staralitva (staralitva) wrote,
staralitva
staralitva

Германскі суперстрат у старажытнай Літве (ч. 3)

Як бачым, патлумачаныя з усходнегерманскіх моў фарманты ў імёнах літоўскае шляхты добра стасуюцца паводле сэнсу ды наогул выяўляюць яўную прыналежнасць да ўсходнегерманскіх імёнаў. Тлумачэнні Раўданскага рукапісу (імёнаў Монтвіда, Нарымунта, Альгерда і Кейстута) трохі розняцца ад нашых тлумачэнняў, што можна патлумачыць адрозненнем зыходнае мовы ад матэрыялу, якім мы карысталіся (пераважна на грунце гоцкае мовы); між тым, у выпадках тлумачэнняў імёнаў Нарымунта і Кейстута маем амаль поўныя супадзенні. Наогул, у святле ўсяго разгледжанага матэрыялу ўсходнегерманскае паходжанне літоўскае шляхты не можа выклікаць сумневаў. Адсюль робіцца зразумела, што тэорыя аб аўтахтонным балцкім паходжанні літоўскае шляхты і яе роднасці з жамойтамі, якая была створана і актыўна пашырана езуітамі ў 16–17 ст. і ўжываецца ў якасці адзінае тэорыі этнічнага паходжання літвінаў і сядні, ёсць проста фікцыяй, часткаю езуіцкае антыгістарычнае прапаганды, скіраванае на разбурэнне сапраўднае гісторыі Вялікага княства Літоўскага. “Балцкая” тэорыя не пацверджана нічым наогул (у тым ліку і імёнамі).
Як бачым, літоўская шляхта да 14 стагоддзя сапраўды захоўвала ў нейкай меры сваю этнічную адметнасць і свядомасць. Але гэтая этнічная адметнасць была не балцкая, а германская. Літоўская шляхта гарліва захоўвала свае старажытныя германскія імёны, апавяданні аб сваім паходжанні (якія ўвайшлі ў летапісы Вялікага княства Літоўскага), недзе да 13 стагоддзя, як можна меркаваць, захоўвалася ва ўжытку спачатная германская мова літвы. Але з стварэннем Вялікага княства Літоўскага германскі элемент стаў на шлях няўхільнае славянізацыі і яго этнічная адметнасць стала захоўвацца адно ў выглядзе імёнаў – з гледзішча мовы і культуры ўжо ў 14 стагоддзі літоўская шляхта, безумоўна, была славянскаю. Германскі элемент імкнуўся злучыцца з славянскім элементам і апаноўваць славянскія ўдзельныя княствы ў складзе Вялікага княства Літоўскага: яшчэ за першага вялікага князя літоўскага Міндоўга яго сваякі селі на княжанні ў Наваградку, Крэве, Полацку, Друцку. Ля Віліі і вышняга Неману мелі свае старажытныя вотчыны князі Гедройці, Гальшанскія, Свірскія, Даўгоўды, Талунтовічы. У 14 ст. князі-Гедымінавічы займалі княскія стальцы ў Полацку, Віцебску, Горадні, Бярэсці, Пінску, Заслаўі, Слуцку, Мсціславе і распачалі княскія дынастыі Заслаўскіх, Сангушкаў, Чартарыйскіх, Алелькавічаў і інш. На ўсіх землях Вялікага княства Літоўскага сяліліся і літоўскія баяры. Нашчадкі літоўскіх паноў, якія займалі найвышшыя дзяржаўныя пасады за вялікага князя Вітаўта, распачалі шляхецкія роды Аляхновічаў, Дарагастайскіх, Забярэзінскіх, Станьковічаў, Кандратовічаў, Сурвіловічаў і інш. Літоўская шляхта наўсцяж славянізавалася: як дробныя баяры, так і буйнейшыя паны Гастоўты, Манівіды, Мантыгерды, Давойны, Радзівілы, Остыкі і іншыя ўжо за часоў вялікага князя Вітаўта называліся Івашкамі, Пятрашкамі, Алёхнамі, Андрушкамі, Станькамі, Міцькамі і г.д., менавалі беларускую мову “народнаю” (гл. ніжэй). Тое, што германскі элемент Літвы рассяліўся па ўсім уласна Літоўскім княстве і змяшаўся з яго славянскім жыхарствам, ясна відаць з чысленых запісаў наданняў вялікага князя Казімера, попісаў войска ВКЛ і іншых чысленых матэрыялаў.
У той жа час, германскі элемент Літвы, за выняткам намеснікаў і дзяржаўцаў, мала сяліўся ў Жамойці і амаль не змешваўся з яе балцкім жыхарствам. Адно ў панямонскіх местах Жамойці (Вялене, Эйраголе і інш.), дзе здаўна адбывалася германская каланізацыя, яшчэ ў 15 ст. знаходзім многа ўсходнегерманскіх імёнаў шляхты і нават простага люду (такіх жа, як у Літве): Гайлімін, Гінівіл, Торвід, Даўгерд, Эйтвілт, Сутарт, Відыгайла, Гедывід, Тальят, Ятаўт, Даўгоўд, Талівойша і інш. [46]. Многа такіх германскіх імёнаў і імёнаў па-бацьку шляхты ў панямонскіх местах бачым у попісе войска ВКЛ 1528 г. (намнога менш – на поўначы Жамойці). Тут, відаць, адбывалася частковае змяшанне германскага элементу з мясцовым балцкім. Але не выпадае казаць аб распушчэнні германскага элементу ў балцкім асяроддзі: германскі элемент у Жамойці, як і ў Літве, складаў пераважна шляхту, якая (гэтак жа, як і ў Літве) чыста славянізавалася ўжо ў 15 стагоддзі і, безумоўна, адрознівала сябе ад мясцовых балтаў-жамойтаў. З попісу войска ВКЛ 1528 г. ясна відаць, што шляхту панямонскіх местаў Жамойці амаль цалкам складаў славянізаваны германскі і чыста славянскі элемент, балты складалі толькі мізэрную яе частку (большую частку шляхты складалі балты на поўначы Жамойці). Гэтая шляхта, безумоўна, адносіла сябе да народу літвінаў, а не да жамойтаў. Адсюль паўставалі чысленыя скаргі жамойтаў на тое, што ўрады ў Жамойці дзяржалі “литва” і “русь” [47]. Калі ў 16 стагоддзі вялікі князь дазваляў жамойтам выбіраць і мець ураднікаў з мясцовага жамойцкага жыхарства “за прычыною шляхты”, то мелася на ўвазе якраз гэтая небалцкая шляхта літвінаў у Жамойці. На адрозненне ад балтаў Літвы, якія амаль цалкам славянізаваліся і ўвайшлі ў народ літвінаў, жамойты былі мала закрануты славянізацыяй і захавалі сваю балцкую ідэнтычнасць і мову. Жамойты адрознівалі сябе ад літвінаў на працягу ўсёй гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У земскім прывілеі Жамойці 1441 г. вялікі князь Казімер адрозніваў Жамойць ад Літвы (“А з Литвы не маем до них през Невяжу жадного тивуна зсылать”) [48]. У земскім прывілеі 1492 г. жамойты выступаюць як апрычоны ад літвы народ, аб якім гаспадар пісаў, што яны “з доброю волею прыстали” да Літвы [49]. Да 1566 г. жамойты не далучаліся да “родичей и врожонцев” Вялікага княства Літоўскага, якімі паводле Статутаў былі толькі “литва” і “русь”. У соймавых петыцыях 1542 і 1554 гг. жамойцкія паслы прасілі вялікага князя літоўскага, “абы вряды в земли Жомойтской не были даваны ни Литве, а ни Руси и неоселым, одно Жомойти”. У гэтых жа лістох разглядаліся пытанні “границы Литовское” з Жамойцю [50].

Такім чынам, старажытныя літоўскія шляхцічы з этнічнага паходжання не былі балтамі – яны былі германцамі, нашчадкамі ўсходнегерманскага народу, блізкага да готаў. Гэта тлумачыць поўную індыферэнтнасць літоўскае шляхты да балтаў і балцкай мовы. Жамойць заўсёды заставалася апрычоным ад Літвы краем, што было падчыркнута таксама ў земскіх прывілеях Жамойці вялікіх князёў літоўскіх. Няма ніякіх наогул сведчанняў аб ужыванні літоўскімі князямі і баярамі якое-кольвечы балцкае мовы. “Літоўскаю”, роднаю, пабытоваю літоўскія князі і паны 14–16 ст. наўсцяж называлі беларускую мову, а ацалелыя ў крыніцах рэлікты спачатнае мовы літвінаў ёсць (як убачым ніжэй) усходнегерманскімі, а не балцкімі. Першымі пашыраць балцкую (жамойцкую) мову ў пісьменстве і касцёльным жыцці Літвы пачалі замежныя езуіты ў канцы 16 стагоддзя. Нават калі жамойцкая мова сталася пісьмоваю і яе актыўна пашыралі ў Літве езуіты і іншыя замежныя дзеячы, літоўская шляхта не пазнала ў ёй сваёй (нібыта “роднай”) мовы ды працягвала карыстацца беларускаю (тагачаснаю “літоўскаю”) моваю.
Робіцца зразумелым, чаму такі магутны народ, як літвіны, не пакінуў амаль ніякіх сведчанняў сваёй спачатнае мовы – бо ён цалкам славянізаваўся (захоўваючы адно свае імёны) ужо ў 14 стагоддзі. Між тым, калі б літоўскі народ быў балцкім з паходжання і быццам наўсцяж захоўваў сваю “балцкую свядомасць” і мову аж да 16–17 ст. (калі езуіты пачалі пашыраць жамойцкую мову пад імем “літоўскае”) – то было б чыста немагчыма, каб у створаных ім пісьмовых помніках не засталося зусім ніякіх сведчанняў аб балцкай мове літвінаў. А такіх сведчанняў няма. У многіх народаў, мовы якіх не былі пісьмовымі, засталіся ясныя сведчанні аб іхніх мовах у пісьмовых крыніцах. Прыкладам, хаця польская мова не была пісьмоваю да 16 стагоддзя, ёсць многа запісаў у сярэднявечных польскіх лацінамоўных крыніцах, якія падаюць прыклады польскае мовы і адназначна сведчаць аб тым, што палякі размаўлялі на польскай мове. Нават аб эстонскай мове ёсць запіс у хроніцы Генрыка Латвійскага пад 1214 г.: “лаўла, лаўла, паппі” (“спявай, спявай, поп”) [51], які ясна сведчыць аб эстонскай мове эстаў. Між тым, сведчанняў аб балцкай мове літвінаў няма ніводнага. Літоўскія князі і баяры, падаўшы ў 14–15 ст. у сваіх перакладных лацінскіх і нямецкіх граматах тузыны гутарковых беларускіх слоў і выразаў, не падалі ў іх ніводнага балцкага слова. Гэта было б немагчыма, калі б народ літвінаў быў балцкім з паходжання.
Няшмат святла на мову літвінаў пралівае паведамленне Галіцка-Валынскага летапісу, паводле якога ў 1256 г. літвіны, убачыўшы спалены горад Звягель (на Валыні), “тоужахоу же и плевахоу, по своискы рекоуще “янда”, взывающе богы своя, Андая и Дивирикса” [52]. Тут “Янда” і “Андай” найбольш праўдападобна могуць быць патлумачаны гоцкім andeis “канец” і andjo “дашчэнту”. “Дывірыкс” гэта Deiwas riks, Deiwe rikijs – “Госпад Бог” па-пруску; прытым riks тут ёсць яўным германізмам (ад гоцк. reiks “гаспадар, валадар”), а Deiwe – старажытным індаеўрапейскім словам, тоесным з старагерманскім Teiwa (імя бога вайны, таксама назоў руны “т”) [53]. Такім чынам, спачатнае выслоўе магло гучаць “andjo, Teiwa reiks” і быць усходнегерманскім; гэтая цьмяная звестка летапісу можа казаць або аб германізаванай прускай, або аб германскай мове літвы. Можна дадаць, што ўсе згаданыя Галіцка-Валынскім летапісам імёны літвінаў ёсць яўна германскімі.
Можна вызначыць прыблізны час, калі спачатная мова літвінаў выйшла з ужытку. Калі Раўданскі рукапіс сведчыў, што ў канцы 13 ст. князь Гедымін надаваў імёны сыном з пэўным сэнсам, значыць, спачатная (германская) мова літвінаў тады яшчэ ўжывалася. З іншага боку, калі ў 1488 г. Раўданскі рукапіс падаваў тлумачэнні гэтых імёнаў – гэта яўны паказнік, што тады гэтая мова ўжо не ўжывалася. Паводле Конрада Кібурга, у 1397 г. яму ў Вільні паказвалі нейкія запісы на літоўскай мове, якія ніхто ўжо не мог зразумець [54]. Такім парадкам, 14 стагоддзе ёсць тым часам, калі спачатная (германская) літоўская мова цалкам выйшла з ужытку. У канцы 14 – пачатку 15 стагоддзя “літоўскаю” моваю ўжо шырака называецца беларуская мова, што адлюстроўвае поўнае злучэнне германскага элементу Літвы з славянскім элементам у адзін народ.
Між тым, рэлікты ўсходнегерманскае мовы літвінаў засталіся ў пісьмовых крыніцах і ва ўрадовай тэрміналогіі Вялікага княства Літоўскага. Усходнегерманскае паходжанне мае слова господар – ад гоцк. gastbaudes “гаспадар госця” (ад гэтага слова паходзіць таксама царкоўнаславянскае “господь”). Усходнегерманскае паходжанне гэтага тытулу магло б патлумачыць яго прыйманне і шырокае ўжыванне вялікімі князямі літоўскімі. Як вядома, тытул “гаспадар” спярша паўстаў у Вялікім княстве Літоўскім, адсюль у 14 ст. пашырыўся ў Валахію, а пазней у Масковію, дзе займеў форму “государь” [55]. Слова господа ў сэнсе жытла ўжывалася ў Статутах ВКЛ. Яркім прыкладам усходнегерманскага запазычання ва ўрадовай лексыцы ВКЛ ёсць тэрміны сок, сочыть – ад гоцк. sokjan “шукаць, дапытваць”, sokja “следчы (той, хто шукае, дапытвае)”. Тэрміны сок і просока ўжываліся ў Судзебніку вялікага князя Казімера 1468 г. як азначэнні старых праўных з’яў (“а просока по-старому”) [56]. Назоў галоўнага падатку ў ВКЛ – дякла (натуральнага аброку за дзяльніцу зямлі) – несумнеўна паходзіць ад корня -дзяк- (‘дзякаваць’), які сваім парадкам паходзіць ад усходнегерманскага þagk-. Усходнегерманскім ёсць назоў адной з галоўных літоўскіх дзяржаўных устаноў – скарбу – ад гоцк. skarpa “апірышча, запас, забеспячэнне”. “Скарбам” у ВКЛ ужо ў 14 ст. называлася сховішча дзяржаўных даходаў і рэгалій; грамата вялікага князя Вітаўта гарадзенцам 1389 г. згадвала “повинности”, якія трэба было плаціць “до скарбу нашого” [57]. Усходнегерманскае паходжанне мае пашыраны літоўскі праўны тэрмін габать і вытворныя ад яго габанье, нагабанье – ад гоцк. gabaidjan “прымушаць, прынукаць”. “Габаньем” у літоўскім праве называлася юрыдычная прэтэнзыя, а “нагабать” азначала прыцягаць у суд праз маёмасную або іншую прэтэнзыю. Тэрміны “нагабанье”, “габать” трапілі і ў польскія Варцка-Вісліцкія статуты 1420–1423 гг. праз іх літоўскіх складальнікаў. Германскага паходжання ёсць і тэрмін скарга (вядома германскае schergen). У ВКЛ слова скарга ўжо ў 14 ст. было праўным тэрмінам: прывілей вялікага князя Вітаўта 1388 г. згадваў аб запазванні ў суд “через скаргу” [58]. Усходнегерманскага паходжання ёсць і праўны тэрмін шкода (ад гоцк. skaþis): ён быў згаданы ў Судзебніку 1468 г. і іншых праўных лістох. Гэтыя словы маглі патрапіць ва ўрадовую лексыку адно з жывое ўсходнегерманскае мовы – такім парадкам, гэтыя праўныя тэрміны ёсць яркім сведчаннем аб ужыванні яшчэ ў 13–14 ст. літоўскаю шляхтаю ўсходнегерманскае мовы. Германскага паходжання ёсць і слова хоругва – ад гоцк. hrugga, герм. hrunga “кій”. У Вялікім княстве Літоўскім харугваю называўся сцяг з выяваю белегу павета, а харужым – павятовы кіраўнік баярства. Хоружыи былі згаданы ў грамаце вялікага князя Альгерда 1359 г. [59], аб іхніх абавязках згадвалі і Статуты ВКЛ.
Шэраг неславянскіх праўных тэрмінаў ВКЛ (лейці, райтынікі, борг і інш.), якія чамусьці лічаць “балцкімі”, ёсць яўна германскага паходжання. Гэтак, яўна германскаю з паходжання ёсць літоўская катэгорыя лейцяў, асноўныя рысы якой тоесны германскай катэгорыі летаў (літаў), вядомай яшчэ ў германскіх “барбарскіх” праўдах 6–8 ст. Германскія леты характарызаваліся наступнымі рысамі: 1) леты былі слугамі, якія пры жаданні маглі выкупіцца з служэбнага стану; 2) леты былі паўсвабоднымі: яны знаходзіліся ў залежнасці ад гаспадара, але мелі частковую праваздольнасць; 3) леты былі дзяржаўцамі зямлі гаспадара, за якую плацілі грашовы падатак [60]. Чыста такія ж рысы мелі літоўскія лейці – служкі гаспадарскіх двароў і гаспадарскія зямельныя дзяржаўцы на чыншу [61]. Назоў гэтага старажытнага стану, відаць, паходзіць ад гоцкага leits “дазволены, адпушчаны”. З. Зінкевіч заўважыў, што інстытут лейцяў не мог быць летувіскага паходжання дзеля нястачы ў летувіскай мове дыфтонгу -ей-, і лічыў гэты інстытут у ВКЛ запазычаным [62].
Тэрмін борг ‘крэдыт’ ёсць яўна ўсходнегерманскага паходжання – ад гоцк. baurgs “збор, плата”. Няма ніякіх падстаў казаць аб балцкім паходжанні катэгорыі “райтынікаў” – слуг, якія пераганялі гаспадарскіх коней [63]. Паходжанне гэтага тэрміну ёсць яўна германскім (гоцк. raidjan, reidan “ехаць конна”). Назоў падатку мезлева можа паходзіць ад гоцк. mimz “мяса” і lewa “нагода, прычына, загад”; такім парадкам, гэтае слова ва ўсходнегерманскай мове магло азначаць падатак мясною страваю – што яно і азначала ў літоўскім праве [64].
Як бачым, ва ўрадовай тэрміналогіі Вялікага княства Літоўскага былі некаторыя праўныя тэрміны і рэаліі ўсходнегерманскага паходжання, якія дапаўнялі звычаёвае права беларускіх зямель, на якім быў збудаваны ўрадовы лад ВКЛ. Германскі элемент, будуючы гаспадарства, знайшоў у беларускіх княствах ужо гатовы ўрадовы лад, які быў напоўніцу ўзяты для ўспраўлення дзяржаўнае сыстэмы Вялікага княства Літоўскага. У тых месцах, дзе ў беларускім праве не было адпаведнікаў інстытутам, вядомым германцам, былі ўзяты, як мы бачылі, старажытныя рэаліі з звычаёвага права германскага элементу. Такім чынам, заміж таго каб казаць аб нейкім фантастычным “сынтэзе балцкага і рускага права”, насамрэч трэба казаць аб сынтэзе ўсходнегерманскага і рускага права пры ўспраўленні ўрадовага ладу Вялікага княства Літоўскага.
У пісьмовых крыніцах захаваліся рэлікты ўсходнегерманскае мовы літвінаў. Гэтак, у мове літоўскіх князёў яшчэ ў 14 ст. быў пашыраны стары германізм “горазд” – ад гоцк. garazd “разумна, узважана, прыязна”. Пазней у славянскіх мовах гэтае слова набыла сэнс “добра, моцна”. Але ў яго першасным германскім сэнсе (“разумна, прыязна”) гэтае слова ўжывалі князі Кейстут і Вітаўт у сваіх размовах, запісаных у прыдворных літоўскіх летапісах: “Якгайло жыветь со мною горазд”, “ты c ним гораздо жывеш” [65]. Няма сумневаў, што ў летапісах была запісана жывая мова Кейстута і Вітаўта. Такім чынам, маем рэлікт усходнегерманскае мовы ў вуснах вялікіх князёў літоўскіх. Ва ўрадовых лістох ВКЛ было пашырана слова “надобе” – гэта запазычанне ад гоцк. naudaba (“патрэбна, канечна”). Гэтае слова знаходзім у лістох 1298, 1322, 1352, 1366, 1384 гг. і ў іншых чысленых лістох і прывілеях літоўскіх князёў і баяраў. Этымалагічны слоўнік М. Фасмера адзначае, што найранейшыя згадкі гэтага слова ў рускім пісьменстве сустракаюцца ў лістох ВКЛ [66]. Такім парадкам, і гэтае слова ёсць сведкам усходнегерманскага моўнага ўплыву, які шырыўся ад літоўскай шляхты.
У беларускай мове захаваліся наступныя словы ўсходнегерманскага паходжання: бронь, абарона (brunjo), вагацца (wagjan), валодаць (waldan), вараваць (waron), гартаваць (hardjan), гаспода, гаспадар (gastbaudes), годны (godei), лаяць (laian), лек (lekeis), ліхва (leihwa), люд (leuda), моц (mahts), мыта (mota), наўда (nauds), рабаваць (raubon), радзіць (raþjan), рахаваць (rahnjan), свара, сварыцца (swara, swaran), свярбець (swairban), скарб (skarpa), скіба (skiba), скрыня (scrinia), смок (snok), спрыт (sprauto), струмень (stroum), таймаваць (tamjan), хвіля (hweila), шкода (skaþis), шмараваць (smairþr), шума (skuma) і іншыя. Гэтыя ўсходнегерманскія запазычанні ў беларускай мове і ўрадовай лексыцы ВКЛ яскрава сведчаць аб значным уплыве на беларускую мову ўсходнегерманскага элементу, прытым на самым высокім роўні. Вялікая доля германізмаў ва ўрадовай мове ВКЛ і базавай лексыцы беларускае мовы (такіх як дах, грунт, смак, буда, дзякуй, варта, рахаваць, трапіць і інш.) можа тлумачыцца не толькі актыўнымі кантактамі ВКЛ з германскімі краямі, але і германскім этнічным паходжаннем літоўскае шляхты.



Троцкі замак

Усходнегерманскі ўплыў можна прасачыць і ў тапаніміі і гідраніміі Літвы. Гэтак, з усходнегерманскіх моў лёгка тлумачацца назовы рэк Сваротва, Ізва, Лахазва, Дзітва ў сярэднім Панямонні. Назоў буйнейшае прытокі Віліі – Свенты – можна патлумачыць ад гоцк. swinþs “моцны, магутны”. Назоў ракі Стрэвы можна патлумачыць ад гоцк. straujan “пырскаць”. Тапонімы Трокі, Кернаў, Эйрагола і іншыя, якім дагэтуль не знайшлі балцкіх тлумачэнняў, таксама могуць быць патлумачаны з германскіх моў. Гэтак, назоў Трокаў можа паходзіць ад гоцк. þrac, þroc “імклівасць”, а назоў Кернава – ад гоцк. qairnus “млын”. Назоў Эйраголы, якой шмат надаюць увагі летапісы ВКЛ, можа быць патлумачаны ад гоцк. airus “пасланнік” і goljan “вітаць”. Эйрагола на рацэ Дубісе была адным з першых гарадоў, заснаваным продкамі Ягайлавічаў: Раўданскі рукапіс называе яе “старажытным” местам, а легенда пра Палямона кажа, што прыбышы спярша “над Дубисою и над Немном, и над Юрою, там ся поселили и почали розмножыватися” [67]. Паводле Раўданскага рукапісу, князь Лютавор (бацька вялікага князя Віценя) адбудаваў “старажытную” Эйраголу ў 1262 г. У Эйраголе нарадзіўся ў 1232 г. і жыў Віцень, тут жа да апанавання вялікакняскага стальца жыў Гедымін [68]. Гэтыя звесткі пацвярджаюць і прыдворныя літоўскія летапісы, якія кажуць, што Віцень “был з рожаю, a c поколенья c Колюмнов, з ыменя держачого в Жомойти, реченого Аиракгола” [69]. Такім чынам, з Эйраголаю – местам з яўна германскім назовам – была знітавана гісторыя літоўскае вялікакняскае дынастыі. Германскім, як мы бачылі, ёсць і назоў Юрбарку. У Неманска-Вілейскім міжрэччы таксама многа тапонімаў, утвораных ад германскіх імёнаў (Мантвілішкі, Сунгайлы, Гальшаны, Мантыгерды, Віршулішкі, Дарсунішкі, Сурвілішкі, Гедройці, Драгамінішкі, Эйсманты і інш.), якія да мясцовага балцкага субстрату не маюць ніякага дачынення.
Аб германскім паходжанні літоўскае шляхты сведчыць рунічная сымболіка, пашыраная на яе гербах. Як вядома, руны ў паўночнай Еўропе існавалі толькі ў германцаў – у балтаў ніякіх рун ніколі не было. Цалкам імаверна, што рунічнае паходжанне мае так менаваны “крэст Ярылы”, які почасту ўжываўся на выяве гербу “Пагоня”. Рунічныя знакі ёсць на многіх пячатках і гербах літоўскае шляхты [70]. Аб тым, што літоўскія шляхцічы да Гарадзельскай уніі 1413 г. ужывалі ўласныя гербы, сведчаць літоўскія летапісы: “…мы шляхта старая, рымская, которыи предки нашы з тыми гербы своими зашли до тых панств и их вжывали, а так мы тепер их маем и их вжываем яко своих” [71]. Такім парадкам, рунічная сымболіка, што ацалела на некаторых літоўскіх геральдычных знаках, паходзіла ад старажытных літоўскіх гербаў – якія, такім чынам, былі германскага паходжання. Аб ужыванні ў старажытнасці літвінамі рун пісаў Т. Нарбут [72].
Нарэшце, сведчаннем аб рассяленні ў гістарычнай Літве ўсходнегерманскага народу ды яго злучэнні з славянамі ёсць назоў “гуды”, якім на працягу стагоддзяў жамойты называлі літвінаў-беларусаў. Гэтае жамойцкае азначэнне вядома прынамсі ад 16 стагоддзя і яго паходжанне ад саманазову готаў – guti – не выклікае ў даследнікаў сумневаў. Даследнікі прыйшлі да высновы, што гэты назоў готаў паўстаў сярод жамойтаў у раннім сярэднявеччы (калі готы панавалі ў Прусах) і пазней быў перанесены на беларусаў таксама ў якасці азначэння блізкіх, добра вядомых “чужакоў” з поўдня [73]. Але, між тым, не быў патлумачаны механізм такога пераносу і яго нутраны сэнс. Вядома, што вялікая лічба паселішчаў з назовамі, вытворнымі ад корня -гуд- (Гуды, Гудзелі, Гудышкі, Гудакі і г.д.), размешчана на Ковеншчыне і нават у Жамойці. Прызнана, што гэтыя паселішчы пазначалі месцы досыць вальнага пранікнення небалцкага элементу на балцкія землі. Пры гэтым даследнікі прызналі, што час і абставіны паўстання гэтых назоваў незразумелы. Між тым, вялікая лічба паселішчаў з падобнымі назовамі ёсць і на Гарадзеншчыне, а таксама на Меншчыне і Віцебшчыне. Значыць, гэтыя назовы не азначалі славянскі элемент. Супярэчнасць будзе развязана, калі прызнаць, што “гудамі” мясцовае балцкае жыхарства ў познім сярэднявеччы менавала германскі элемент – гэтаксама, як і ў раннім сярэднявеччы. У часы каланізацыі літоўскім германскім элементам Панямоння (10–11 стагоддзі) ён рассяляўся па ўсіх землях Панямоння – ад паўднёвай Жамойці да Меншчыны – і мясцовае балцкае жыхарства менавала яго “гудамі” ад назову здаўна вядомых яму готаў; адсюль такая шырокая геаграфія паселішчаў з назовамі на -гуд- – уздоўж усяго Неману. Пазней, калі гэты германскі элемент славянізаваўся, жамойты перанеслі яго назоў на новую супольнасць – народ літвінаў (беларусаў). Вядома, што яшчэ ў 18 стагоддзі жамойты менавалі “гудамі” жыхароў Ковеншчыны і Віленшчыны, якія не размаўлялі балцкаю моваю. Я. Лелявель пісаў, што паселішчы з назовамі на -гуд- у гэтым рэгіёне атрымалі свае назовы ў часы пашырэння жамойцкае мовы ў 17–18 ст. дзеля таго, што іхнія жыхары не разумелі балцкае мовы [74].
Выклікае пытанні паходжанне назоваў “літва”, “літвіны”. Наймя ў такой, славянскай форме гэтыя назовы вядомы ў самых старажытных крыніцах: литъва, литвины, Letwanos, Litwini. Даследнікі звярталі ўвагу на пашыранасць у ранніх крыніцах таксама варыянтаў Lutovia, Lutwani і на гэтай падставе казалі аб славянскім паходжанні назову літва/лютва [75] і нават аб паходжанні яго ад назову палабскіх люцічаў [76]. Версыю аб паходжанні літвы ад люцічаў можна было б разгледзець (з улікам летапісных звестак аб прыбыцці літоўскае шляхты з-за мора), калі лічыць люцічаў не славянскім, а ўсходнегерманскім народам. Дадзеных аб славянскім характару люцічаў (а таксама суседніх ім абадрытаў-рэрагаў) недастаткова, у той жа час шэраг імёнаў і тапонімаў люцічаў і абадрытаў ёсць яўна ўсходнегерманскімі.
Дзеля нястачы матэрыялу паходжанне назову “літва” на дадзены момант высветліць не ўяўляецца магчымым. Між тым, славянская форма назову “літвіны”, адзначаная ў самых ранніх крыніцах (каля 1025 г. палякі ваявалі проці Letwanos і іншых “вераадступных” [77]) кажа аб злучэнні літоўскага германскага элементу з славянскім элементам Панямоння і ўтварэнні канфесыйнае супольнасці літвінаў, якая захоўвала сваю канфесыйную адметнасць да сама Крэўскай уніі 1385 г. (гл. наш артыкул “Літоўскі народ 14 стагоддзя”). Усходнегерманскія народы на працягу стагоддзяў былі вядомы сваёй гарліваю прыхільнасцю да арыянства і зацята ахоўвалі сваю арыянскую веру ад захадаў католікаў. Арыянства, блізкае ў сваіх метафізычных поглядах да богумільства, магло злучыцца ў Панямонні з мясцовым богумільствам і ўтварыць новую канфесыйную супольнасць, як аб тым пісаў Пётр д’Альі, распавядаючы пра “літоўскае маніхейства” (Manicheismus Lithuanicus), якое ўтварылася ў 11 стагоддзі, калі “рускія маніхеі” прынеслі сваю навуку ў дамы літоўскае шляхты, якая “наўсцяж гарнулася да гэтага хрысціянства і стварыла нібыта новую сэкту” [78].

Такім парадкам, падсумаваўшы ўвесь вышпісаны матэрыял, можна цвердзіць, што этнічнае паходжанне літоўскае шляхты было не балцкім, а ўсходнегерманскім. Гэты германскі элемент прыбыў у Панямонне недзе ў 10 стагоддзі, пасяліўся па сярэднім і вышнім Немане і яго прытоках, меў шчыльныя дачыненні з старажытнымі беларускімі княствамі, а ў сярэдзіне 13 стагоддзя стварыў разам з шляхтаю гэтых княстваў Вялікае княства Літоўскае. Дзеля гэтага шляхту ВКЛ складалі пераважна асобы з ўсходнегерманскімі імёнамі, а атрыбуты гаспадарства (права, мова) былі ўсходнеславянскімі. Германскі элемент няўхільна славянізаваўся (захоўваючы ў якасці сваёй этнічнае адметнасці адно свае германскія імёны), дзеля чаго ўжо ў канцы 14 стагоддзя назоў “літоўскі” ва ўсіх дачыненнях (тэрыторыя, мова, права, вайсковыя звычаі і інш.) належаў да беларускага народу. У той жа час, жамойты не славянізаваліся, не ўваходзілі ва ўласна Літоўскае княства і адрознівалі сябе ад літвінаў.
Высвятленне сапраўднага (германскага) этнічнага паходжання літоўскае шляхты, як бачым, здольна праясніць многія заблытаныя пытанні гісторыі Вялікага княства Літоўскага, а таксама развязаць міфы, якія дагэтуль пашыраюцца ў сувязі з гэтымі цьмянымі пытаннямі. Напрыклад, можна разгледзець праблему Гарадзельскае уніі 1413 г. і яе ўплыву на нацыянальнае і палітычнае жыццё ВКЛ. Імёны ўчаснікаў гэтае уніі (47 літоўскіх шляхецкіх родаў) дагэтуль падаюць у гістарычнай літаратуры як быццам неаспрэчнае сведчанне “балцкага этнічнага” характару літоўскага гаспадарства, а сам факт гэтае уніі як быццам перавагу нейкага “балцкага нацыяналізму” над усімі праявамі славянізацыі шляхты ВКЛ. Між тым, сярод гэтых імёнаў няма ніводнага балцкага імя: бальшыня імёнаў ёсць яўна ўсходнегерманскімі (гл. вышэй), а некаторыя яўна славянскімі. Балцкімі можна было б палічыць хіба што імёны Карэйвы і Даўкшы – калі б мы не ведалі, што да роду Карэйвы належаў баярын Гайлімін (германскае імя), а Даўкшам зваўся таксама сын баярына Кімунта з ВР1401 (таксама яўна германскае імя) [79].
Імёны літоўскіх баяраў з актаў Гарадзельскае уніі можна падзяліць паводле крытэру этнічнасці на тры групы: 1) германскія імёны без прыкмет славянізацыі; 2) германскія імёны з прыкметамі славянізацыі (імёны па-бацьку на -віч); 3) славянскія імёны. Да першай групы належаць 29 імёнаў: Манівід, Яўнут, Мінгайла (двойчы), Сунгайла, Гостык, Бутрым, Галігунт, Байлімін, Карэйва, Вісігерд, Мантыгерд, Таўтыгерд, Гастоўт, Ядат, Даўкша, Бойнар, Гетаўт, Даўген, Сангаў, Сака, Цвербут, Монствільд, Вісігін, Монстаўд, Радзівіл, Гердуд, Чупа, Эйвільд, Сургут. Да другой групы належаць 12 імёнаў: Ян Рымавідавіч (Rimovidovicz), Бутаўт Мантыгайлавіч (Montigalowicz), Гінет Канчэвіч (Konczevicz), Воўчка Ракутовіч (Rokutowicz), Войшнар Віркалевіч (Vircolevicz), Начко (Naczko), Войшын Данейкавіч (Daneycovicz), Андрэй Даўконтавіч (Dewknetovicz), Мінімунд Сашніковіч (Sessnicovicz), Міцусь Вільчковіч (Vilczcovicz), Вайдыла Кушаловіч (Kussolovicz), Станіслаў Бутаўтавіч (Butowtowicz). Наастатку, да чыста славянскіх трэба аднесці 5 імёнаў: Няміра, Воўчка Кульва, Качан, Рала і Качан Суковіч (Sukovicz).
Як бачым, імёны літоўскіх шляхцічаў у Гарадзельскіх актах выяўляюць суцэльную тэндэнцыю нацыянальнага развіцця літоўскае шляхты 14 стагоддзя – гэта ўсходнегерманскія імёны з заўважнаю схільнасцю да славянізацыі. У часы Гарадзельскае уніі славянізацыя германскае шляхты Літвы не спынялася і прывяла нарэшце да поўнага злучэння германскага элементу Літвы з яе славянскім народам: літоўскія князі і баяры (у тым ліку буйнейшыя паны – учаснікі Гарадзельскіх актаў) бралі народныя славянскія імёны, называліся імем і імем па-бацьку паводле рускага звычаю, менавалі беларускую мову “літоўскаю”, “народнаю”. Прыкладам, сыны старасты віленскага Андрэя Гастоўта зваліся Івашка, Андрушка, Войтка і Юшко. Івашка Гастоўтавіч, маршалак дворны ад 1426 г., у лацінскіх лістох пісаўся Івашкам (Iwaschko) ды Гастоўтавічам (Ioannis Gastoltowycz). Сын ваяводы віленскага Гедыгоўда зваўся Сенькам: ад 1429 г. ён займаў пасаду маршалка дворнага, ад 1451 г. кашталяна віленскага; Сенькам (Senko) менаваў яго ў лацінскіх лістох вялікі князь Вітаўт. Брат Гедыгоўда Рымавід меў сыноў Алёхну і Юшку: ад Алёхны (быў намеснікам гарадзенскім, пазней маршалкам дворным) пайшлі шляхецкія роды Аляхновічаў і Дарагастайскіх, а ад Юшкі Рымавідавіча – род Забярэзінскіх. Сыны намесніка полацкага Мантыгерда зваліся Алёхна і Пятрашка. Алёхна Мантыгердавіч у 1410 г. быў падчашым дворным і вялікі князь Вітаўт менаваў яго ў лістох Olechno. Пятрашка Мантыгердавіч ад 1422 г. быў маршалкам дворным і змацоўваў лісты пячаткаю з надпісам “П. ПЕТРАШОВА МОНДКІРДВІЧА”. Баярын Валімунд меў сыноў Яўнута (ваявода троцкі ад 1412 г., пісаўся Yownis Wolimonthowicz), Кясгайлу, Ромвальта, Шадыбора (меў пячатку “ПЕЧАТЬ ШЕДИБОРОВА ВОЛИМОНТОВИЧА”), Судывоя і Гудыгерда. Ад Кясгайлы пайшоў шляхецкі род Кясгайлаў, ад Станька Судывоевіча – Станьковічы, а ад Кандрата Гудыгердавіча – Кандратовічы. Кашталян віленскі Остык меў сыноў Радзівіла, Міцька, Станька і Бартка. Ад Радзівіла пайшоў шляхецкі (пасля княскі) род Радзівілаў, а ад Станька род Остыкавічаў. Пляменнік Остыка Судымонт меў сыноў Алёхну (ад 1477 г. ваявода віленскі, ад 1478 г. канцлер ВКЛ) і Міхайлу. Сунгайла, у 1410 г. намеснік ковенскі, а ад 1413 г. кашталян троцкі, ужываў пячатку “ПЕЧАТЬ СУНЬГАИЛОВА” і меў сыноў Федзьку і Івашку. Баярын Сака з акту Гарадзельскае уніі ўжываў пячатку з надпісам “peczeth sakowycz” і меў сыноў Андрушку і Івашку. Андрушка Саковіч ужываў пячатку “ПЕЧАТЬ АНДРИЯ САКОВИЧА” і быў ад 1458 г. ваяводам троцкім, а яго сын Багдан Андрушкавіч быў маршалкам земскім і ваяводам троцкім. Пан Даўгерд (ад 1424 г. маршалак дворны, ад 1433 г. ваявода віленскі) меў сына Андрушку, які пісаўся Andruszko Dowgyrdowycz. Баярын Давойна (сын Вісігерда з акту Гарадзельскае уніі) меў сыноў Алёхну, Андрушку і Івашку. Алёхна Давойнавіч ад 1434 г. быў старастам лідскім, а ад 1459 г. кашталянам троцкім і ўжываў пячатку “s. olechno dowonowicz”. Андрушка Давойнавіч ад 1440 г. быў старастам гарадзенскім і ўжываў пячатку “ПЕЧАТЬ ПАНА ОНЪДРЮШКА ДОВОИНОВИЧА”. Баярын Гайлігін з акту Гарадзельскае уніі меў сыноў Алёхну і Андрушку Гайлігінавічаў, якія гэтак пісаліся ў літоўскіх і замежных лістох (Олехно Кголикгинович, Olechno Goliginovicz; Andruszko Golgynovicz). Сыны баярына Вештарта зваліся Мішка (дзяржаўца слонімскі ў 1441 г.) і Яцко Вештартавічы [80]. У розных лістох (у тым ліку ў лістох каталіцкага касцёлу) першае паловы 15 стагоддзя былі згаданы літвіны з народнымі імёнамі Рачко, Некраш, Неруш, Воўчка, Войтка, Грыцко, Багдан, Васько, Фомка, Андрусь, Машка, Мілохна і інш. Буйнейшыя літоўскія паны – Радзівілы, Кясгайлы, Гедыгоўды і іншыя – у сваіх лацінскіх лістох 15 ст. шматкроць падавалі лацінкаю словы і цэлыя выслоўі ў беларускай мове (“устаўное лукно”, “пашня”, “сябрычы”, “дзяльніца”, “ушаткі”, “пуд воску”, “на чатыры сохі”, “на тры сцірты”, “кулі ліпцу”, “подле дарогі міма касцёлу нашага” і інш.), называючы гэтую мову “народнаю” (vulgariter) [81]. Гэтыя прыклады можна множыць і множыць.
У святле ўсіх гістарычных фактаў не даводзіцца казаць аб тым, што Гарадзельская унія нібыта спыніла славянізацыю літоўскае шляхты (не кажучы ўжо аб тым, што яна быццам ёсць даводам нейкае “балцкае” этнічнасці літоўскае шляхты). Насамрэч, галоўнаю мэтаю Гарадзельскае уніі было палепшыць міжнароднае становішча ВКЛ пасля паразы Тэўтонскага ордэну ў Грунвальцкай бітве, а ейныя абмежавальныя пастановы, як даўно было заўважана, мелі неюрыдычны, прапагандысцкі характар [82], не выконваліся на практыцы і неўзабаве былі амаль цалкам скасаваны ў выніку прывілеяў Гарадзенска-Троцкае уніі 1432–1433 гг. Уся літоўская шляхта – як каталіцкая, так і праваслаўная – у 15 стагоддзі складала адзін народ з славянскім народам Вялікага княства Літоўскага, аб чым ёсць процьма як уласна літоўскіх, так і замежных сведчанняў. Польскія пісьменнікі 15 і 16 стагоддзяў пісалі: “Люд літоўскі, рускі і маскоўскі – гэта адна і тая ж Русь, адно і тое ж племя” [83]. Такія еўрапейскія навукоўцы, як Энэй Сыльвій (у 1440-х гадох), Гартман Шэдэль (1493 г.), Ян Коклес Норык (1511 г.), Ян Багемскі (1538 г.), ды іншыя залічалі літвінаў да славянскіх народаў, а літоўскую мову залічалі да славянскіх моў [84].

Алёхна Дайліда
Tags: германцы
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Р Э Ц Э Н З І Я

    С.В. Тарасава на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча

    Зноў міфы замест гісторыі рэцэнзія на: Всеслав Зинькевич “Несвядомая” история Белой Руси Москва: “Книжный мир”,…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 2)

    Калі зінькевічы пачынаюць свае мантры пра “спрадвечна адзіны рускі народ” – я адразу жадаю запытаць: калі гэты “адзіны…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 3)

    У гэтай сувязі цікавым выглядае пастулат “заходнерусісцкіх” канцэпцый (яго падзяляе і Зінькевіч) аб тым, што беларускае народнасці да 19…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 4)

    Адным словам, паводле свайго механізму, генэза ідэнтычнасці “літвінаў” ВКЛ была ў дакладнасці такою ж, як генэза “рускае”…

  • Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 5)

    Пры разгледжанні нашае палітычнае гісторыі паўстае вельмі важнае, можна сказаць, галоўнае пытанне: Беларусь геапалітычна – гэта цэнтр або…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments