staralitva (staralitva) wrote,
staralitva
staralitva

Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 4)

Адным словам, паводле свайго механізму, генэза ідэнтычнасці “літвінаў” ВКЛ была ў дакладнасці такою ж, як генэза “рускае” ідэнтычнасці на Русі. Дыкжэ возьмем асноўныя аспекты генэзы “рускае” ідэнтычнасці ў выкладзе Зінькевіча і параўнаем іх з працэсам складання “літоўскае” ідэнтычнасці ВКЛ. На с. 41 Зінькевіч піша:
“Таким образом, государственные институты и культура Древней Руси стали тем плавильным тиглем, который преобразовал конгломерат разношёрстных восточнославянских племён, а также славянизированных балтов и финно-угров в единое этнокультурное сообщество – Русь”.
Заўважым, што нават Зінькевіч прызнае, што першасным інструментам, які стварае нацыю, ёсць гаспадарства (а не этнічнасць). Таму, дарма што досыць адрозная этнічнасць жыхарства зямель Русі (дый неславянская этнічнасць яе стваральнікаў варагаў-русаў – замоўчаная, але, фактычна, моўчкі прызнаная ў кнізе Зінькевіча), наймя дзяржаўныя і царкоўныя інстытуты Русі на працягу 10–12 ст. задзіночвалі гэты “конгломерат разношёрстных племён” у досыць трывалы палітычны арганізм і пашыралі на яго канфесійна-палітычную ідэнтычнасць “русі”.
А што ж у Вялікім княстве Літоўскім? Ці не быў працэс будавання палітычнае свядомасці яго жыхарства ў дакладнасці такім жа? Ці не праз яго ўрадовыя інстытуты і праўную культуру зацвердзілася адзіная палітычная і нацыянальная самасвядомасць народу літвінаў? І які яна мела характар – балцкі або беларускі? Пачаць трэба з таго, што ўвесь урадовы лад Вялікага княства Літоўскага быў чыста беларускім з паходжання. Алесь Краўцэвіч, які адмыслова прысвяціў сваю манаграфію пачаткам ВКЛ, адзначыў:
“Уся дзяржаўная арганізацыя будавалася па ўсходнеславянскаму ўзору. Невядома ніводнага дзяржаўнага інстытута ў ВКЛ, які б можна было лічыць летувіскім па паходжанню”.
Аб чым казаць, калі “Літоўскім правам” у ВКЛ ужо ў 14 стагоддзі называлася старабеларускае звычаёвае права. Чыста ўвесь механізм дзяржаўнага кіравання – ад вялікакняскага двара да апошняга сельскага старасты ў Жамойці – быў ураджаны паводле ўзораў старабеларускіх княстваў. Аб якім “балцкім гаспадарстве” тут выпадае казаць?..
На с. 37 сваёй кнігі Зінькевіч мае бачанне на дынастычны характар фармавання “рускае” палітычнае свядомасці:
“Формирование единого самосознания у жителей Древней Руси было связано прежде всего с осознанием себя подданными династии Рюриковичей, представители которой пользовались исключительным правом на политическую власть в любой части Древнерусского государства. Такой династический характер формирования идентичности был типичен для Средневековья: аналогичным образом самосознание поляков и чехов дифференцировалось из общей этнической основы, разделённой на владения Пястов и Пржемысловичей...”.
Калі сярэднявечныя русіны ўсправілі сваю ідэнтычнасць пад уладаю германцаў Рурыкавічаў – то чаму нашыя продкі не маглі ўсправіць сваю ідэнтычнасць літвінаў пад уладаю германцаў Гедымінавічаў, жывучы ў гаспадарстве, якое было чыста сваім, славянскім паводле ўрадовага ладу, мовы і культуры? І чаму, калі ў нашых продкаў была “общая этническая основа” з жыхарствам Кіеўскае і Маскоўскае Русі, яны нібыта не маглі адлучыцца ў моц пражывання ў апрычоным гаспадарстве – гэтаксама, як падзяліліся палякі і чэхі, адпаведна, пад Пястамі і Пржэмыславічамі? Выходзіць, палякам і чэхам можна разлучацца ад супольнай этнічнай асновы, а беларусам і маскавітам нельга, хаця б яны і жылі на працягу пяці стагоддзяў у розных гаспадарствах?..
Нашыя продкі гэтаксама знітоўвалі сваю палітычную свядомасць з вялікакняскаю ўладаю ВКЛ, як і жыхары Русі 10–13 ст. з Рурыкавічамі. У 1265 г. полацкі і віцебскі князь Ізяслаў пісаў у сваёй грамаце: “Полотеск и Видьбеск одно есть, а в воли есми божии и в Войшелгове”. У 1405 г. палачане ўкладалі дамову з Рыгаю, “надеючысь на бога святого, Софея милость и князя великого Витовта здоровье”. За часоў вялікага князя Казімера палачане пісалі ў Рыгу: “есть у нас господарь, кому нас оборонити”. Наймя гэты “дзяржаўны патрыятызм” стаўся асноваю будавання не толькі ідэнтычнасці “літвінаў”, але і палітычнае свядомасці “русінаў” ВКЛ. Сучасны расейскі гісторык Станіслаў Думін наймя ім тлумачыць большую папулярнасць літоўскае праграмы злучэння рускіх зямель, ніж маскоўскае:
“Нарастающие различия в строе этих государств и, в частности, более привилегированное положение жителей Великого княжества, и в первую очередь – местных феодалов по сравнению с феодалами Московской Руси, отнюдь не способствуют широкой популярности среди них «московской» программы объединения. Отсюда решительное нежелание признать власть московского государя, тот «государственный патриотизм», за который их почему-то упрекают современные историки”.
На с. 37-38 Зінькевіч піша пра ролю вайсковых урадаў у кансалідацыі жыхарства Русі:
“...Важным институтом, консолидировавшим восточнославянские племена, была великокняжеская дружина <...>. Дружинное сословие объединяло людей разного этнического происхождения <...>. ...Соответственно, дружинная культура была первым шагом на пути к созданию общерусской культуры”.
А хіба ў Вялікім княстве Літоўскім войска і вайсковыя ўрады не былі грунтам нацыянальнае кансалідацыі? Мабыць, яны станавілі сабою нейкія асяродкі “этнічнае балцкасці”, адкуль шырыўся “балцкі прыгнёт” на “заваяваных” русінаў?.. Увесь вайсковы лад ВКЛ – як і іншыя ўрады ВКЛ – быў чыста беларускім з паходжання. Самі назовы “літоўскага” вайсковага звычаю, “літоўскае” ваеннае традыцыі ўжо ў 14 ст. азначаюць беларускую вайсковую традыцыю. Вялікі князь Ягайла, як вядома, у сваім прывілеі 1387 г. узгадваў старажытны звычай “гнання ворагаў з нашае Літоўскае зямлі” (terrae nostrae Lithuanicae), які па-народнаму (vulgo dicitur) называўся “пагоня” (pogonia). У 1432 г. ваенны звычай друцкага князя Івана Бабы быў у Маскве вядомы як “літоўскі” (“изрядивъ свой полк с копьи по литовски”).
Русіны Вялікага княства Літоўскага ад сама пачатку існавання гэтага гаспадарства разам з літвінамі абаранялі яго. Яшчэ за часоў Міндоўга яго “литва с русю” хадзілі на крыжакоў і палякаў. Ваяры з Пінску і Наваградку памагалі ў 1264 г. вялікаму князю Войшалку падбіць варожых яму баяраў у балцкіх землях Дзяволтве і Нальшчанах, а потым хадзілі з вялікакняскім войскам на крыжакоў і палякаў. У 1277 г. падчас аблогі вялікім князем Тройдзенем Дынабургу (у Ліфлянтах) сярод яго войска вылучыліся “рускія стральцы” (Russen schutzen). Літвіны і русіны ВКЛ, служачы ў войску Вялікага княства Літоўскага, разам памагалі абараняць гэтае гаспадарства ды развіваць яго славянскі характар.
Параўноўваючы рэаліі ВКЛ з гісторыяй Кіеўскае Русі, я жадаю запытаць: чым так адрозніваюцца рэаліі ВКЛ, што маскоўскія прапагандысты адмаўляюцца прызнаць яго нашым беларускім гаспадарствам? Чаму сваякі Аскольда і Дзіра, якія шпарка гандлявалі славянскімі рабамі ў Крыму, – гэта “слаўныя старонкі рускае (у сённяшнім сэнсе, т.б. славянскае) гісторыі”, а вялікія князі Войшалк і Тройдзень, якія з войскамі з Полацку, Пінску, Наваградку хадзілі на крыжакоў, каб абараніць гаспадарства, збудаванае на беларускім праве і мове, – гэта быццам “прыгнятальнікі” і “ворагі” беларускага народу?.. Дальбог, дваістыя стандарты!
На с. 34 Зінькевіч з задавальненнем піша пра хуткую славянізацыю Рурыкавічаў на Русі (маўляў, калі яны і былі неславянамі, германцамі – то за некалькі пакаленняў яны сталіся чыста славянамі, не хвалюйцеся):
“Однако даже если пришлый варяг имел скандинавские корни, его род очень быстро славянизировался: уже внук Рюрика носил бесспорно славянское имя Святослав”.
А што, мабыць, у ВКЛ адбывалася нешта іншае? Ужо за часоў першага вялікага князя літоўскага Міндоўга бачым яго ваяводу Сірвіда Рушковіча, літоўскіх князёў Рушковічаў і Булевічаў. У 13–14 стагоддзях бачым літоўскіх баяраў з імёнамі Енюль Радзівілавіч, Бутвід Ракутовіч, Бутрым Савічэвіч, Братоша Гайлютовіч і падобнымі. За часоў вялікага князя Гедыміна вядомы літоўскія князі Давыдка і Юрый Вітаўтавіч. Унукі Гедыміна мелі імёны Міхайла, Дзмітрый, Аляксандр, Валадзімер, Юрый, Патрыкей, Фёдар і распачалі княскія дынастыі Чартарыйскіх, Бельскіх, Сангушкаў, Алелькавічаў, Збаражскіх, Вішнявецкіх і іншых (якія сёння лічаць “этнічна балцкімі” толькі такія “навукоўцы”, як насельнікі інстытуту гісторыі Летувы).
З любых гістарычных матэрыялаў відаць, што літоўская шляхта ўжо ў 14 стагоддзі чыста славянізавалася і злучылася з славянскім жыхарствам ВКЛ. У якасці даніны памяці свайму неславянскаму паходжанню яна толькі шырока захоўвала свае старажытныя германскія імёны – але і Рурыкавічы ў сярэднявеччы шырока захоўвалі свае германскія імёны Рурык, Інгвар, Алег і іншыя і гэта не закажала іхняй поўнай славянізацыі, а было толькі данінай памяці іхняму германскаму паходжанню. У часы Крэўскае уніі 1385 г. мы бачым, што і ўвязанне ў ВКЛ каталіцтва ніякім чынам не перашкаджала поўнай беларусізацыі літоўскае шляхты: буйнейшыя літоўскія паны Гастоўты, Манівіды, Мантыгерды, Радзівілы і іншыя (як і дробныя баяры) наўсцяж называюцца Івашкамі, Пятрашкамі, Алёхнамі, Андрушкамі, называюць беларускую мову народнаю і пабытоваю. Вялікія князі Ягайла, Вітаўт і Жыгімонт ў сваіх перакладных (лацінскіх і нямецкіх) граматах шматкроць падавалі беларускія словы і выразы ды называлі беларускую мову “народнаю” (vulgariter).
Сапраўды за мяжою абсурду знаходзяцца заявы Зінькевіча аб тым, што “свядомыя” гісторыкі імкнуцца “искусственно “обелорусить” Великое княжество Литовское” (с. 73) і “изобразить ВКЛ государством, в котором белорусы были культуртрегерами” (!) (с. 410). Прабачце, а што там можна “обелорусить”, калі ў ВКЛ і так усё было беларускім? Ці Зінькевіч ужо знайшоў у ВКЛ хаця б адзін балцкі з паходжання ўрадовы інстытут? хаця б адзін літаратурны помнік на балцкай мове, створаны пры вялікакняскім двару (а не ў школе замежнікаў-езуітаў)? Мабыць, стваральнікамі культуры ВКЛ былі “этнічныя балты” – якія не далі ВКЛ чыста анічога, нуль?.. Калі ўжо нехта і імкнецца нешта “искусственно изобразить” – то гэта адэпты “летувіскае” тэорыі, якія не саромеюцца самай нахабнай хлусні.
Прытым, Зінькевіч не спускае абаротаў, нават калі цытуе грамату Яўнута, Кейстута, Любарта і іншых літоўскіх князёў 1352 году, якою яны “за великого князя Олькгерта” дамовіліся “мир держати вельми твердо” з польскім каралём. Так і хочацца запытаць: для чаго ж “летувіскія” фэўдалы “заваёўвалі” і “прыгняталі” беларусаў? Каб па-беларуску ліставацца з польскім каралём?.. А ёсць яшчэ грамата князёў Кейстута і Любарта 1355 году да прускіх улад Тэўтонскага ордэну, у якой літоўскія князі ўжылі чыста гутарковы беларускі выраз “абы вам не закажалі, мы хочэм рады то учыніті”. Ёсць дамоўная грамата вялікага князя Альгерда з польскім каралём 1366 году, у якой Альгерд ужываў выраз “А колі дасть Бог...”. Па-беларуску вялікі князь Вітаўт надаваў прывілеі на айчызныя валоданні панам Манівіду і Кясгайле, пісаў граматы віленскім біскупам. Па-беларуску вялікі князь Жыгімонт выдаваў прывілей на майтборскае права Вільні ў 1432 г. Вялікі князь Свідрыгайла ліставаўся па-беларуску з магістрам Тэўтонскага ордэну Русдарфам. Няўжо з усяго велічэзнага гістарычнага матэрыялу па гісторыі ВКЛ не відаць, што ад спачатнай неславянскай этнічнасці літвінаў у 14 стагоддзі засталіся толькі іхнія старажытныя імёны (зноў заўважым, што гэтыя імёны германскія, а не балцкія), а яны цалкам славянізаваліся?
Дыкжэ часткаю якога народу павінен Зінькевіч лічыць паноўны элемент (шляхту) ВКЛ – калі сам Зінькевіч запэўнівае, што ён “не разделяет примордиалистских взглядов” і “считает основными маркерами национальной идентичности родной язык и культуру”?.. Вядома, часткаю беларускага народу – з якім асімілявалася германская шляхта ВКЛ, пашырыўшы на яго свой назоў “літвінаў” (гэтаксама як Рурыкавічы пашырылі на жыхарства сваіх княстваў свой германскі назоў “русі”). Аб гэтым добра было вядома не толькі літоўскай шляхце, якая ў 15 стагоддзі ў сваіх перакладных лістах наўсцяж называла “народнаю” (vulgariter) беларускую мову, але і замежнікам 15–16 стагоддзяў, якія ў адзін голас казалі, што Літва ёсць славянскім краем, а літоўская мова – славянская, роднасная рускай і польскай. Толькі замежныя езуіты ў другой палове 16 стагоддзя, у межах распачатае дэструктыўнае праграмы Контррэфармацыі, упершыню пачалі прыдумляць, што літвіны з паходжання быццам ёсць балцкім народам, роднасным жамойтам і прусам. Не дзіва, што гэтая экзатычная тэорыя сустрэла поўную індыферэнтнасць літоўскае шляхты, якая па-ранейшаму працягвала размаўляць на беларускай мове, якую называла “літоўскаю”.
Грунтоўным чыннікам успраўлення “літоўскае” ідэнтычнасці ВКЛ быў чыннік канфесійны, знітаваны з існаваннем ад пачатку 14 ст. Літоўскае мітраполіі. Як і ў выпадку з “Рускаю” мітраполіяй 11–13 ст., Літоўская мітраполія адыграла вялікую ролю ў кансалідацыі ідэнтычнасці жыхарства Вялікага княства Літоўскага. Літоўская мітраполія ўлучала тры біскупствы – Наваградскае, Полацкае і Тураўскае. Мітрапаліт меў сваіх намеснікаў таксама ў Горадні і Вільні (“из старины”, як адзначана ў лісце 1451 г.). Тытул мітрапаліта быў “μητροπολίτης Λιτβων” – “мітрапаліт Літвы”. У 14 стагоддзі бізантыйскія ўлады разглядалі ўсю гэтую “Літву”, тэрыторыю Літоўскае мітраполіі, як частку Русі, то бо як хрысціянскі славянскі край.
У сваёй кнізе Зінькевіч шмат піша аб “общерусском единстве”, якое прасочваецца ў розных гістарычных крыніцах. У прыватнасці, на с. 99 ён піша, што “об общерусском единстве неоднократно упоминали иностранные авторы”. Калі б Зінькевіч быў уважлівей, ён заўважыў бы, што мова ў гэтых крыніцах была пра канфесійную ідэнтычнасць “русі” і пра культурны арэал былое Кіеўскае Русі, былое Рускае (Кіеўскае) мітраполіі 11–13 ст., падзеленае ў 14 ст. на Літоўска-Кіеўскую і Маскоўскую. Наймя ў гэтым сэнсе да “Русі” замежныя аўтары залучалі і ўсю Літву, улучна з Вільняй і Коўняй. Бізантыйскі гісторык Нікіфар Грыгара ў 1350-х гадах называў Літву часткаю Русі. “Літоўская зямля” атаесамляецца з тэрыторыяй Літоўскае мітраполіі ВКЛ і называецца часткаю Русі ў лістах Канстантынопальскіх патрыярхаў Філафея (1371 г.) і Антонія (1389 г.). У грунтоўным геаграфічным помніку канца 14 ст. “Имена всем градом рускым” (складзеным, імаверна, у канцылярыі мітрапаліта Кіпрыяна) у спісе “руских” пералічаны “Литовскии грады” Вільня, Трокі, Вількамір, Коўня, Горадня, Клецк, Слуцк, Віцебск, Орша і іншыя гарады Вялікага княства Літоўскага, у той час як жаднае места Жамойці не названа сярод “літоўскіх гарадоў”. Польскія пісьменнікі 15 і 16 стагоддзяў таксама пісалі, што “люд літоўскі, рускі і маскоўскі – гэта адна і тая ж Русь, адно і тое ж племя”. Усе гэтыя гістарычныя матэрыялы кажуць аб тым, што назоў “Русь” у шырокім сэнсе ў 14–15 ст. ужываўся ў якасці суперэтноніму, азначэння арэалу былое Кіеўскае Русі і старое (да падзелу 14 ст.) Рускае мітраполіі або, як трапна заўважыў І. Чаквін, у якасці “макраэтноніму з пэўным канфесійным сэнсам”. Прытым часткаю гэтае “Русі” была “ўласна Літва” з Вільняй, Коўняй і Вількамірам – што бясспрэчна сведчыць аб поўнай славянізацыі асяродку Літоўскага гаспадарства.
У 15 стагоддзі ні ў каго, як у ВКЛ, так і за яго межамі, не было сумневаў наконт таго, чыё гэта гаспадарства. Гэта на нашай мове адбывалася камандаванне войскам Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальцкай бітве. Гэта на нашай мове размаўляюць у Кракаве кароль Ягайла і каралева Сафія. Гэта на нашай мове літоўскія князі лістуюцца з палякамі і крыжакамі. Гэта на нашай мове размаўляюць і пакідаюць запісы ў кнігах студэнты-літвіны ў Кракаўскім універсітэце. Гэта на нашай мове складаюць у 15 стагоддзі вялікакняскія прывілеі, якія ў наступным стагоддзі дадуць пачатак Літоўскім Статутам. Гэта пра нас Аляксандр Гваньін, пералічаючы “славянскія” народы, напісаў: “Літвіны, якія пануюць на вялікую руку...”.
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Р Э Ц Э Н З І Я

    С.В. Тарасава на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча

    Зноў міфы замест гісторыі рэцэнзія на: Всеслав Зинькевич “Несвядомая” история Белой Руси Москва: “Книжный мир”,…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 2)

    Калі зінькевічы пачынаюць свае мантры пра “спрадвечна адзіны рускі народ” – я адразу жадаю запытаць: калі гэты “адзіны…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments