staralitva (staralitva) wrote,
staralitva
staralitva

Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 2)

Калі зінькевічы пачынаюць свае мантры пра “спрадвечна адзіны рускі народ” – я адразу жадаю запытаць: калі гэты “адзіны народ” існаваў, у якім часовым прамежку? У якім стагоддзі існаваў “адзіны славянскі народ русі”? У 10 стагоддзі? Не смяшыце. У 10 стагоддзі назоў “русь” яшчэ мае свой спачатны германскі характар, а германцы-русы за мяжой добра вядомы тым, што гандлююць рабамі-славянамі.
Ці існаваў у 12 стагоддзі “адзіны рускі народ”? У гэтым стагоддзі ёсць нейкае падабенства адзінага нацыянальна-палітычнага арганізму: Руская мітраполія, “рускія” князі ад Ноўгараду да Галіча, паўсюль ужываецца Руская Праўда. Так, у 12 стагоддзі існаваў досыць трывалы палітычны арганізм Русі. Але ці існаваў “адзіны рускі народ”? Вялікія этнічныя і культурныя адрозненні паміж рознымі часткамі прасторнае тэрыторыі Русі, княскія сваркі, жахлівыя рабаванні Кіеву прадстаўнікамі розных княскіх дынастый – усё гэта не дазваляе казаць аб існаванні на прасторах Русі нават адзінага гаспадарства, не тое што “адзінага народу”. У прыватнасці, тое, што Полацкае вялікае княства (хаця яго тэрыторыя часам і называлася “Руссю”) не ўваходзіла ў міфічнае “единое Древнерусское государство”, відаць з ігнаравання полацкімі князямі лёсавызначальнага для княстваў Рурыкавічаў Любецкага сойму 1097 г., а таксама з захавання памяці полацкіх князёў аб тым, што яны “Рогволожи внуци” (а не Рурыкавічы). Ад сярэдзіны 12 стагоддзя полацка-менскія князі ў сталым звязе з Літвою рэгулярна разам з літвінамі абараняюцца або ваююць проці пскоўскіх, смаленскіх і чарнігаўскіх князёў – што выяўна паказвае палітычныя арыентыры і перспектывы Полацкага вялікага княства.
Дарэчы, у крыніцах 12 стагоддзя уласна “Руссю”, “Рускаю зямлёю” заўсёды называліся Кіеўскае, Чарнігаўскае і Пераяслаўскае княствы – спачатны дамен Рурыкавічаў. За межамі гэтае тэрыторыі былі толькі “рускія” князі, а не “Русская земля”. Калі купец ехаў, скажам, з Смаленску ў Кіеў, ён ехаў “на Русь” “в Рускую землю”. І наадварот, калі хтосьці ехаў з Кіеву або Пераяславу ў Смаленск або Ноўгарад, ён ехаў “из Руси”. Паводле логікі зінькевічаў трэба было б учыніць выснову, што на тэрыторыі “Русской земли” (на Ўкраіне) жыў “славянскі рускі народ”, а за яе межамі (ля Смаленску або Цверы) жыў нейкі іншы, чыста адрозны народ. Вядома, гэта не так. З этнічнага, моўнага і культурнага гледзішча славянскае жыхарства Кіеўскага, Полацкага, Цверскага, Пскоўскага княстваў было вельмі блізкім (з улікам наяўнасці скіфска-іранскага субстрату на Кіеўшчыне, фінскага на Цвершчыне і балцкага на Полаччыне), “рускія” палітычна-праўныя інстытуты спрыялі значнай кансалідацыі жыхарства гэтых вялізных тэрыторый, але гэтая кансалідацыя толькі распачыналася. І першасным чыннікам гэтае кансалідацыі быў не этнічны, а канфесійны сэнс “рускае” ідэнтычнасці, знітаваны з існаваннем Рускае (Кіеўскае) мітраполіі.
У 14 стагоддзі Кіеў, які па-ранейшаму лічыцца стальцом Рускае мітраполіі і сталечным местам “усяе Русі”, знаходзіцца ў межах Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Вялікі Ноўгарад захоўвае адносную незалежнасць як ад ВКЛ, так і ад цверскіх ды маскоўскіх князёў, укладаючы ўгоды па чарзе то з аднымі, то з іншымі. Падчас буйных ваенных закалотаў ВКЛ з Масквою ў 1368–1372 гг. пад харугвамі Альгерда проці Масквы рушыць не толькі беларускае жыхарства ВКЛ, але і смаленскі і цверскі князі (якія за гэта былі нават адлучаны ад царквы Канстантынопальскім патрыярхам). Як бачым, падстаў для існавання “адзінага рускага народу” ў 14 стагоддзі таксама мала.
Наймя спрэчка за сталец Рускае мітраполіі спрычыньвае нараджэнне ў сярэдзіне 14 ст. двух “рускіх” нацыянальна-палітычных праектаў – кіеўскага і маскоўскага, якім наканавана спірацца на працягу наступных стагоддзяў. Бізантыйскія царкоўныя ўлады, хаця больш спрыяюць Маскве і выракам 1354 г. зацвярджаюць перанос мітрапалічае катэдры з Кіеву ў Маскву, усё ж прызнаюць, што Кіеў ёсць “першым стальцом і першаю катэдраю” Рускае мітраполіі; у 1380 г. патрыяршы сінод піша, што “згодна з старажытным звычаем Рускае мітраполіі, немагчыма быць архіерэем Вялікае Русі, не маючы тытулу па Кіеву, які ёсць зборнаю царквою і галоўным горадам усёй Русі”. Такім чынам, Вялікае княства Рускае з сталіцаю ў Кіеве ў межах Вялікага княства Літоўскага і Рускага робіцца альтэрнатыўным Маскве “рускім” гаспадарствам і нацыянальна-палітычным праектам. Гэтаму спрыяе вялікі князь Вітаўт, аднаўляючы ў 1415 г. Кіеўскую мітраполію, “штобы Русская честь вся стояла на своей земли”. Як бачым, у 14–15 стагоддзях існуе (як і раней, ад 11 стагоддзя) адзіная канфесійная ідэнтычнасць “русі”, а “этнічна адзінага рускага народу” не існуе – больш таго, у межах ВКЛ дзейнічае альтэрнатыўны Маскве “рускі” нацыянальна-палітычны праект, які дае пачатак украінскай “рускай” нацыі з асобнаю ад маскавітаў культураю і палітычнаю свядомасцю.
Ці існаваў у 16 стагоддзі “адзіны рускі народ”? Нашыя продкі, а таксама продкі ўкраінцаў у 16 стагоддзі вельмі здзівіліся б, калі б ім сказалі, што яны складалі адзін народ з маскавітамі. Паводле ўяўленняў інтэлектуалаў ВКЛ, уся “Русь” была задзіночана ў межах Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Вялікае княства Рускае – гэта тэрыторыя сённяшняе Ўкраіны, а жыхары Маскоўскага княства – гэта маскавіты, а не рускія. “Літоўская” мова – гэта беларуская, “руская” – гутарковая ўкраінская або кніжная беларуска-ўкраінская мова, а вось царкоўна-славянская мова (продак сённяшняе расейскае) – гэта “язык словенск”. Наймя так гэтыя тры мовы вядомы, прыкладам, у слоўніках Сматрыцкага і Бярынды. Вось што пісалі аб уяўленнях жыхарства ВКЛ у 15–17 ст. вядомыя расейскія гісторыкі В. Пашута і Г. Харашкевіч:
“Вся Русь, по их понятиям, объединялась именно в Великом княжестве Литовском, русские жители Северо-Запада и Северо-Востока получали наименование по столице соответствующих земель – новгородцы, псковичи, тверичи, москвичи”.
Калі гэта прызнавалі Пашута і Харашкевіч у кандовай савецкай прапагандысцкай кнізе “Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства” – то як жа гэта могуць адмаўляць зінькевічы?.. Аб якім “адзінстве” (нібыта “адзінага народу”) можна казаць, калі амаль усё 16-е стагоддзе Вялікае княства Літоўскае і Рускае ваюе з Масковіяй, прытым у вачах нашых продкаў і продкаў украінцаў яны абаранялі сваё “рускае” гаспадарства ад заваёўнікаў-маскавітаў, якіх нават рускімі не называлі? Вось, прыкладам, літоўскі летапіс пад 1512 г. піша аб маскоўскім паходзе на ўкраінскія землі: “...князь великий московский Василий забывшы перемиря и прысяги своее, до панства Руского (!) войско свое высылал и шкоды непрыятельским обычаем чынил...”. Наш славуты асветнік Васіль Цяпінскі з Полаччыны, хаця адрасаваў свае кнігі “своей Руси”, але не сумняваўся ў тым, што як шляхціч мусіць абараняць свой край і ваяваць проці маскавітаў. Цяпінскі служыў у роце славутага Філона Кміты-Чарнобыльскага, аднаго з герояў паэмы “Радзівіліяда” Яна Радвана пра паход гетмана Мікалая Радзівіла Рудога проці маскавітаў 1564 году.
Літоўскі праваслаўны кніжнік з Супраслеўскага манастыра, які неўзабаве пасля славутае бітвы ля Крапіўны 1514 г. склаў “Похвалу вдатному князю Костянтину Ивановичу Острозскому, навышшему гетману Литовскому”, не называе маскавітаў інакш як “москвичи”, а маскоўскага князя Васілія толькі “князь московскый”. “Руские” і “литовские” “храбрые вои” ў яго – гэта войскі ВКЛ, падданыя Жыгімонта, “великаго князя Литовского и Руского”. Прычынаю вайны было тое, што “князь московскый, ... имеа ненасытную утробу лихоимениа, некоторыи городы, отчину и дедину великаго славнаго господаря Жикгимонта ... почал поседати”. Напрыканцы пахвальнага слова аўтар славіць “литовских и рускых вдатных витязей” і зычыць: “великославному господарю королю Жикгимонту Казимировичу буди честь и слава на векы, победившему недруга своего великого князя Василиа московского”. І ўсё гэта піша не паляк і не “летувіскі фэўдал” – а праваслаўны манах-кніжнік з Супраслеўскага манастыра.
Як у 16-ым, так і ў 18-ым стагоддзі маскавіты называлі ўвесь наш народ “літвінамі”, “літвою” (і нават не падазравалі аб існаванні нейкага “балцкага народу летувісаў”). Як прыезжыя ў Масковію беларусы, так і захопленыя маскавітамі палонныя з усёй тэрыторыі ВКЛ ад Ашмяны да Оршы – гэта “літвіны”, іхнюю мову маскавіты называюць “літоўскаю” і лічаць замежнаю. Дзе ва ўсім гэтым Зінькевіч угледзеў нейкую “общерусскую историю” (с. 5)?..
Нарэшце, ці існаваў на землях Беларусі “адзіны рускі народ” у 19 стагоддзі, пасля захопу зямель ВКЛ Масквою? Здаецца, паводле Зінькевіча, “русский народ” ВКЛ мусіў зліцца ў братэрскім экстазе з маскавітамі пасля гэтае эпахальнае падзеі (якую, як кажа Зінькевіч, беларускія сяляне “встретили с восторгом” (с. 420)). У чым жа складаўся гэты “восторг”? Няўжо ўсе беларускія сяляне адмовіліся ад (“акупанцкага”) назову “літвіны” і вярнуліся да свайго спрадвечнага назову “русі”? Мы не знаходзім сведчанняў гэтага: няма на працягу 19 стагоддзя сведчанняў аб вальным ужыванні беларусамі “рускае” (дый “беларускае”) нацыянальнае ідэнтычнасці. Насамрэч, гэта досыць дзіўна, улічваючы, што яшчэ ў 16–17 ст. “рускі” нацыянальна-палітычны праект граў у ВКЛ вялікую ролю. Чаму ён не займеў папулярнасць у 19 стагоддзі? Думаецца, якраз дзеля акупанцкае, варожае палітыкі маскоўскіх улад – “рускасць” стала атаесамляцца з акупантам-маскавітам і якраз дзеля гэтага не адбылося вальнага прызнання “рускае” ідэнтычнасці жыхарствам Беларусі (Літвы), цяпер яна разглядалася як варожая, маскоўская.
Ідылічна-ружовую хлусню Зінькевіча аб нейкім быццам “братском воссоединении” беларусаў і расейцаў пасля расейскае акупацыі ВКЛ цалкам адводзяць сведчанні сучаснікаў 19 стагоддзя – прытым не беларускіх нацыяналістаў і не палякаў, а саміх расейскіх чыноўнікаў і асаднікаў. Вось што пісаў у 1860-х гг. І. Карнілаў, начальнік Віленскае вучэбнае акругі (аўтар вядомага выказвання “Что не доделал русский штык, доделает русский чиновник, русская школа и русский поп”). Пра расейскіх асаднікаў у Беларусі (Літве) Карнілаў выказваўся гэтак: “Сама жизнь в уездном городе или в бедном местечке, вдали от всего родного, среди людей, чужих по вере и по убеждениям (!), а очень часто просто враждебных (!), является малоутешительной. Вне службы жизнь российского чиновника, полная тревоги и неприятностей, ограничивается узкими рамками семейного или товарищеского кружка”. А. Масолаў, чыноўнік асабістых даручэнняў пры Мураўёве, пра расейскіх чыноўнікаў-асаднікаў пісаў наступнае: “На провинции, рассыпавшись по глухим уголкам Беларуси, вся эта чиновная сила действительно чувствовала себя не слишком хорошо – должна была жить во враждебном окружении (!) и от тоски, как говорят, пила горькую и играла в карты”. Як бачым, сведчанні расейскіх чыноўнікаў (прытым не канца 18-га стагоддзя, а 1860-х гадоў – па 70 гадах расейскага панавання!) малююць вобраз зусім не “уз’яднання братэрскіх народаў”, а тыповы вобраз каланіяльнае акупацыі.
Дастаткова пачытаць фальклёрныя запісы 19 стагоддзя, скажам, такіх вядомых аўтараў, як Павал Шэйн і Міхайла Федароўскі, каб убачыць, наколькі далёкім і чужым народам лічылі нашыя продкі маскавітаў. У Федароўскага пададзена шмат анекдотаў і кпінаў з маскавітаў, якія разглядаюцца як чыста чужы народ. Павал Шэйн, якога ніяк нельга западозрыць у антымаскоўскіх настроях, пісаў у 1902 г. пра сялянаў Віцебшчыны: “Зовут себя белоруссы наськими, тутейшими, русскими же или белоруссами – никогда” (!). Абсалютна штучны і каланіяльны характар назову “белоруссы” даводзіцца многімі сведчаннямі самых розных аўтараў 19 стагоддзя, у тым ліку наступным сведчаннем вядомага навукоўцы – зноў не беларускага нацыяналіста і не паляка, а расейца – С. Максімава, славутага этнографа, які ад 1868 да 1877 гг. аб’ездзіў усе губерніі “Северно-Западного края” (Магілёўскую, Віцебскую, Віленскую, Гарадзенскую, Менскую і Смаленскую) і ў 1877 г. пісаў: “Название «Белорусс» – искусственное, книжное и официальное. Сами себя потомки Кривичей под этим именем не знают. <...> Под именем Белой Руси понимает тамошний народ Великороссию. Местная интеллигенция начала считать название «Белорусс» даже обидным”. У той жа час, у 19 стагоддзі ёсць мноства сведчанняў аб захаванні як шляхтаю, так і сялянамі ад Віленшчыны да Чарнігаўшчыны саманазову “літвінаў”. Як бачым, “адзінага рускага” (паводле ідэнтычнасці) народу не існавала ў Беларусі нават пасля захопу ВКЛ Масквою.
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Р Э Ц Э Н З І Я

    С.В. Тарасава на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча

    Зноў міфы замест гісторыі рэцэнзія на: Всеслав Зинькевич “Несвядомая” история Белой Руси Москва: “Книжный мир”,…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 3)

    У гэтай сувязі цікавым выглядае пастулат “заходнерусісцкіх” канцэпцый (яго падзяляе і Зінькевіч) аб тым, што беларускае народнасці да 19…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 4)

    Адным словам, паводле свайго механізму, генэза ідэнтычнасці “літвінаў” ВКЛ была ў дакладнасці такою ж, як генэза “рускае”…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 5)

    Пры разгледжанні нашае палітычнае гісторыі паўстае вельмі важнае, можна сказаць, галоўнае пытанне: Беларусь геапалітычна – гэта цэнтр або…

  • Германскі суперстрат у старажытнай Літве

    Бітва готаў з франкамі ў 6 ст. (мініятура 14 ст.) Галоўнаю тэзаю сённяшняе літуаністыкі ёсць пастулат аб балцкай этнічнасці сярэднявечнага…

  • Германскі суперстрат у старажытнай Літве (ч. 2)

    Падаўшы такія агульныя разважанні аб неаўтахтонным паходжанні літоўскае шляхты, падамо цяпер аналіз яе імёнаў. Чыстая бальшыня фармантаў у імёнах…

  • Германскі суперстрат у старажытнай Літве (ч. 3)

    Як бачым, патлумачаныя з усходнегерманскіх моў фарманты ў імёнах літоўскае шляхты добра стасуюцца паводле сэнсу ды наогул выяўляюць яўную…

  • Германскі суперстрат у старажытнай Літве (спасылкі)

    Спасылкі: 1. Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Беласток, 2008. с. 159-160. 2. Литва: Краткая энциклопедия. Вильнюс, 1989. с. 121;…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments