staralitva (staralitva) wrote,
staralitva
staralitva

Рэцэнзія на Зінькевіча

Зноў міфы замест гісторыі

рэцэнзія на:
Всеслав Зинькевич
“Несвядомая” история Белой Руси
Москва: “Книжный мир”, 2017


Кніга Ўсяслава Зінькевіча “Несвядомая” история Белой Руси” (Москва: “Книжный мир”, 2017) ёсць чарговай спробай паліць па беларускай дзяржаўнасці з гарматы пад назовам “общность исторических судеб единого русского народа”. Прапанаваная аўтарам ідэалогія, відавочна, належыць да плыні “заходнерусізму” – афіцыйнай палітычнай ідэалогіі Расеі на землях Беларусі і Ўкраіны ад 19 стагоддзя. Вядома, можна па-рознаму разглядаць заходнерусізм – як “идеологическую основу белорусской государственности” (згодна з працуючымі сёння ў Беларусі заходнерусістамі) або, паводле беларускага акадэміка Аляксея Каўкі, як “трупный вирус в белорусском национальном организме”. Усё ж, мяркую, ісціна знаходзіцца па-за межамі якіх-кольвечы канфліктаў. Таму гэты артыкул мае на мэце разгледзець падставовыя ідэалагемы, прапанаваныя Зінькевічам і падобнымі ідэолагамі, і іхняе дачыненне да гістарычнай рэальнасці.
Як бачым, заданне перад сабой і сваімі крытыкамі Зінькевіч паставіў нялёгкае: яго крытык мае ў сціслым выглядзе выкласці гісторыю Русі ад 10-га стагоддзя да нашых дзён ды падаць яе гістарыясофскія акцэнты, у прыватнасці, у дачыненні да сённяшняй Беларусі. Тым і цікавы прапанаваны Зінькевічам дыскурс – ён дазваляе не толькі паглядзець на праблемы беларускае нацыянальнае ідэнтычнасці, але і разгледзець моцнасць і гістарычнасць расейскіх гістарычных ідэалагем. У анонсе кнігі Зінькевіча расейскія журналісты звінавацілі сённяшнія беларускія ўлады ў тым, што яны мала дбаюць пра расейскія гістарычныя канцэпцыі і займаюцца “ревизией историографии и распространением политических мифов”. Гэта цяжкае звінавачванне і дзёрзкі выклік. Сваёй кнігай Зінькевіч выводзіць на арэну спаборніцтва не толькі беларускія нацыянальныя, але і маскоўскія імперскія ідэалагемы. І гэта якраз гэтыя расейскія псеўдамесіянскія ідэалагемы “не выдерживают соприкосновения с историческими фактами” (мовячы словамі Зінькевіча). Выяўляючы свой дыскурс як месіянскі і сакральны, зінькевічы насамрэч знаходзяцца ў палоне цалкам прафанных ілюзій, не разумеючы элементарных фактаў і аспектаў гістарычнага працэсу. У гэтым плане кніга Зінькевіча ёсць сапраўды “несвядомаю”.
Па-першае, выклікае пытанні ровень элементарных ведаў аўтара. У інтэрв’ю журналістам Зінькевіч апаведаў, што ён гісторык і вучыўся ў аспірантуры. Але адразу паўстае пытанне: ці стаў бы выпускнік аспірантуры ў сваёй праграмнай кнізе падаваць спасылкі не на навуковыя выданні, а пераважна на інтэрнэт-рэсурсы або датаваць грамату 1352 году, якую літоўскія князі ўклалі “за великого князя Олькгерта”, 1340 годам (с. 107), калі Альгерд яшчэ не быў вялікім князем літоўскім? Гісторык, выпускнік аспірантуры, не ведае гадоў княжання вялікіх князёў літоўскіх?.. Зінькевіч у сваім нарысе гісторыі Вялікага княства Літоўскага таксама прапануе чытачу такія пэрлы, як тое, што беларусы займалі ў ВКЛ “второразрядное положение в государстве” (с. 114), што Полацк у 13 стагоддзі нібыта “воспринимал Владимиро-Суздальское княжество в качестве главной политической силы” (с. 63), што “свядомыя” гісторыкі займаюцца антыгістарычнай прапагандай, калі “объявляют статуты ВКЛ, слуцкие пояса, шляхетские замки и многое другое белорусскими национальными ценностями” (!) (с. 414), што ў 18 стагоддзі ў ВКЛ быццам не было надрукавана ніводнае кнігі на беларускай мове (с. 118), што “в XVII веке литовский язык был введён в великокняжеское делопроизводство” (с. 118), і іншую антыгістарычную лухту. Дарма што запэўненні Зінькевіча, што ён “опирается исключительно на достоверные исторические источники”, яго выпісанне гісторыі ВКЛ цяжка назваць адэкватным і гістарычным. Зінькевіч не ведае (і не жадае ведаць) элементарныя факты з гісторыі Вялікага княства Літоўскага: што “Літвою”, уласна “Літоўскім княствам” у ВКЛ называлася тэрыторыя Беларусі (разам з Віленшчынай), у той час як Жамойць ніколі не ўваходзіла ў склад уласна Літоўскага княства, а жамойты былі прызнаны “врожонцами” ВКЛ толькі ў 1566 г.; што ад пачатку 14 стагоддзя на прасторах уласна Літоўскага княства існавала Літоўская мітраполія, аб пастаўленні мітрапалітаў якой у 14 ст. прасіў і ўчыняўся “народ” Літвы; што ўжо ў лістах 14 стагоддзя ёсць сведчанні аб існаванні ў ВКЛ адметнае праўнае сістэмы – “Літоўскага права” (старабеларускага звычаёвага права) – на грунце якога пазней былі складзены Літоўскія Статуты. Усе гэтыя базавыя для разумення гісторыі Вялікага княства Літоўскага факты і рэаліі папросту не згаданы ў кнізе Зінькевіча.
Выснова простая: Зінькевіч гісторыі Вялікага княства Літоўскага, лагодна кажучы, не ведае. Або ведае яе праз прызму маскоўскіх заходнерусісцкіх пасквіляў, прытым савецкага, мадэрнісцкага ізводу. Сённяшні, мадэрнізаваны заходнерусізм адрозніваецца ад класічнага заходнерусізму 19 стагоддзя прыблізна гэтаксама, як рускі інтэлігент 19 стагоддзя адрозніваецца ад савецкага партыйнага чыноўніка. Калі класічны заходнерусізм 19 стагоддзя заўсёды казаў аб тым, што Літоўскае гаспадарства было збудавана на рускім праўным ладзе і культуры – то сённяшні заходнерусізм савецкага ізводу цалкам пагаджаецца з польска-ватыканскімі тэзамі аб поўным панаванні ў ВКЛ “балцкага летувіскага” элементу і “прыгнечанасці” русінаў. Дый праблема нават не ў тым, якую трактоўку (“усходнюю” або “заходнюю”) гісторыі гаспадарства і народу абвясціць слушнаю. Праблема ў тым, што погляд як палякаў, так і расейцаў на Вялікае княства Літоўскае заўсёды будзе поглядам вонкавым – а значыць апрыёры не здольным зразумець яго нутранае жыццё і не здатным напісаць яго праўдзівую і поўнавартасную гісторыю.
Кім сябе лічыць паводле нацыянальнасці Зінькевіч? Дастаткова паглядзець на той бруд, які ён лье на гісторыю нашае мовы, нашае культуры, каб зразумець якія ён мае маральные і інтэлектуальныя правы, каб пісаць гісторыю нашага народу. Зінькевіч, нібыта не разумеючы сваёй вонкавасці, сапраўды “несвядома” адцінае цэлыя столкі беларускае нацыянальнае гісторыі і культуры, адцінае дагэтуль, пакуль не застанецца чыста нічога якасна адметнага, адрознага ад маскоўскага, і вось гэты кастрыраваны аскепак падае чытачу як быццам “сапраўдную, спрадвечную” гісторыю беларусаў. Палітычныя інстытуты і культуру ВКЛ пры гэтым, натуральна, цалкам аддаюць летувісам і палякам, а беларусам пакідаюць толькі “гаротны лёс” “сялянскага народу” і г.д. І пры гэтым Зінькевіч заяўляе (с. 3), што гэта мы, “свядомыя”, прапануем “антирусскую версию истории” (!). Гэты выраз будзе справядлівым, калі пад сярэднявечнаю Руссю разумець вылучна Масковію. Але ці было гэта так для нашых продкаў? Для нашых продкаў, жыхароў ВКЛ, уся “Русь” была задзіночана якраз у межах Вялікага княства Літоўскага і Рускага (аб чым падрабязней скажам ніжэй) і тое, што ВКЛ было сваім гаспадарствам, не выклікала ў іх сумневаў. Беларускія нацыяналісты наадварот паўсюль падчырківаюць суцэльна славянскі, рускі (у гістарычным, а не сённяшнім маскоўскім сэнсе) характар ВКЛ – як гэта чынілі і найлепшыя расейскія гісторыкі 19 стагоддзя, такія як Любаўскі і Леантовіч. У той час як сённяшнія маскоўскія прапагандысты (чыста ва ўнісон з польскімі міфатворцамі) перамаўляюць мантры аб тым, што існавала нейкае міфічнае “балцкае гаспадарства”, што Жамойць гэта не Жамойць, а “натуральная палавінка Літвы”, што “сапраўдным” тытулам літоўскіх гаспадароў быў “дыдысіс кунігайкштыс летувяй”, што кіеўскія князі Алелькавічы – гэта “балцкія фэўдалы Алелькайчаі”, што ва ўрадах і судах Літвы на працягу стагоддзяў дзейнічалі “перакладчыкі на балцкую мову”, і іншы антыгістарычны маразм. Дык хто пасля гэтага прапануе “антырускую версію гісторыі”?..

У цэлым, Зінькевіч прапануе наступны нясвежы набор ідэалагем:
1. Ад 10-га стагоддзя і дагэтуль існаваў і існуе “адзіны рускі народ”; беларусы – не асобны народ, а толькі правінцыйная галіна “адзінага рускага народу” (“гвалтоўна ададраная” ад свайго маскоўскага цэнтру палякамі, “літоўцамі” і г.д.);
2. Беларусы ў Вялікім княстве Літоўскім не складалі нацыю літвінаў, ВКЛ не беларускае гаспадарства, беларусы ў ім былі “захопленымі”, “прыгнечанымі” і г.д.;
3. Беларусы па веры могуць быць толькі стараабрадцамі / новаабрадцамі / камуністамі / пуцінаслаўцамі (у залежнасці ад афіцыйнай рэлігіі, якая на дадзены момант вызнаецца Масквою), католікамі або пратэстантамі ім быць нельга;
і як вынік:
4. Беларускае гаспадарства не мае гістарычных падстаў, як і беларуская нацыя.

Гэтай ідэалогіі трэба запярэчыць па наступных прынцыповых пытаннях:
1. Ідэнтычнасць “русі” мела не прымардыялісцкі (“этнічны”), а канструктывісцкі характар; на працягу стагоддзяў існаваў не “адзіны рускі народ” (у этнічным сэнсе), а адзіная канфесійна-палітычная ідэнтычнасць “русі”, якая прыймала розныя палітычныя і нацыянальныя формы і акцэнты;
2. Ідэнтычнасць “літвы” (“літвінаў”) ВКЛ мела абсалютна такі ж канструктывісцкі характар. Літоўская шляхта мела не балцкае, а германскае этнічнае паходжанне і (гэтаксама як германцы-русы на Русі) стварыла канструктывісцкую паводле свайго характару канфесійна-нацыянальную ідэнтычнасць “літвы”.
3. З папярэдняга пункту вынікае, што Вялікае княства Літоўскае ёсць нашым (беларускім) гаспадарствам роўна ў той жа меры, у якой Русь Рурыкавічаў ёсць рускім (расейскім) гаспадарствам у сённяшнім сэнсе.
і як вынік:
4. Сапраўдныя нашыя гістарычныя нацыянальныя назовы – Літва і літвіны. Ідэнтычнасць “русі” не можа канкураваць з нашаю гістарычныю ідэнтычнасцю “літвы”, бо палягае ў іншай плашчыні і не выражае зместу нашае нацыянальнае і палітычнае гісторыі як гістарычнае нацыі.

Грунтоўнаю навуковаю памылкаю Зінькевіча (якая абарачае ў нішто ўвесь прыточаны ім гістарычны матэрыял) ёсць ігнараванне канструктывісцкае паводле свайго характару генэзы ідэнтычнасці “русі”. Калі я пачаў чытаць кнігу Зінькевіча, спачатку было ўражанне, што перада мною тыповы прымардыяліст – было адчуванне, што зараз пачнуцца папулярныя сёння ў Расеі мантры пра “старажытны славянскі народ русічаў”, пра “славяніна” Рурыка і іншая антыгістарычная лухта, якою сёння завалены паліцы расейскіх кнігарняў. Але я адчуў палёгку, калі на с. 14 прачытаў:
“Мы не разделяем примордиалистских взглядов «свядомой» интеллигенции и считаем основными маркерами национальной идентичности родной язык и культуру”.
Так, добра. Значыць, аўтар не прымардыяліст. Як жа ўтварылася ідэнтычнасць “русі”? Пытанне пра вытокі русі абыйдзена, фактычна, элегантным маўчаннем. Варагі і Рурык згаданы мімаходзь і, фактычна, у якасці дадатку да “адзінага рускага народу”, які (можна даўнімаць) існаваў бы і без іх. Зінькевіч не разглядае германскую этнічнасць варагаў-русаў, згадваючы толькі пра дзве тэорыі паходжання Рурыка – з скандынаваў і з прыбалтыйскіх славянаў. Ад сябе магу дадаць, што імя Рурык настолькі відавочнейшым чынам 100% германскае, што аспрэчваць яго германскасць (як і наогул германскасць варагаў) можа толькі поўны невук.
Утварэнне Русі 9–10 ст. Зінькевіч акрэслівае цьмянымі фразамі няпушч “со временем восточнославянские племена консолидировались в единую древнерусскую народность, и племенной сепаратизм остался в прошлом” (с. 37). Як жа адбылася гэтая эпахальная падзея? Чытач даведваецца, што праз стварэнне дзяржавы Рурыка між 862 і 885 гг. Зінькевіч вымушаны прызнаць, што нараджэнне ідэнтычнасці “русі” на тых землях, якія яна ахапіла ў 9–11 ст., было знітавана з стварэннем дзяржаўнага ўтварэння Рурыка і варагаў-русаў, але не жадае прызнаваць (або акцэнтаваць) германскасць Рурыкавічаў і варагаў. І зразумела чаму – гэта не пакідае камня на камні ад яго тэорый аб “адзіным славянскім рускім народзе”. Не існавала ў 9–10 стагоддзях (дый пазней) ніякага “адзінага ўсходнеславянскага народу” пад імем “русі”, не існавала “древнерусской народности” – а існаваў (як цалкам слушна прызнаўся Зінькевіч) “разношёрстный конгломерат” (с. 41) усходнеславянскіх і некаторых балцкіх і фінскіх плямёнаў, якія ўпершыню былі кансалідаваны ў адзіны палітычны арганізм варагамі-русамі Рурыка. І назоў “русі” на гэты кангламерат быў пашыраны германцамі-русамі ў якасці азначэння падначаленасці гэтага “разношёрстного конгломерата” элітарнаму ядру германцаў-русаў Рурыка. Аб гэтым наўпрост кажуць летапісы, якія ведаюць, што “сице бо звахуть ты варягы русь”, “от варягъ бо прозвашася русью”. Дарэчы, rusa/rosa ва ўсходнегерманскіх мовах азначала тое самае, што ў славянскіх – “русы, руды”, і адзначана гэтае германскае слова ў тыя часы, калі ніякія славяне яшчэ вядомы не былі. Такім чынам, гэтае славянскае слова нават у яго пабытовым сэнсе ёсць германскім з паходжання.
Зінькевіч слушна прызнае, што “формирование единого самосознания у жителей Древней Руси было связано прежде всего с осознанием себя подданными династии Рюриковичей” (с. 37) і што “единое этнокультурное сообщество – Русь” стварылі найперш “государственные институты Древней Руси” (с. 41). Шкада толькі, што Зінькевіч забыўся распавесці пра тое, якую каласальную ролю гралі мова і палітычныя інстытуты германцаў-русаў у гэтым працэсе. Такія тэрміны, як князь, цівун, дума, дружына, меч, шалом, полк, пенязь, срэбра, мыта, ліхва і многія іншыя тэрміны з базавай праўнай і вайсковай лексікі Старажытнае Русі ёсць германскімі з паходжання і былі ўвязаны варагамі-русамі.
Вось на с. 36 Зінькевич згадвае руска-бізантыйскую дамову 907 году, у якой Полацк згаданы сярод “руских городов”. Выснова з гэтага ў Зінькевіча простая – маўляў, вось і сведчанне існаванне “адзінага рускага” (славянскага) народу і прыналежнасці да яго палачанаў. Шкада, што Зінькевіч не ўзгадаў руска-бізантыйскую дамову 912 году, у якой пералічаны паслы “от рода рускаго: Карлы, Инегелдъ, Фарлофъ, Веремудъ, Рулав, Гуды, Руалд...” і г.д. У трактаце бізантыйскага цэсара Канстантына Барвянароднага (949 г.) пададзены назовы дняпроўскіх парогаў – на “славянскай” і “роскай” мове, прытым апошнія ёсць яўна германскімі. Гэта кажа аб тым, што ў сярэдзіне 10 стагоддзя назоў “русь” яшчэ захоўвае свой спачатны этнічны (германскі) характар. У гэты час германцы-русы толькі пакрысе пачынаюць славянізавацца, што відаць, прыкладам, з імёнаў з дамовы 944 году. Дыкжэ аб якім “адзіным рускім” (славянскім) народзе можна ў гэты час казаць?..
Tags: ВКЛ, літвіны, маскоўская прапаганда
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments