусы займалі “второразрядное положение в государстве”; беларусы ніколі не ваявалі з Масковіяй – гэта былі летувісы, а беларусы толькі сядзелі па хатах і чакалі, пакуль іх “вызваліць” Масква; у 19 стагоддзі ніякае забароны беларускае мовы, спаленняў беларускіх кніг не было! – беларусы “с восторгом” самі адмовіліся ад сваёй мовы і кніжнасці, “с восторгом” прынялі знішчэнне сваёй шляхты і забарону Літоўскага Статуту!.. І вось усе гэтыя казкі венскага лесу Зінькевіч спрабуе падаць нам як “истинную” гісторыю Беларусі, “основанную на объективных фактах и очищенную от националистических искажений и передёргиваний”! Пры гэтым у Зінькевіча хапае нахабнасці заяўляць (с. 423), што “сегодня местечковые националисты пытаются превратить белоруса в манкурта”, “толкают белорусский народ на оплёвывание собственной истории, желая привести его к покорности, лишить исторической памяти”!..
Як бачым, “распространением политических мифов” займаюцца маскоўскія прапагандысты, а не беларускія нацыяналісты. Я асабіста не ведаю ніводнага гістарычнага міфа, пашыранага беларускімі нацыяналістамі. Тое, што Вялікае княства Літоўскае было беларускім паводле ўрадовага ладу гаспадарствам, што беларусы стагоддзямі ваявалі з Масковіяй, каб абараніць свой нацыянальны характар і культуру, – гэта не міфы, а элементарныя гістарычныя факты, і адмаўляць іх могуць толькі хлусы і міфатворцы.
Жадаю яшчэ сказаць трошкі пра “ревизию историографии”. А што ўласна маюць на ўвазе? Перагляд замшэлых савецка-польскіх догмаў пра “этнічна балцкі” характар ВКЛ і гістарычную “бездзяржаўнасць” беларусаў? Вядома, Масква адчувае сябе ў такім дыскурсе вельмі ўтульна, яе вельмі задавальняе статус-кво, які склаўся ў постсавецкія гады. Але “ревизию” правесці ўсё ж такі будзе патрэбна – і не нам, а перш-наперш маскоўскім міфатворцам, якім даўно пара пачысціць сваю гістарыяграфію ад антыгістарычнай, цалкам фантастычнай лухты, якую яны льюць на гісторыю Вялікага княства Літоўскага. Заразом ім варта задумацца аб тым, ці могуць называцца хрысціянамі людзі, якія жывуць такой хлуснёй, і аб тым, чаму так мала хрысціянскага сёння засталося ў некалі сапраўды хрысціянскай Масковіі.
Нашая сапраўдная нацыянальная гісторыя – гісторыя Вялікага княства Літоўскага – паказвае, чаму мы так адрозніваемся ад маскавітаў, чаму ў нашага народу і маскавітаў былі чыста адрозныя гістарычныя лёсы. Нашаю гістарычнаю місіяй было не славянізаваць мардзвінаў і ўдмуртаў (праходам пераймаючы ў іх фінскія балалайкі і мусульманскія купалы-цыбуліны) – а скончыць крыжацкую тыранію ва Ўсходняй Еўропе і дапамагаць зачынаць еўрапейскую Рэфармацыю. Тое, што маскавіты не разумеюць і не жадаюць разумець гэтага, – ёсць сама яскравым сведчаннем іхняе чужынскасці, адрознасці ад нас, адрознасці, можна сказаць, нават не нацыянальнай, а цывілізацыйнай. Для пачатку якога-кольвечы асэнсаванага дыялогу з маскавітамі, варта параіць ім прыняць рэальную гісторыю беларускага народу. Першым крокам у гэтым можа быць азнаямленне з цытаванаю вышэй працаю С. Думіна “Другая Русь”.
Алёхна Дайліда
Менск,
жнівень 2017 г.
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Р Э Ц Э Н З І Я

    С.В. Тарасава на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча

    Зноў міфы замест гісторыі рэцэнзія на: Всеслав Зинькевич “Несвядомая” история Белой Руси Москва: “Книжный мир”,…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 2)

    Калі зінькевічы пачынаюць свае мантры пра “спрадвечна адзіны рускі народ” – я адразу жадаю запытаць: калі гэты “адзіны…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments