staralitva (staralitva) wrote,
staralitva
staralitva

Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 3)

У гэтай сувязі цікавым выглядае пастулат “заходнерусісцкіх” канцэпцый (яго падзяляе і Зінькевіч) аб тым, што беларускае народнасці да 19 стагоддзя не існавала – яна выспела адно ў “спрыяльных” умовах знаходжання ў складзе Расеі ў 19 стагоддзі. Зінькевіч на с. 105 адмыслова кажа, што ў часы ВКЛ “белорусы тогда ещё не оформились в отдельный (суб)этнос”. Паўстае законнае пытанне: калі ж наш народ усправіўся як адметны народ з сваёю нацыянальнаю культураю і моваю? Паводле зінькевічаў выходзіць, што толькі ў 19 стагоддзі, у складзе Расеі! На с. 162 Зінькевіч з гонарам кажа, што Беларуская губернія, якая існавала ў складзе Расеі да 1802 г., была першым у гісторыі ўрадовым утварэннем, у назове якога было слова “Беларусь”. Застаецца толькі дзівіцца – навошта Расеі і тадышнім зінькевічам з іхняю догмаю “адзінага рускага народу” спатрэбілася канструяваць і развіваць “новую” беларускую народнасць (якая раней “не існавала”)?.. Дык мабыць ніякага “фармавання новае народнасці” (ва ўмовах акупацыі!) не было – а было проста перайменаванне царскаю адміністрацыяй літвінаў у “беларусаў”? Аб гэтым наўпрост сведчаць любыя крыніцы. Можна прытачыць тузіны самых розных сведчанняў ад пачатку да канца 19 стагоддзя аб тым, як расейская адміністрацыя пераймяноўвала літвінаў у “беларусаў”. Гэтыя сведчанні даўно вядомы, толькі зінькевічы не жадаюць іх бачыць. Лішне казаць, што Зінькевіча не займаюць такія дробязі, як тое, чаму беларуская мова класікаў 19 стагоддзя амаль нічым не розніцца ад мовы пісьменнікаў 18 стагоддзя, скажам, Рудніцкага і Марашэўскага, а тая сваім парадкам мала розніцца ад беларускай мовы 17 стагоддзя. У Зінькевіча няма часу на такія “дробязі” – беларускага народу ж да 19 стагоддзя “не існавала”!
Калі нашага народу ў 18 стагоддзі “не існавала” – цікава, хто выведзены ў “Камічнай дзеі” Мітрафана Даўгалеўскага 1737 году пад імем персанажа Літвіна, які размаўляе па-беларуску? У інтэрмедыях да драмы Гяоргія Каніскага 1746 году пад імем Літвіна таксама выступае праваслаўны беларускі селянін (у Зінькевіча Каніскі выступае як артадаксальны вызнаўца “единого русского народа”, старонні ўсякай “літвінскай” ерасі). Пад імем Літвіна выведзены беларускі селянін і ў інтэрмедыі на Ражство Хрыстова з украінскага зборніку 1776 году.
З блытаных заклінанняў і мантраў Зінькевіча вынікае простая выснова: Зінькевічу проста не падабаецца сам факт існавання ў гісторыі нашага народу. Вось на с. 221 Зінькевіч піша, што ў 19 стагоддзі “...местечковый национализм в Белоруссии держался на «трёх китах»: культивировании белорусского языка, постулировании тезиса о разном «составе крови» у белорусов и великоруссов и фетишизации литовского периода в истории Белоруссии”. А што ў гэтых трох пунктах крымінальнага? Прапусцім такі (паводле Зінькевіча) “грэх”, як ужыванне беларускае мовы. Наступны “кіт”: розны склад крыві. А што, хіба гэта няпраўда? Сам Зінькевіч падае (с. 8-10) меркаванні гісторыкаў на гэты конт, у тым ліку меркаванне расейскага гісторыка Пакроўскага аб тым, што маскавіты маюць у сябе не менш як 90% неславянскіх элементаў. Нашыя продкі маглі ў поўнай меры пераканацца ў неславянскасці маскавітаў, калі тыя падчас войн 17 стагоддзя насылалі на беларускія землі загоны калмыкаў або калі тыя ў 19 стагоддзі насаджвалі ў нашым дойлідстве азіяцкія купалы-цыбуліны. Нарэшце, услаўленне эпохі ВКЛ – хіба ў гэтым ёсць нешта ненатуральнае? Калі на нашых землях Літоўскі Статут дзейнічаў да 1840 году – то хіба не маглі нашыя продкі памятаць аб гаспадарстве, якое гэты статут нарадзіла?
Зрэшты, Зінькевіч сам блытаецца з тым, што мае сказаць. Ужо ў пачатку кнігі Зінькевіч агаломшвае чытача звінавачваннем “свядомых” гісторыкаў у тым, што яны “пытаются сконструировать новую белорусскую (литвинскую) идентичность” (с. 3). Так і не зразумела, з чым змагаецца Зінькевіч – з “беларускаю” ідэнтычнасцю або з “літвінскаю”? І якая з іх ёсць “новаю”? Што тычыцца навізны “беларускае” ідэнтычнасці – то Зінькевічу лепш за іншых мусіць быць вядома, што яна была сканструявана і пашырана расейскай адміністрацыяй у 19 стагоддзі, таму ўсе прэтэнзіі ў гэтым плане Зінькевіч мусіць звяртаць да сваіх заказчыкаў. Што ж тычыцца ідэнтычнасці “літвінаў” – то “літвінамі” называў свой народ яшчэ першы вялікі князь літоўскі Міндоўг (rex Litwinorum), а тое, што літвіны ёсць тытульнаю нацыяй ВКЛ, было прапісана ў Літоўскіх Статутах, складзеных, як вядома, “своім власным языком” літвінаў. Калі ёсць у гэтай гісторыі нейкая “новая”, “сканструяваная” ідэнтычнасць – то гэта ідэнтычнасць “летувісаў”, прыдуманая замежнымі езуітамі ў канцы 16 стагоддзя і штучна пашыраная імі ж на працягу 17–18 стагоддзяў. Зінькевіч ахвотна прыточвае езуіцкія квазінавуковыя байкі пра “этнічна балцкі народ летувісаў” у якасці абгрунтавання таго, што быццам беларусы не называліся ў ВКЛ літвінамі. Насамрэч, уся гэтая тэорыя “летувізму”, якая была ў 17–18 ст. здабыткам вылучна езуіцкіх школ і іншых замежных дзеячаў, ёсць сама лепшым даводам штучнасці, сфабрыкаванасці, кабінетнасці “летувіскага” праекту. І якраз сведчаннем глыбока народнага, прыроднага характару ідэнтычнасці “літвінаў” ёсць той факт, што наш народ шырока працягваў захоўваць гэты свой саманазоў скрозь стагоддзі езуіцкага цемрашальства і расейскага тэрору. Але Зінькевічу не патрэбна сапраўдная гісторыя Вялікага княства Літоўскага. Маскоўскія прапагандысты гатовы аддаць жамойтам гістарычныя правы на Беларусь, на Пскоў, на Кіеў – усё што заўгодна, абы не прызнаваць гістарычную ісціну, што ВКЛ было беларускім гаспадарствам. І пасля гэтага маскоўскія прапагандысты закідаюць нам (!) служэнне “езуіцка-каталіцкай прапагандзе”...
Дарэчы, калі навукова падыходзіць да ўласна назову кнігі Зінькевіча, то трэба заўважыць, што назоў “Белая Русь” ніколі да 19 стагоддзя на тэрыторыю Беларусі (гістарычнае Літвы) не пашыраўся. “Белаю Руссю” ў 13–15 стагоддзях называліся землі Пскоўшчыны, Цвершчыны і Смаленшчыны. У 15–17 стагоддзях “Белаю Руссю” ў многіх крыніцах (і перадусім у маскоўскіх) называлася Масковія. Беларускі гісторык Павал Урбан гэтак падсумаваў сваё даследванне гэтага пытання:
“Назоў “Белая Русь” зусім не сустракаецца ні ў дзяржаўных актах Вялікага Княства, ні ў гэтак званых “літоўскіх летапісах”, улучна з Быхаўцавай і Баркулабаўскай кронікамі. Няма яго і ў ведамых мэмуарах А.С. Радзівіла, пісаных у 1632–1656 гадох. Дарэчы, знаны прыхільнік маскоўскіх цароў манах з Берасцейшчыны Апанас Філіповіч, які шмат вандраваў па Вялікім Княстве Літоўскім і пабываў у Маскоўшчыне, у сваім “Дыярыюшы”, пісаным у 1640-х гадох, пад “Белай Руссю” яшчэ разумеў Маскоўшчыну”.
Наш сучаснік гісторык права Язэп Юхо гэтак падсумаваў свае даследванні нашага гістарычнага назову:
“У афіцыйных дакументах ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў апроч “Літвы” для ўсёй тэрыторыі Беларусі другога наймення наогул не існавала і ўвесь народ называлі Літвою. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашнага часу ігнаруюць гэтае найменне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў”.

Такім парадкам, як бачым, на працягу стагоддзяў не існавала “этнічна адзінага рускага народу” – а існавала адзіная ідэнтычнасць “русі”, якая мела найперш канфесійны характар. Замоўчванне германскіх вытокаў русі і канструктывісцкае паводле свайго характару генэзы “рускае” ідэнтычнасці патрэбна Зінькевічу акурат для адмаўлення яе першаснага канфесійнага характару ў сярэднявеччы (с. 99):
“Вне всяких сомнений, в источниках есть упоминания и о «русской» вере (православии), и сам термин «русин» используется для обозначения конфессиональной принадлежности, однако конфессионим является производным от этнонима, а не наоборот”.
Дыкжэ ад якога “этноніму” ўтварыўся канфесіёнім “русіны”? Няўжо ад назову “этнічна рускага (славянскага) народу” – якога ў 10 стагоддзі, у часы стварэння Рускае мітраполіі, не існавала і не магло існаваць? Наадварот, гэта стварэнне ў 988–1037 гг. Рускае (Кіеўскае) мітраполіі распачало вальнае пашырэнне “рускае” (канфесійнае) ідэнтычнасці на разнародныя славянскія (і неславянскія) народнасці ад Галічу да Мурама. Такія шырока ўжываныя ў сярэднявеччы выразы, як “русская вера”, “русский закон”, – пераконваюць, што першасным сэнсам “рускае” ідэнтычнасці ў 11–14 ст. быў сэнс канфесійны (дый ён часткова захоўваўся ў якасці такога яшчэ ў 17–18 ст.). І ад гэтага галоўнага канфесійнага сэнсу толькі ў 14 стагоддзі, у часы падзелу Рускае мітраполіі між Кіевам і Масквою, нараджаюцца два “рускія” нацыянальныя праекты – кіеўскі і маскоўскі. Не кажучы ўжо аб тым, што “спачатнага этнічнага” (славянскага) сэнсу назову “русь” у прыродзе не існавала (што абыйдзена ў кнізе Зінькевіча элегантным маўчаннем).
Займеем бачанне на наступны падставовы для нашай тэмы момант: пасля стварэння Рускае мітраполіі ў 988–1037 гг. ці працягвалі Рурыкавічы і іншыя германцы-русы захоўваць сваю ідэнтычнасць “русі” ў якасці спачатнае этнічнае (германскае)? Вядома, не. Для гэтага не было магчымасці дзеля іх няўхільнае славянізацыі. Дый гэта не было ім патрэбна, бо пераемнасць улады Рурыкавічаў і іхніх сваякоў вынікала з самаго манархічнага, фэўдальнага ладу іхніх княстваў – а гэта ўсё, на што яны маглі разлічваць у такіх умовах. Поўная славянізацыя германцаў-русаў у гэтых умовах была чыста няўхільнаю, таму яны толькі захоўвалі свае старажытныя германскія імёны (Рурык, Інгвар, Глеб, Алег) у якасці даніны памяці свайму паходжанню ды цалкам распусціліся ў славянскім асяроддзі, надаўшы яму свой германскі з паходжання назоў “русі”, які пашырыўся на разнародную этнічную масу ўсходнеславянскіх зямель праз свой канфесійны характар. Гэта, вядома, тлумачыць, чаму наймя дзяржаўныя і царкоўныя інстытуты Русі (а не этнічнае паходжанне) вызначалі “формирование единого самосознания у жителей Древней Руси” (як слушна заўважае Зінькевіч на с. 37-41). Чыста паводле такога ж механізму – праз дзяржаўныя інстытуты і Літоўскую мітраполію ВКЛ – літоўская шляхта перанесла сваю ідэнтычнасць “літвінаў” на жыхарства Вялікага княства Літоўскага.
Пільнае разгледжанне канструктывісцкага (а не этнічнага) характару генэзы ідэнтычнасці “русі” спатрэбілася, па-першае, каб слушна насвятліць гісторыю рускае ідэнтычнасці ў сярэднявеччы, а па-другое, каб у гэтым святле разгледзець генэзу ідэнтычнасці “літвінаў” Вялікага княства Літоўскага. “Літоўская” ідэнтычнасць ВКЛ была не этнічнаю, а чыста такою ж канструктывісцкаю паводле свайго характару і склалася ў дакладнасці паводле такога ж механізму, як і сярэднявечная ідэнтычнасць “русі”. Літоўская шляхта, якая стварыла ВКЛ, была таксама германскаю (усходнегерманскаю) з этнічнага паходжання і стварыла ў ВКЛ такую ж канфесійна-палітычную паводле свайго характару ідэнтычнасць, што і германцы-русы на Русі.
Падставовым элементам міфалагізацыі гісторыі Літвы ёсць ігнараванне ўсходнегерманскага этнічнага паходжання літоўскае шляхты. Тэорыя аб “балцкай этнічнасці” літвінаў не заснавана ні на якім гістарычным матэрыяле, апрача мантраў пра тое, што такія пашыраныя германскія імёны, як Альгерд, Альгімунт, Вітаўт, Віцень, Любарт, Гастольд і г.д., ёсць нібыта “этнічна балцкімі”. Сённяшняя гістарыяграфія цалкам ігнаруе не толькі германскія імёны літвінаў, але і шматлікія ўрадовыя тэрміны ВКЛ яўна ўсходнегерманскага паходжання, а таксама летапісы ВКЛ, у якіх літоўская шляхта чорным па беламу напісала, што прыбыла ў Панямонне з мора і не была аўтахтонным элементам у Панямонні. Германскае паходжанне літоўскае шляхты трапляе ў мадэрновай гістарыяграфіі ў раздзел “забароненае гісторыі” – і зразумела чаму. Германскасць літоўскае шляхты імгненна выводзіць пачаткі Літвы з блукання ў лясных гушчарах Жамойці на ровень высокае еўрапейскае палітыкі. Адразу робіцца зразумелаю рэлігійная адметнасць літвы (усе ўсходнегерманскія народы былі зацятымі прыхільнікамі арыянства). Адразу робяцца зразумелымі апеляцыі літвінаў да свайго паходжання з “рымскае шляхты” (у раннім сярэднявеччы ў Рыме панавалі, вядома, усходнія германцы – а не жамойты). Робіцца зразумелым вельмі высокі ровень ваеннае справы і праўнага ладу літвінаў. Германцы наогул любілі засноўваць гаспадарствы і ствараць праўныя сістэмы. Германскі элемент у Літве – як і германцы-франкі ў Францыі і германцы-русы на Русі – цалкам асіміляваўся з мясцовым жыхарствам, прытым надаўшы яму і створанаму разам з ім гаспадарству свой назоў. Захоўваючы свае старажытныя германскія імёны (як і германцы ў іншых краях – у якасці азначэння сваёй арыстакратычнасці), германская шляхта Літвы цалкам славянізавалася ўжо ў 14 стагоддзі. Якраз яе германскае (а не балцкае) этнічнае паходжанне тлумачыць, чаму гэты неславянскі элемент цалкам распусціўся ў славянскім (а не балцкім) асяроддзі і пашырыў свой назоў “літвы” на жыхарства старабеларускіх княстваў (а не на балцкую Жамойць).
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments