February 9th, 2019

ПАЧАТКІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА:

АД СТВАРЭННЯ ДА КРЭЎСКАЙ УНІІ

зборнік артыкулаў з дадаткамі

https://drive.google.com/drive/folders/1xmQ81wEiRdLdwac5TliE1EdQCu9iSetV

укладальнік:
Алёхна Дайліда
бакалаўр гуманітарных навук

рэцэнзент:
Сяргей Тарасаў
кандыдат гістарычных навук

аўтарскае выданне
Менск, 2019

Кніга ёсць зборнікам артыкулаў мовазнаўцы Алёхны Дайліды, у якіх аўтар праз разгледжанне канкрэтных гістарычных фактаў і падзей рэканструе палітычную і рэлігійную гісторыю Вялікага княства Літоўскага 13–14 стагоддзяў.
На грунце чысленых гістарычных матэрыялаў паказана, што літоўская шляхта з этнічнага паходжання была не балцкаю, а ўсходнегерманскаю. Гэты германскі элемент утварыў разам з славянамі Панямоння канфесійную супольнасць “літвінаў” богумільскага характару, якая існавала да Крэўскай уніі 1385 году. Гэтыя працэсы спрычынілі само стварэнне Вялікага княства Літоўскага на землях беларускіх княстваў і далейшае існаванне народу літвінаў у якасці славянамоўнага хрысціянскага народу.
У другой частцы кнігі змешчаны некаторыя помнікі сярэднявечнае літоўскае (беларускае) евангеліцкае літаратуры.
У дадатках змешчаны дакументы і летапісныя ўрыўкі па гісторыі Вялікага княства Літоўскага 13–15 стагоддзяў.


ПЕРАДМОВА
На працягу колькіх стагоддзяў наш народ жыў у створаным ім гаспадарстве – Вялікім княстве Літоўскім – і называўся літвінамі. Назоў “беларусы” быў прыдуманы і штучна накінуты літвінам расейскімі ўладамі пасля захопу Вялікага княства Літоўскага з мэтаю асіміляваць наш народ і пазбыць яго гістарычнае памяці. У той час як нашаму народу мець уласныя гістарыяграфічныя погляды і наогул уласную літаратуру ў 19 стагоддзі было забаронена, пруская і расейская гістарычныя школы, а ўтроп за імі і польская, стварылі новую, мадэрнавую гістарыяграфію Літвы, збудаваную на адмаўленні народу літвінаў (беларусаў), і пачалі актыўна ўводзіць у паспалітую свядомасць уяўленні аб тым, што тытульнай нацыяй ВКЛ быў “этнічна балцкі народ”. Цвярозыя галасы шэрагу гісторыкаў (Ярашэвіч, Барычэўскі, Любаўскі, Леантовіч, Пузына і інш.), якія праўдзіва насвятлялі розныя бакі жыцця сярэднявечнага літоўскага народу – германскае паходжанне яго шляхты, шырокае існаванне сярод яго хрысціянства яшчэ да Крэўскай уніі, яго суцэльную славянізацыю ў ВКЛ – былі заглушаны афіцыёзнай прапагандай, якая безапеляцыйна грунтавалася на формулах аб “балцкай этнічнасці” і “паганстве” тытульнага народу ВКЛ да Крэўскай уніі. Гісторыя Вялікага княства Літоўскага (асабліва яе пачатковы перыяд) была паддадзена ўсцяжнай міфалагізацыі з мэтаю цалкам сказіць ролю Вялікага княства і яго тытульнага народу ў еўрапейскай гісторыі. Ад часу ўрынення літвінам штучнага назову “беларусы” наш народ быў адрэзаны ад сваёй гаспадарствавае і арыстакратычнае спадчыны і лёс нашага народу стаўся нібыта падзеленым на два няроўныя вымярэнні: “літва” – традыцыйнае, сакральнае, гістарычнае; “беларусы” – мадэрнавае, прафаннае, антыгістарычнае. Для разумення сапраўднага месца нашага народу ў гісторыі няма іншых шляхоў апрача вяртання да нашай сапраўднай нацыянальнай гісторыі, да гістарычнай Літвы.
У гэтым зборніку, які складаецца з сямі артыкулаў і многіх дадаткаў, у якіх агулам больш за паўтары тысячы спасылак і цытат з гістарычных крыніц, на шырокім гістарычным матэрыяле выяўлена палітычнае, рэлігійнае і грамадскае жыццё народу літвінаў у 13–14 стагоддзях. Паказана, што літоўская шляхта з этнічнага паходжання была ўсходнегерманскаю і да балтаў не мела ніякага дачынення; гэты германскі элемент утварыў разам з славянскім жыхарствам Панямоння канфесійную супольнасць “літвінаў” і паступова цалкам славянізаваўся. На матэрыяле гістарычных крыніц аб рэлігійным жыцці Вялікага княства Літоўскага насветлены дачыненні супольнасцей “літвінаў” і “русінаў” у Вялікім княстве: паказана, што ў 13–14 ст. гэта былі азначэнні не розных этнасаў (як у мадэрнавай гістарыяграфіі) – а розных канфесійных супольнасцей. Калі да Крэўскай уніі існавала розніца між літвінамі і русінамі ў рэлігійным, канфесійным плане – то па Крэўскай уніі назоў “літвіны” зрабіўся нацыянальным назовам усяго жыхарства (як каталіцкага, так і праваслаўнага) уласна Вялікага княства Літоўскага, а назоў “русіны” працягваў быць перадусім праваслаўным канфесіёнімам. Па Крэўскай уніі літвіны маглі быць і католікамі, і праваслаўнымі (“літвіны рускае веры”), і евангелікамі, галоўнае што яны заставаліся тытульнай нацыяй свайго гаспадарства – Вялікага княства Літоўскага. Насвятленне рэлігійнае гісторыі ранняга ВКЛ паказуе, што Вялікае княства Літоўскае належала да таго шэрагу еўрапейскіх гаспадарстваў (Баўгарыя, Боснія, Чэхія, Нямеччына, Францыя), у якіх яшчэ ў часы сярэднявечча былі моцнымі евангеліцкія (протапратэстанцкія) рухі, – дзеля чаго ВКЛ у 15 стагоддзі моцна падтрымала чэскіх гусітаў, а ў 16 стагоддзі натуральна далучылася да еўрапейскай Рэфармацыі. Шырокі і разнастайны матэрыял нашага зборніку, спадзяемся, будзе здольны паказаць гісторыю Вялікага княства Літоўскага 13–14 стагоддзяў у сапраўднай гістарычнай перспектыве і пакласці канец знітаваным з ранняю гісторыяй ВКЛ спекуляцыям і містыфікацыям, якія заўсёды заснаваны на ігнараванні элементарнага гістарычнага матэрыялу. 
Адраджэнне нацыянальна-палітычнае гісторыі народу заўсёды знітавана з разуменнем таго, што пытанне гістарычнасці народу – гэта пытанне аб нацыянальным гаспадарстве і аб нацыянальнай арыстакратыі. Можна заўважыць, што наймя ў гэтым пытанні палягае асноўны пафас сучаснае гістарыяграфіі, – бо яна цвердзіць, што Вялікае княства Літоўскае не было нацыянальным гаспадарствам беларусаў і што ў беларусаў у Вялікім княстве быццам не было нацыянальнае арыстакратыі і наогул нацыянальнае свядомасці, у той час як паноўнай тытульнай нацыяй ВКЛ, згодна з гэтай гістарыяграфіяй, быў “этнічна балцкі народ” летувісаў (“паганскі” да Крэўскай уніі), які быццам стварыў Вялікае княства Літоўскае як сваё нацыянальнае гаспадарства. Таму на старонках нашага зборніку нададзена шмат увагі насвятленню дзейнасці паноўных колаў, арыстакратыі Вялікага княства Літоўскага 13 – пачатку 15 стагоддзя. На шырокім гістарычным матэрыяле паказана, што чыста ўся гісторыя і спадчына тытульнае нацыі ВКЛ – літвінаў – належыць нашаму народу, а сённяшнія летувісы (гістарычныя жамойты) не маюць аніякага дачынення да тытульнай нацыі Вялікага княства Літоўскага і павінны абмежаваць сваю нацыянальную гісторыю сціплымі прасторамі Жамойцкага стараства.
Апошнім часам афіцыйная гістарыяграфія ўсё больш аддаляецца ад сапраўднае гісторыі Літвы, як сярэднявечнае, так і больш позняе, ад поўнага і асэнсаванага яе насвятлення. Гістарычныя факты, падзеі, старонкі жыцця народу і краю – падмяняюць фантастычнымі інтэрпрэтацыямі, сімулякрамі, фікцыямі, сурагатам гісторыі. Па-ранейшаму дапускаюцца самыя адвольныя напінанні, самыя фантастычныя перакручванні фактаў дзеля адной мэты – каб абгрунтаваць існаванне ў ВКЛ “балцкага народу летувісаў”. Спробы напісаць сапраўдную гісторыю народу літвінаў па-ранейшаму натрапляюць на агрэсіўнае выпіранне прапагандыстаў тэорыі “балцкага паганскага этнасу”. Гэтыя дзеячы, якія заяўляюць, што беларусы жадаюць “прысабечыць літоўскую гісторыю”, насамрэч не маюць ніякага ўяўлення аб літоўскай гісторыі: гістарычныя рэаліі ВКЛ падмяняюць антыгістарычнымі выдумкамі аб існаванні на працягу стагоддзяў “этнічна балцкага народу летувісаў”. Фактычна, уся найбагацейшая гісторыя сярэднявечнае Літвы, яе велізарная роля для лёсаў усёй Усходняй Еўропы 13–15 стагоддзяў у мадэрнавай гістарыяграфіі прынесена ў ахвяру міфу аб “балцкім паганскім народзе” і цалкам захілена ім. Гістарычныя нарысы, ідучы ўтроп за найгоршымі ўзорамі езуіцка-польскае шавіністычнае гістарыяграфіі 19 стагоддзя, па-ранейшаму працягваюць сцвярджаць, што да Крэўскай уніі літвіны былі “паганскім” народам, – хаця ўсе гістарычныя матэрыялы паказуюць, што літоўскі народ яшчэ да Крэўскай уніі вызнаваў хрысціянства дый сам назоў “літвіны” да Крэўскай уніі быў канфесіёнімам. Працягваюць сцвярджаць, што сутнасцю ідэнтычнасці літоўскага народу нібыта была “балцкая этнічнасць”, – хаця сярод літоўскае шляхты не было ніводнага балцкага імя і няма ніводнага сведчання ўжывання ёю якое-кольвечы балцкае мовы. Працягваюць адмаўляць злучэнне літоўскае шляхты з славянскім жыхарствам ВКЛ у адзіны славянамоўны народ і насупраць кажуць аб быццам “арганічнай еднасці” літвінаў з жамойтамі. Усе гэтыя тэорыі не заснаваны на ніякім гістарычным матэрыяле і ёсць проста пладамі езуіцка-польскае шавіністычнае міфатворчасці 19 стагоддзя, якія цалкам узяла на ўзбраенне савецкая гістарыяграфія з мэтаю разбурэння гісторыі Вялікага княства Літоўскага і нацыянальнае гісторыі беларусаў-літвінаў.
За разбуялым лесам сімулякраў, абстрактных канструкцый сядні ўжо мала відаць уласна гісторыю Вялікага княства, жывыя старонкі яго гістарычнага жыцця. Таму змешчаныя ў дадзеным зборніку артыкулы, якія складзены пераважна з цытат з гістарычных крыніц і спасылак на іх, а таксама чысленыя дадаткі мусяць вывесці чытача на ровень добрага ведання гістарычных крыніц і матэрыялаў па айчыннай гісторыі 13 – пачатку 15 стагоддзя, многія з якіх дагэтуль або малавядомы, або чыста ігнаруюцца. Адраджэнне сапраўднае гісторыі Вялікага княства Літоўскага дазволіць нам выйсці з-за кратаў савецкае антыгістарычнае міфалогіі і вярнуць нацыянальную гістарычную спадчыну нашага народу, якая лучыць нашу цяпершчыну з Сярэднявеччам, з традыцыйнаю хрысціянскаю цывілізацыяй.

-------------------------------------------


Асноўныя тэмы даследвання
“Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”

артыкул “Германскі суперстрат у старажытнай Літве”
усходнегерманскае паходжанне літвінаў: с. 8-12
пачаткі феадалізму ў Літве (11–12 ст.): 13-15
імёны літвінаў: 16-26
рэлікты ўсходнегерманскае мовы літвінаў: 29-31
хрысціянства літвінаў 11–13 ст.: 33-35
дачыненні полацка-менскіх княстваў з Літвою 11–13 ст.: 35-38

артыкул “Літоўскі народ 14 стагоддзя”
канфесійны сэнс назову “літвіны” ў 13–14 ст., Літоўская мітраполія 14 ст.: 48-54
тэрыторыя “Літоўскага княства” 13–14 ст.: 55-58
мова літвінаў, “літоўская” мова 14–15 ст.: 61-64
“літвіны” – азначэнне богумільскае дэнамінацыі ВКЛ у 13–14 ст.: 64-74

артыкул “Літва і Орда ў 13–15 стагоддзях”
ваенна-палітычны звяз ВКЛ з Ордаю ў 13–14 ст.: 100-106
атаесамленне назоваў “літвіны” і “татары” ў розных крыніцах: 100-102, 106, 108
Літва і гусіты: 108-109
звяз Літвы з Ордаю ў 15 ст.: 110-114

артыкул “Літоўскае права ў 13–15 стагоддзях”
паходжанне і крыніцы Літоўскага права: 127-129
абсалютызм вялікакняскае ўлады ў ВКЛ 13–14 ст.: 130-131
успраўленне стану баяраў-шляхты: 137-140
землеўладанне: 144-148
адметнасць Літоўскага права: 154-155

артыкул “Крэўская рэлігійная рэформа і яе наступствы”
перадумовы рэлігійнае рэформы ў Літве 1385 г.: 160-162
крыніцы сведчаць аб тым, што пераводзілі іншую хрысціянскую дэнамінацыю на каталіцтва: 163-165 (таксама 172-173)
Ягайла і яго двор у Кракаве: 166-170
сведчанні крыніц аб нацыянальным характару і мове “літоўскага народу” (“nacione Lithvanos”, “gens Lithuanica”) – для якога стваралі касцёлы і каталіцкія парафіі ў ВКЛ: 175-190
пераход значнае часткі літоўскага народу ў праваслаўе: 190-196
нацыянальны характар і ідэнтычнасць літоўскага народу па Крэўскай уніі: 197-209