ПАЧАТКІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА:

АД СТВАРЭННЯ ДА КРЭЎСКАЙ УНІІ

зборнік артыкулаў з дадаткамі

https://drive.google.com/drive/folders/1xmQ81wEiRdLdwac5TliE1EdQCu9iSetV

укладальнік:
Алёхна Дайліда
бакалаўр гуманітарных навук

рэцэнзент:
Сяргей Тарасаў
кандыдат гістарычных навук

аўтарскае выданне
Менск, 2019

Кніга ёсць зборнікам артыкулаў мовазнаўцы Алёхны Дайліды, у якіх аўтар праз разгледжанне канкрэтных пытанняў рэканструе палітычную і рэлігійную гісторыю Вялікага княства Літоўскага 13–14 стагоддзяў.
На грунце чысленых гістарычных матэрыялаў паказана, што літоўская шляхта з этнічнага паходжання была не балцкаю, а ўсходнегерманскаю. Гэты германскі элемент злучыўся з славянамі Панямоння, утварыўшы канфесійную супольнасць “літвінаў” богумільскага характару, якая існавала да Крэўскай уніі 1385 году. Гэтыя працэсы спрычынілі само стварэнне Вялікага княства Літоўскага на землях сучаснае Беларусі і далейшае існаванне народу літвінаў у якасці славянамоўнага хрысціянскага народу.
У другой частцы кнігі змешчаны некаторыя помнікі сярэднявечнае літоўскае (беларускае) евангеліцкае літаратуры.
У дадатках змешчаны дакументы і летапісныя ўрыўкі па гісторыі Вялікага княства Літоўскага 13–15 стагоддзяў.


ПЕРАДМОВА
На працягу колькіх стагоддзяў наш народ жыў у створаным ім гаспадарстве – Вялікім княстве Літоўскім – і называўся літвінамі. Назоў “беларусы” быў прыдуманы і штучна накінуты літвінам расейскім урадам пасля захопу Вялікага княства Літоўскага, з мэтаю асіміляваць наш народ і пазбыць яго гістарычнае памяці. Гісторыя Вялікага княства Літоўскага была паддадзена велічэзнаму фальшаванню і міфалагізацыі дзеля асаблівага месца Вялікага княства ў гісторыі сярэднявечнае Еўропы. Ад часу ўрынення нашаму народу штучнага назову “беларусы” наш народ быў адрэзаны ад сваёй гаспадарствавае і арыстакратычнае спадчыны і лёс нашага народу стаўся нібыта падзеленым на два няроўныя вымярэнні: “літва” – традыцыйнае, сакральнае, гістарычнае; “беларусы” – мадэрновае, прафаннае, антыгістарычнае. Для разумення сапраўднага месца нашага народу ў гісторыі няма іншых шляхоў апрача вяртання да нашай сапраўднай гісторыі, да гістарычнай Літвы.
У гэтым зборніку, які складаецца з сямі артыкулаў і многіх дадаткаў, у якіх агулам больш за паўтары тысячы спасылак і цытат з гістарычных крыніц, на шырокім гістарычным матэрыяле выяўлена палітычнае і рэлігійнае жыццё народу літвінаў у 13–14 стагоддзях. Паказана, што літоўская шляхта з этнічнага паходжання была ўсходнегерманскаю і да балтаў не мела ніякага дачынення; гэты германскі элемент злучыўся з славянскім жыхарствам Панямоння, утварыўшы канфесійную супольнасць “літвінаў”, і паступова цалкам славянізаваўся. На матэрыяле гістарычных крыніц аб рэлігійным жыцці Вялікага княства Літоўскага насветлены дачыненні супольнасцей “літвінаў” і “русінаў” у Вялікім княстве: паказана, што ў 13–14 ст. гэта былі азначэнні не розных этнасаў (як у сучаснай гістарыяграфіі) – а розных канфесійных супольнасцей. Калі да Крэўскай уніі існавала розніца між літвінамі і русінамі ў рэлігійным, канфесійным плане – то па Крэўскай уніі назоў “літвіны” зрабіўся нацыянальным назовам усяго жыхарства (як каталіцкага, так і праваслаўнага) уласна Вялікага княства Літоўскага, а назоў “русіны” працягваў быць перадусім праваслаўным канфесіёнімам. Па Крэўскай уніі літвіны маглі быць і католікамі, і праваслаўнымі (“літвіны рускае веры”), і евангелікамі, галоўнае што яны заставаліся тытульнаю нацыяй свайго гаспадарства – Вялікага княства Літоўскага. Насвятленне рэлігійнае гісторыі ранняга ВКЛ паказуе, што Вялікае княства Літоўскае належала да таго шэрагу еўрапейскіх гаспадарстваў (Баўгарыя, Боснія, Чэхія, Нямеччына, Францыя), у якіх яшчэ ў часы Сярэднявечча былі моцнымі евангеліцкія (протапратэстанцкія) рухі – дзеля чаго ВКЛ у 15 стагоддзі моцна падтрымала чэскіх гусітаў, а ў 16 стагоддзі натуральна далучылася да еўрапейскай Рэфармацыі. Шырокі і разнастайны матэрыял нашага зборніку, спадзяемся, будзе здольны паказаць гісторыю Вялікага княства Літоўскага 13–14 стагоддзяў у сапраўднай гістарычнай перспектыве і пакласці канец знітаваным з ранняю гісторыяй ВКЛ спекуляцыям і містыфікацыям, якія заўсёды заснаваны на ігнараванні гістарычных крыніц.
Пры адраджэнні палітычнае гісторыі народу і гаспадарства на першы план выходзіць разуменне таго, што пытанне гістарычнасці народу – гэта пытанне аб нацыянальным гаспадарстве і аб нацыянальнай арыстакратыі. Можна заўважыць, што наймя ў гэтым пытанні палягае асноўны пафас сучаснае гістарыяграфіі – бо яна цвердзіць, што Вялікае княства Літоўскае не было нацыянальным гаспадарствам беларусаў і што ў беларусаў у Вялікім княстве не было нацыянальнае арыстакратыі і наогул нацыянальнае свядомасці, у той час як паноўнай тытульнай нацыяй Вялікага княства Літоўскага, згодна з гэтай гістарыяграфіяй, быццам быў “этнічна балцкі народ” летувісаў (“паганскі” да Крэўскай уніі), які стварыў Вялікае княства Літоўскае як сваё нацыянальнае гаспадарства. Таму на старонках нашага зборніку нададзена шмат увагі насвятленню дзейнасці гаспадарствавых урадаў, а таксама жыцця і дзейнасці паноўных колаў, арыстакратыі Вялікага княства Літоўскага 13 – пачатку 15 стагоддзя. На шырокім гістарычным матэрыяле паказана, што чыста ўся гаспадарствавая і арыстакратычная гісторыя і спадчына тытульнае нацыі ВКЛ – літвінаў – належыць нашаму народу, а сённяшнія летувісы (гістарычныя жамойты) не маюць аніякага дачынення да тытульнай нацыі Вялікага княства Літоўскага і павінны абмежаваць сваю нацыянальную гісторыю сціплымі прасторамі Жамойцкага стараства.
Апошнім часам, на жаль, афіцыёзная гістарыяграфія ўсё больш аддаляецца ад сапраўднае гісторыі Літвы, як сярэднявечнае, так і больш позняе, ад поўнага і асэнсаванага яе насвятлення. Гістарычныя факты, падзеі, старонкі жыцця народу і краю – падмяняюць фантастычнымі інтэрпрэтацыямі, сімулякрамі, фікцыямі, сурагатам гісторыі. Дапускаюцца самыя адвольныя напінанні, самыя фантастычныя перакручванні фактаў дзеля адной мэты – каб абгрунтаваць існаванне ў ВКЛ “балцкага народу летувісаў”. Спробы напісаць сапраўдную гісторыю народу літвінаў па-ранейшаму натрапляюць на агрэсіўнае выпіранне прапагандыстаў тэорыі “балцкага паганскага этнасу”. Гэтыя дзеячы, якія заяўляюць, што беларусы жадаюць “прысабечыць літоўскую гісторыю”, насамрэч не маюць ніякага ўяўлення аб літоўскай гісторыі: гістарычныя рэаліі ВКЛ падмяняюць антыгістарычнымі выдумкамі аб існаванні на працягу стагоддзяў “этнічна балцкага народу летувісаў”. Фактычна, уся найбагацейшая гісторыя сярэднявечнае Літвы, яе велізарная роля для лёсаў усёй Усходняй Еўропы 13–15 стагоддзяў у сённяшняй гістарыяграфіі прынесена ў ахвяру міфу аб “балцкім паганскім народзе” і цалкам захілена ім. Гістарычныя нарысы, ідучы ўтроп за найгоршымі ўзорамі польскае шавіністычнае гістарыяграфіі 19 стагоддзя, па-ранейшаму працягваюць сцвярджаць, што да Крэўскай уніі літвіны былі “паганскім” народам – хаця ўсе гістарычныя матэрыялы паказуюць, што літвіны яшчэ да Крэўскай уніі вызнавалі хрысціянскую веру. Працягваюць сцвярджаць, што сутнасцю ідэнтычнасці літоўскага народу нібыта была “балцкая этнічнасць” – хаця сярод літоўскае шляхты не было ніводнага балцкага імя і няма ніводнага сведчання ўжывання ёю якое-кольвечы балцкае мовы. Працягваюць адмаўляць злучэнне літоўскае шляхты з славянскім жыхарствам ВКЛ у адзіны славянамоўны народ і насупраць кажуць аб быццам “арганічнай еднасці” літвінаў з жамойтамі. Усе гэтыя тэорыі не заснаваны на ніякім гістарычным матэрыяле і ёсць проста пладамі езуіцка-польскае шавіністычнае міфатворчасці 19 стагоддзя, якія цалкам узяла на ўзбраенне савецкая гістарыяграфія з мэтаю разбурэння гісторыі Вялікага княства Літоўскага і нацыянальнае гісторыі беларусаў-літвінаў.
За разбуялым лесам сімулякраў, абстрактных канструкцый сядні ўжо мала відаць уласна гісторыю Вялікага княства, жывыя старонкі яго гістарычнага жыцця. Таму змешчаныя ў дадзеным зборніку артыкулы, якія складзены пераважна з цытат з гістарычных крыніц і спасылак на іх, а таксама чысленыя дадаткі мусяць вывесці чытача на ровень добрага ведання гістарычных крыніц і матэрыялаў па айчыннай гісторыі 13 – пачатку 15 стагоддзя, многія з якіх дагэтуль або малавядомы, або чыста ігнаруюцца. Адраджэнне сапраўднае гісторыі Вялікага княства Літоўскага дазволіць нам выйсці з-за кратаў савецкае антыхрысціянскае міфалогіі і вярнуць нацыянальную гістарычную спадчыну нашага народу, якая лучыць нашу цяпершчыну з Сярэднявеччам, з традыцыйнаю хрысціянскаю цывілізацыяй.


-------------------------------------------

Асноўныя тэмы даследвання
“Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”

артыкул “Германскі суперстрат у старажытнай Літве”
усходнегерманскае паходжанне літвінаў: с. 8-12
пачаткі фэўдалізму ў Літве (11–12 ст.): 13-15
імёны літвінаў: 16-26
рэлікты ўсходнегерманскае мовы літвінаў: 29-31
хрысціянства літвінаў 11–13 ст.: 33-35
дачыненні полацка-менскіх княстваў з Літвою 11–13 ст.: 35-38

артыкул “Літоўскі народ 14 стагоддзя”
канфесійны сэнс назову “літвіны” ў 13–14 ст., Літоўская мітраполія 14 ст.: 48-54
тэрыторыя “Літоўскага княства” 13–14 ст.: 55-58
мова літвінаў, “літоўская” мова 14–15 ст.: 61-64
“літвіны” – азначэнне богумільскае дэнамінацыі ВКЛ у 13–14 ст.: 64-74

артыкул “Літва і Орда ў 13–15 стагоддзях”
ваенна-палітычны звяз ВКЛ з Ордаю ў 13–14 ст.: 98-104
атаесамленне назоваў “літвіны” і “татары” ў розных крыніцах: 98-100, 104, 106
Літва і гусіты: 106-107
звяз Літвы з Ордаю ў 15 ст.: 108-112

артыкул “Літоўскае права ў 13–15 стагоддзях”
паходжанне і крыніцы Літоўскага права: 125-127
абсалютызм вялікакняскае ўлады ў ВКЛ 13–14 ст.: 128-129
успраўленне стану баяраў-шляхты: 135-138
землеўладанне: 142-146
адметнасць Літоўскага права: 152-153

артыкул “Крэўская рэлігійная рэформа і яе наступствы”
перадумовы рэлігійнае рэформы ў Літве 1385 г.: 158-160
крыніцы сведчаць аб тым, што пераводзілі іншую хрысціянскую дэнамінацыю на каталіцтва: 161-163 (таксама 170-171)
Ягайла і яго двор у Кракаве: 164-168
сведчанні крыніц аб нацыянальным характару і мове “літоўскага народу” (“nacione Lithvanos”, “gens Lithuanica”) – для якога стваралі касцёлы і каталіцкія парафіі ў ВКЛ: 173-188
пераход значнае часткі літоўскага народу ў праваслаўе: 188-194
нацыянальны характар і ідэнтычнасць літоўскага народу па Крэўскай уніі: 195-209

Р Э Ц Э Н З І Я

С.В. Тарасава
на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды
“Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”

Рэцэнзуемая кніга складаецца з дзвюх частак і ўяўляе сабою зборнік артыкулаў аўтара, прысвечаных розным аспектам утварэння і існавання Вялікага княства Літоўскага і дадатку з дакументаў і матэрыялаў, якія ахопліваюць XIIІ—XV стст.
Варта адзначыць, што ў артыкулах аўтар выкладае свой арыгінальны погляд, дагэтуль не вядомы ў айчыннай гістарыяграфіі. Як мовазнаўца, праз аналіз дакументаў, моўнай і канфесійнай сутуацыі, А.Дайліда даводзіць, што на ўтварэнне Літвы і літоўскага народу вялікі ўплыў аказала так званая ерась багумілаў. Сапраўды, багумільскія погляды на хрысціянскія дагматы былі вельмі распаўсюджаны ў Еўропе. Да сёння, гісторыкі больш звярталі ўвагі на гэты рух, як на патарэнаў у Італіі, альбігойцаў ў Францыі, катараў у Германіі. Аднак, і на ўсходзе ад Балканаў вучэнне і погляды багумілаў таксама прысутнічалі. Нажаль, на гэта мала звярталі ўвагі гісторыкі-даследчыкі, але ў паўстанні “ валхвоў” на ноўгарадска-пскоўскіх землях, і ў Суздальскім паўстанні, XI ст., а таксама ў ерасі так званых “стрыгольнікаў”, выразна прысутнічае дуалістычны погляд на сутнасць Бога, яго дзейнасць і дзейнасць яго “антыпода”, дзе апошні з’яўляецца неад’емнаю часткаю першага. А гэта, відавочна,  яднае апошніх з багуміламі.
Безумоўна цікаваю падаецца асноўная гіпотэза аўтара, якая сцвярджае, што назоў “ліцьвіны” з’яўляецца канфесіёнімам, а не этнонімам. Сапраўды, ва ўсходніх, так званых “рускіх” крыніцах адсутнічае ацэнка “ліцьвінаў” (літоўцаў) як язычнікаў-паганцаў.
Ацэнкі “ліцьвінаў” як схізматыкаў, ворагаў веры, “нехрышчоныя”, “вераадступнікі”, маюцца ў заходнееўрапейскіх крыніцах і храналагічна адпавядаюць часам паступовай заваёвы і акупацыі балтыйскіх земляў лацінскімі хрысціянскімі ордэнамі. Неабходнасць абгрунтавання агрэсіі на Ўсход выклікала і адпаведную тэрміналогію. Аўтар рэцэнзуемай кнігі слушна заяўляе, што для лацінскай царквы гэткімі ж “схізматыкамі” былі хрысціяне Полацка, Ноўгарада, ды іншых зямель. Разам з тым, адносіны (палачанаў, напрыклад) з літоўцамі-ліцьвінамі былі, безумоўна не простымі, часам ваяўнічымі, часам васальнымі, але ніколі варожа-канфесійнымі. Няма ні воднай звесткі аб спробах палачанаў, наўгародцаў, ці яшчэ каго з поўначы і ўсходу, хрысціць літоўцаў, ці, да прыкладу, яцьвягаў, як гэта рабілі папскіе місіянеры (Бруна і  Адальберт). Разам з тым, няма падстаў сумнявацца, што гэтыя народы, ліцьвіны ў першую чаргу, ведалі хрысціянства. Проста не мажліва ўявіць, каб у цэнтры Еўропы, дзе народы і дзяржавы прынялі хрышчэнне ўжо ў канцы X – самым пачатку XI стст., з усіх бакоў Літвы: Захаду, Поўначы, Усходу, Поўдня, яшчэ амаль чатыры стагоддзі, заставаліся жыць цэлыя народы (у “дзікіх лясах”), якія гэтага хрысціянства не ведалі.
Таму даследаванні А.Дайліды, якія падымаюць новыя пытанні ў айчыннай гісторыі, уяўляюцца вельмі цікавымі.
Асобна ў зборніку трэба адзначыць другую частку, якая цалкам складаецца з першакрыніц. Тут змешчана 60 дакументаў, сярод якіх малавядомыя, пададзеныя ў аўтарскім перакладзе. Публікацыя першакрыніц, а асабліва тых, якія тычацца гісторыі рэлігіі на нашых землях – справа надзвычай важная і карысная.
Апрача таго адзначым, што кніга добра і цікава ілюстравана.
Лічым, што праца А.Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі” варта быць надрукавана. На наш погляд, гэта будзе не толькі новае слова ў беларускай гістарыяграфіі,  яна зацікавіць шырокія колы прафесійных гісторыкаў, аматараў і ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй.

Вядучы навуковы супрацоўнік
ДУ “Музей гісторыі горада Мінска”,
сябра праўлення беларускага Камітэта
па помніках і памятных мясцінах “ІКАМОС”,
сябра Міжнароднага Камітэта
па музеях “ІКОМ”,
кандыдат гістарычных навук               С.В.Тарасаў

Рэцэнзія на Зінькевіча

Зноў міфы замест гісторыі

рэцэнзія на:
Всеслав Зинькевич
“Несвядомая” история Белой Руси
Москва: “Книжный мир”, 2017


Кніга Ўсяслава Зінькевіча “Несвядомая” история Белой Руси” (Москва: “Книжный мир”, 2017) ёсць чарговай спробай паліць па беларускай дзяржаўнасці з гарматы пад назовам “общность исторических судеб единого русского народа”. Прапанаваная аўтарам ідэалогія, відавочна, належыць да плыні “заходнерусізму” – афіцыйнай палітычнай ідэалогіі Расеі на землях Беларусі і Ўкраіны ад 19 стагоддзя. Вядома, можна па-рознаму разглядаць заходнерусізм – як “идеологическую основу белорусской государственности” (згодна з працуючымі сёння ў Беларусі заходнерусістамі) або, паводле беларускага акадэміка Аляксея Каўкі, як “трупный вирус в белорусском национальном организме”. Усё ж, мяркую, ісціна знаходзіцца па-за межамі якіх-кольвечы канфліктаў. Таму гэты артыкул мае на мэце разгледзець падставовыя ідэалагемы, прапанаваныя Зінькевічам і падобнымі ідэолагамі, і іхняе дачыненне да гістарычнай рэальнасці.
Як бачым, заданне перад сабой і сваімі крытыкамі Зінькевіч паставіў нялёгкае: яго крытык мае ў сціслым выглядзе выкласці гісторыю Русі ад 10-га стагоддзя да нашых дзён ды падаць яе гістарыясофскія акцэнты, у прыватнасці, у дачыненні да сённяшняй Беларусі. Тым і цікавы прапанаваны Зінькевічам дыскурс – ён дазваляе не толькі паглядзець на праблемы беларускае нацыянальнае ідэнтычнасці, але і разгледзець моцнасць і гістарычнасць расейскіх гістарычных ідэалагем. У анонсе кнігі Зінькевіча расейскія журналісты звінавацілі сённяшнія беларускія ўлады ў тым, што яны мала дбаюць пра расейскія гістарычныя канцэпцыі і займаюцца “ревизией историографии и распространением политических мифов”. Гэта цяжкае звінавачванне і дзёрзкі выклік. Сваёй кнігай Зінькевіч выводзіць на арэну спаборніцтва не толькі беларускія нацыянальныя, але і маскоўскія імперскія ідэалагемы. І гэта якраз гэтыя расейскія псеўдамесіянскія ідэалагемы “не выдерживают соприкосновения с историческими фактами” (мовячы словамі Зінькевіча). Выяўляючы свой дыскурс як месіянскі і сакральны, зінькевічы насамрэч знаходзяцца ў палоне цалкам прафанных ілюзій, не разумеючы элементарных фактаў і аспектаў гістарычнага працэсу. У гэтым плане кніга Зінькевіча ёсць сапраўды “несвядомаю”.
Па-першае, выклікае пытанні ровень элементарных ведаў аўтара. У інтэрв’ю журналістам Зінькевіч апаведаў, што ён гісторык і вучыўся ў аспірантуры. Але адразу паўстае пытанне: ці стаў бы выпускнік аспірантуры ў сваёй праграмнай кнізе падаваць спасылкі не на навуковыя выданні, а пераважна на інтэрнэт-рэсурсы або датаваць грамату 1352 году, якую літоўскія князі ўклалі “за великого князя Олькгерта”, 1340 годам (с. 107), калі Альгерд яшчэ не быў вялікім князем літоўскім? Гісторык, выпускнік аспірантуры, не ведае гадоў княжання вялікіх князёў літоўскіх?.. Зінькевіч у сваім нарысе гісторыі Вялікага княства Літоўскага таксама прапануе чытачу такія пэрлы, як тое, што беларусы займалі ў ВКЛ “второразрядное положение в государстве” (с. 114), што Полацк у 13 стагоддзі нібыта “воспринимал Владимиро-Суздальское княжество в качестве главной политической силы” (с. 63), што “свядомыя” гісторыкі займаюцца антыгістарычнай прапагандай, калі “объявляют статуты ВКЛ, слуцкие пояса, шляхетские замки и многое другое белорусскими национальными ценностями” (!) (с. 414), што ў 18 стагоддзі ў ВКЛ быццам не было надрукавана ніводнае кнігі на беларускай мове (с. 118), што “в XVII веке литовский язык был введён в великокняжеское делопроизводство” (с. 118), і іншую антыгістарычную лухту. Дарма што запэўненні Зінькевіча, што ён “опирается исключительно на достоверные исторические источники”, яго выпісанне гісторыі ВКЛ цяжка назваць адэкватным і гістарычным. Зінькевіч не ведае (і не жадае ведаць) элементарныя факты з гісторыі Вялікага княства Літоўскага: што “Літвою”, уласна “Літоўскім княствам” у ВКЛ называлася тэрыторыя Беларусі (разам з Віленшчынай), у той час як Жамойць ніколі не ўваходзіла ў склад уласна Літоўскага княства, а жамойты былі прызнаны “врожонцами” ВКЛ толькі ў 1566 г.; што ад пачатку 14 стагоддзя на прасторах уласна Літоўскага княства існавала Літоўская мітраполія, аб пастаўленні мітрапалітаў якой у 14 ст. прасіў і ўчыняўся “народ” Літвы; што ўжо ў лістах 14 стагоддзя ёсць сведчанні аб існаванні ў ВКЛ адметнае праўнае сістэмы – “Літоўскага права” (старабеларускага звычаёвага права) – на грунце якога пазней былі складзены Літоўскія Статуты. Усе гэтыя базавыя для разумення гісторыі Вялікага княства Літоўскага факты і рэаліі папросту не згаданы ў кнізе Зінькевіча.
Выснова простая: Зінькевіч гісторыі Вялікага княства Літоўскага, лагодна кажучы, не ведае. Або ведае яе праз прызму маскоўскіх заходнерусісцкіх пасквіляў, прытым савецкага, мадэрнісцкага ізводу. Сённяшні, мадэрнізаваны заходнерусізм адрозніваецца ад класічнага заходнерусізму 19 стагоддзя прыблізна гэтаксама, як рускі інтэлігент 19 стагоддзя адрозніваецца ад савецкага партыйнага чыноўніка. Калі класічны заходнерусізм 19 стагоддзя заўсёды казаў аб тым, што Літоўскае гаспадарства было збудавана на рускім праўным ладзе і культуры – то сённяшні заходнерусізм савецкага ізводу цалкам пагаджаецца з польска-ватыканскімі тэзамі аб поўным панаванні ў ВКЛ “балцкага летувіскага” элементу і “прыгнечанасці” русінаў. Дый праблема нават не ў тым, якую трактоўку (“усходнюю” або “заходнюю”) гісторыі гаспадарства і народу абвясціць слушнаю. Праблема ў тым, што погляд як палякаў, так і расейцаў на Вялікае княства Літоўскае заўсёды будзе поглядам вонкавым – а значыць апрыёры не здольным зразумець яго нутранае жыццё і не здатным напісаць яго праўдзівую і поўнавартасную гісторыю.
Кім сябе лічыць паводле нацыянальнасці Зінькевіч? Дастаткова паглядзець на той бруд, які ён лье на гісторыю нашае мовы, нашае культуры, каб зразумець якія ён мае маральные і інтэлектуальныя правы, каб пісаць гісторыю нашага народу. Зінькевіч, нібыта не разумеючы сваёй вонкавасці, сапраўды “несвядома” адцінае цэлыя столкі беларускае нацыянальнае гісторыі і культуры, адцінае дагэтуль, пакуль не застанецца чыста нічога якасна адметнага, адрознага ад маскоўскага, і вось гэты кастрыраваны аскепак падае чытачу як быццам “сапраўдную, спрадвечную” гісторыю беларусаў. Палітычныя інстытуты і культуру ВКЛ пры гэтым, натуральна, цалкам аддаюць летувісам і палякам, а беларусам пакідаюць толькі “гаротны лёс” “сялянскага народу” і г.д. І пры гэтым Зінькевіч заяўляе (с. 3), што гэта мы, “свядомыя”, прапануем “антирусскую версию истории” (!). Гэты выраз будзе справядлівым, калі пад сярэднявечнаю Руссю разумець вылучна Масковію. Але ці было гэта так для нашых продкаў? Для нашых продкаў, жыхароў ВКЛ, уся “Русь” была задзіночана якраз у межах Вялікага княства Літоўскага і Рускага (аб чым падрабязней скажам ніжэй) і тое, што ВКЛ было сваім гаспадарствам, не выклікала ў іх сумневаў. Беларускія нацыяналісты наадварот паўсюль падчырківаюць суцэльна славянскі, рускі (у гістарычным, а не сённяшнім маскоўскім сэнсе) характар ВКЛ – як гэта чынілі і найлепшыя расейскія гісторыкі 19 стагоддзя, такія як Любаўскі і Леантовіч. У той час як сённяшнія маскоўскія прапагандысты (чыста ва ўнісон з польскімі міфатворцамі) перамаўляюць мантры аб тым, што існавала нейкае міфічнае “балцкае гаспадарства”, што Жамойць гэта не Жамойць, а “натуральная палавінка Літвы”, што “сапраўдным” тытулам літоўскіх гаспадароў быў “дыдысіс кунігайкштыс летувяй”, што кіеўскія князі Алелькавічы – гэта “балцкія фэўдалы Алелькайчаі”, што ва ўрадах і судах Літвы на працягу стагоддзяў дзейнічалі “перакладчыкі на балцкую мову”, і іншы антыгістарычны маразм. Дык хто пасля гэтага прапануе “антырускую версію гісторыі”?..

У цэлым, Зінькевіч прапануе наступны нясвежы набор ідэалагем:
1. Ад 10-га стагоддзя і дагэтуль існаваў і існуе “адзіны рускі народ”; беларусы – не асобны народ, а толькі правінцыйная галіна “адзінага рускага народу” (“гвалтоўна ададраная” ад свайго маскоўскага цэнтру палякамі, “літоўцамі” і г.д.);
2. Беларусы ў Вялікім княстве Літоўскім не складалі нацыю літвінаў, ВКЛ не беларускае гаспадарства, беларусы ў ім былі “захопленымі”, “прыгнечанымі” і г.д.;
3. Беларусы па веры могуць быць толькі стараабрадцамі / новаабрадцамі / камуністамі / пуцінаслаўцамі (у залежнасці ад афіцыйнай рэлігіі, якая на дадзены момант вызнаецца Масквою), католікамі або пратэстантамі ім быць нельга;
і як вынік:
4. Беларускае гаспадарства не мае гістарычных падстаў, як і беларуская нацыя.

Гэтай ідэалогіі трэба запярэчыць па наступных прынцыповых пытаннях:
1. Ідэнтычнасць “русі” мела не прымардыялісцкі (“этнічны”), а канструктывісцкі характар; на працягу стагоддзяў існаваў не “адзіны рускі народ” (у этнічным сэнсе), а адзіная канфесійна-палітычная ідэнтычнасць “русі”, якая прыймала розныя палітычныя і нацыянальныя формы і акцэнты;
2. Ідэнтычнасць “літвы” (“літвінаў”) ВКЛ мела абсалютна такі ж канструктывісцкі характар. Літоўская шляхта мела не балцкае, а германскае этнічнае паходжанне і (гэтаксама як германцы-русы на Русі) стварыла канструктывісцкую паводле свайго характару канфесійна-нацыянальную ідэнтычнасць “літвы”.
3. З папярэдняга пункту вынікае, што Вялікае княства Літоўскае ёсць нашым (беларускім) гаспадарствам роўна ў той жа меры, у якой Русь Рурыкавічаў ёсць рускім (расейскім) гаспадарствам у сённяшнім сэнсе.
і як вынік:
4. Сапраўдныя нашыя гістарычныя нацыянальныя назовы – Літва і літвіны. Ідэнтычнасць “русі” не можа канкураваць з нашаю гістарычныю ідэнтычнасцю “літвы”, бо палягае ў іншай плашчыні і не выражае зместу нашае нацыянальнае і палітычнае гісторыі як гістарычнае нацыі.

Грунтоўнаю навуковаю памылкаю Зінькевіча (якая абарачае ў нішто ўвесь прыточаны ім гістарычны матэрыял) ёсць ігнараванне канструктывісцкае паводле свайго характару генэзы ідэнтычнасці “русі”. Калі я пачаў чытаць кнігу Зінькевіча, спачатку было ўражанне, што перада мною тыповы прымардыяліст – было адчуванне, што зараз пачнуцца папулярныя сёння ў Расеі мантры пра “старажытны славянскі народ русічаў”, пра “славяніна” Рурыка і іншая антыгістарычная лухта, якою сёння завалены паліцы расейскіх кнігарняў. Але я адчуў палёгку, калі на с. 14 прачытаў:
“Мы не разделяем примордиалистских взглядов «свядомой» интеллигенции и считаем основными маркерами национальной идентичности родной язык и культуру”.
Так, добра. Значыць, аўтар не прымардыяліст. Як жа ўтварылася ідэнтычнасць “русі”? Пытанне пра вытокі русі абыйдзена, фактычна, элегантным маўчаннем. Варагі і Рурык згаданы мімаходзь і, фактычна, у якасці дадатку да “адзінага рускага народу”, які (можна даўнімаць) існаваў бы і без іх. Зінькевіч не разглядае германскую этнічнасць варагаў-русаў, згадваючы толькі пра дзве тэорыі паходжання Рурыка – з скандынаваў і з прыбалтыйскіх славянаў. Ад сябе магу дадаць, што імя Рурык настолькі відавочнейшым чынам 100% германскае, што аспрэчваць яго германскасць (як і наогул германскасць варагаў) можа толькі поўны невук.
Утварэнне Русі 9–10 ст. Зінькевіч акрэслівае цьмянымі фразамі няпушч “со временем восточнославянские племена консолидировались в единую древнерусскую народность, и племенной сепаратизм остался в прошлом” (с. 37). Як жа адбылася гэтая эпахальная падзея? Чытач даведваецца, што праз стварэнне дзяржавы Рурыка між 862 і 885 гг. Зінькевіч вымушаны прызнаць, што нараджэнне ідэнтычнасці “русі” на тых землях, якія яна ахапіла ў 9–11 ст., было знітавана з стварэннем дзяржаўнага ўтварэння Рурыка і варагаў-русаў, але не жадае прызнаваць (або акцэнтаваць) германскасць Рурыкавічаў і варагаў. І зразумела чаму – гэта не пакідае камня на камні ад яго тэорый аб “адзіным славянскім рускім народзе”. Не існавала ў 9–10 стагоддзях (дый пазней) ніякага “адзінага ўсходнеславянскага народу” пад імем “русі”, не існавала “древнерусской народности” – а існаваў (як цалкам слушна прызнаўся Зінькевіч) “разношёрстный конгломерат” (с. 41) усходнеславянскіх і некаторых балцкіх і фінскіх плямёнаў, якія ўпершыню былі кансалідаваны ў адзіны палітычны арганізм варагамі-русамі Рурыка. І назоў “русі” на гэты кангламерат быў пашыраны германцамі-русамі ў якасці азначэння падначаленасці гэтага “разношёрстного конгломерата” элітарнаму ядру германцаў-русаў Рурыка. Аб гэтым наўпрост кажуць летапісы, якія ведаюць, што “сице бо звахуть ты варягы русь”, “от варягъ бо прозвашася русью”. Дарэчы, rusa/rosa ва ўсходнегерманскіх мовах азначала тое самае, што ў славянскіх – “русы, руды”, і адзначана гэтае германскае слова ў тыя часы, калі ніякія славяне яшчэ вядомы не былі. Такім чынам, гэтае славянскае слова нават у яго пабытовым сэнсе ёсць германскім з паходжання.
Зінькевіч слушна прызнае, што “формирование единого самосознания у жителей Древней Руси было связано прежде всего с осознанием себя подданными династии Рюриковичей” (с. 37) і што “единое этнокультурное сообщество – Русь” стварылі найперш “государственные институты Древней Руси” (с. 41). Шкада толькі, што Зінькевіч забыўся распавесці пра тое, якую каласальную ролю гралі мова і палітычныя інстытуты германцаў-русаў у гэтым працэсе. Такія тэрміны, як князь, цівун, дума, дружына, меч, шалом, полк, пенязь, срэбра, мыта, ліхва і многія іншыя тэрміны з базавай праўнай і вайсковай лексікі Старажытнае Русі ёсць германскімі з паходжання і былі ўвязаны варагамі-русамі.
Вось на с. 36 Зінькевич згадвае руска-бізантыйскую дамову 907 году, у якой Полацк згаданы сярод “руских городов”. Выснова з гэтага ў Зінькевіча простая – маўляў, вось і сведчанне існаванне “адзінага рускага” (славянскага) народу і прыналежнасці да яго палачанаў. Шкада, што Зінькевіч не ўзгадаў руска-бізантыйскую дамову 912 году, у якой пералічаны паслы “от рода рускаго: Карлы, Инегелдъ, Фарлофъ, Веремудъ, Рулав, Гуды, Руалд...” і г.д. У трактаце бізантыйскага цэсара Канстантына Барвянароднага (949 г.) пададзены назовы дняпроўскіх парогаў – на “славянскай” і “роскай” мове, прытым апошнія ёсць яўна германскімі. Гэта кажа аб тым, што ў сярэдзіне 10 стагоддзя назоў “русь” яшчэ захоўвае свой спачатны этнічны (германскі) характар. У гэты час германцы-русы толькі пакрысе пачынаюць славянізавацца, што відаць, прыкладам, з імёнаў з дамовы 944 году. Дыкжэ аб якім “адзіным рускім” (славянскім) народзе можна ў гэты час казаць?..

Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 2)

Калі зінькевічы пачынаюць свае мантры пра “спрадвечна адзіны рускі народ” – я адразу жадаю запытаць: калі гэты “адзіны народ” існаваў, у якім часовым прамежку? У якім стагоддзі існаваў “адзіны славянскі народ русі”? У 10 стагоддзі? Не смяшыце. У 10 стагоддзі назоў “русь” яшчэ мае свой спачатны германскі характар, а германцы-русы за мяжой добра вядомы тым, што гандлююць рабамі-славянамі.
Ці існаваў у 12 стагоддзі “адзіны рускі народ”? У гэтым стагоддзі ёсць нейкае падабенства адзінага нацыянальна-палітычнага арганізму: Руская мітраполія, “рускія” князі ад Ноўгараду да Галіча, паўсюль ужываецца Руская Праўда. Так, у 12 стагоддзі існаваў досыць трывалы палітычны арганізм Русі. Але ці існаваў “адзіны рускі народ”? Вялікія этнічныя і культурныя адрозненні паміж рознымі часткамі прасторнае тэрыторыі Русі, княскія сваркі, жахлівыя рабаванні Кіеву прадстаўнікамі розных княскіх дынастый – усё гэта не дазваляе казаць аб існаванні на прасторах Русі нават адзінага гаспадарства, не тое што “адзінага народу”. У прыватнасці, тое, што Полацкае вялікае княства (хаця яго тэрыторыя часам і называлася “Руссю”) не ўваходзіла ў міфічнае “единое Древнерусское государство”, відаць з ігнаравання полацкімі князямі лёсавызначальнага для княстваў Рурыкавічаў Любецкага сойму 1097 г., а таксама з захавання памяці полацкіх князёў аб тым, што яны “Рогволожи внуци” (а не Рурыкавічы). Ад сярэдзіны 12 стагоддзя полацка-менскія князі ў сталым звязе з Літвою рэгулярна разам з літвінамі абараняюцца або ваююць проці пскоўскіх, смаленскіх і чарнігаўскіх князёў – што выяўна паказвае палітычныя арыентыры і перспектывы Полацкага вялікага княства.
Дарэчы, у крыніцах 12 стагоддзя уласна “Руссю”, “Рускаю зямлёю” заўсёды называліся Кіеўскае, Чарнігаўскае і Пераяслаўскае княствы – спачатны дамен Рурыкавічаў. За межамі гэтае тэрыторыі былі толькі “рускія” князі, а не “Русская земля”. Калі купец ехаў, скажам, з Смаленску ў Кіеў, ён ехаў “на Русь” “в Рускую землю”. І наадварот, калі хтосьці ехаў з Кіеву або Пераяславу ў Смаленск або Ноўгарад, ён ехаў “из Руси”. Паводле логікі зінькевічаў трэба было б учыніць выснову, што на тэрыторыі “Русской земли” (на Ўкраіне) жыў “славянскі рускі народ”, а за яе межамі (ля Смаленску або Цверы) жыў нейкі іншы, чыста адрозны народ. Вядома, гэта не так. З этнічнага, моўнага і культурнага гледзішча славянскае жыхарства Кіеўскага, Полацкага, Цверскага, Пскоўскага княстваў было вельмі блізкім (з улікам наяўнасці скіфска-іранскага субстрату на Кіеўшчыне, фінскага на Цвершчыне і балцкага на Полаччыне), “рускія” палітычна-праўныя інстытуты спрыялі значнай кансалідацыі жыхарства гэтых вялізных тэрыторый, але гэтая кансалідацыя толькі распачыналася. І першасным чыннікам гэтае кансалідацыі быў не этнічны, а канфесійны сэнс “рускае” ідэнтычнасці, знітаваны з існаваннем Рускае (Кіеўскае) мітраполіі.
У 14 стагоддзі Кіеў, які па-ранейшаму лічыцца стальцом Рускае мітраполіі і сталечным местам “усяе Русі”, знаходзіцца ў межах Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Вялікі Ноўгарад захоўвае адносную незалежнасць як ад ВКЛ, так і ад цверскіх ды маскоўскіх князёў, укладаючы ўгоды па чарзе то з аднымі, то з іншымі. Падчас буйных ваенных закалотаў ВКЛ з Масквою ў 1368–1372 гг. пад харугвамі Альгерда проці Масквы рушыць не толькі беларускае жыхарства ВКЛ, але і смаленскі і цверскі князі (якія за гэта былі нават адлучаны ад царквы Канстантынопальскім патрыярхам). Як бачым, падстаў для існавання “адзінага рускага народу” ў 14 стагоддзі таксама мала.
Наймя спрэчка за сталец Рускае мітраполіі спрычыньвае нараджэнне ў сярэдзіне 14 ст. двух “рускіх” нацыянальна-палітычных праектаў – кіеўскага і маскоўскага, якім наканавана спірацца на працягу наступных стагоддзяў. Бізантыйскія царкоўныя ўлады, хаця больш спрыяюць Маскве і выракам 1354 г. зацвярджаюць перанос мітрапалічае катэдры з Кіеву ў Маскву, усё ж прызнаюць, што Кіеў ёсць “першым стальцом і першаю катэдраю” Рускае мітраполіі; у 1380 г. патрыяршы сінод піша, што “згодна з старажытным звычаем Рускае мітраполіі, немагчыма быць архіерэем Вялікае Русі, не маючы тытулу па Кіеву, які ёсць зборнаю царквою і галоўным горадам усёй Русі”. Такім чынам, Вялікае княства Рускае з сталіцаю ў Кіеве ў межах Вялікага княства Літоўскага і Рускага робіцца альтэрнатыўным Маскве “рускім” гаспадарствам і нацыянальна-палітычным праектам. Гэтаму спрыяе вялікі князь Вітаўт, аднаўляючы ў 1415 г. Кіеўскую мітраполію, “штобы Русская честь вся стояла на своей земли”. Як бачым, у 14–15 стагоддзях існуе (як і раней, ад 11 стагоддзя) адзіная канфесійная ідэнтычнасць “русі”, а “этнічна адзінага рускага народу” не існуе – больш таго, у межах ВКЛ дзейнічае альтэрнатыўны Маскве “рускі” нацыянальна-палітычны праект, які дае пачатак украінскай “рускай” нацыі з асобнаю ад маскавітаў культураю і палітычнаю свядомасцю.
Ці існаваў у 16 стагоддзі “адзіны рускі народ”? Нашыя продкі, а таксама продкі ўкраінцаў у 16 стагоддзі вельмі здзівіліся б, калі б ім сказалі, што яны складалі адзін народ з маскавітамі. Паводле ўяўленняў інтэлектуалаў ВКЛ, уся “Русь” была задзіночана ў межах Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Вялікае княства Рускае – гэта тэрыторыя сённяшняе Ўкраіны, а жыхары Маскоўскага княства – гэта маскавіты, а не рускія. “Літоўская” мова – гэта беларуская, “руская” – гутарковая ўкраінская або кніжная беларуска-ўкраінская мова, а вось царкоўна-славянская мова (продак сённяшняе расейскае) – гэта “язык словенск”. Наймя так гэтыя тры мовы вядомы, прыкладам, у слоўніках Сматрыцкага і Бярынды. Вось што пісалі аб уяўленнях жыхарства ВКЛ у 15–17 ст. вядомыя расейскія гісторыкі В. Пашута і Г. Харашкевіч:
“Вся Русь, по их понятиям, объединялась именно в Великом княжестве Литовском, русские жители Северо-Запада и Северо-Востока получали наименование по столице соответствующих земель – новгородцы, псковичи, тверичи, москвичи”.
Калі гэта прызнавалі Пашута і Харашкевіч у кандовай савецкай прапагандысцкай кнізе “Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства” – то як жа гэта могуць адмаўляць зінькевічы?.. Аб якім “адзінстве” (нібыта “адзінага народу”) можна казаць, калі амаль усё 16-е стагоддзе Вялікае княства Літоўскае і Рускае ваюе з Масковіяй, прытым у вачах нашых продкаў і продкаў украінцаў яны абаранялі сваё “рускае” гаспадарства ад заваёўнікаў-маскавітаў, якіх нават рускімі не называлі? Вось, прыкладам, літоўскі летапіс пад 1512 г. піша аб маскоўскім паходзе на ўкраінскія землі: “...князь великий московский Василий забывшы перемиря и прысяги своее, до панства Руского (!) войско свое высылал и шкоды непрыятельским обычаем чынил...”. Наш славуты асветнік Васіль Цяпінскі з Полаччыны, хаця адрасаваў свае кнігі “своей Руси”, але не сумняваўся ў тым, што як шляхціч мусіць абараняць свой край і ваяваць проці маскавітаў. Цяпінскі служыў у роце славутага Філона Кміты-Чарнобыльскага, аднаго з герояў паэмы “Радзівіліяда” Яна Радвана пра паход гетмана Мікалая Радзівіла Рудога проці маскавітаў 1564 году.
Літоўскі праваслаўны кніжнік з Супраслеўскага манастыра, які неўзабаве пасля славутае бітвы ля Крапіўны 1514 г. склаў “Похвалу вдатному князю Костянтину Ивановичу Острозскому, навышшему гетману Литовскому”, не называе маскавітаў інакш як “москвичи”, а маскоўскага князя Васілія толькі “князь московскый”. “Руские” і “литовские” “храбрые вои” ў яго – гэта войскі ВКЛ, падданыя Жыгімонта, “великаго князя Литовского и Руского”. Прычынаю вайны было тое, што “князь московскый, ... имеа ненасытную утробу лихоимениа, некоторыи городы, отчину и дедину великаго славнаго господаря Жикгимонта ... почал поседати”. Напрыканцы пахвальнага слова аўтар славіць “литовских и рускых вдатных витязей” і зычыць: “великославному господарю королю Жикгимонту Казимировичу буди честь и слава на векы, победившему недруга своего великого князя Василиа московского”. І ўсё гэта піша не паляк і не “летувіскі фэўдал” – а праваслаўны манах-кніжнік з Супраслеўскага манастыра.
Як у 16-ым, так і ў 18-ым стагоддзі маскавіты называлі ўвесь наш народ “літвінамі”, “літвою” (і нават не падазравалі аб існаванні нейкага “балцкага народу летувісаў”). Як прыезжыя ў Масковію беларусы, так і захопленыя маскавітамі палонныя з усёй тэрыторыі ВКЛ ад Ашмяны да Оршы – гэта “літвіны”, іхнюю мову маскавіты называюць “літоўскаю” і лічаць замежнаю. Дзе ва ўсім гэтым Зінькевіч угледзеў нейкую “общерусскую историю” (с. 5)?..
Нарэшце, ці існаваў на землях Беларусі “адзіны рускі народ” у 19 стагоддзі, пасля захопу зямель ВКЛ Масквою? Здаецца, паводле Зінькевіча, “русский народ” ВКЛ мусіў зліцца ў братэрскім экстазе з маскавітамі пасля гэтае эпахальнае падзеі (якую, як кажа Зінькевіч, беларускія сяляне “встретили с восторгом” (с. 420)). У чым жа складаўся гэты “восторг”? Няўжо ўсе беларускія сяляне адмовіліся ад (“акупанцкага”) назову “літвіны” і вярнуліся да свайго спрадвечнага назову “русі”? Мы не знаходзім сведчанняў гэтага: няма на працягу 19 стагоддзя сведчанняў аб вальным ужыванні беларусамі “рускае” (дый “беларускае”) нацыянальнае ідэнтычнасці. Насамрэч, гэта досыць дзіўна, улічваючы, што яшчэ ў 16–17 ст. “рускі” нацыянальна-палітычны праект граў у ВКЛ вялікую ролю. Чаму ён не займеў папулярнасць у 19 стагоддзі? Думаецца, якраз дзеля акупанцкае, варожае палітыкі маскоўскіх улад – “рускасць” стала атаесамляцца з акупантам-маскавітам і якраз дзеля гэтага не адбылося вальнага прызнання “рускае” ідэнтычнасці жыхарствам Беларусі (Літвы), цяпер яна разглядалася як варожая, маскоўская.
Ідылічна-ружовую хлусню Зінькевіча аб нейкім быццам “братском воссоединении” беларусаў і расейцаў пасля расейскае акупацыі ВКЛ цалкам адводзяць сведчанні сучаснікаў 19 стагоддзя – прытым не беларускіх нацыяналістаў і не палякаў, а саміх расейскіх чыноўнікаў і асаднікаў. Вось што пісаў у 1860-х гг. І. Карнілаў, начальнік Віленскае вучэбнае акругі (аўтар вядомага выказвання “Что не доделал русский штык, доделает русский чиновник, русская школа и русский поп”). Пра расейскіх асаднікаў у Беларусі (Літве) Карнілаў выказваўся гэтак: “Сама жизнь в уездном городе или в бедном местечке, вдали от всего родного, среди людей, чужих по вере и по убеждениям (!), а очень часто просто враждебных (!), является малоутешительной. Вне службы жизнь российского чиновника, полная тревоги и неприятностей, ограничивается узкими рамками семейного или товарищеского кружка”. А. Масолаў, чыноўнік асабістых даручэнняў пры Мураўёве, пра расейскіх чыноўнікаў-асаднікаў пісаў наступнае: “На провинции, рассыпавшись по глухим уголкам Беларуси, вся эта чиновная сила действительно чувствовала себя не слишком хорошо – должна была жить во враждебном окружении (!) и от тоски, как говорят, пила горькую и играла в карты”. Як бачым, сведчанні расейскіх чыноўнікаў (прытым не канца 18-га стагоддзя, а 1860-х гадоў – па 70 гадах расейскага панавання!) малююць вобраз зусім не “уз’яднання братэрскіх народаў”, а тыповы вобраз каланіяльнае акупацыі.
Дастаткова пачытаць фальклёрныя запісы 19 стагоддзя, скажам, такіх вядомых аўтараў, як Павал Шэйн і Міхайла Федароўскі, каб убачыць, наколькі далёкім і чужым народам лічылі нашыя продкі маскавітаў. У Федароўскага пададзена шмат анекдотаў і кпінаў з маскавітаў, якія разглядаюцца як чыста чужы народ. Павал Шэйн, якога ніяк нельга западозрыць у антымаскоўскіх настроях, пісаў у 1902 г. пра сялянаў Віцебшчыны: “Зовут себя белоруссы наськими, тутейшими, русскими же или белоруссами – никогда” (!). Абсалютна штучны і каланіяльны характар назову “белоруссы” даводзіцца многімі сведчаннямі самых розных аўтараў 19 стагоддзя, у тым ліку наступным сведчаннем вядомага навукоўцы – зноў не беларускага нацыяналіста і не паляка, а расейца – С. Максімава, славутага этнографа, які ад 1868 да 1877 гг. аб’ездзіў усе губерніі “Северно-Западного края” (Магілёўскую, Віцебскую, Віленскую, Гарадзенскую, Менскую і Смаленскую) і ў 1877 г. пісаў: “Название «Белорусс» – искусственное, книжное и официальное. Сами себя потомки Кривичей под этим именем не знают. <...> Под именем Белой Руси понимает тамошний народ Великороссию. Местная интеллигенция начала считать название «Белорусс» даже обидным”. У той жа час, у 19 стагоддзі ёсць мноства сведчанняў аб захаванні як шляхтаю, так і сялянамі ад Віленшчыны да Чарнігаўшчыны саманазову “літвінаў”. Як бачым, “адзінага рускага” (паводле ідэнтычнасці) народу не існавала ў Беларусі нават пасля захопу ВКЛ Масквою.

Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 3)

У гэтай сувязі цікавым выглядае пастулат “заходнерусісцкіх” канцэпцый (яго падзяляе і Зінькевіч) аб тым, што беларускае народнасці да 19 стагоддзя не існавала – яна выспела адно ў “спрыяльных” умовах знаходжання ў складзе Расеі ў 19 стагоддзі. Зінькевіч на с. 105 адмыслова кажа, што ў часы ВКЛ “белорусы тогда ещё не оформились в отдельный (суб)этнос”. Паўстае законнае пытанне: калі ж наш народ усправіўся як адметны народ з сваёю нацыянальнаю культураю і моваю? Паводле зінькевічаў выходзіць, што толькі ў 19 стагоддзі, у складзе Расеі! На с. 162 Зінькевіч з гонарам кажа, што Беларуская губернія, якая існавала ў складзе Расеі да 1802 г., была першым у гісторыі ўрадовым утварэннем, у назове якога было слова “Беларусь”. Застаецца толькі дзівіцца – навошта Расеі і тадышнім зінькевічам з іхняю догмаю “адзінага рускага народу” спатрэбілася канструяваць і развіваць “новую” беларускую народнасць (якая раней “не існавала”)?.. Дык мабыць ніякага “фармавання новае народнасці” (ва ўмовах акупацыі!) не было – а было проста перайменаванне царскаю адміністрацыяй літвінаў у “беларусаў”? Аб гэтым наўпрост сведчаць любыя крыніцы. Можна прытачыць тузіны самых розных сведчанняў ад пачатку да канца 19 стагоддзя аб тым, як расейская адміністрацыя пераймяноўвала літвінаў у “беларусаў”. Гэтыя сведчанні даўно вядомы, толькі зінькевічы не жадаюць іх бачыць. Лішне казаць, што Зінькевіча не займаюць такія дробязі, як тое, чаму беларуская мова класікаў 19 стагоддзя амаль нічым не розніцца ад мовы пісьменнікаў 18 стагоддзя, скажам, Рудніцкага і Марашэўскага, а тая сваім парадкам мала розніцца ад беларускай мовы 17 стагоддзя. У Зінькевіча няма часу на такія “дробязі” – беларускага народу ж да 19 стагоддзя “не існавала”!
Калі нашага народу ў 18 стагоддзі “не існавала” – цікава, хто выведзены ў “Камічнай дзеі” Мітрафана Даўгалеўскага 1737 году пад імем персанажа Літвіна, які размаўляе па-беларуску? У інтэрмедыях да драмы Гяоргія Каніскага 1746 году пад імем Літвіна таксама выступае праваслаўны беларускі селянін (у Зінькевіча Каніскі выступае як артадаксальны вызнаўца “единого русского народа”, старонні ўсякай “літвінскай” ерасі). Пад імем Літвіна выведзены беларускі селянін і ў інтэрмедыі на Ражство Хрыстова з украінскага зборніку 1776 году.
З блытаных заклінанняў і мантраў Зінькевіча вынікае простая выснова: Зінькевічу проста не падабаецца сам факт існавання ў гісторыі нашага народу. Вось на с. 221 Зінькевіч піша, што ў 19 стагоддзі “...местечковый национализм в Белоруссии держался на «трёх китах»: культивировании белорусского языка, постулировании тезиса о разном «составе крови» у белорусов и великоруссов и фетишизации литовского периода в истории Белоруссии”. А што ў гэтых трох пунктах крымінальнага? Прапусцім такі (паводле Зінькевіча) “грэх”, як ужыванне беларускае мовы. Наступны “кіт”: розны склад крыві. А што, хіба гэта няпраўда? Сам Зінькевіч падае (с. 8-10) меркаванні гісторыкаў на гэты конт, у тым ліку меркаванне расейскага гісторыка Пакроўскага аб тым, што маскавіты маюць у сябе не менш як 90% неславянскіх элементаў. Нашыя продкі маглі ў поўнай меры пераканацца ў неславянскасці маскавітаў, калі тыя падчас войн 17 стагоддзя насылалі на беларускія землі загоны калмыкаў або калі тыя ў 19 стагоддзі насаджвалі ў нашым дойлідстве азіяцкія купалы-цыбуліны. Нарэшце, услаўленне эпохі ВКЛ – хіба ў гэтым ёсць нешта ненатуральнае? Калі на нашых землях Літоўскі Статут дзейнічаў да 1840 году – то хіба не маглі нашыя продкі памятаць аб гаспадарстве, якое гэты статут нарадзіла?
Зрэшты, Зінькевіч сам блытаецца з тым, што мае сказаць. Ужо ў пачатку кнігі Зінькевіч агаломшвае чытача звінавачваннем “свядомых” гісторыкаў у тым, што яны “пытаются сконструировать новую белорусскую (литвинскую) идентичность” (с. 3). Так і не зразумела, з чым змагаецца Зінькевіч – з “беларускаю” ідэнтычнасцю або з “літвінскаю”? І якая з іх ёсць “новаю”? Што тычыцца навізны “беларускае” ідэнтычнасці – то Зінькевічу лепш за іншых мусіць быць вядома, што яна была сканструявана і пашырана расейскай адміністрацыяй у 19 стагоддзі, таму ўсе прэтэнзіі ў гэтым плане Зінькевіч мусіць звяртаць да сваіх заказчыкаў. Што ж тычыцца ідэнтычнасці “літвінаў” – то “літвінамі” называў свой народ яшчэ першы вялікі князь літоўскі Міндоўг (rex Litwinorum), а тое, што літвіны ёсць тытульнаю нацыяй ВКЛ, было прапісана ў Літоўскіх Статутах, складзеных, як вядома, “своім власным языком” літвінаў. Калі ёсць у гэтай гісторыі нейкая “новая”, “сканструяваная” ідэнтычнасць – то гэта ідэнтычнасць “летувісаў”, прыдуманая замежнымі езуітамі ў канцы 16 стагоддзя і штучна пашыраная імі ж на працягу 17–18 стагоддзяў. Зінькевіч ахвотна прыточвае езуіцкія квазінавуковыя байкі пра “этнічна балцкі народ летувісаў” у якасці абгрунтавання таго, што быццам беларусы не называліся ў ВКЛ літвінамі. Насамрэч, уся гэтая тэорыя “летувізму”, якая была ў 17–18 ст. здабыткам вылучна езуіцкіх школ і іншых замежных дзеячаў, ёсць сама лепшым даводам штучнасці, сфабрыкаванасці, кабінетнасці “летувіскага” праекту. І якраз сведчаннем глыбока народнага, прыроднага характару ідэнтычнасці “літвінаў” ёсць той факт, што наш народ шырока працягваў захоўваць гэты свой саманазоў скрозь стагоддзі езуіцкага цемрашальства і расейскага тэрору. Але Зінькевічу не патрэбна сапраўдная гісторыя Вялікага княства Літоўскага. Маскоўскія прапагандысты гатовы аддаць жамойтам гістарычныя правы на Беларусь, на Пскоў, на Кіеў – усё што заўгодна, абы не прызнаваць гістарычную ісціну, што ВКЛ было беларускім гаспадарствам. І пасля гэтага маскоўскія прапагандысты закідаюць нам (!) служэнне “езуіцка-каталіцкай прапагандзе”...
Дарэчы, калі навукова падыходзіць да ўласна назову кнігі Зінькевіча, то трэба заўважыць, што назоў “Белая Русь” ніколі да 19 стагоддзя на тэрыторыю Беларусі (гістарычнае Літвы) не пашыраўся. “Белаю Руссю” ў 13–15 стагоддзях называліся землі Пскоўшчыны, Цвершчыны і Смаленшчыны. У 15–17 стагоддзях “Белаю Руссю” ў многіх крыніцах (і перадусім у маскоўскіх) называлася Масковія. Беларускі гісторык Павал Урбан гэтак падсумаваў сваё даследванне гэтага пытання:
“Назоў “Белая Русь” зусім не сустракаецца ні ў дзяржаўных актах Вялікага Княства, ні ў гэтак званых “літоўскіх летапісах”, улучна з Быхаўцавай і Баркулабаўскай кронікамі. Няма яго і ў ведамых мэмуарах А.С. Радзівіла, пісаных у 1632–1656 гадох. Дарэчы, знаны прыхільнік маскоўскіх цароў манах з Берасцейшчыны Апанас Філіповіч, які шмат вандраваў па Вялікім Княстве Літоўскім і пабываў у Маскоўшчыне, у сваім “Дыярыюшы”, пісаным у 1640-х гадох, пад “Белай Руссю” яшчэ разумеў Маскоўшчыну”.
Наш сучаснік гісторык права Язэп Юхо гэтак падсумаваў свае даследванні нашага гістарычнага назову:
“У афіцыйных дакументах ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў апроч “Літвы” для ўсёй тэрыторыі Беларусі другога наймення наогул не існавала і ўвесь народ называлі Літвою. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашнага часу ігнаруюць гэтае найменне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў”.

Такім парадкам, як бачым, на працягу стагоддзяў не існавала “этнічна адзінага рускага народу” – а існавала адзіная ідэнтычнасць “русі”, якая мела найперш канфесійны характар. Замоўчванне германскіх вытокаў русі і канструктывісцкае паводле свайго характару генэзы “рускае” ідэнтычнасці патрэбна Зінькевічу акурат для адмаўлення яе першаснага канфесійнага характару ў сярэднявеччы (с. 99):
“Вне всяких сомнений, в источниках есть упоминания и о «русской» вере (православии), и сам термин «русин» используется для обозначения конфессиональной принадлежности, однако конфессионим является производным от этнонима, а не наоборот”.
Дыкжэ ад якога “этноніму” ўтварыўся канфесіёнім “русіны”? Няўжо ад назову “этнічна рускага (славянскага) народу” – якога ў 10 стагоддзі, у часы стварэння Рускае мітраполіі, не існавала і не магло існаваць? Наадварот, гэта стварэнне ў 988–1037 гг. Рускае (Кіеўскае) мітраполіі распачало вальнае пашырэнне “рускае” (канфесійнае) ідэнтычнасці на разнародныя славянскія (і неславянскія) народнасці ад Галічу да Мурама. Такія шырока ўжываныя ў сярэднявеччы выразы, як “русская вера”, “русский закон”, – пераконваюць, што першасным сэнсам “рускае” ідэнтычнасці ў 11–14 ст. быў сэнс канфесійны (дый ён часткова захоўваўся ў якасці такога яшчэ ў 17–18 ст.). І ад гэтага галоўнага канфесійнага сэнсу толькі ў 14 стагоддзі, у часы падзелу Рускае мітраполіі між Кіевам і Масквою, нараджаюцца два “рускія” нацыянальныя праекты – кіеўскі і маскоўскі. Не кажучы ўжо аб тым, што “спачатнага этнічнага” (славянскага) сэнсу назову “русь” у прыродзе не існавала (што абыйдзена ў кнізе Зінькевіча элегантным маўчаннем).
Займеем бачанне на наступны падставовы для нашай тэмы момант: пасля стварэння Рускае мітраполіі ў 988–1037 гг. ці працягвалі Рурыкавічы і іншыя германцы-русы захоўваць сваю ідэнтычнасць “русі” ў якасці спачатнае этнічнае (германскае)? Вядома, не. Для гэтага не было магчымасці дзеля іх няўхільнае славянізацыі. Дый гэта не было ім патрэбна, бо пераемнасць улады Рурыкавічаў і іхніх сваякоў вынікала з самаго манархічнага, фэўдальнага ладу іхніх княстваў – а гэта ўсё, на што яны маглі разлічваць у такіх умовах. Поўная славянізацыя германцаў-русаў у гэтых умовах была чыста няўхільнаю, таму яны толькі захоўвалі свае старажытныя германскія імёны (Рурык, Інгвар, Глеб, Алег) у якасці даніны памяці свайму паходжанню ды цалкам распусціліся ў славянскім асяроддзі, надаўшы яму свой германскі з паходжання назоў “русі”, які пашырыўся на разнародную этнічную масу ўсходнеславянскіх зямель праз свой канфесійны характар. Гэта, вядома, тлумачыць, чаму наймя дзяржаўныя і царкоўныя інстытуты Русі (а не этнічнае паходжанне) вызначалі “формирование единого самосознания у жителей Древней Руси” (як слушна заўважае Зінькевіч на с. 37-41). Чыста паводле такога ж механізму – праз дзяржаўныя інстытуты і Літоўскую мітраполію ВКЛ – літоўская шляхта перанесла сваю ідэнтычнасць “літвінаў” на жыхарства Вялікага княства Літоўскага.
Пільнае разгледжанне канструктывісцкага (а не этнічнага) характару генэзы ідэнтычнасці “русі” спатрэбілася, па-першае, каб слушна насвятліць гісторыю рускае ідэнтычнасці ў сярэднявеччы, а па-другое, каб у гэтым святле разгледзець генэзу ідэнтычнасці “літвінаў” Вялікага княства Літоўскага. “Літоўская” ідэнтычнасць ВКЛ была не этнічнаю, а чыста такою ж канструктывісцкаю паводле свайго характару і склалася ў дакладнасці паводле такога ж механізму, як і сярэднявечная ідэнтычнасць “русі”. Літоўская шляхта, якая стварыла ВКЛ, была таксама германскаю (усходнегерманскаю) з этнічнага паходжання і стварыла ў ВКЛ такую ж канфесійна-палітычную паводле свайго характару ідэнтычнасць, што і германцы-русы на Русі.
Падставовым элементам міфалагізацыі гісторыі Літвы ёсць ігнараванне ўсходнегерманскага этнічнага паходжання літоўскае шляхты. Тэорыя аб “балцкай этнічнасці” літвінаў не заснавана ні на якім гістарычным матэрыяле, апрача мантраў пра тое, што такія пашыраныя германскія імёны, як Альгерд, Альгімунт, Вітаўт, Віцень, Любарт, Гастольд і г.д., ёсць нібыта “этнічна балцкімі”. Сённяшняя гістарыяграфія цалкам ігнаруе не толькі германскія імёны літвінаў, але і шматлікія ўрадовыя тэрміны ВКЛ яўна ўсходнегерманскага паходжання, а таксама летапісы ВКЛ, у якіх літоўская шляхта чорным па беламу напісала, што прыбыла ў Панямонне з мора і не была аўтахтонным элементам у Панямонні. Германскае паходжанне літоўскае шляхты трапляе ў мадэрновай гістарыяграфіі ў раздзел “забароненае гісторыі” – і зразумела чаму. Германскасць літоўскае шляхты імгненна выводзіць пачаткі Літвы з блукання ў лясных гушчарах Жамойці на ровень высокае еўрапейскае палітыкі. Адразу робіцца зразумелаю рэлігійная адметнасць літвы (усе ўсходнегерманскія народы былі зацятымі прыхільнікамі арыянства). Адразу робяцца зразумелымі апеляцыі літвінаў да свайго паходжання з “рымскае шляхты” (у раннім сярэднявеччы ў Рыме панавалі, вядома, усходнія германцы – а не жамойты). Робіцца зразумелым вельмі высокі ровень ваеннае справы і праўнага ладу літвінаў. Германцы наогул любілі засноўваць гаспадарствы і ствараць праўныя сістэмы. Германскі элемент у Літве – як і германцы-франкі ў Францыі і германцы-русы на Русі – цалкам асіміляваўся з мясцовым жыхарствам, прытым надаўшы яму і створанаму разам з ім гаспадарству свой назоў. Захоўваючы свае старажытныя германскія імёны (як і германцы ў іншых краях – у якасці азначэння сваёй арыстакратычнасці), германская шляхта Літвы цалкам славянізавалася ўжо ў 14 стагоддзі. Якраз яе германскае (а не балцкае) этнічнае паходжанне тлумачыць, чаму гэты неславянскі элемент цалкам распусціўся ў славянскім (а не балцкім) асяроддзі і пашырыў свой назоў “літвы” на жыхарства старабеларускіх княстваў (а не на балцкую Жамойць).

Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 4)

Адным словам, паводле свайго механізму, генэза ідэнтычнасці “літвінаў” ВКЛ была ў дакладнасці такою ж, як генэза “рускае” ідэнтычнасці на Русі. Дыкжэ возьмем асноўныя аспекты генэзы “рускае” ідэнтычнасці ў выкладзе Зінькевіча і параўнаем іх з працэсам складання “літоўскае” ідэнтычнасці ВКЛ. На с. 41 Зінькевіч піша:
“Таким образом, государственные институты и культура Древней Руси стали тем плавильным тиглем, который преобразовал конгломерат разношёрстных восточнославянских племён, а также славянизированных балтов и финно-угров в единое этнокультурное сообщество – Русь”.
Заўважым, што нават Зінькевіч прызнае, што першасным інструментам, які стварае нацыю, ёсць гаспадарства (а не этнічнасць). Таму, дарма што досыць адрозная этнічнасць жыхарства зямель Русі (дый неславянская этнічнасць яе стваральнікаў варагаў-русаў – замоўчаная, але, фактычна, моўчкі прызнаная ў кнізе Зінькевіча), наймя дзяржаўныя і царкоўныя інстытуты Русі на працягу 10–12 ст. задзіночвалі гэты “конгломерат разношёрстных племён” у досыць трывалы палітычны арганізм і пашыралі на яго канфесійна-палітычную ідэнтычнасць “русі”.
А што ж у Вялікім княстве Літоўскім? Ці не быў працэс будавання палітычнае свядомасці яго жыхарства ў дакладнасці такім жа? Ці не праз яго ўрадовыя інстытуты і праўную культуру зацвердзілася адзіная палітычная і нацыянальная самасвядомасць народу літвінаў? І які яна мела характар – балцкі або беларускі? Пачаць трэба з таго, што ўвесь урадовы лад Вялікага княства Літоўскага быў чыста беларускім з паходжання. Алесь Краўцэвіч, які адмыслова прысвяціў сваю манаграфію пачаткам ВКЛ, адзначыў:
“Уся дзяржаўная арганізацыя будавалася па ўсходнеславянскаму ўзору. Невядома ніводнага дзяржаўнага інстытута ў ВКЛ, які б можна было лічыць летувіскім па паходжанню”.
Аб чым казаць, калі “Літоўскім правам” у ВКЛ ужо ў 14 стагоддзі называлася старабеларускае звычаёвае права. Чыста ўвесь механізм дзяржаўнага кіравання – ад вялікакняскага двара да апошняга сельскага старасты ў Жамойці – быў ураджаны паводле ўзораў старабеларускіх княстваў. Аб якім “балцкім гаспадарстве” тут выпадае казаць?..
На с. 37 сваёй кнігі Зінькевіч мае бачанне на дынастычны характар фармавання “рускае” палітычнае свядомасці:
“Формирование единого самосознания у жителей Древней Руси было связано прежде всего с осознанием себя подданными династии Рюриковичей, представители которой пользовались исключительным правом на политическую власть в любой части Древнерусского государства. Такой династический характер формирования идентичности был типичен для Средневековья: аналогичным образом самосознание поляков и чехов дифференцировалось из общей этнической основы, разделённой на владения Пястов и Пржемысловичей...”.
Калі сярэднявечныя русіны ўсправілі сваю ідэнтычнасць пад уладаю германцаў Рурыкавічаў – то чаму нашыя продкі не маглі ўсправіць сваю ідэнтычнасць літвінаў пад уладаю германцаў Гедымінавічаў, жывучы ў гаспадарстве, якое было чыста сваім, славянскім паводле ўрадовага ладу, мовы і культуры? І чаму, калі ў нашых продкаў была “общая этническая основа” з жыхарствам Кіеўскае і Маскоўскае Русі, яны нібыта не маглі адлучыцца ў моц пражывання ў апрычоным гаспадарстве – гэтаксама, як падзяліліся палякі і чэхі, адпаведна, пад Пястамі і Пржэмыславічамі? Выходзіць, палякам і чэхам можна разлучацца ад супольнай этнічнай асновы, а беларусам і маскавітам нельга, хаця б яны і жылі на працягу пяці стагоддзяў у розных гаспадарствах?..
Нашыя продкі гэтаксама знітоўвалі сваю палітычную свядомасць з вялікакняскаю ўладаю ВКЛ, як і жыхары Русі 10–13 ст. з Рурыкавічамі. У 1265 г. полацкі і віцебскі князь Ізяслаў пісаў у сваёй грамаце: “Полотеск и Видьбеск одно есть, а в воли есми божии и в Войшелгове”. У 1405 г. палачане ўкладалі дамову з Рыгаю, “надеючысь на бога святого, Софея милость и князя великого Витовта здоровье”. За часоў вялікага князя Казімера палачане пісалі ў Рыгу: “есть у нас господарь, кому нас оборонити”. Наймя гэты “дзяржаўны патрыятызм” стаўся асноваю будавання не толькі ідэнтычнасці “літвінаў”, але і палітычнае свядомасці “русінаў” ВКЛ. Сучасны расейскі гісторык Станіслаў Думін наймя ім тлумачыць большую папулярнасць літоўскае праграмы злучэння рускіх зямель, ніж маскоўскае:
“Нарастающие различия в строе этих государств и, в частности, более привилегированное положение жителей Великого княжества, и в первую очередь – местных феодалов по сравнению с феодалами Московской Руси, отнюдь не способствуют широкой популярности среди них «московской» программы объединения. Отсюда решительное нежелание признать власть московского государя, тот «государственный патриотизм», за который их почему-то упрекают современные историки”.
На с. 37-38 Зінькевіч піша пра ролю вайсковых урадаў у кансалідацыі жыхарства Русі:
“...Важным институтом, консолидировавшим восточнославянские племена, была великокняжеская дружина <...>. Дружинное сословие объединяло людей разного этнического происхождения <...>. ...Соответственно, дружинная культура была первым шагом на пути к созданию общерусской культуры”.
А хіба ў Вялікім княстве Літоўскім войска і вайсковыя ўрады не былі грунтам нацыянальнае кансалідацыі? Мабыць, яны станавілі сабою нейкія асяродкі “этнічнае балцкасці”, адкуль шырыўся “балцкі прыгнёт” на “заваяваных” русінаў?.. Увесь вайсковы лад ВКЛ – як і іншыя ўрады ВКЛ – быў чыста беларускім з паходжання. Самі назовы “літоўскага” вайсковага звычаю, “літоўскае” ваеннае традыцыі ўжо ў 14 ст. азначаюць беларускую вайсковую традыцыю. Вялікі князь Ягайла, як вядома, у сваім прывілеі 1387 г. узгадваў старажытны звычай “гнання ворагаў з нашае Літоўскае зямлі” (terrae nostrae Lithuanicae), які па-народнаму (vulgo dicitur) называўся “пагоня” (pogonia). У 1432 г. ваенны звычай друцкага князя Івана Бабы быў у Маскве вядомы як “літоўскі” (“изрядивъ свой полк с копьи по литовски”).
Русіны Вялікага княства Літоўскага ад сама пачатку існавання гэтага гаспадарства разам з літвінамі абаранялі яго. Яшчэ за часоў Міндоўга яго “литва с русю” хадзілі на крыжакоў і палякаў. Ваяры з Пінску і Наваградку памагалі ў 1264 г. вялікаму князю Войшалку падбіць варожых яму баяраў у балцкіх землях Дзяволтве і Нальшчанах, а потым хадзілі з вялікакняскім войскам на крыжакоў і палякаў. У 1277 г. падчас аблогі вялікім князем Тройдзенем Дынабургу (у Ліфлянтах) сярод яго войска вылучыліся “рускія стральцы” (Russen schutzen). Літвіны і русіны ВКЛ, служачы ў войску Вялікага княства Літоўскага, разам памагалі абараняць гэтае гаспадарства ды развіваць яго славянскі характар.
Параўноўваючы рэаліі ВКЛ з гісторыяй Кіеўскае Русі, я жадаю запытаць: чым так адрозніваюцца рэаліі ВКЛ, што маскоўскія прапагандысты адмаўляюцца прызнаць яго нашым беларускім гаспадарствам? Чаму сваякі Аскольда і Дзіра, якія шпарка гандлявалі славянскімі рабамі ў Крыму, – гэта “слаўныя старонкі рускае (у сённяшнім сэнсе, т.б. славянскае) гісторыі”, а вялікія князі Войшалк і Тройдзень, якія з войскамі з Полацку, Пінску, Наваградку хадзілі на крыжакоў, каб абараніць гаспадарства, збудаванае на беларускім праве і мове, – гэта быццам “прыгнятальнікі” і “ворагі” беларускага народу?.. Дальбог, дваістыя стандарты!
На с. 34 Зінькевіч з задавальненнем піша пра хуткую славянізацыю Рурыкавічаў на Русі (маўляў, калі яны і былі неславянамі, германцамі – то за некалькі пакаленняў яны сталіся чыста славянамі, не хвалюйцеся):
“Однако даже если пришлый варяг имел скандинавские корни, его род очень быстро славянизировался: уже внук Рюрика носил бесспорно славянское имя Святослав”.
А што, мабыць, у ВКЛ адбывалася нешта іншае? Ужо за часоў першага вялікага князя літоўскага Міндоўга бачым яго ваяводу Сірвіда Рушковіча, літоўскіх князёў Рушковічаў і Булевічаў. У 13–14 стагоддзях бачым літоўскіх баяраў з імёнамі Енюль Радзівілавіч, Бутвід Ракутовіч, Бутрым Савічэвіч, Братоша Гайлютовіч і падобнымі. За часоў вялікага князя Гедыміна вядомы літоўскія князі Давыдка і Юрый Вітаўтавіч. Унукі Гедыміна мелі імёны Міхайла, Дзмітрый, Аляксандр, Валадзімер, Юрый, Патрыкей, Фёдар і распачалі княскія дынастыі Чартарыйскіх, Бельскіх, Сангушкаў, Алелькавічаў, Збаражскіх, Вішнявецкіх і іншых (якія сёння лічаць “этнічна балцкімі” толькі такія “навукоўцы”, як насельнікі інстытуту гісторыі Летувы).
З любых гістарычных матэрыялаў відаць, што літоўская шляхта ўжо ў 14 стагоддзі чыста славянізавалася і злучылася з славянскім жыхарствам ВКЛ. У якасці даніны памяці свайму неславянскаму паходжанню яна толькі шырока захоўвала свае старажытныя германскія імёны – але і Рурыкавічы ў сярэднявеччы шырока захоўвалі свае германскія імёны Рурык, Інгвар, Алег і іншыя і гэта не закажала іхняй поўнай славянізацыі, а было толькі данінай памяці іхняму германскаму паходжанню. У часы Крэўскае уніі 1385 г. мы бачым, што і ўвязанне ў ВКЛ каталіцтва ніякім чынам не перашкаджала поўнай беларусізацыі літоўскае шляхты: буйнейшыя літоўскія паны Гастоўты, Манівіды, Мантыгерды, Радзівілы і іншыя (як і дробныя баяры) наўсцяж называюцца Івашкамі, Пятрашкамі, Алёхнамі, Андрушкамі, называюць беларускую мову народнаю і пабытоваю. Вялікія князі Ягайла, Вітаўт і Жыгімонт ў сваіх перакладных (лацінскіх і нямецкіх) граматах шматкроць падавалі беларускія словы і выразы ды называлі беларускую мову “народнаю” (vulgariter).
Сапраўды за мяжою абсурду знаходзяцца заявы Зінькевіча аб тым, што “свядомыя” гісторыкі імкнуцца “искусственно “обелорусить” Великое княжество Литовское” (с. 73) і “изобразить ВКЛ государством, в котором белорусы были культуртрегерами” (!) (с. 410). Прабачце, а што там можна “обелорусить”, калі ў ВКЛ і так усё было беларускім? Ці Зінькевіч ужо знайшоў у ВКЛ хаця б адзін балцкі з паходжання ўрадовы інстытут? хаця б адзін літаратурны помнік на балцкай мове, створаны пры вялікакняскім двару (а не ў школе замежнікаў-езуітаў)? Мабыць, стваральнікамі культуры ВКЛ былі “этнічныя балты” – якія не далі ВКЛ чыста анічога, нуль?.. Калі ўжо нехта і імкнецца нешта “искусственно изобразить” – то гэта адэпты “летувіскае” тэорыі, якія не саромеюцца самай нахабнай хлусні.
Прытым, Зінькевіч не спускае абаротаў, нават калі цытуе грамату Яўнута, Кейстута, Любарта і іншых літоўскіх князёў 1352 году, якою яны “за великого князя Олькгерта” дамовіліся “мир держати вельми твердо” з польскім каралём. Так і хочацца запытаць: для чаго ж “летувіскія” фэўдалы “заваёўвалі” і “прыгняталі” беларусаў? Каб па-беларуску ліставацца з польскім каралём?.. А ёсць яшчэ грамата князёў Кейстута і Любарта 1355 году да прускіх улад Тэўтонскага ордэну, у якой літоўскія князі ўжылі чыста гутарковы беларускі выраз “абы вам не закажалі, мы хочэм рады то учыніті”. Ёсць дамоўная грамата вялікага князя Альгерда з польскім каралём 1366 году, у якой Альгерд ужываў выраз “А колі дасть Бог...”. Па-беларуску вялікі князь Вітаўт надаваў прывілеі на айчызныя валоданні панам Манівіду і Кясгайле, пісаў граматы віленскім біскупам. Па-беларуску вялікі князь Жыгімонт выдаваў прывілей на майтборскае права Вільні ў 1432 г. Вялікі князь Свідрыгайла ліставаўся па-беларуску з магістрам Тэўтонскага ордэну Русдарфам. Няўжо з усяго велічэзнага гістарычнага матэрыялу па гісторыі ВКЛ не відаць, што ад спачатнай неславянскай этнічнасці літвінаў у 14 стагоддзі засталіся толькі іхнія старажытныя імёны (зноў заўважым, што гэтыя імёны германскія, а не балцкія), а яны цалкам славянізаваліся?
Дыкжэ часткаю якога народу павінен Зінькевіч лічыць паноўны элемент (шляхту) ВКЛ – калі сам Зінькевіч запэўнівае, што ён “не разделяет примордиалистских взглядов” і “считает основными маркерами национальной идентичности родной язык и культуру”?.. Вядома, часткаю беларускага народу – з якім асімілявалася германская шляхта ВКЛ, пашырыўшы на яго свой назоў “літвінаў” (гэтаксама як Рурыкавічы пашырылі на жыхарства сваіх княстваў свой германскі назоў “русі”). Аб гэтым добра было вядома не толькі літоўскай шляхце, якая ў 15 стагоддзі ў сваіх перакладных лістах наўсцяж называла “народнаю” (vulgariter) беларускую мову, але і замежнікам 15–16 стагоддзяў, якія ў адзін голас казалі, што Літва ёсць славянскім краем, а літоўская мова – славянская, роднасная рускай і польскай. Толькі замежныя езуіты ў другой палове 16 стагоддзя, у межах распачатае дэструктыўнае праграмы Контррэфармацыі, упершыню пачалі прыдумляць, што літвіны з паходжання быццам ёсць балцкім народам, роднасным жамойтам і прусам. Не дзіва, што гэтая экзатычная тэорыя сустрэла поўную індыферэнтнасць літоўскае шляхты, якая па-ранейшаму працягвала размаўляць на беларускай мове, якую называла “літоўскаю”.
Грунтоўным чыннікам успраўлення “літоўскае” ідэнтычнасці ВКЛ быў чыннік канфесійны, знітаваны з існаваннем ад пачатку 14 ст. Літоўскае мітраполіі. Як і ў выпадку з “Рускаю” мітраполіяй 11–13 ст., Літоўская мітраполія адыграла вялікую ролю ў кансалідацыі ідэнтычнасці жыхарства Вялікага княства Літоўскага. Літоўская мітраполія ўлучала тры біскупствы – Наваградскае, Полацкае і Тураўскае. Мітрапаліт меў сваіх намеснікаў таксама ў Горадні і Вільні (“из старины”, як адзначана ў лісце 1451 г.). Тытул мітрапаліта быў “μητροπολίτης Λιτβων” – “мітрапаліт Літвы”. У 14 стагоддзі бізантыйскія ўлады разглядалі ўсю гэтую “Літву”, тэрыторыю Літоўскае мітраполіі, як частку Русі, то бо як хрысціянскі славянскі край.
У сваёй кнізе Зінькевіч шмат піша аб “общерусском единстве”, якое прасочваецца ў розных гістарычных крыніцах. У прыватнасці, на с. 99 ён піша, што “об общерусском единстве неоднократно упоминали иностранные авторы”. Калі б Зінькевіч быў уважлівей, ён заўважыў бы, што мова ў гэтых крыніцах была пра канфесійную ідэнтычнасць “русі” і пра культурны арэал былое Кіеўскае Русі, былое Рускае (Кіеўскае) мітраполіі 11–13 ст., падзеленае ў 14 ст. на Літоўска-Кіеўскую і Маскоўскую. Наймя ў гэтым сэнсе да “Русі” замежныя аўтары залучалі і ўсю Літву, улучна з Вільняй і Коўняй. Бізантыйскі гісторык Нікіфар Грыгара ў 1350-х гадах называў Літву часткаю Русі. “Літоўская зямля” атаесамляецца з тэрыторыяй Літоўскае мітраполіі ВКЛ і называецца часткаю Русі ў лістах Канстантынопальскіх патрыярхаў Філафея (1371 г.) і Антонія (1389 г.). У грунтоўным геаграфічным помніку канца 14 ст. “Имена всем градом рускым” (складзеным, імаверна, у канцылярыі мітрапаліта Кіпрыяна) у спісе “руских” пералічаны “Литовскии грады” Вільня, Трокі, Вількамір, Коўня, Горадня, Клецк, Слуцк, Віцебск, Орша і іншыя гарады Вялікага княства Літоўскага, у той час як жаднае места Жамойці не названа сярод “літоўскіх гарадоў”. Польскія пісьменнікі 15 і 16 стагоддзяў таксама пісалі, што “люд літоўскі, рускі і маскоўскі – гэта адна і тая ж Русь, адно і тое ж племя”. Усе гэтыя гістарычныя матэрыялы кажуць аб тым, што назоў “Русь” у шырокім сэнсе ў 14–15 ст. ужываўся ў якасці суперэтноніму, азначэння арэалу былое Кіеўскае Русі і старое (да падзелу 14 ст.) Рускае мітраполіі або, як трапна заўважыў І. Чаквін, у якасці “макраэтноніму з пэўным канфесійным сэнсам”. Прытым часткаю гэтае “Русі” была “ўласна Літва” з Вільняй, Коўняй і Вількамірам – што бясспрэчна сведчыць аб поўнай славянізацыі асяродку Літоўскага гаспадарства.
У 15 стагоддзі ні ў каго, як у ВКЛ, так і за яго межамі, не было сумневаў наконт таго, чыё гэта гаспадарства. Гэта на нашай мове адбывалася камандаванне войскам Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальцкай бітве. Гэта на нашай мове размаўляюць у Кракаве кароль Ягайла і каралева Сафія. Гэта на нашай мове літоўскія князі лістуюцца з палякамі і крыжакамі. Гэта на нашай мове размаўляюць і пакідаюць запісы ў кнігах студэнты-літвіны ў Кракаўскім універсітэце. Гэта на нашай мове складаюць у 15 стагоддзі вялікакняскія прывілеі, якія ў наступным стагоддзі дадуць пачатак Літоўскім Статутам. Гэта пра нас Аляксандр Гваньін, пералічаючы “славянскія” народы, напісаў: “Літвіны, якія пануюць на вялікую руку...”.

Рэцэнзія на Зінькевіча (ч. 5)

Пры разгледжанні нашае палітычнае гісторыі паўстае вельмі важнае, можна сказаць, галоўнае пытанне: Беларусь геапалітычна – гэта цэнтр або перыферыя? Галоўным пунктам маскоўскае прапаганды, можна сказаць, яе “сымбалем веры” ёсць імкненне заўсёды зрабіць з Беларусі – гістарычнае Літвы – перыферыю (для гэтага ўласна і спатрэбілася перайменаванне Літвы ў “Беларусь”). Без гэтага губляюць сэнс усе мантры маскоўскае прапаганды пра адвечную цягу “сялянскага народу” да “мацеры-Масквы” і г.д. Між тым, Беларусь з гістарыясофскага гледзішча ёсць выразным цэнтрам, як у полацкім перыядзе, так і ў літоўскім. Наймя на нашых землях і на нашай мове выракоўваліся ў 14–16 ст. лёсы ўсёй Русі – у тым ліку часам і Маскоўскага княства (прыкладам, у 1427 г., калі яно прызнала сваім рэгентам вялікага князя літоўскага Вітаўта). Прызнанне сапраўднае гісторыі Вялікага княства Літоўскага – то бо прызнанне яго беларускім гаспадарствам – аўтаматычна азначае для маскоўскай прапаганды прызнанне не нейкае выпадковае анамаліі ў развіцці Русі ў выглядзе міфічных “уварванняў балцкіх язычнікаў”, а прызнанне цалкам поўнавартаснага і паспяхова рэалізаванага палітычнага праекту развіцця нават не часткі, а цэлае Русі. Таму прызнанне геапалітычнае цэнтральнасці (а не перыферыйнасці) Беларусі для маскоўскай прапаганды смерці падобна. Адсюль бяруць свае карані юродзівыя мантры пра “сялянскі народ-пакутнік”, які “адвечна пакутваў пад чужаземнымі прыгнятальнікамі” і г.д. Таму сёння ў паспалітай свядомасці сымбалямі нашае гісторыі ёсць не кнігі, статуты, замкі і рыцарскія панцыры – а прасліцы і лапці ў “беларускіх кутках” у школах.
Зінькевіч піша, што ў Рэчы Паспалітай беларусам пагражала поўная паланізацыя і знікненне як нацыі, што калі б Рэч Паспалітая не была падзелена, то праз некалькі пакаленняў аб беларускім народзе нагадвалі б толькі музеі сялянскага побыту – як аб палабскіх славянах у Нямеччыне. Але ці прапануе маскоўскі каланіялізм нам нешта якасна іншае?.. Ужо сёння аб беларускай нацыянальнай адметнасці ў Беларусі нагадваюць не мова законаў, войска і парламенту – а прасліцы ў “беларускіх кутках” (нейкім іхнім аналагам ёсць музеі індэйцаў у рэзервацыях ЗША). Дык хіба гэта дужа розніцца ад страхаў, намаляваных Зінькевічам? Я далёка не схільны апраўдваць польска-каталіцкі прыгнёт у Рэчы Паспалітай: але чаму пры тым прыгнёце існаваў беларускі друк, беларускія друкары атрымвалі прывілеі ад каралёў (не кажучы ўжо пра ўніяцкую царкву, чый друк і адукацыя былі амаль суцэльна беларускімі) – а ў Расеі 19 стагоддзя не толькі беларускі друк, але і вусновая беларуская мова ў царкве былі забаронены? Дык дзе быў большы нацыянальны прыгнёт беларусаў – у Рэчы Паспалітай або ў Расеі 19 стагоддзя? Вядома, у Расеі. Чаму пасля двух стагоддзяў польска-каталіцкага прыгнёту ў пачатку 19 стагоддзя ў Літве (Беларусі) засталася шляхта, якая ў масе ведала і ўжывала сваю родную беларускую мову, былі такія пісьменнікі, як Ян Баршчэўскі, чыю кнігу “Шляхціч Завальня”, напісаную на народным матэрыяле, можна паставіць у адзін рад з найвыбітнейшымі шэдэўрамі еўрапейскае літаратуры? І які інтэлектуальны патэнцыял застаўся ў Беларусі ў пачатку 20 стагоддзя, пасля стагоддзя панавання “братэрскага”, “роднага” расейскага народу?.. І які інтэлектуальны і маральны патэнцыял застаўся ў Беларусі ў канцы 20 стагоддзя пасля стагоддзя панавання чарговага “братэрскага” рэжыму – савецкага – які Зінькевіч таксама ідэалізуе?.. І расейскі рэжым у 19 стагоддзі, і савецкі ў 20 стагоддзі не нес Беларусі нічога, апрача ператварэння ў калонію Расеі – і падставовым элементам гэтае праграмы было вынішчэнне любое памяці пра былую дзяржаўнасць і нацыянальную адметнасць Беларусі (Літвы), што аўтаматычна даўнімала знішчэнне (любымі спосабамі, у тым ліку фізічна) беларускае інтэлігенцыі, якая мысліла нацыянальнымі, палітычнымі, гістарычнымі катэгорыямі.
Вельмі выяўна, што сёння якраз ужыванне любых гістарычных сымбаляў дзяржаўнае, шляхецкае, высокае культуры Беларусі выклікае гістэрычны віск маскавіцкіх прапагандыстаў – як жа! беларусам спрабуюць нагадаць, што яны гістарычная нацыя, а не чэлядзь Масквы. Маскавіцкія прапагандысты хутчэй аддадуць арыстакратычную культуру ВКЛ летувісам, ніж беларусам, нават калі ў ёй няма анічога летувіскага. А ў гэты час жамойты – якія не стварылі ў ВКЛ роўным рахункам анічога – распавядаюць усёй Еўропе пра сваю быццам “арыстакратычнасць” і пра сваю пяцьсотгадовую “этнічна балцкую імперыю”...
Пару гадоў таму ў адказ на пастанову беларускага ўраду аб рэстаўрацыі замкаў Беларусі расейскія журналісты ўсчалі енк наконт таго, што беларускія ўлады жадаюць “адбудоўваць літоўскія і польскія замкі” (!). У гэтых словах уся сутнасць маскоўскае прапаганды – у народу “беларусаў” замкаў не можа быць апрыёры, беларусы ж “сялянскі народ”... Зінькевіч таксама адмаўляецца лічыць беларускімі нацыянальнымі каштоўнасцямі замкі, статуты і нават слуцкія паясы (!) (с. 413-414) (паводле Зінькевіча, відаць, у ВКЛ будавалі замкі, пісалі статуты і ткалі слуцкія паясы вылучна “этнічныя летувісы” і палякі). У гэтых фармулёўках уся нянавісць, антыбеларускасць, псіхапатычнасць маскавіцкае прапаганды. Не дзіва, што маскавіцкая (анты)гістарычная прапаганда сёння згаджаецца з самым дзікім антыгістарычным маразмам летувісаў і палякаў, затое адкідае элементарныя гістарычныя канстатацыі беларускіх гісторыкаў. Сваю прапаганду маскоўскія агітатары апранаюць у “хрысціянскія” адзежкі, а таксама ў квазінавуковыя канструкцыі аб тым, што “лимитрофы” (да якіх чамусьці далучаюць Беларусь) “изначально нежизнеспособны, по определению не могут продемонстрировать высокую культуру, экономическую и политическую самодостаточность” і г.д. Пры гэтым, нават разыходжанне рэальнасці з гэтымі прапагандысцкімі мантрамі не бянтэжыць іхніх аўтараў: нават калі ў вас ёсць у гісторыі высокая дзяржаўная культура, маскавіты прыйдуць і разбураць яе ў імя “спрадвечнае Русі” і “праваслаўнага хрысціянства”.
Значную ролю ў сістэме маскоўскае антыбеларускае прапаганды грае маскоўская царква, якая замест пашырэння хрысціянскае навукі сёння займаецца ў Беларусі насаджваннем культаў усякіх “общерусских святых” (якія ўсе чамусьці родам з Масковіі) ды яўнай прапагандай знішчэння беларускае мовы і скасавання суверэнітэту Беларусі. Самыя брудныя метады ўжываюцца для спекуляцый на рэлігійнай гісторыі. У візіі Масквы прапанавана простая тэорыя: Масква была адзіным цэнтрам хрысціянства на Русі, а ўсё, што не пагаджалася з маскоўскаю праграмаю, было “чужым” і “нярускім”. Дазволю сабе нагадаць асноўныя вехі дачыненняў царкоўных улад Вялікага княства Літоўскага з Масквою.
Перанос катэдры Рускае мітраполіі з Кіеву ў Маскву быў зацверджаны Канстантынопалем толькі ў 1354 г. На гэты момант ужо больш за паўстагоддзя існавала Літоўская мітраполія ВКЛ (створана ў 1299 або 1300 г.), якая злучала біскупствы Наваградку, Полацку і Турава і задавальняла ўсе рэлігійныя патрэбы хрысціянаў ВКЛ. У 1356 г. маскоўскі мітрапаліт Алексій быў намінальна высвячаны на “мітрапаліта Кіеўскага”, але не наведваў Кіеў і, як сведчыць бізантыйскія крыніцы, “выяўляў агіду” да рускіх князёў пад уладаю Літвы, “прыняў на сябе свецкую ўладу”, “захапіўся войнамі, сваркамі і разладамі”, што давяло да “разладаў, сварак і крывавых войн” Масковіі з Вялікім княствам Літоўскім і Рускім. Вялікі князь Альгерд у 1371 г. гэтак пісаў пра Алексія ў Канстантынопаль: “Не я пачаў нападаць, яны спярша пачалі нападаць, і цалавання крэста, што мелі да мяне, не склалі і прысяжных грамат не адаслалі. Нападалі на мяне дзевяць разоў <...>. Мітрапаліт і дагэтуль дабраслаўляе іх на праліццё крыві. І за айцоў нашых не было такіх мітрапалітаў, як гэты мітрапаліт! Дабраслаўляе маскавітаў на праліццё крыві і да нас не прыходзіць, ані ў Кіеў не прыязджае”. Невядома дакладна, колькі загінула ў тых войнах, справакаваных галлівасцю маскоўскага палітыкана. Сучасная падзеям бізантыйская крыніца сведчыла, што падчас тых закалотаў адбылося “нямала бед і разляння крыві між хрысціянаў”. Сёння ў маскоўскіх цэрквах у Беларусі паўсюль вісяць іконы “святога” мітрапаліта Алексія. Яму – чалавеку, які люта ненавідзеў беларусаў і натхніў забойствы соцень беларускіх хрысціянаў толькі дзеля сваіх абсурдных палітычных амбіцый, – беларусаў прымушаюць кланяцца і маліцца як “святому заступніку” беларускага народу (!). Алексій – адзін з тых “общерусских святых”, культ якіх сёння агрэсіўна, бязглузда, не зважаючы ні на якія культурныя і этычныя нормы, насаджае ў Беларусі маскоўская царква, адзін з тых маскоўскіх “святых”, якія дабраслаўлялі і натхнялі войны Масковіі проці нашага народу ў 14 і 15 стагоддзях, дабраслаўлялі крывавыя паходы на Полаччыну Івана Грознага, дабраслаўлялі жудасны тэрор маскавітаў на нашых землях падчас вайны 1654–1667 гг. і Паўночнае вайны 1700–1721 гг. З гэтымі “святымі” – а не з сваімі продкамі, якія мужна абаранялі сваю Айчыну – беларусы мусяць сёння (паводле маскоўскіх прапагандыстаў) атаесамляць сябе...
Выхаванец Алексія маскоўскі князь Дзмітрый (Данскі) меў магчымасць злучыць мітраполію ды ўкласці звяз з Вялікім княствам Літоўскім: у 1376 г. літоўскае пасольства ў Маскве прапаноўвала жаніцьбу Ягайлы з дачкою Дзмітрыя і пераход Ягайлы ў праваслаўе. Умоваю гэтага было прызнанне Масквою Літоўскага мітрапаліта Кіпрыяна, які ў 1375 г. быў высвячаны ў Канстантынопалі на мітрапаліта “Кіеўскага і ўсяе Русі”. Але калі Кіпрыян у чэрвені 1378 г. прыбыў у Маскву, ураднікі маскоўскага князя, не зважаючы на лісты патрыярха і бізантыйскага цэсара, паланілі мітрапаліта, абрабавалі, а потым выгналі з гораду (Кіпрыян у сваім лісце Сергію Раданежскаму пісаў, што “...елико створилося надо мною, еже не створилося ни над единым святителем, как Руская земля стала”). Гэтыя падзеі далі справядлівую нагоду гісторыку І. Меендорфу назваць раздзел сваёй кнігі пра гэтыя падзеі “Митрополит Киприан и московский сепаратизм” (заўважу: гэтая фармулёўка належыць не беларускаму нацыяналісту і не паляку, а вядомаму масквафілу). Вось так Масква дбала аб умацаванні праваслаўя і адзінстве мітраполіі...
У 1448 г. Маскоўская мітраполія выйшла з падпарадкавання Канстантынопальскаму патрыярхату і канчаткова разарвала сваю гістарычную сувязь з Кіевам. Тытул “Кіеўскіх і ўсяе Русі” сталі насіць Літоўска-Кіеўскія мітрапаліты. Нашыя продкі ў 15–17 стагоддзях у сваіх тэстаментах і іншых дакументах заўсёды называлі цэнтрамі хрысціянства Кіеў і Канстантынопаль і нават не здагадваліся, што Масква ёсць нейкім “цэнтрам праваслаўя”. У 1655–1657 гг., калі войскі гетмана Хмяльніцкага стаяць у Вільні, Кракаве і Варшаве, Масква здраджвае Хмяльніцкаму, падпісвае ўгоду з палякамі і пачынае дзейнічаць на польскім баку. Чаму? Бо ў Масковіі свае палітычныя карысці заўсёды пераважалі над карысцямі ўсёй Русі. Сёння маскавіты льюць кракадзілавы слёзы над гаротнаю доляю праваслаўных у Рэчы Паспалітай, якіх яны быццам мроілі “вызваліць”. Але ці не Масква распачала Ліфлянцкую вайну, якая справакавала Люблінскую, а потым і Берасцейскую унію? Ці не Масква падчас вайны 1654–1667 гг. заміж вызвалення прынесла на беларускія землі страшэнны тэрор, які адгарнуў ад яе нават тых, хто ўскладаў на яе вялікія надзеі? Ці не Масква здрадзіла Хмяльніцкаму і абярнула ў нішто яго заваяванні, калі войскі Хмяльніцкага стаялі ў Варшаве? Ці не Масква ўчыніла на сваіх землях у 1666 г. раскол царквы ды пачала самых праваслаўных рускіх хрысціянаў паліць жыўцом? І знаходзілі прытулак гэтыя хрысціяне ў ВКЛ, а не ў “праваслаўнай” Масковіі.
Пасля падзелу Рэчы Паспалітае на першым месцы для Масквы таксама стаяла не хрысціянская асвета, а знішчэнне ўсяго беларускага (літвінскага). Вядомы словы адданага імператрыцы Кацярыне біскупа Садкоўскага да беларускіх уніяцкіх святароў на слуцкім епархіяльным зборы: “Я вас скорэню, знішчу, штоб і языка не было вашого проклятого літовского і вас саміх; я вас у зсылкі парассылаю альбо ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардону пановажу!” Маскавіты тысячамі палілі ўніяцкія кнігі толькі за тое, што яны былі напісаны па-беларуску (прытым пашырэнне ў Беларусі кніг на польскай мове не сустракала ніякага супраціву расейскіх улад аж да 1860-х гадоў). У 1840 г. было забаронена прамаўленне царкоўных казаней па-беларуску. Гледзячы на такі здзек з сваёй мовы і веры, многія беларусы пераходзілі ў каталіцтва і пачыналі карыстацца польскімі кнігамі – што Масква дазваляла.
У 19 стагоддзі Масковія зноў несла ў Беларусь не хрысціянства, а маскоўскі каланіялізм. Вядомы словы расейскага чыноўніка Карнілава: “Что не доделал русский штык – доделает русский чиновник, русская школа и русский поп”. У гэтых словах вельмі глыбокі сэнс: палітычная прапаганда – гэта зброя масавага паражэння, мацнейшая за любыя гарматы. Таму знішчэнне беларускае мовы, знішчэнне і забарона беларускае гісторыі, культуры – заўсёды былі на першым месцы для маскавіцкіх каланіялістаў у Беларусі. У маскавітаў на ўсё гэта заўсёды ёсць гатовы адказ: яны, маўляў, дасягалі вышэйшае мэты – адраджалі “праваслаўнае хрысціянства”. Але якое “хрысціянства” можна насаджаць праз нянавісць, забойствы і разбурэнні?.. Сёння рэлігійная рыторыка маскавітаў зноў ёсць інструментам палітычнае прапаганды, а не хрысціянскае асветы. Лішне казаць, што сёння ў маскавіцкіх цэрквах і кнігарнях вы не знойдзеце і згадкі пра беларускіх асветнікаў эпохі ВКЛ, пра цудоўныя літаратурныя творы, створаныя імі на нашай народнай мове дзеля асветы простага люду. Дый што казаць! Усім вядома, што маскоўская царква вызначаецца маніякальнаю, проста заалагічнаю нянавісцю да ўсяго беларускага. Для яе беларусы гэта “русские”, а значыць расейцы, маскавіты. Усё, што хоць трохі адрозніваецца ад маскавіцкае культуры, падлягае бязлітаснаму знішчэнню. Гэта погляд акупанта, фашыста, а не хрысціяніна. Застаецца толькі дзівіцца, як людзі, чыя дзейнасць прадыктавана нянавісцю, страхам і гневам, наогул могуць называць сябе хрысціянамі ды выдаваць сваю дзейнасць за быццам “хрысціянскую асвету”. Таму выглядае цалкам натуральным, што манахі Святое гары Афон у 2014 годзе апаведалі, што падтрымваюць Украіну ў яе змаганні за сваю незалежнасць і параўналі гэтую падзею да адраджэння Кіеўскае Русі.
Варта займець бачанне на яшчэ адну ідэю-фікс маскавіцкае прапаганды: ідэю адвечнае нібыта ізаляванасці Русі ад Еўропы і нават проціпастаўленасці Русі еўрапейскай цывілізацыі. Сама гэтая ідэя выглядае досыць камічнаю, калі ўлічыць, што Русь як палітычны інстытут была створана варагамі-германцамі, а як царкоўна-грамадскі – бізантыйскімі і баўгарскімі святарамі з дапамогаю тых жа варагаў. Уся высокая культура сярэднявечнае Русі – улучна з яе царкоўнаславянскаю моваю – ёсць еўрапейскаю з паходжання: германскаю, бізантыйскаю, баўгарскаю. Дарма што гэта, маскоўскія прапагандысты ўяўляюць сабе Русь у мінулым і ў цяпершчыне як нейкі абложаны лагер, які нібыта мусіць усімі сродкамі абараняцца проці любых еўрапейскіх уплываў. Фразеалогія “бастиона”, “форпоста” наўсцяж пашырана ў заходнерусісцкіх публікацыях пра Беларусь. Адпаведна, у культурнай вобласці любыя праявы якое-кольвечы супольнасці з еўрапейскаю культураю (нават калі яны цалкам аўтэнтычна беларускія) разглядаюцца як “варожыя” і “чужыя” – затое ў архітэктуры паўсюль насаджваюць маргінальныя, правінцыйныя, нярускія элементы з суздальска-кастрамскога дойлідства. Здавалася б, Кіеўскае і Полацкае княствы – тыя землі, дзе ў 11 стагоддзі былі збудаваны Сафійскія саборы, дзе стваралася Руская Праўда, дзе складалася сярэднявечная руская культура і традыцыйная архітэктура – мусяць быць тым арыентырам, на які трэба зважаць падчас якіх-кольвечы культурных стылізацый і рэканструкцый. Але нішто не можа спыніць маскоўскіх міфатворцаў: фінскія балалайкі, фінскія танцы ўпрысядкі, фінскае оканне ў маўленні, мусульманскія купалы-цыбуліны – гэта ўсё нібыта “спрадвечная”, “сапраўдная” Русь, а ўсё, што трохі адрозніваецца (хоць ёсць насамрэч абсалютна аўтэнтычным рускім сярэднявечным), – гэта “сапсаванае”, “нярускае”. Адсюль паўстае сама маскоўская ідэалагема, што беларусы і ўкраінцы – гэты “сапсаваныя” рускія, якія не маюць права на ўласную культуру і мову...

Ці было магчымым у гісторыі поўнае (палітычнае) адзінства Русі? Гэтае пытанне ставілі многія гісторыкі, у тым ліку цытаваны вышэй расейскі гісторык Станіслаў Думін у сваёй працы “Другая Русь”:
“Возможно ли всё же было единство Руси? Мы попытались показать несколько моментов нашей истории, когда такая перспектива представлялась довольно реальной. Но вплоть до XV в. подобный вариант развития восточнославянских земель был возможен лишь на основе политической программы Великого княжества Литовского и Русского”.
Далей Думін пералічае многія карысці, якія б прынесла ўсёй Русі задзіночанне пад уладаю вялікіх князёў літоўскіх: гэта і “сословное представительство”, і “сохранение региональных особенностей”, і “включение в местную культуру западноевропейских элементов”. Немагчымасць практычнага злучэння Літоўскае і Маскоўскае Русі Думін тлумачыць рэальнымі нацыянальнымі і палітычнымі адрозненнямі гэтых краін:
“...оказывалось, что существующие государственные границы устойчивы и стабильны, что есть коренные различия в строе, обычаях, культуре этих земель”.
Тое самае прызнаваў і расейскі акадэмік Б. Флора, які ў сваёй спецыяльнай працы канстатаваў, што “в XVI в. объединительная политика Русского государства не встретила сильной поддержки со стороны населения Украины и Белоруссии”.
Гэтымі прычынамі Думін тлумачыць і няздольнасць Масквы захаваць уладу над беларускімі землямі нават ва ўмовах акупацыі падчас вайны 1654–1667 гг.:
“В Белоруссии и Литве, как покажет ход русско-польской войны середины XVII в., власть царизма, установленная ненадолго, будет сброшена – так отторгает здоровый организм чужеродное тело. И лишь в конце XVIII в. «железом и кровью» присоединены будут белорусские и литовские земли к Российской империи”.
Як бачым, не толькі беларускія нацыяналісты, але і здарова мыслячыя расейскія гісторыкі прызнаюць, што ад 13 стагоддзя існавалі дзве розныя “Русі” – якія, захоўваючы гэты назоў, укладалі ў яго розны нацыянальна-палітычны сэнс і будавалі вельмі розныя грамадска-палітычныя сістэмы. І справа зусім не ў тым, што ў заходняй Русі быў большым каталіцкі ўплыў або ўплыў польскіх грамадска-палітычных інстытутаў (хаця і гэтыя чыннікі былі важнымі) – справа зусім не ў вонкавых чынніках, як гэта імкнуцца выявіць маскоўскія прапагандысты. Справа ў тым, што заходняя Русь – Русь у складзе Вялікага княства Літоўскага і Рускага – настолькі адрознівалася ад Маскоўскае Русі сваім нутраным ладам, культураю і побытам, што аб якой-кольвечы супольнасці лёсаў і задзіночанні не магло быць і мовы. Ці можа Зінькевіч уявіць, скажам, існаванне ў Масковіі ў 1447 г. чагосьці падобнага да прывілея Казімера? Або ці можа Зінькевіч уявіць у Масковіі ў 1588 г. існаванне чагосьці падобнага да прамовы да станаў ВКЛ Льва Сапегі? Калі б Леў Сапега прамовіў свае палымяныя словы пра вяршэнства права і выбарнасць манархаў не ў ВКЛ, а ў Масковіі – яго, хутчэй за ўсё, чакала б плаха, а не пасада канцлера. Таму існаванне нейкай “общерусской истории” ВКЛ і Масковіі было чыста немагчымым. Захоўваючы назоў Русі і апелюючы да яго ў сваіх палітычна-нацыянальных пабудовах, заходняя Русь і ўсходняя Русь былі рознымі краінамі і народамі. І нават самыя паспяховыя акупацыйныя спробы Масквы не сканчаліся для яе поўнаю перамогаю (што, як бачым, прызнаюць самі расейскія гісторыкі).
Зінькевіч на с. 69-70 сваёй кнігі піша, што “свядомыя” гісторыкі прапануюць “...две основополагающие “свядомые мифологемы”: об извечной борьбе белорусов с Москвой и о принадлежности Белоруссии к Европе, а Москвы – к Азии”. Але гэта меркаванне не толькі беларускіх нацыяналістаў. Сёння і ў Расеі нямала пішуць на тэму “другой Русі” – заходняе Русі з еўрапейскімі дэмакратычнымі (а не дыспатычна-азіяцкімі) традыцыямі. Зноў працытую С. Думіна:
“Опыт Великого княжества Литовского и Русского показывает, что на восточнославянских землях было возможно создание не только азиатской деспотии Ивана Грозного, но и достаточно эффективное функционирование демократических институтов многонационального государства, в течение длительного периода довольно успешно решавшего свои многочисленные проблемы”.
Адною з найвыбітнейшых праяў дэмакратычнасці Вялікага княства Літоўскага была яго шматканфесійнасць. Праваслаўныя, католікі, пратэстанты мірна суіснавалі ў адным гаспадарстве (і ў лавіцы паноў-рады) да пачатку агрэсіўнае палітыкі Контррэфармацыі каталіцкага касцёлу. Чыста не мае слушнасці Зінькевіч, калі кажа, што “подписание Люблинской унии <...> стало логичным завершением курса, который политическая элита ВКЛ приняла в 1385 году в Крево” (с. 114). Умовы ўкладання Крэўскае уніі 1385 г. і Люблінскае уніі 1569 г. былі вельмі рознымі. Крэўская унія была ўкладзена Літвою цалкам дабравольна (прытым, паводле яе ўмоў Ягайла быў пасаджаны на польскі каралеўскі сталец) і несла Літве вялікія палітычныя набыткі – а Люблінская унія была прынята, фактычна, вымушана і спрычыніла вялікія палітычныя і грамадскія страты (не будзем забываць аб тым, што немалаважным чыннікам укладання Люблінскае уніі 1569 г. была маскоўская ваенная агрэсія падчас Ліфлянцкае вайны). Крэўская унія была спробаю не толькі інтэгравацца ў жыццё каталіцкае Еўропы, але і ўчыніць уплыў на яго. Крэўская унія паставіла Ягайлу і Вітаўта ў адзін рад з манархамі Еўропы і дазволіла ім разгарнуць увесь патэнцыял ВКЛ для ўплыву на еўрапейскую палітыку. Не дзіва, што Вітаўт заміж уціску праваслаўных (для якіх ён аднавіў у 1415 г. Літоўска-Кіеўскую мітраполію) заняўся падтрымкаю чэскіх гусітаў. Ягайла і Вітаўт не былі ані фанатыкамі, ані тыранамі (як іх часам выяўляюць расейскія прапагандысты), гэта былі руплівыя і вельмі мудрыя гаспадары. Пры палітычных абставінах на 1385 год (з улікам агрэсіўнае і сепаратысцкае палітыкі Масквы) частковае ўвязанне каталіцтва і звяз з Польшчаю былі вельмі мудрымі і прагрэсіўнымі крокамі. Быў абяззброены Тэўтонскі ордэн, пачалося запазычванне самых прагрэсіўных элементаў еўрапейскага права, пачаўся культурны абмен з Чэхіяй, які ўчыніў вялікі ўплыў на развіццё права і літаратуры ВКЛ.
Так, у канцы 16 стагоддзя, падчас Контррэфармацыі сталіся відавочнымі праблемы суіснавання каталіцтва і праваслаўя ў адным гаспадарстве. Але ці была ў гэтым віна літвінаў? Мабыць, усё-ткі, у гэтым была віна агрэсіўнае палітыкі Ватыкану? Нельга параўноўваць рэлігійную сітуацыю ў ВКЛ да і пасля пачатку Контррэфармацыі, гэта зусім розныя эпохі. Да пачатку Контррэфармацыі каталіцтва мірна суіснавала з іншымі хрысціянскімі канфесіямі ў ВКЛ дый зусім не было чыннікам паланізацыі, бо касцёл ВКЛ паслугоўваўся беларускаю моваю (а польская мова тады наогул не была пісьмоваю). У нас ніколі не было нічога падобнага да тых лютасцей на рэлігійнай глебе, якія адбываліся ў Масковіі падчас Расколу 17 стагоддзя. Дый тое, наколькі адноснаю была канфесійная ідэнтычнасць (у параўнанні да нацыянальнай), відаць з таго, што з пачаткам еўрапейскае Рэфармацыі ў сярэдзіне 16 стагоддзя бальшыня шляхты ВКЛ (як каталіцкае, так і праваслаўнае) перайшла ў кальвінізм. Гэтаксама і раней каталіцкая канфесійная прыналежнасць літвінаў не закажала нацыянальнаму адзінству ды славянскаму характару народу ВКЛ. Хіба не быў католікам, скажам, князь Жыгімонт Карыбутавіч, які ў 1422 г. прыбыў у гусіцкую Прагу ў якасці намесніка вялікага князя літоўскага Вітаўта, абвешчанага гусітамі чэскім каралём? Ды ці не быў католікам сам Вітаўт, які выпраўляў яго туды? Ці не быў католікам канцлер ВКЛ Міхайла Кясгайла, які склаў на беларускай мове прывілей 1447 году – адзін з першых у Еўропе агульнадзяржаўных прывілеяў на народнай мове? Ці не быў католікам кароль Жыгімонт Стары, які асабіста апекаваўся Францыскам Скарынам? Ды ці не быў католікам сам Скарына?
Так, самыя яркія старонкі нашае нацыянальнае гісторыі адбыліся падчас кіравання каталіцкіх гаспадароў. І гэта не “добра” і не “дрэнна”, а проста нашая гісторыя. А гісторыю, як вядома, змяніць нельга. Прыкладам, каралі Босніі да 1445 г. былі богуміламі, а пасля католікамі. Але гэта не выклікае енкаў і рвання на сабе кашулі ў баснякоў – яны ведаюць, што ўсе этапы іхняе гісторыі гэта адзіная нацыянальная гісторыя баснійскага народу. У Нямеччыне ад 16 стагоддзя існуюць прыблізна роўныя па лічбе канфесіі лютэранаў і католікаў – і зноў-такі ні ў каго не выклікае сумневаў, што гэта адзіная нямецкая нацыя. Шматканфесійнасць пры монаэтнічнасці, здаровым нацыяналізме – вось шлях нашае нацыі, які мае шмат супольнага з многімі нацыямі Еўропы. І калі мы, маючы належнае бачанне на нашу гістарычную шматканфесійнасць, разглядаем нашую нацыянальную гісторыю – мы разумеем, што “літвіны”, “літва” гэта нашае гістарычнае імя. Не таму што гэта “прэстыжна”, а проста таму, што гэта нашая і толькі нашая гісторыя.

Што можна сказаць у якасці замкнення? Кніга Зінькевіча выйшла сапраўды “несвядомаю”. Трэба мець вельмі вялікую фантазію, каб цвердзіць, што канфесіёнім “русіны”, які ўжываўся ў ВКЛ і Маскоўскай Русі для будавання двух розных нацыянальных праектаў, азначаў нібыта “этнічна адзіны народ”. З такою логікаю можна было б палічыць “адзіным народам” сярэднявечных грэкаў і італьянцаў – бо і тыя, і тыя апелявалі да ідэі “рымскае (рамейскае)” нацыі. Не кажучы ўжо пра суцэльную фантастычнасць уяўленняў Зінькевіча аб гісторыі Вялікага княства Літоўскага: у Зінькевіча існуе нейкае “балцкае гаспадарства”, урады і праўны лад якога ствараюць вылучна балты, беларусы да дзяржаўнага кіравання ВКЛ не маюць дачынення, бо беларусы займалі “второразрядное положение в государстве”; беларусы ніколі не ваявалі з Масковіяй – гэта былі летувісы, а беларусы толькі сядзелі па хатах і чакалі, пакуль іх “вызваліць” Масква; у 19 стагоддзі ніякае забароны беларускае мовы, спаленняў беларускіх кніг не было! – беларусы “с восторгом” самі адмовіліся ад сваёй мовы і кніжнасці, “с восторгом” прынялі знішчэнне сваёй шляхты і забарону Літоўскага Статуту!.. І вось усе гэтыя казкі венскага лесу Зінькевіч спрабуе падаць нам як “истинную” гісторыю Беларусі, “основанную на объективных фактах и очищенную от националистических искажений и передёргиваний”! Пры гэтым у Зінькевіча хапае нахабнасці заяўляць (с. 423), што “сегодня местечковые националисты пытаются превратить белоруса в манкурта”, “толкают белорусский народ на оплёвывание собственной истории, желая привести его к покорности, лишить исторической памяти”!..
Як бачым, “распространением политических мифов” займаюцца маскоўскія прапагандысты, а не беларускія нацыяналісты. Я асабіста не ведаю ніводнага гістарычнага міфа, пашыранага беларускімі нацыяналістамі. Тое, што Вялікае княства Літоўскае было беларускім паводле ўрадовага ладу гаспадарствам, што беларусы стагоддзямі ваявалі з Масковіяй, каб абараніць свой нацыянальны характар і культуру, – гэта не міфы, а элементарныя гістарычныя факты, і адмаўляць іх могуць толькі хлусы і міфатворцы.
Жадаю яшчэ сказаць трошкі пра “ревизию историографии”. А што ўласна маюць на ўвазе? Перагляд замшэлых савецка-польскіх догмаў пра “этнічна балцкі” характар ВКЛ і гістарычную “бездзяржаўнасць” беларусаў? Вядома, Масква адчувае сябе ў такім дыскурсе вельмі ўтульна, яе вельмі задавальняе статус-кво, які склаўся ў постсавецкія гады. Але “ревизию” правесці ўсё ж такі будзе патрэбна – і не нам, а перш-наперш маскоўскім міфатворцам, якім даўно пара пачысціць сваю гістарыяграфію ад антыгістарычнай, цалкам фантастычнай лухты, якую яны льюць на гісторыю Вялікага княства Літоўскага. Заразом ім варта задумацца аб тым, ці могуць называцца хрысціянамі людзі, якія жывуць такой хлуснёй, і аб тым, чаму так мала хрысціянскага сёння засталося ў некалі сапраўды хрысціянскай Масковіі.
Нашая сапраўдная нацыянальная гісторыя – гісторыя Вялікага княства Літоўскага – паказвае, чаму мы так адрозніваемся ад маскавітаў, чаму ў нашага народу і маскавітаў былі чыста адрозныя гістарычныя лёсы. Нашаю гістарычнаю місіяй было не славянізаваць мардзвінаў і ўдмуртаў (праходам пераймаючы ў іх фінскія балалайкі і мусульманскія купалы-цыбуліны) – а скончыць крыжацкую тыранію ва Ўсходняй Еўропе і дапамагаць зачынаць еўрапейскую Рэфармацыю. Тое, што маскавіты не разумеюць і не жадаюць разумець гэтага, – ёсць сама яскравым сведчаннем іхняе чужынскасці, адрознасці ад нас, адрознасці, можна сказаць, нават не нацыянальнай, а цывілізацыйнай. Для пачатку якога-кольвечы асэнсаванага дыялогу з маскавітамі, варта параіць ім прыняць рэальную гісторыю беларускага народу. Першым крокам у гэтым можа быць азнаямленне з цытаванаю вышэй працаю С. Думіна “Другая Русь”.
Алёхна Дайліда
Менск,
жнівень 2017 г.

Германскі суперстрат у старажытнай Літве



Бітва готаў з франкамі ў 6 ст. (мініятура 14 ст.)

Галоўнаю тэзаю сённяшняе літуаністыкі ёсць пастулат аб балцкай этнічнасці сярэднявечнага народу літвінаў. Незалежна ад усіх праяў славянізацыі літоўскае шляхты, славянскага характару гаспадарства і права Вялікага княства Літоўскага, пастулат “балцкае этнічнасці” літвінаў застаецца ў якасці адзінага падмурку ўсіх рэканструкцый гісторыі Літвы – што, аднак, ніяк не тлумачыць працэсаў стварэння Вялікага княства Літоўскага і ўспраўлення яго ўрадовага ладу і культуры. Таму А. Краўцэвіч адзначыў, што ўяўляецца непазбежнаю адмова ад “балцкай” канцэпцыі стварэння і развіцця ВКЛ, якая разглядае балцкую этнічнасць літоўскае шляхты як абсалютны матыў стварэння і развіцця гаспадарства, а славянскаму жыхарству надае вылучна пасыўную ролю [1].
Між тым, здаецца, што для сённяшняй гістарыяграфіі тэза аб “балцкай этнічнасці” шляхты ВКЛ – гэта нешта большае, ніж проста навуковы пастулат. Здаецца, што гэта нібыта панацэя ад любых праблемных пытанняў. Моўную асыміляцыю, праблемныя пытанні палітыкі, пытанні шляхецкіх радаводаў, дзяржаўнае будаванне – усё што заўгодна можна патлумачыць (а часцей апраўдаць) пастулатам “балцкае этнічнасці” літоўскае шляхты. Дзеля захавання гэтага пастулату можна ахвяраваць якімі заўгодна аспектамі рэальнага гістарычнага жыцця Літвы. Праўда, у грамадскім і культурным жыцці ВКЛ цяжка знайсці нейкія праявы “этнічнае балцкасці” літоўскае шляхты – таму ейныя неславянскія імёны ёсць абсалютным аргументам сённяшняе гістарыяграфіі. “Балцкія” імёны літоўскае шляхты (дарма што любыя праявы асыміляцыі) ёсць дастатковым сведчаннем “захавання каранёў” аўтахтоннага балцкага жыхарства, якое стварыла літоўскае гаспадарства з цэнтрам на сваёй этнічна балцкай тэрыторыі, – а значыць сведчаннем існавання балцкае нацыянальнае свядомасці, якая і была адзіным вырочным матывам стварэння і існавання гэтага гаспадарства. Прыблізна так разважае сённяшняя гістарыяграфія. Але – у мэтах навуковае грунтоўнасці – разгледзім імёны сярэднявечных літоўскіх князёў і шляхты, каб высветліць, ці сапраўды яны ёсць балцкімі. Аналіз гэтага пытання пакажа, якую сапраўдную вартасць мае тэорыя аб “этнічнай балцкасці” як першасным чынніку стварэння Вялікага княства Літоўскага.
Як вядома, імёны сярэднявечных літоўскіх князёў і шляхты не тлумачацца з летувіскае (жамойцкае) мовы і наогул з балцкіх моў, што прызналі самі летувісы (гэтак, паводле энцыклапедыі “Літва” 1989 году, сэнс двохфармантных імёнаў літоўскае шляхты “цяжка патлумачыць”) [2]. Спробы прыдумаць балцкую этымалогію гэтых імёнаў ёсць яўна няспорымі. Яшчэ ў 19 стагоддзі летувіскія даследнікі спрабавалі тлумачыць імя Ягайла ад слоў “калі” і “шкада” або ад слоў “добры вершнік”; імя Кейстут спрабавалі тлумачыць ад слоў “пераменлівы” або “той, хто разагравае”; імя Гедымін ад слоў “той, хто топча сорам” або “дасканалы спявак” [3]. Згодна з сённяшнімі летувіскімі даследнікамі, імя Гедымін нібыта мусіць тлумачыцца ад слоў “журыцца” і “думка”; імя Даўспронг – ад слоў “шмат” і “папырхнуцца”; імя Любарт – ад слоў “спыняць” і “лаяць”; імя Гедыгоўд – ад слоў “журыцца” і “лавіць”; імя Радзівіл – ад слоў “знайшоў” і “надзея”. Да таго ж, летувіскія даследнікі перакручваюць словы сваёй мовы для такіх тлумачэнняў. Гэтак, паводле іх, імя Ягайла мусіць тлумачыцца ад слоў joti (“ехаць конна”) і galia (“моц”); у такім разе імя князя мусіла б гучаць як “Ётгаля” – але яго імя Ягайла. Можна дадаць яшчэ, што згодна з летувіскаю моваю імя Альгерд мусіла б тлумачыцца як “п’яны ад піва” [4]. Апрача тузыну няўдалых спроб, тлумачэнняў іншых чысленых імёнаў старажытнае літоўскае шляхты летувісы прапанаваць проста не здольны.
Гэтыя імёны не тлумачацца з балцкіх моў, бо яны не ёсць балцкімі. Яшчэ гісторыкі 19 стагоддзя пісалі аб усходнегерманскім паходжанні сярэднявечнае літоўскае шляхты. Ейныя імёны, ужо паводле наяўных у іх фармантаў (-буд-, -від-, -віл-, -гаўд-, -герд-, -мунт- і інш.) ёсць яўна германскімі, а не балцкімі – у чым можна пераканацца, пагартаўшы любы даведнік па сярэднявечных германскіх імёнах. Хаця аб германскім паходжанні літоўскае шляхты пісаў шэраг гісторыкаў [5], мадэрновая гістарыяграфія ігнаравала гэтае пытанне і збудавала сваю хісткую тэорыю на тэзе аб “этнічнай балцкасці” паноўнага элементу Вялікага княства Літоўскага. Нежаданне мадэрновае гістарыяграфіі разглядаць пытанне германскага паходжання літоўскае шляхты цалкам зразумела: калі літоўская шляхта не была аўтахтонамі ў Панямонні, то яна не мела патрэбы збліжацца з мясцовымі балтамі (якія стаялі ў культурным і ваенным планах куды ніжэй за яе), пераймаць мову і культуру балтаў ды будаваць нейкую “балцкую” этнічнасць і свядомасць – яна магла пераймаць мову і культуру славянаў ды нарэшце злучыцца з славянамі ў адзін народ (што, відавочна, і адбылося). Такім парадкам, з разгледжаннем сапраўднага этнічнага паходжання літоўскае шляхты (якое было, як убачым ніжэй, усходнегерманскім) развальваецца “балцкая” тэорыя мадэрновае гістарыяграфіі – а разам з ёю ўсе ўласцівыя для мадэрновай гістарыяграфіі спробы ігнараваць сапраўдны грамадска-палітычны характар Вялікага княства Літоўскага.
Усходнегерманскія народы – готы, бургунды, гепіды, ругі і інш. – займалі ў першых стагоддзях нашае эры значныя тэрыторыі паўночна-ўсходняе Еўропы ля Балтыйскага мора (у часы сярэднявечча вядомага як Гоцкае мора – mare Gothicum) і былі вядомы сваімі паходамі амаль па ўсёй Еўропе. Найбольш вядомым з іх быў народ готаў, які ў 3–5 стагоддзях сваімі паходамі апанаваў вялікія абшары сярэдняе і паўднёвае Еўропы. Захопы Рыму готамі ў 410 г. і вандаламі ў 455 г. традыцыйна разглядаюцца ў гістарычнай навуцы як тычка, што аддзяляе антычны час ад сярэднявечча. Пасля 7 стагоддзя звесткі аб усходнегерманскіх народах амаль знікаюць, вядома, што частка іх вярнулася да сваіх былых тэрыторый ля Балтыйскага мора. Вядома, што шляхта герулаў і вандалаў у 7–8 стагоддзях часткова інтэгравалася ў шляхту палабскіх і паморскіх славянаў і захоўвала сярод іх свае германскія імёны. Да аднаго з такіх народаў мусіла належаць група, якая недзе ў 10 стагоддзі ўвайшла з мора ў Неман і пасялілася ля Неману і яго прыток, як аб гэтым паведамляюць летапісы Вялікага княства Літоўскага. Імёны літоўскае шляхты, яе летапісныя апавяданні аб сваім паходжанні, рэлікты мовы – усё паказуе на тое, што этнічнае паходжанне літоўскае шляхты было ўсходнегерманскім.
Разгледжанне імёнаў жыхарства сярэднявечнае ўласна Літвы (вобласці Неманска-Вілейскага міжрэчча) паказуе, што тут існавалі тры выразлівыя этнічныя элементы: балцкі субстрат (балцкія імёны простага люду), славянскі суперстрат (славянскія імёны шляхты і простага люду) і германскі суперстрат (усходнегерманскія імёны амаль вылучна шляхты, у пазнейшы час таксама часткова простага люду). Звяртаюць на сябе ўвагу германскія імёны вядомых з летапісаў князёў Літвы 11–13 ст.: Нетымер, Монтвіл, Германт, Вікінт, Гердывіл, Скірмунт, Звінбуд, Маўкольд, Даўгерд. Гэта тыповыя германскія двохфармантныя шляхецкія імёны. Сярод шляхты германцаў былі пашыраны двохфармантныя імёны, якія складаліся з фармантаў, што азначалі тыпова “барбарскія” якасці: бойка, перамога, слава, меч, войска, сонца і г.д. Гэтыя фарманты, спалучаючыся ў размаітых камбінацыях, утваралі чысленыя імёны, якія “былі паказнікам на пэўны грамадскі стан і служылі для азначэння прадстаўнікоў найвышшае ступені грамадскае гіерархіі” [6]. Падобныя імёны былі пашыраны таксама сярод шляхты славянаў (Усяслаў, Ярамір і г.д.). Між тым, у балтаў такія імёны невядомы.
Першая згадка князя ў сувязі з Літвою ў пісьмовых крыніцах (пад 1009 г.) дае яўна германскае імя Нетымер (Nethimer) [7]. Усе пазнейшыя імёны літоўскае шляхты (як паказана ніжэй) таксама ёсць яўна германскімі. Гэтыя імёны не маглі мець балцкае паходжанне, бо яны не маюць ніякіх тлумачэнняў у балцкіх мовах. Усе імёны – а пагатоў двохфармантныя шляхецкія – маюць нейкі сэнс. Прыкладам, кожнаму славяніну зразумелы сэнс імёнаў Святаслаў, Ярамір, Звеніслава, Балемысл або сэнс простанародных імёнаў Неруш, Воўчка, Пуцята, Круглец. Сэнс маюць і балцкія імёны, нават аднафармантныя; прыкладам, жамойцкія: Трумпа (“кароткі”), Жвірбліс (“верабей”), Мажуйтыс (“малы”), Гражына (“прыгожая”). Але сярод жамойтаў і іншых балтаў мы не знаходзім аніякіх балцкіх імёнаў, падобных да імёнаў літоўскае шляхты, якія ёсць яўна германскімі. Толькі ва ўсходнегерманскіх мовах знаходзяць паралелі і толькі з іх тлумачацца імёны з фармантамі -скір-, -гаўд-, -гайл-, -мунд- і іншымі, такія рэдкія імёны, як Гвазэлют [8], Свальгед, Сунгайла, Прэзгінд, Альдона, Вілгейда. Увогуле незразумела, на якіх падставах летувіскія даследнікі ўпэўнена цвердзяць, што імёны накшталт Альгерд, Вітаўт, Валімунд, Звінвальт, Бутвід, Радзівіл, Гастольд або Ромвальт ёсць “балцкімі” – насамрэч яны не маюць ані аналагаў сярод балцкіх імёнаў, ані тлумачэнняў з балцкіх моў і ў той жа час маюць наўпростыя адпаведнікі або аналагі з такімі ж фармантамі сярод германскіх імёнаў.
Разгледзім сапраўды балцкія імёны. Вось імёны жамойтаў 14–15 стагоддзяў: Дамутыс, Навеніс, Дыкрыс, Мажуйтыс, Рамутыс, Пікелюс, Спутчус, Келпшыс, Міжык, Трумпа, Чулюна, Віскуліс, Пяполіс, Жыманіс, Дайкутыс, Дажуна, Піскульт, Геўдус, Стырбіс, Копчыс, Гігас, Шэкстыс, Доргіс, Лоўдзюс і г.д. Вось імёны латышоў 13–14 стагоддзяў: Вардэкэ, Варыбуле, Рамека, Мелюке, Вестард, Пайке, Утыле, Вездат, Варыдотэ, Муйжэль, Думпі, Кайрэ, Крэша. Вось прускія імёны 13–14 ст.: Матто, Піпін, Дорг, Пёпса, Паманда, Налуба, Гедун, Кандэйм, Тырско, Маўдэль, Склода, Гланда, Глап, Аўктум, Дыван, Мілігед, Тропа, Клекінэ, Лінка, Накейм, Сантырм, Самбанга, Някаркіс і г.д. Як бачым, ёсць некаторае падабенства форм і фанетычных асаблівасцей у імёнах латышоў, жамойтаў, прусаў (што зразумела, бо ўсе яны балцкія). Але нідзе сярод імёнаў балтаў мы не бачым фармантаў, якія ёсць у імёнах Бутаўт, Альгімунт, Монтрым, Войшвід, Эйвільд. Ужо з формы і з гучання імёнаў літоўскае шляхты відаць, што яны істотна розняцца ад балцкіх імёнаў. Калі ў Жамойці бачым падобнае імя – то гэта заўсёды літоўскі баярын або ўраднік, прысланы з Вільні. Таксама значная лічба германскіх імёнаў існуе яшчэ ў 15 ст. у жамойцкіх местах ля Неману – месцах даўняе каланізацыі германскім элементам. Падобным чынам, у прускіх землях каля Неману (Надрове, Яцвезі) бачым у 13–14 ст. некаторыя яўна германскія імёны (Скомунд, Гедыгаўд, Вісгаўд, Кантыгерд), што таксама тлумачыцца даўняю каланізацыяй Неману германцамі.


Палямон – продак Гедымінавічаў (рысунак 17 ст.)

Падрабязна аб прыбыцці продкаў літоўскае шляхты ў Панямонне распавядае легенда пра Палямона, якая ўвайшла ў прыдворныя летапісы Вялікага княства Літоўскага. Хаця ейнае апавяданне не заўсёды ёсць ясным, яго галоўныя абрысы ёсць досыць выяўнымі. Вывад продкаў літоўскіх князёў з “рымскае шляхты” ёсць, відаць, згадкаю пра часы, калі готы і вандалы валодалі Рымам – як пра часы найвышшага ўздыму і гонару гэтых народаў. Летапісная “река Шума” (даньскія пратокі), “королевство Дуньское”, праз якія плылі вандроўнікі, відаць, ёсць паказнікам на сапраўднае месца, адкуль яны прыбылі – балтыйскае ўзбярэжжа эльбска-одрскага міжрэчча, дзе ў 9–10 ст. усходнегерманскія народы зазналі моцную экспансыю каталіцкіх дзяржаў франкаў і саксаў.
Летапісы падрабязна выпісуюць асваенне прыбышамі Неману і яго прытокаў. Прыбышоў было даволі многа (“пятсот шляхты з жонами и з детми и з многыми людми”); будучую шляхту Літвы склалі не адно нашчадкі Палямона, але і нашчадкі іншых шляхецкіх родаў, сярод якіх “чотыры были рожаи найвышшые, именем Китоврасы, Колюмны, Рожы, Урсы” (ад Кітаўрасаў летапісец выводзіў вялікага князя Тройдзеня, князёў Гедройцяў і Гальшанскіх, ад Калюмнаў – Гастоўтаў, ад Рожаў – Манівідаў, ад Урсаў – Давойнаў) [9]. Сынамі Палямона, паводле легенды, былі Борг, Кунас і Спэра, сынамі Кунаса – Кернус і Гінбут (усе імёны яўна германскія: Borca/Burgo, Cuno, Sperus, Kerne, Genobaud [10]). Усе іхнія нашчадкі таксама мелі германскія імёны: Монтвіл, Скірмунт, Мінгайла, Гінвіл, Ямант, Пісімонт, Альгімонт, Рынгольт. Першы горад, заснаваны прыбышамі, мае яўна германскі назоў – Юрбарк (ад гоцк. baurgs “горад” – горад на рацэ Юры). Далей прыбышы заснавалі Коўню, Кернаў, Вількамір і іншыя гарады ў Неманска-Вілейскім міжрэччы, а ў час калі “повстав царь Батый и пошол на Рускую землю”, апанавалі Наваградак, Бярэсце, Полацк і Мазыр [11] – то бо стварылі Вялікае княства Літоўскае. Летапісныя апавяданні яўна дэманструюць, што ўсе продкі літоўскіх князёў і шляхты захоўвалі германскія імёны – такім парадкам, летапісы ВКЛ ясна кажуць аб неаўтахтонным, германскім паходжанні літоўскае шляхты. Калі летапісец прытрымваўся больш-менш рэалістычнага ліку пакаленняў (ад Кунаса да Рынгольта мінула дзевяць пакаленняў), то гэта мусіла б азначаць, што прыбышы прыбылі ў Панямонне недзе ў другой палове 10 стагоддзя (гэтым часам датуе пачатак літоўскае дынастыі і хроніка Ратунда). У гэты час усходнегерманскія народы эльбска-одрскага міжрэчча зазналі моцны ціск суседніх каталіцкіх дзяржаў, дзеля чаго сапраўды магло адбыцца перасяленне часткі іх у Панямонне. Раўданскі рукапіс (рукапісны твор пад назовам “Codex selectus”, укладзены ў 1488 г. Антоніем Корсакам для княжыча Аляксандра Казімеравіча) таксама падае германскія імёны продкаў Ягайлавічаў (Імін, Глапімін, Сутынк, Дармунімунд, Лютавор), апавядае пра іх бітвы “на моры” з шведамі ў 11 ст. і пра “марскога ваяра” князя Лютавора, а таксама тлумачыць імёны князёў Монтвіда, Нарымунта, Альгерда і Кейстута з германскае мовы (гл. ніжэй) [12].
Выяўна, што летапісы апавядаюць толькі аб асваенні прыбышамі Неману і яго буйнейшае прытокі Віліі: іншыя землі прыбышоў яўна не цікавілі. Гэта выяўнае сведчанне таго, што экспансыя адбывалася па рэках – як і ў іншых выпадках асваення германцамі новых зямель з мора. Раён Неманска-Вілейскага міжрэчча, асабліва мястэчкі па Немане і Віліі і іхніх прытоках – гэта якраз месцы, дзе месціліся старажытныя вотчыны літоўскае шляхты і дзе яшчэ ў 15 ст. мы знаходзім многа германскіх імёнаў не адно сярод шляхты, але і сярод дробнага баярства і простага жыхарства.




Разгледзім мапу размешчання айчызных сядзіб буйнейшых літоўскіх шляхецкіх родаў (Гастоўтаў, Радзівілаў, Манівідаў, Кясгайлаў, Бутрымаў, Сунгайлаў, Давойнаў, Саковічаў і інш.) у канцы 14 стагоддзя, складзеную Р. Пятроўскім [13]. Гэтая мапа шмат кажа аб працэсах, якія адбываліся ў Панямонні ў 11–13 стагоддзях. Як бачым, амаль усе вотчыны буйнейшых літоўскіх баяраў размешчаны на кампактнай тэрыторыі ў міжрэччы сярэдняга Неману і Віліі. Колькі сядзіб яшчэ размешчаны па буйнейшай прытоцы Віліі – Свенце, а таксама па іншых прытоках Віліі і Неману. Адметнаю рысаю гэтага арэалу ёсць тое, што ён перацінае славяна-балцкую этнічную мяжу: вышняе і сярэдняе Панямонне ўжо ў 10–11 ст. было апанавана славянамі, якія заснавалі Наваградак, Горадню, Турыйск і іншыя гарады і гарадзішчы (імаверна, і Вільню), у 12 ст. складалі ладную частку жыхарства Вільні, Кернава, развівалі тут рамёствы і гандаль [14]. Такім парадкам, размешчанне на гэтай тэрыторыі ўсіх вотчын буйнейшае літоўскае шляхты выглядае досыць дзіўна ў святле тэорыі аб яе “балцкім этнічным” характару, які нібыта быў галоўным чыннікам яе палітычнае дзейнасці. Тым, хто разважае пра “балцкую этнічнасць” літоўскае шляхты, варта было б задумацца: чаму айчызныя сядзібы літоўскае эліты не месціліся ў глыбіні балцкага арэалу – дзесьці на поўнач ад Свенты або ў глыбіні Жамойці? чаму гэтыя айчызныя сядзібы месцяцца на мяжы з славянскім арэалам і нават унутры яго? Адказ у тым, што самі гэтыя шляхцічы мелі небалцкія, германскія імёны і да аўтахтоннага балцкага жыхарства Панямоння не мелі ніякага дачынення. Увесь парадак асваення прыбышамі-германцамі Панямоння (як ён выступае ў летапісных крыніцах ды праз разгледжанне размешчання баярскіх вотчын) паказуе, што прыбышоў цікавіла толькі тэрыторыя ля Неману і яго буйнейшых прыток, а этнічнасць мясцовага жыхарства (балцкага або славянскага) не мела ў гэтым працэсе ніякага значэння.
Галоўнаю мэтаю прышлага германскага элементу, як у пачатку каланізацыі, так і ў 14 стагоддзі, было асваенне і кантроль Неману і Віліі, таму ён абраў тэрыторыю між вышнявінамі гэтых рэк у якасці сваёй сядзібы. Таму робіцца зразумелым выбар Наваградка і Вільні як сталіц Вялікага княства Літоўскага. Размешчаныя на пакручастых пагорках блізка, адпаведна, да Неману і Віліі, гэтыя месты найлепш гадзіліся для размешчання галоўнае сядзібы князя, які меў мэтаю кантраляваць найперш Неман або Вілію. Калі спачатку першасную ролю адыгрываў Наваградак, то ў пачатку 14 ст. (відаць, дзеля актыўнасці ліфлянцкіх крыжакоў) на першае месца выходзіць кантроль Віліі і вялікі князь Гедымін пераносіць сталіцу ў Вільню, якая, размешчаная на крутых пагорках непасрэдна ля Віліі, найлепш гадзілася для кантролю Вілейскага воднага шляху. Вось як аб ваенных выгодах Вільні ў захапленні пісаў Конрад Кібург, крыжацкі дыпламат, які наведаў Вільню ў 1397 г. [15]:
“З ваеннага гледзішча размешчанне гораду ёсць выдатным: у ім можна абараняцца, не маючы досыць умацаванняў, бо пагоркі, цясніны і глыбокія яры даюць выдатныя нагоды для нападу на непрыяцеля падчас аблогі. <...> З гэтага відаць, што не сон аб жалезным воўку і не гаданне чарнакніжніка надала Гедыміну думку аб збудаванні тут сталіцы гаспадарства, але веданне ваеннае справы і назіранне за мясцовасцю. Ён быў выбітным ваяводам свайго часу і варты таго, каб мы яго пераймалі, хаця ён і не быў хрысціянінам. Якое моцнае размешчанне замкаў!”
Гэтаксама Наваградак, размешчаны на пакручастых пагорках недалёка ад Неману, найлепш гадзіўся для кантроля сярэдняга Неману. Безумоўна, з узмацненнем гандлю па Немане знітаваны росквіт у 11–13 ст. панямонскіх гарадоў (Наваградка, Ваўкавыска, Горадні), знаходкі з якіх уражваюць нават спецыялістаў-археолагаў – у 11–13 ст. тут гандлявалі ўнікальнымі рэчамі, якія прывозілі сюды з далёкіх краёў ад Сірыі да нямецкіх рэйнскіх гарадоў [16]. Знаходкі многіх паўночна-германскіх рэчаў (асабліва зброі) у Ваўкавыску і іншых гарадох кажуць аб значнай прысутнасці ў панямонскіх гарадох германскага этнічнага элементу [17]. Цікава, што з узмацненнем камунікацыі па Неманскім гандлёвым шляху ў 10–11 ст. даследнікі знітоўваюць вальную славянізацыю Панямоння [18].
Такім парадкам, у Неманска-Вілейскім рэгіёне, які стаўся тэрыторыяй рассялення прышлага ўсходнегерманскага элементу, на працягу 11–13 стагоддзяў існавалі тры этнічныя элементы: балцкі, германскі і славянскі. Субстратны балцкі элемент Панямоння адыгрываў вылучна пасыўную ролю, не маючы ніякае палітычнае вагі ў рэгіёне – гэтаксама як і на вялізных (некалі балцкіх) тэрыторыях між Прыпяццю і Дняпром, дзе балты былі выціснуты і цалкам апанаваны славянамі ў 8–9 стагоддзях. Сярэднявечныя балты стаялі на непараўнальна ніжэйшай ступені грамадскага развіцця, ніж германцы і славяне. Як паказалі даследванні, у жамойтаў да 14 ст. былі вельмі слаба развіты рамёствы, асабліва складаныя, жамойты не ведалі каменнага будавання, вырабу цэглы, шкла, не мелі гарадоў [19]; дасягненні жамойтаў у ваеннай справе, адпаведна, таксама былі вельмі слабымі. У святле ўсіх гістарычных фактаў наогул выглядае фантастычнаю “балцкая” канцэпцыя ўтварэння ВКЛ, згодна з якой слаба развітыя балты, якія не мелі гарадскога будавання і пісьменства, нібыта стварылі развітае фэўдальнае гаспадарства пераважна на славянскай тэрыторыі, ва ўрадовым ладзе якога не было ніводнага балцкага з паходжання інстытуту і ў дзяржаўным жыцці якога за пяць стагоддзяў яго існавання не прагучала ніводнага балцкага слова. Балты заўсёды былі пасыўнымі земляробамі, яны ніколі не праяўлялі ваеннае або палітычнае актыўнасці і не стваралі ніякіх дзяржаўных утварэнняў. Іншая рэч – вельмі развітыя славяне і германцы. Сустрэўшыся ў Панямонні, германцы і славяне мусілі ўзаемадзейнічаць і – як паказуе гістарычны матэрыял – ўзаемадзейнічалі ў стварэнні новага гаспадарства. Таму не дзіўна, што ва ўрадовым ладзе Вялікага княства Літоўскага было нямала ўсходнегерманскіх тэрмінаў (гл. ніжэй), а шляхту ВКЛ склалі асобы з германскімі імёнамі, якія, аднак, размаўлялі славянскаю моваю.
Робіцца зразумелым, чаму літоўскі летапісец далучыў да літоўскай княскай дынастыі полацкага князя Васіля-Рагвалода, зрабіўшы яго сынам літоўскага князя Барыса-Гінвіла [20]. Сапраўдны Васіль-Рагвалод быў полацкім князем між 1144 і 1162 гг. і быў сынам полацкага князя Барыса-Рагвалода. Летапісец не мог не заўважыць, што імя Рагвалод ёсць яўна германскім – і з гэтай прычыны, відаць, далучыў яго да літоўскай дынастыі. Падобным чынам, робіцца зразумелым, чаму сярод летапісных літоўскіх князёў апынулася імя Раман (летапісны бацька вялікага князя Тройдзеня) – сапраўды было германскае імя Romman (мабыць, варыянт імя Rommund). Сапраўдны наваградскі князь Раман Данілавіч (сын Данілы Галіцкага) княжыў у Наваградку ў 1254–1259 гг. Літоўскі летапісец, відаць, як і ў выпадку з Рагвалодам, палічыў імя Рамана германскім, таму з пэўнасцю далучыў яго да літоўскай княскай дынастыі. Гэтаксама і пазней літоўскія князі ахвотна абіралі хроснае імя Жыгімонт, бо гэта старажытнае пашыранае германскае (гоцкае) імя Sigimundus, якое трапіла ў хрысціянскі іменаслоў.
Заўважана, што германцы, апаноўваючы новыя краі, звычайна досыць хутка гублялі сваю мову і пераходзілі на мову падпарадкаванага народу, але зацята захоўвалі свае германскія імёны. Гэтыя імёны рабіліся прыкметаю арыстакратызму іх носьбітаў, бо заваёўнікі-германцы стаялі ля вытокаў шляхецкіх родаў падпарадкаваных краёў. Чыста тое самае адбывалася і ў Вялікім княстве Літоўскім. Князі-Гедымінавічы, прадстаўнікі іншых княскіх і шляхецкіх літоўскіх родаў ужо ў 14 стагоддзі, безумоўна, былі славянамі з гледзішча мовы і культуры, але працягвалі гарліва захоўваць свае старажытныя германскія імёны ў якасці прыкметы прыналежнасці да паноўных колаў ВКЛ. У той жа час адбывалася славянізацыя гэтых германскіх імёнаў. Ужо ў летапісным паведамленні пад 1219 г. бачым літоўскіх князёў Рушковічаў і Булевічаў (іхнія імёны ёсць яўна германскімі: Кінтыбут, Ванібут, Бутавіт, Вішымут, Гедывіл) [21]. Пазней славянскія прозвішчы на -віч у спалучэнні з собскімі германскімі імёнамі робяца звыклымі для літвінаў: на працягу 13–14 ст. бачым Сірвіда Рушковіча, Юрыя Вітаўтавіча, Даўгвідавічаў, Даўнаровічаў, Радзівілавічаў, Данілу Вісавідавіча, Бутвіда Ракутовіча, Бутрыма Савічэвіча, Лелюша Герстаўтавіча, Дзерманта Савігінавіча, Братошу Гайлютовіча і інш. [22]. Для германцаў, як і для славянаў, быў уласцівы культ воўка і лікантрапічныя матывы ў фальклёру: у германцаў былі пашыраны імёны з фармантам -wulf- (“воўк”). Такія імёны былі пашыраны і сярод літвінаў. Гэтак, пра брата князя Гердзеня Віда летапіс кажа: “егожъ люди Волкомъ звали” [23]. Сярод баяраў, што прысведчвалі акт Віленска-Радамскае уніі 1401 г., былі Воўчка Вялютовіч, Воўчка Тансаўтовіч, Воўчка Мілейкавіч [24]. Сярод баяраў, што прысведчвалі акт Гарадзельскае уніі 1413 г., былі Міцусь Вільчковіч, Воўчка Кульва, Воўчка Ракутовіч [25]. Сведкамі дамовы Літвы з Тэўтонскім ордэнам у 1432 г. былі баяры Даўмонт Ваўковіч, Воўчка Страчэвіч, Васько Ваўчковіч [26]. Ваўкі згадваліся і ў летапісных апавяданнях аб заснаванні Вільні і Вількаміру [27]. Між тым, у балтаў культ воўка і лікантрапічныя матывы не існавалі.
Высвятленне германскага этнічнага паходжання літоўскае шляхты дазваляе адказаць на пытанне аб межах летапіснае ўласна “Літвы”, “зямлі Літоўскае” – асяродку Вялікага княства, які абыймаў Вільню, Вількамір, Коўню, Наваградак і Горадню. Сучасная гістарыяграфія не тлумачыць, чаму гэтая тэрыторыя (якая называлася ўласна “Літвою” ў вузкім сэнсе) абыймала і балцкія, і славянскія землі, але ў той жа час адрознівалася як ад балцкай Жамойці, так і ад “рускіх” зямель ВКЛ (Полацкага, Друцкага, Пінскага ўдзельных княстваў). Як паказуе разгледжанне вотчын буйнейшае літоўскае шляхты (гл. вышэй), гэта была тэрыторыя кампактнага рассялення ў Панямонні прышлага германскага элементу, што і спрычыніла яе асаблівы статус і адрозненне як ад Жамойці, так і ад беларускіх удзельных княстваў. Між тым, з стварэннем ВКЛ палітычны назоў “Літвы”, “Літоўскага княства” пашырыўся на ўсю тэрыторыю ўласна Вялікага княства Літоўскага (без Жамойці). Як відаць з гістарычнага матэрыялу, германскі элемент актыўна ўзаемадзейнічаў і злучаўся з славянскім элементам (як з роўным), а не з балтамі. Гэтым тлумачыцца тое, што літоўскія князі імкнуліся заняць княскія стальцы ў Наваградку, Віцебску, Дарагічыне і не клапаціліся аб улучэнні Жамойці ў склад Літвы. Літоўская вялікакняская дынастыя злучыла пад імем уласна Літоўскага княства славянскія землі Полацку, Мазыра, Пінску – у той час як Жамойць была толькі стараствам і не ўваходзіла ва ўласна Літоўскае княства, а жамойты былі далучаны да ліку “родичей и врожонцев” ВКЛ адно ў 1566 г. Такім парадкам, разгледжанне сапраўднага (германскага) этнічнага паходжання літоўскае шляхты дазваляе зразумець падставы стварэння і спачатнага развіцця Вялікага княства Літоўскага: не маючы дачынення да дзейнасці мясцовага балцкага субстрату, гэтае гаспадарства было створана германскім і славянскім этнічнымі элементамі, дзеля чаго яго тэрыторыя ахапіла зону германска-славянскага ўзаемадзеяння (Неманска-Вілейскае міжрэчча і суседнія княствы Полацку, Друцку, Мазыра, Пінску), паноўная дынастыя і буйнейшая шляхта мелі германскія імёны, а ўсе атрыбуты гаспадарства (права, мова, герб і інш.) былі славянскімі. Можна з пэўнасцю цвердзіць, што сярод імёнаў князёў і шляхцічаў, якія займалі найвышшыя дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім у 13–15 ст., няма ніводнага балцкага імя.
Аб германскім паходжанні літоўскае шляхты пісалі яшчэ старажытныя гісторыкі. Гэтак, прускі біскуп Хрысціян (1231–1245 гг.) атаесамляў Літву з “Венедыяй” – зямлёй усходнегерманскага народу вандалаў, чый назоў у часы позняга сярэднявечча зрабіўся азначэннем паўночных славянаў: Хрысціян пісаў, што Венедыя цяпер называецца Літвою (Wenedia olim, nunc Lithphania) [28]. У сваёй хроніцы біскуп Хрысціян пісаў таксама, што княская ўлада ў Прусах пачалася з перасялення туды жыхароў выспы Готланд, два важары якіх – Брутэн і Відавут (германскія імёны) – сталіся першымі князямі ў тых землях. Старэйшы сын Відавута зваўся Літво, ад яго хроніка Хрысціяна выводзіла назоў Літвы [29]. Яшчэ ў 18 ст. ад Відавута выводзіў радавод літоўскіх князёў езуіт Алоіс Міштальт, прафесар Віленскага ўніверсытэту [30]. Аб тым, што старажытную шляхту літвінаў большаю часткаю складалі готы, венеды і герулы, пісалі ў 16 ст. гісторыкі К. Гарткнах і Л. Давід [31]. У адной з першых згадак літвінаў у гістарычных крыніцах польская хроніка каля 1025 г. атаесамляла літвінаў з “гетамі” (Gethas id est Letwanos) [32]. Аб паходжанні літоўскае шляхты ад готаў пісаў у 16 ст. М. Стрыйкоўскі [33]. Гісторык 17 ст. Ф. Сафановіч выводзіў літву ад германскіх народаў кімбраў і гепідаў [34].
Яркім прыкладам усведамлення літоўскаю шляхтаю гістарычнае памяці аб сваім германскім паходжанні яшчэ ў 17 стагоддзі ёсць успаміны Яна Цадроўскага, шляхціча з Случчыны, які служыў князю Богуславу Радзівілу і ў 1637 г. спадарожнічаў яму ў вандроўцы ў Нямеччыну і іншыя еўрапейскія краі. Вось што Цадроўскі пісаў у сваім дзённіку пра нашчадкаў германскага народу герулаў, якіх сустрэў каля Любеку і Гамбургу (т.б. на паўночным узбярэжжы Нямеччыны каля Даніі): “...Мы ехалі на Любек і Гамбург і там каля Рытвегу мы напаткалі мужыкоў, якія размаўлялі на мяшаным нямецка-літоўскім дыялекце; сваё паходжанне яны вядуць ад герулаў, продкаў літвінаў” [34]. З гэтае кароткае зацемкі відаць наступнае: 1) германскае паходжанне літвінаў у сярэдзіне 17 ст. ёсць для літоўскай шляхты несумнеўным і агульнавядомым і падаецца як нешта не патрабуючае даводаў; 2) сваё паходжанне літоўская шляхта вядзе ад германскага народу герулаў, нашчадкі якіх яшчэ ў сярэдзіне 17 ст. жывуць на паўночным узбярэжжы Нямеччыны каля Даніі – то бо ў дакладнасці ў тым месцы, адкуль выводзяць літоўскую шляхту летапісы ВКЛ; 3) спачатнаю (старажытнаю) “літоўскаю” моваю Цадроўскі лічыць, відавочна, германскую мову (а не балцкую – на паўночным узбярэжжы Нямеччыны ніякія балты ніколі не жылі). Усё гэта паказвае на тое, што яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя (дарма што распачатая замежнымі езуітамі прапаганда пра балцкае паходжанне літвінаў) у асяроддзі літоўскае шляхты – прынамсі, у асяроддзі Радзівілаў – выдатна ўсведамлялі сваё германскае этнічнае паходжанне (у поўнай адпаведнасці з літоўскімі летапісамі 15–16 ст., якія празрыста кажуць аб германскім паходжанні літоўскае шляхты).

Германскі суперстрат у старажытнай Літве (ч. 2)

Падаўшы такія агульныя разважанні аб неаўтахтонным паходжанні літоўскае шляхты, падамо цяпер аналіз яе імёнаў. Чыстая бальшыня фармантаў у імёнах літоўскае шляхты знаходзіць наўпростыя адпаведнікі ў германскіх (перадусім усходнегерманскіх) імёнах. Астатнія фарманты спрабуем рэканструяваць на грунце усходнегерманскіх моў. Разглядаем неславянскія імёны літоўскіх князёў і баяраў да 15 стагоддзя, а таксама летапісных князёў (з летапісаў ВКЛ [35], Раўданскага рукапісу [36] і хронікі Ратунда [37]). Ужываем этымалагічныя слоўнікі германскіх імёнаў [38] і слоўнікі гоцкае і іншых усходнегерманскіх моў [39] (гоцкая літара þ (thorn) азначае міжзубны гук, як англійскае ‘th’). Ніжэй ужываем наступныя скароты: бург. – бургунцкая мова; гоцк. – гоцкая мова, гоцкае імя; герм. – агульнагерманская або старажытнагерманская лексема, (агульна)германскае імя; РР – Раўданскі рукапіс.

-альг- (-ольг-) (Альгерд, Альгімунт): ад гоцк. alhs “бажніца”, герм. helig “свяшчэнны”; былі герм. імёны Algart, Alhmunt;
-бар- (-бор-) (Вісбар, Шадыбор, Баргайла): былі герм. імёны Baroald, Barocho, Barfrid; ад гоцк. bara, baur “чалавек, дзіцё” (літаральна – “народжаны”);
-бой- (-буй-) (Бойнар, Буйвід): былі герм. імёны Boio, Boiko, Boiorix; мабыць, знітавана з швецкім boja “ланцуг, кайданы”;
-буд- (Будывід, Будвойна): былі герм. імёны Budelin, Teutobod, Argibudo; ад бург. buda “пасол, пасланнік” або герм. bodo “гаспадар”;
-бут- (Бутаўт, Карыбут, Цвербут): былі гоцк. імёны Butila, Sisebuto, Hosbut; відаць, ад усходнегерманскага but- з значэннем “корань, аснова” (гепіцкае butilo – “камель”);
-валд- (-вольт-) (Ромвальт, Звінвальт, Валімунд): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Valdemarus, Arvaldus, Sigisvultus); ад гоцк. і герм. waldan “валодаць, гаспадарыць” або wulþus “слава, мажнасць”;
-від- (Гедывід, Будывід, Відымін): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Vidimer, Widericus, Widbod); ад гоцк. wida “сувязь, злучэнне, моцнасць”, або ад гоцк. і герм. widus “дрэва”;
-віг- (Вігунт, Вігайла): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Wigand, Wigilo, Wigmunt); гоцк. і герм. wigs “вайна, бойка”;
-віл- (Вілгайла, Гінвіл, Таўтвіл): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Willirad, Willimeres, Badvila); гоцк. wilja “воля”;
-вільд- (-вілт-) (Войшвілт, Монствільд, Эйвільд): фармант пашыраны ў гоцкіх імёнах (Arvildis, Savildi, Vivildus); гоцк. wilþeis “дзікі”;
-він- (Вінгальт, Лонгвін, Ментвін): фармант пашыраны ў гоцкіх імёнах (Vinibal, Vinilderus, Odwin); гоцк. wins “сябр”;
-віс- (-віш-): (Вісігерд, Вісімонт, Вішымут): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Wisigard, Wizmunt, Wisagund); гоцк. wis “мудры, абазнаны”;
-віт- (Вітаўт, Віцень): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Witolt, Witin, Witila, Witimirus); гоцк. wit “веда, розум, закон”;
-войд- (Войдат, Вайдыла): былі герм. імёны Waide, Weidheri, Weidman; відаць, ад гоцк. waida “поле, паша”;
-войн- (Война, Давойна, Войнад): відаць, знітавана з старагерм. wunna, гоцк. wunands “шчаснасць, задаволенасць”, ісландскім vænn “прыемны”, нямецкім gewohnt “задаволены”; былі герм. імёны Wonnat, Vuuna, Vunnihad;
-войш- (Войшалк, Войшвід, Войшнар): гоцк. і бург. waiþs “паляванне”, гоцк. waiþja “паляўнічы”;
-гайл- (Мінгайла, Ягайла, Скіргайла, Гайлігін, Сунгайла): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Gailo, Geilamir, Gailswindis, Ingeila, Sarahailo); ад гоцк. і бург. gails “жвавы, свавольны, ганарысты”;
-гаст- (Гасцейка, Гостык, Гастоўт): гоцк. і герм. gasts “госць, вандроўнік”; былі герм. імёны Gasto, Gasticho, Gastald;
-гаўд- (-гоўд-) (Гаўдымунда, Гедыгоўд, Даўгоўд): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Gaudemund, Gaudomar, Witogaud, Gaudila), але яго паходжанне не зусім яснае; магчыма, ад гоцк. goþs “добры, годны”, godei “дабро, годнасць, цнота”, або ад гоцк. і бург. auds “багацце, спор”;
-гед- (Гедывід, Гедымін, Гедыгоўд): відаць, з значэннем “нораў, пыха”; старагерм. gidd- “пыхлівы, ганарысты”, ісландскае geð “нораў, тэмперамент”; былі герм. імёны Gaidoald, Hiddikin, Hidoin;
-гель- (Гілігунт, Гелігуд): былі герм. імёны Heligund, Heliger, Helmigaud; ад гоцк. і герм. helm “шалом”;
-гер- (Германт, Герстут, Гервід): герм. heri “войска, загон” або heru “меч”; былі гоцк. імёны Herelieva, Erwih, герм. Germunt, Gervida;
-герд- (Гердзень, Альгерд, Мантыгерд): гоцк. gairdan “падпяразваць”, перан. “ахоўваць”; garda “агароджа”, перан. “ахова, бяспека”; былі герм. імёны Alagart, Herdwic, Hergerdr;
-гін- (Гінтаўт, Даўген): былі герм. імёны Ginheri, Ginand, Gimmund; відаць, ад гоцк. gin- “пачатак”;
-гінд- (Прэзгінд, Вісгінт): былі герм. імёны Gento, Gendrad; ад гоцк. gands “посах”, перан. “чары”;
-гіс- (Гісвін, Гісмен): былі ўсходнегерманскія імёны Gieswein, Gislamundus, Nitigis; гоцк. gisls “страла”;
-гой- (Гойтарт, Гоймант, Гойлют, Гоюл): гоцк. і герм. hauhs “высокі”; фармант пашыраны ў герм. імёнах (Hohgaud, Hohman, Hohrat);
-гуд- (Гудыгерд, Сургут, Гелігуд): былі гоцк. імёны Gudeleub, Godemund, Guderith; ад гоцк. guþs “Бог”;
-гунт- (Вігунт, Гілігунт): фармант пашыраны ў гоцкіх імёнах (Gunthigis, Gundemirus, Theodagunda); гоцк. gunþs “бойка, бітва”;
-даў(г)- (Даўгерд, Даўспронг, Даўмонт, Даўгайла): мабыць, ад гоцк. daug “годна”, бург. daugjis “здольны, годны”; або ад старагерм. tulg-/dulg- “моцны, трывалы”, dolg “дужанне”; былі гоцк. імёны Damundus, Osdulg, Valduigius, германскія Daumerus, Dulchard;
-дзер- (-дзір-) (Дзірсун, Дзермант): мабыць, ад гоцк. dius, герм. tiur “звер”; былі герм. імёны Deorovald, Deorulf, Deurtrudis;
-жад- (-шад-) (Каўдыжад, Шадвід, Шадыбор): мабыць, ад гоцк. skadus “ахінуты, абаронены”; было герм. імя Scatto;
-жыг- (-зіг-) (Жыгімонт, Зігебут): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Sigeberto, Sigisvultus, Sigismer); гоцк. і бург. sigus “перамога”;
-звін- (-жвін-) (Звінвальт, Жывінбуд): гл. -свін(т)-
-кар- (-кор-) (Карыят, Карыбут, Карыгайла): былі герм. імёны Cariatto, Chariobaud, Caramer; відаць, ад гоцк. kaurus “цяжкі, важкі”;
-кес- (Кясгайла, Кестаўт): мабыць, ад гоцк. gais “суліца, кап’ё”; фармант пашыраны ў гоцкіх імёнах (Gesiulf, Unigis, Gesimund);
-кінт- (Кінтыбут, Вікінт): відаць, ад гоцк. і герм. kinds “дзіцё, род”; было герм. імя Witikint, Witikind;
-кон- (Коншалк, Контаўт, Канігайла): ад гоцк. koni- “адважны”; былі герм. імёны Conrad, Conald;
-люб- (Любарт, Любка): фармант вядомы ў гоцкіх імёнах Liubita, Gudilub, Svinthiliuba; германскае
-ліб- ва ўсходнегерманскіх мовах мела форму -люб- з тым жа значэннем, што ў славянскіх;
-лют- (Лютавор, Гвазэлют, Гойлют): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Liutwert, Leuteris, Leudomarus); гоцк. і бург. liuþs, leuda “люд, людзі”;
-мер- (-мір-) (Нетымер, Гайлімір): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Vidimer, Walamer, Witimirus); гоцк. і бург. meris “славуты, выбітны”;
-мін- (Мінгайла, Гедымін, Таўтымін, Мінімунд): былі герм. імёны Minegis, Minard, Minsuind; відаць, ад гоцк. minan “менаваць, памятаць, любіць”;
-монс- (Монствід, Монстаўд): мабыць, ад гоцк. muns “пэўнасць, умысел, імкненне”;
-мунд- (-монт-) (Скірмунт, Даўмонт, Нарымунд, Монтвід): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Damundus, Gesimundus, Sidimundus, Mundila, Mondericus); ад гоцк. munds “моц розуму, імкненне”, mundrs “гарлівы, палкі”;
-мут- (-мот) (Вішымут, Драўмут, Вінмот): фармант пашыраны ў герм. імёнах (Vismuot, Willimot, Geilmot); гоцк. moþs “(баявы) дух, лютасць, адвага”;
-нар- (Нарымунд, Нарбут, Войшнар): фармант пашыраны ў гоцкіх імёнах (Narthildis, Nerigaud, Ragnaris, Asinarius); ад гоцк. nasjan “захоўваць, ратаваць”;
-нет- (Нетымер, Гінет): былі герм. імёны Nidmar, Nitigis, Gernid; ад гоцк. neiþa “злосць, варожасць”;
-прэз- (-прэй-) (Прэзгінд, Прэйбут): фармант пашыраны ў герм. імёнах (Prezzold, Prezila, Prehholf); ад старагерм. proz “шляхетнае каменне”;
-раг- (Рагвалод, Свінтарог): былі гоцк. імёны Ragnaris, Ragnahilda, Ragulf; ад гоцк. raginon “гаспадарыць, судзіць, выракоўваць”, ragin “вырак”;
-рад- (Радзівіл, Ратаўт): фармант пашыраны ў герм. імёнах (Radobod, Radmund, Ratgaud, Willirad); герм. rad “рада”;
-рок- (-рук-) (Рокуць, Рукля): былі герм. імёны Roccula, Ruccko, Rucchart; ад гоцк. hrukjan “раўці, рыкаць”;
-ром- (Ромвальт, Эйрам): фармант пашыраны ў герм. імёнах (Romualt, Romard, Romoin); герм. hruom “слава, славутасць”;
-рым- (Бутрым, Рымавід, Монтрым): фармант пашыраны ў герм. імёнах (Rimbalt, Rimolt, Hrimerim, Striterim); гоцк. rimis “спакой, стрыманасць, непарухлівасць”;
-рынг- (Рынгольт, Рынгала): герм. hring “кольца”; былі герм. імёны Ringolt, Ringilio;
-сар- (Сарвід, Сарман): фармант пашыраны ў герм. імёнах (Saramund, Saregaud, Sarahailo); гоцк. і герм. sarwa “зброя”;
-сав- (Савімонт, Саўгут, Савігін): былі гоцк. імёны Savaricus, Savildi, герм. Savalo, Savientis; ад гоцк. і бург. sauil, старагерм. sowila “сонца”;
-сваль- (Свальгед, Свальген): герм. swal “полымя”; былі герм. імёны Swala, Swallehart;
-свін(т)- (Звінвальт, Свімунт, Свінтарог): гоцк. swinþs “моцны, магутны”; былі гоцк. імёны Svintericus, Svintila, Svinthiliuba;
-скалк- (-шалк-) (Войшалк, Коншалк, Скамунт): гоцк. skalks “слуга”; былі герм. імёны Walscalch, Scaleman, гоцк. імёны Ascalc, Gudescalcus; імя Готшалк існавала сярод усходніх германцаў у 11 ст.;
-скір- (Скірмунт, Скіргайла, Скіртаўт, Скірбут): гоцк. skeirs “ясны, чысты”; былі герм. імёны Scirbald, Scierhilt;
-стольд- (Манстольд, Герстальт): былі герм. імёны Heristalt, Winstalt; відаць, ад гоцк. stalds “які набывае, прагны”;
-сун- (Дзірсун, Сунгайла): фармант пашыраны ў гоцк. імёнах (Suniemirus, Suniericus, Sunila); гоцк. sunja “праўда”, sunis “сапраўдны”;
-сур- (-сыр-) (Сургайла (Сыргайла), Сурмін, Сурвіла): мабыць, адмена ўсх.-герм. фарманту -syr-, ад гоцк. sisu “чароўны спеў, заклён”; былі ўсх.-герм. імёны Siriaud, Syrivald;
-сут- (Сутарт, Сутка, Сутыла): гоцк. suts “рахманы, лагодны, спакойны”; былі герм. імёны Suto, Suttericus;
-тал- (Талівойша, Тальят, Талмут): гоцк. tals “дасціпны, умельскі”; былі герм. імёны Tallo, Talamot;
-таўт- (-таўд-) (Таўтвіл, Таўтыгерд, Вітаўт, Монтаўт): фармант пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах (Teutgerdis, Theudemir, Theudila, Witolt); гоцк. theuda “род, народ”;
-торт- (Гойтарт, Сутарт, Вештарт): відаць, ад гоцк. і герм. þruþs “мажнасць, веліч”; былі пашыраны ўсходнегерманскія імёны з фармантам -труд- (Heilahtrud, Widrud, Swasthrud);
-цвер- (Цвербут, Цвермунт): гоцк. þwairhs “гнеўны, порсткі, ваяўнічы”;
-эй- (Эйвільд, Эйгінт, Эйнар, Эйсмант): былі герм. імёны Egind, Eumund, Einard; ад гоцк. agi “лязо, булат, меч”;
-я- (Ягайла, Ямант): гоцк. ja, jah “дыкжэ, сапраўды”; былі герм. імёны Jahheri, Joman;
-ят- (-ют-) (Карыят, Тальят (Талют), Сур’ят, Ятаўт): мабыць, ад гоцк. iuþa, старагерм. joþ “дзіцё, народзінец, нашчадак”; былі герм. імёны Eutharic, Joduin, Jutrad;

Як бачым, усе імёны сярэднявечнае літоўскае шляхты натуральна тлумачацца з усходнегерманскіх моў і многія з іх маюць наўпростыя адпаведнікі сярод усходнегерманскіх імёнаў. Сярод германскіх рыс літоўскіх імёнаў яшчэ можна адзначыць захаванне спалучэнняў -ск- і -св- (Скірмунт, Свальгед), уласцівае для германскіх моў і неўласцівае для ўсходнебалцкіх, наяўнасць дыфтонгу -эй- (Эйвільд, Эйсмант), якога няма ў жамойцкай мове, а таксама ўласцівыя для германскіх імёнаў канчаткі -ен (Гердзень, Тройдзень, Віцень), -уд/-ут (Гердуд, Кейстут, Яўнут), -унд/-унт (Войшунд, Талунт) і -іла, -ула (Вайдыла, Віршула), якіх няма ў балцкіх імёнах.
Падамо тлумачэнні імёнаў сярэднявечнае літоўскае шляхты. Калі літоўскае імя мае наўпросты адпаведнік сярод германскіх імёнаў, падаем яго адразу. У іншых выпадках падаем прыклады імёнаў з такімі ж або падобнымі фармантамі. Ужываем наступныя скароты: б. – баярын; к. – князь; в.к.л. – вялікі князь літоўскі; л.к. – летапісны князь; тс. – таксама; С1398 – імя з Салінскае дамовы ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам [40]; ВР1401 – імя з акту Віленска-Радамскае уніі 1401 г. [41]; Гр1413 – імя з акту Гарадзельскае уніі 1413 г. [42]; Ч1431 – імя з Чартарыйскае дамовы ВКЛ з Польшчаю 1431 г. [43]; Х1432 – імя з Хрыстмемельскае дамовы ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам 1432 г. [44]; 3ЛМ – імя з спісу наданняў вялікага князя Казімера ў 3-й кнізе запісаў Літоўскае метрыкі (1440 – каля 1466 гг.) [45].
Такім парадкам, маем наступныя тлумачэнні імёнаў літоўскіх князёў і баяраў:

Айгуст (к. у Пскове ў 1270 г.), Айгуста (дачка в.к.л. Гедыміна): герм. Egusta, Eggusta; ад гоцк. agi “лязо, булат, меч”;
Альгерд (в.к.л. 1345–1377 гг.): герм. Algart, Allegard, Alfgerd; альг + герд = “свяшчэнная ахова”; РР тлумачыць імя як “радасць Вольгі” (мабыць, ад -ольг- + герм. hord “скарб”);
Альгімунт (л.к.; тс. к. Гальшанскі † да 1385 г.): герм. Alhmund, Alhmunt; альг + мунд = “свяшчэнная гарлівасць”;
Альдона (дачка в.к.л. Гедыміна): герм. Altduoni, Aldoin, Aldewina; “старая сяброўка”;
Арвід (л.к.), Гервід (3ЛМ): герм. Ervid, Gervida; гер + від = “меч моцы” або “моцнае войска”;
Баргайла (3ЛМ): бар + гайл = “народжаны жвавым”
Барэйка (б. часоў в.к.л. Гедыміна, пачынальнік шляхецкага роду Хадкевічаў; тс. С1398, ВР1401): “дзіцё”
Бікша (к. 1219 г., 1260 г.): герм. Biccho, Bicchio; ад герм. bicken “сячы”;
Бойнар (Гр1413): бой + нар = “ланцуг захавання”
Борза (мо’ Броза) (брат в.к.л. Тройдзеня † да 1282 г.): герм. Brozo; гл. -прэз-
Ботвіл (3ЛМ), Бутвіл (3ЛМ): бут + віл = “корань волі”
Бубета (л.к. Гедройцкі): былі герм. імёны Bube, Buobila; ад старагерм. bube “хлопчык, пахолак”;
Будвойна (б. 1357 г.): буд + войн = “пасланнік шчасця”
Будывід (к., 1289 г.): буд + від = “пасланнік моцы”
Бутвід (б. каля 1388 г.; тс. к. Гедройцкі 1451 г.; тс. 3ЛМ): бут + від = “моцны корань” або “корань дрэва”; было швецкае імя Ботвід;
Будыкід (мо’ Будыгід) (к. 1289 г.): буд + гед = “пышны пасланнік”; былі герм. імёны Boutgis, Bothad;
Буйвід (стараста кернаўскі 1398 г.; тс. 3ЛМ): бой + від = “ланцуг моцы”
Буна (б. 1260 г.): герм. Buno, Bunno; мабыць, ад гоцк. bundnan “звязваць”;
Бутавіт (к. 1219 г.; тс. 3ЛМ): бут + віт = “корань мудрасці”
Бутаўт (сын к. Кейстута, к. дарагічынскі да 1365 г.), Бутаўд (ВР1401, Гр1413): бут + таўт = “камель роду”;
Бутрым (Гр1413, маршалак дворны ад 1412 г.): бут + рым = “непарушны корань”
Бушка (Буска) (С1398): гоцк. buska “цялеш”;
Вайдыла (стараста лідскі 1377 г.; тс. 3ЛМ): “паляўнічы”; было гоцк. імя Wadila, герм. Waide, Waldila;
Валімунд (С1398, ВР1401, бацька маршалка дворнага Кясгайлы): герм. Walmund, Walamunt, Waltimunt; валд + мунд = “гарлівасць улады”;
Вальгун (б. 1288 г.): герм. Walchuni, Walegundis, Walahun; герм. walah “вандроўнік” + гунд = “вандроўнік-ваяр”;
Ванібут (к. 1219 г.; тс. 3ЛМ), Вонбут (3ЛМ): войн + бут = “шчасны корань”
Вега (б. 1260 г.): герм. Wego; ад гоцк. wigs “бойка”;
Вештарт (б. † каля 1441 г.): віс + торт = “мажнасць мудрасці”
Вігайла (стараста вількамірскі 1398 г., Ч1431): віг + гайл = “жвавы ў бойцы”; было герм. імя Wigilo;
Вігунт (сын в.к.л. Альгерда): герм. Wigunt, Wigant; віг + гунт = “бітны на вайне”; або ад герм. wigant “ваяр”;
Від (л.к.): герм. Wido, Wida; “моц” або “дрэва”;
Відыгайла (3ЛМ): від + гайл = “моц жвавасці”
Відымін (брат Андрэя Гілігунта з Гр1413): від + мін = “моцны думамі”
Відымонт (б. † 1382 г.): від + мунд = “моц гарлівасці”; было герм. імя Witmund;
Вікінт (л.к.; тс. к. 1219 г.): віг + кінт = “дзіцё бітвы”, або віт + кінт = “дзіцё мудрасці”; было герм. імя Witikind, Witikint;
Вілгайла (к. 1219 г.; тс. 3ЛМ): віл + гайл = “жвавая воля”
Вілгейда (дачка в.к.л. Альгерда): герм. Williheid, Wilhada; віл + гед = “ганарыстая воляю”, або віл + гоцк. haidus “від, вобраз” = “вобраз волі”;
Вілявід (3ЛМ): віл + від = “воля моцнасці”; было герм. імя Williswind;
Вінгальт (сын в.к.л. Альгерда): він + hildi “бойка, бітва” = “сябра бітвы”; або він + гаўд = “сябра цноты”; было гоцк. імя Winigild, герм. Winegaud;
Вінмот (3ЛМ): він + мот = “сябр адвагі”
Віркаль (Гр1413): былі герм. імёны Werhher, Wirchilleoza; ад герм. werc “праца”;
Віршула (к. 1359 г.; тс. прыдомак Остыкаў): былі герм. імёны Werzo, Wirdilo; ад гоцк. wairþs “годны, дастойны”; суфікс -ула пашыраны ва ўсходнегерманскіх імёнах;
Вісавід (б. † каля 1388 г.): віс + від = “моцнасць мудрасці”
Вісбар (брат кашталяна віленскага Мінгайлы з Гр1413): віс + бар = “народжаны мудрым”
Вісгайла (б. 1260 г.; тс. 3ЛМ): віс + гайл = “жвавая мудрасць”
Вісгаўд (3ЛМ): віс + гаўд = “мудрасць цноты”; былі герм. імёны Witogaud, Wisogoz;
Вісгінт (3ЛМ): віс + гінд = “посах мудрасці”; было герм. імя Wisagund;
Вісігін (Гр1413), Вісагін (3ЛМ): герм. Wizikin; віс + гін = “пачатак мудрасці”;
Вісігерд (Гр1413), Візгерд (3ЛМ): герм. Wisigard; віс + герд = “ахова мудрасці”;
Вісімонт (3ЛМ): герм. Wizmunt; віс + мунд = “гарлівасць мудрасці”;
Вітарт (3ЛМ): віт + торт = “мажнасць мудрасці”
Вітаўт (к. 1266 г., тс. к. † каля 1342 г.; тс. в.к.л. 1392–1430 гг.; тс. 3ЛМ): пашыранае герм. імя Witolt, Witold; віт + таўт = “мудрасць роду”;
Віцень (в.к.л. 1294–1315 гг.): герм. Witin, Wittenus; “мудры”;
Вішымут (к. 1219 г.): герм. Vismuot; віс + мут = “дух мудрасці”;
Войдат (сын к. Кейстута; тс. ВР1401): войд + ят = “дзіця поля”
Война (брат в.к.л. Гедыміна † да 1335 г., тс. ВР1401; тс. к. Гедройцкі 1433 г.): “шчасны”
Войнад (б. 1324 г.; тс. ВР1401): войн + ят = “шчаснае дзіця”
Войшалк (в.к.л. 1264–1267 гг.): войш + шалк = “адданы паляванню”
Войшвілт (к. 1367 г.; тс. б. 1387 г.): войш + вілт = “дзікае паляванне”
Войшвід (ВР1401): войш + від = “моцны на паляванні”
Войшнар (Гр1413; тс. 3ЛМ): войш + нар = “захаваны на паляванні”
Войштаўт (б. каля 1388 г.; тс. 3ЛМ): войш + таўт = “род паляўнічых”
Войшунд (Вайшымунд, роднае імя Хрыстына Остыка): войш + мунд = “гарлівы паляўнічы”
Гайлігін (л.к.; тс. ВР1401, бацька ваяводы віленскага Манівіда): гайл + гін = “жвавы зачатак”
Гайлімін (ВР1401): гайл + мін = “жвавы думамі”
Гайлімір (б. 1432 г): было вандальскае імя Geilamir; гайл + мір = “славуты свавольствам”;
Гастоўт (Гастольд) (ваявода в.к.л. Гедыміна; тс. стараста віленскі ў 1387 г., пачынальнік шляхецкага роду з сядзібаю ў Геранёнах): герм. Gastald; гаст + таўт = “род вандроўнікаў”, або ад гоцк. gastalds “прагавіты, галлівы”;
Гаўдрым (3ЛМ): гаўд + рым = “непарушная цнота”; былі герм. імёны Audram, Gauderich;
Гаўдымунда (дачка в.к.л. Тройдзеня): гоцк. Gaudemund; гаўд + мунд = “гарлівасць цноты”;
Гвазэлют (сын в.к.л. Віценя): гоцк. hwaz “востры, праніклівы, чулы” + лют = “чулы да людзей”; былі герм. імёны Hwazmot, Kerhwas, Wichwas;
Гедрус (л.к., пачынальнік княскага роду Гедройцяў): герм. Gaideris, Gayderis, Keidrih; “гаспадар дзіды”;
Гедывід (пляменнік в.к.л. Міндоўга): гед + від = “пыхлівы моццу”; былі герм. імёны Hadwid, Gaudovid;
Гедыгерд (Х1432): гед + герд = “пыхлівы ахоўнік”
Гедыгоўд (маршалак дворны ад 1401 г., пачынальнік шляхецкага роду з сядзібаю ў Вішневе):
гед + гаўд = “пышнасць цноты”; былі герм. імёны Hadegaud, Godelgaud, Yedigoz;
Гедымін (в.к.л. 1316–1341 гг.), Гедмін (3ЛМ): гед + мін = “пыхлівы думамі”; былі герм. імёны Hideman, Hiddikin;
Гелігуд (3ЛМ): гель + гуд = “боскі шалом”;
Гердзень (стрыечны брат в.к.л. Міндоўга, к. Полацку ў 1264 г.; тс. б. да 1387 г.): герм. Gardin, Gerting; “ахоўнік”;
Гердуд (Гр1413), Гердуць (б. 1388 г.): “ахоўнік”
Гердывід (б. 1388 г., Х1432), Гірдвід (3ЛМ): герд + від = “моцнасць аховы”; было гоцк. імя Herdwic;
Гердывіл (л.к.; тс. к. 1219 г.): герд + віл = “ахова волі”
Гердымонт (3ЛМ): герд + мунд = “ахова гарлівасці”
Германт (л.к.): герм. Girmund, Germunt, Herimont; гер + мунд = “гарлівасць войска”;
Герстаўт (б. 1384 г.): гер + таўт = “ваярскі род”
Герстальт (3ЛМ): герм. Heristalt; гер + стольд = “які набывае войска”;
Герстут (сын в.к.л. Міндоўга): гер + гоцк. stutja “апора” = “апора войска”; былі герм. імёны Stutzias, Stotzas;
Гетаўд (Гр1413): гед + таўт = “ганарысты род”
Гілігунт (Гр1413): герм. Heligund; гель + гунт = “шалом бітвы”;
Гінбут (л.к.), Гінібут (3ЛМ): герм. Genobaud; гін + бут = “зачатак корня”;
Гінвіл (л.к. Наваградку; тс. намеснік троцкі 1398 г.): гін + віл = “пачатак волі”; было гоцк. імя Hunvil;
Гінет, Гінейт (ВР1401, Гр1413): гін + нет = “пачатак злосці”; было герм. імя Gernid;
Гінівойш (3ЛМ): гін + войш = “пачатак палявання”
Гінтаўт (С1398, ВР1401; тс. 3ЛМ): гін + таўт = “зачатак роду”
Гісвін (3ЛМ): герм. Gisoin, Gieswein; гіс + він = “сябра стралы”;
Гісмен (3ЛМ): гіс + мін = “страла памяці”
Глапімін (л.к.): мо’ ад гоцк. hlaupan “бегчы” + мін = “які любіць бегчы”
Гойлют (Койлют) (б. † каля 1388 г.): гой + лют = “высокі над народам”
Гоймант (3ЛМ): герм. Goismund, Haimund; гой + мунд = “высокі гарлівасцю”;
Гойтарт (к. † 1266 г.): гой + торт = “высокі мажнасцю”; было герм. імя Goltrut;
Гольша (л.к., пачынальнік княскага роду Гальшанскіх): ад гоцк. gulþa, golþa “золата”;
Гоюл (к. Гедройцкі 1431 г.), Гогул (3ЛМ): “высокі”; былі герм. імёны Hohilo, Hohold;
Гродвіл (б. 1359 г.): гоцк. hroþ “слава, перамога” + віл = “воля да перамогі”; фармант -грод- пашыраны ў герм. імёнах (Hrodwig, Hrodowin, Hrodger, Hrodmund);
Гудыгерд (С1398): герм. Gudahard; гуд + герд = “боская ахова”;
Давіл (л.к. Вільні), Давіла (б. 1359 г.): герм. Davila, Dauwila; даў + віл = “воля здольнасці”;
Давойна (ВР1401, Ч1431): даў + войн = “годны да шчасця”
Данміла (дачка в.к.л. Гедыміна): былі гоцк. імёны Dumilda, Dunila;
Данута (дачка к. Кейстута): было герм. імя Danna;
Даўгайла (б. 1413 г.): даў + гайл = “здольны да жвавасці”
Даўгвід (б. 1347 г.): даўг + від = “здольны да моцнасці”
Даўген (Гр1413): даў + гін = “пачатак здольнасці”
Даўгерд (к. † 1213 г.; тс. ВР1401, Х1432, ваявода віленскі ад 1433 г.; тс. к. Свірскі 1449 г.): даў + герд = “здольны да аховы”; было герм. імя Dotgerdis;
Даўгоўд (к. 1401 г.; тс. 3ЛМ): герм. Dagaud; даў + гаўд = “годны да спору”;
Даўконт (Гр1413): даў + гунт = “годны да бітвы”
Даўмонт (князь на Ўцене да 1265 г.; тс. Х1432; тс. Даўгімонт, 3ЛМ); спачатна, відаць, Даўмунд (у лісце 1292 г. Dovmundus): было гоцк. імя Damundus; даў + мунд = “здольны да гарлівасці”;
Даўспронг (л.к.; тс. брат в.к.л. Міндоўга): -спронг-, відаць, знітавана з данскім, швецкім і нарвезскім sprang-, sprung- “пукацца, прарастаць”, швецкім språng “крыніца”;
даў + спронг = “годны парастак”; было герм. імя Spranco;
Даўят (к. 1219 г.): даў + ят = “годны нашчадак”
Дзермант (б. каля 1388 г.): дзер + мунд = “гарлівы звер”
Дзірсун (стараста віленскі ў 1365 г.): дзер + сун = “сапраўдны звер”; былі герм. імёны Drasuno, Drusun;
Дорг (ВР1401; тс. 3ЛМ): было пашырана герм. імя Drogo, Druogo; бург. drogo “ваяр”;
Доўнар (б. 1347 г.; тс. шляхецкі род Даўнаровічаў): даў + нар = “захаваная здольнасць”
Драўмут (ВР1401; тс. 3ЛМ): мабыць, ад гоцк. draban “сячы” + мут = “дух сечы”; былі герм. імёны Dramnus, Drammir;
Есбут (б. 1290 г.): відаць, ад герм. is “лёд” + бут = “лядзяны корань”; было гоцк. імя Hosbut;
Жадвід (Жэдывід) (сын в.к.л. Альгерда), Шадвід (3ЛМ): шад + від = “моц абароны”
Жывінбуд (к. 1219 г.): -жывін- (мо’ ад -звін-) + буд = “магутны пасланнік”
Жыгімонт (в.к.л. 1432–1440 гг.; тс. сын к. Карыбута Альгердавіча), Жыгімунд (Х1432):
гоцк. Sigimundus; жыг + мунд = “перамога гарлівасці”;
Застаўд (ВР1401): герм. saz- “сядзець” + таўд = “сядзіба роду”; былі герм. імёны Sasprand, Sazzo, Sassin;
Звінвальт (ВР1401): звін + валд = “магутны ўладаю”
Зігебут (б. 1416 г.): герм. Sigibodo, Sigibaud; зіг + бут = “камель перамогі”;
Імін (л.к.): герм. Imino, Immina; сэнс фарманту няясны;
Канігайла (3ЛМ): кон + гайл = “адважны свавольствам”
Карыбут (сын в.к.л. Альгерда, пачынальнік княскіх родаў Збаразскіх і Вішнявецкіх): герм. Chariobaud; кар + бут = “цяжкі корань”;
Карыгайла (сын в.к.л. Альгерда): кар + гайл = “важкі свавольствам”
Карыят (сын в.к.л. Гедыміна, пачынальнік княскага роду Чартарыйскіх): герм. Cariatto; кар + ят = “цяжкі народзінец”;
Каўдыжад (мо’ Гаўдышад) (б. 1256 г.): гаўд + шад = “ахінуты спорам”
Кейстут (в.к.л. 1381–1382 гг.): відаць, ад прагерманскага і праславянскага keist-, ад якога слав. ‘кисть’, дыял. расейскае ‘кистать’ “неахайна рабіць нешта”, данскае keite “левая рука”, keitet “ляўшун”, тс. “няспрытны, неахайны”; у нашай мове, відаць, наадварот азначала “спрытны, увішны”; РР тлумачыць імя як “спрытнюга” (fortelnik);
Кенна (або Конна) (дачка в.к.л. Альгерда): герм. Cunnia “новы род”; было таксама герм. імя Ginnana;
Кестаўт (сын кашталяна віленскага Мінгайлы): кес + таўт = “кап’ё роду”
Кібарт (сын Мінімунда з Гр1413): герм. Geboart “падараваная рада”;
Кімунд (С1398): герм. Kemmunt, Gimmund; гін + мунд = “пачатак гарлівасці”;
Кінтыбут (к. 1219 г.), Кінбут (3ЛМ): кінт + бут = “корань роду”
Контаўт (б. 1440 г.): кон + таўт = “адважны род”
Коншалк (Х1432): кон + шалк = “адважны слуга”
Кунас (л.к.): герм. Cuno; ад гоцк. kuni “род”;
Кясгайла (маршалак дворны ад 1413 г., пачынальнік шляхецкага роду з сядзібаю ў Дзявілтаве):
кес + гайл = “жвавае кап’ё”
Лелюш (Гр1413, ваявода троцкі ад 1433 г.): герм. Lello, Lullus; ад старагерм. lola “павольнасць”;
Лесій (брат в.к.л. Тройдзеня † да 1282 г.; тс. Lesse, б. 1326 г.): герм. Lezzio, Leczio; ад гоцк. lisan “збіраць”;
Ліздзейка (л.к., продак Радзівілаў, тс. згаданы ў грамаце 1359 г.): жамойцкае lizdas “гняздо” ёсць яўным германізмам – ад усх.-герм. leizda “ліштва, планка, рэйка”; такім чынам, летапіснае апавяданне аб наданні гэтага імя дзеля знаходжання хлопчыка ў гняздзе (у святле таксама іншых матэрыялаў) паказуе на германскае моўнае асяроддзе; нашчадкамі Ліздзейкі былі носьбіты германскіх імёнаў Віршула, Сірпуць, Гостык і Радзівіл;
Лонгвін (сястрэнец в.к.л. Міндоўга); Лынгвен, Лугвеній (сын в.к.л. Альгерда, пачынальнік княскага роду Мсціслаўскіх); Лонгвін (3ЛМ): мабыць, ад старагерм. lung- “хуткі” + він = “хуткі сябр”; былі герм. імёны Lungan, Lungwinda, Langwich;
Любарт (сын в.к.л. Гедыміна): пашыранае герм. імя Lubert, Leubrad, Liubarat; люб + рад = “рада міласці”;
Любка (сын к. Войны): “любы, мілы”; было гоцк. імя Liubita, германскае Lubo;
Лютавор (бацька в.к.л. Віценя), Літавор (Храбтовіч, падскарбі дворны ад 1485 г.): пашыранае герм. імя Liutward, Liutwert; лют + герм. ward “ахоўнік” = “ахоўнік народу”;
Майшагайла (б. 1388 г.): гоцк. maiþms “падарунак” + гайл = “падарунак жвавасці”
Манівід (Монтвід) (стараста віленскі ад 1396 г., пачынальнік шляхецкага роду з сядзібамі ў Жупранах і Вішневе): герм. man “чалавек” + від = “чалавек моцы”, або мунд + від = “моц гарлівасці”; было герм. імя Monvindis;
Мантыгайла (ВР1401): мунд + гайл = “жвавая гарлівасць”
Мантыгерд (ВР1401, намеснік полацкі ў 1398 г., пачынальнік шляхецкага роду з сядзібамі ля Салечнікаў): мунд + герд = “гарлівасць аховы”
Маргер (б. 1336 г.): герм. Margger; гоцк. marh “конь” + гер = “конь войска”;
Матвік (б. 1372 г.): герм. Medovicus; гоцк. maþa “добры, пачэсны” + віг = “пачэсная бойка”;
Маўкольд (л.к. Вільні, бацька в.к.л. Міндоўга): герм. malsks “шалёны, пыхлівы” + валд = “пыхлівы ўладаю”; былі герм. імёны Malchenolf, Malchard, Mahdold;
Ментвін (б. † каля 1387 г.): гоцк. minþs “успамін” + він = “успамін пра сябра”
Міклоўса (дачка к. Кейстута): гоцк. mikils “вялікі, дужы” + гоцк. lausa “воля” = “вялікая воля”
Мікус, Міцусь (Гр1413): герм. Micca; ад гоцк. mikils “вялікі, дужы”;
Мілус (ВР1401): герм. Milis, Melus; “мяккі, прыязны”;
Мінгайла (л.к. Наваградку; тс. стараста віленскі ад 1393 г., ВР1401, Гр1413): мін + гайл = “жвавы думамі”
Міндоўг (в.к.л. 1238–1263 гг.): мін + даўг = “здольны мысленнем”;
Мінімунд (Гр1413), Мінмонт (б. 1442 г.): мін + мунд = “гарлівы думамі”; было герм. імя Munimund;
Монстаўд (Манстольд) (Гр1413): монс + таўд = “імкненне роду”, або монс + стольд = “які набывае імкненне”;
Монствід (Гр1413): монс + від = “моц імкнення”
Монтаўт (стараста салечніцкі ад 1422 г.): мунд + таўт = “гарлівасць роду”; было герм. імя Teutmunt;
Монтвід (сын в.к.л. Гедыміна; тс. б. каля 1388 г.): мунд + від = “моц гарлівасці”; РР тлумачыць імя як “святло Віды” – мабыць, “палкасць Віды”;
Монтвіл (л.к.; тс. 3ЛМ), Мантывіл (б. 1388 г.): мунд + віл = “гарлівая воля”; былі герм. імёны Mantuvin, Willmant;
Монтрым (Гр1413): мунд + рым = “непарушная гарлівасць”
Надоба (б. 1413 г.): гоцк. naudaba “патрэбна, канечна”;
Нарбут (б. 1440 г., пачынальнік шляхецкага роду з сядзібамі ля Няменчына і Лынгменаў):
нар + бут = “захаваны корань”; было герм. імя Norbold;
Нартаўт (пачынальнік шляхецкага роду Нартаўтавічаў): нар + таўт = “захаванне роду”
Нарымунд (сын в.к.л. Гедыміна, пачынальнік княскіх родаў Патрыкеевых, Хаванскіх, Булгакавых і інш.): нар + мунд = “захаванне гарлівасці”; РР тлумачыць імя як “канец святла”; было герм. імя Nordmund;
Наць, Нацко (б. 1347 г.), Начко (Гр1413; кашталян троцкі ад 1452 г.): герм. Natto, Naze; ад старагерм. naþ “міласць”;
Нетымер (к. 1009 г.): герм. Nidmar; нет + мер = “славуты злосцю”;
Ніхна (к. 1359 г.): былі герм. імёны Neccho, Nichar; ад герм. nichus “дробязь”;
Нода (б. 1290 г.): герм. Noto; ад гоцк. nauds “патрэба”;
Нявойст (б. 1393 г.): герм. Neosta; ад гоцк. niujis “новы”;
Остык (Гостык, Гастык) (С1398, Гр1413, кашталян віленскі ад 1418 г.): герм. Gasticho; “вандроўнік”;
Прэзгінд (ВР1401, намеснік полацкі ў 1439 г.; тс. 3ЛМ): прэз + гінд = “посах з шляхетнага камення”, або прэз + кінт = “дзіця шляхетнага камення”;
Прэйбут (3ЛМ): прэз + бут = “корань шляхетнага камення”
Рагвалод (л.к.): раг + валд = “вырак улады”
Радзівіл (ВР1401; тс. маршалак дворны ў 1420 г., пачынальнік шляхецкага роду з сядзібамі ў Упніках і Мусніках; тс. 3ЛМ): рад + віл = “рада волі”; былі герм. імёны Radvich, Radowin, тс. было пашырана імя Willirad;
Ратаўт (3ЛМ): герм. Rattolt, Ratholt; рад + таўт = “рада роду”;
Рокуць (б. † каля 1388 г.; тс. Гр1413): герм. Rocco, Rochus, Roccula; “рык”;
Ромвальт (Румбальд) (маршалак земскі ад 1412 г.): герм. Romualt, Rumbold; ром + валд = “слаўны ўладаю”; або ром + bald “смелы, адважны” = “слаўны адвагаю”;
Рукля (сын в.к.л. Міндоўга): герм. Roecila, Ruccko; “рык”;
Рымавід (Гр1413, пачынальнік шляхецкіх родаў Забярэзінскіх, Аляхновічаў, Дарагастайскіх; тс. стараста берасцейскі 1459 г.; тс. шляхецкі род Рымвідаў-Міцкевічаў): рым + від = “непарушная моцнасць”
Рымгайла (3ЛМ): рым + гайл = “непарушная ганарыстасць”; было герм. імя Rihheil;
Рымтаўт (б. † каля 1449 г.): рым + таўт = “непарушны род”
Рымунт (сын в.к.л. Тройдзеня), Рымант (б. 1389 г.): герм. Rihmund; герм. rih “гаспадар” + мунд = “гаспадар гарлівасці”, або рым + мунд = “непарушная гарлівасць”;
Рынгала (дачка к. Кейстута): “кольца”; было гоцк. імя Ringilio;
Рынгольт (л.к. Наваградку): герм. Ringolt; рынг + валд = “кольца ўлады”;
Савігайла (б. † каля 1440 г.): сав + гайл = “жвавае сонца”
Савігін (б. † каля 1388 г.; тс. 3ЛМ): саў + гін = “пачатак сонца”
Савірым (3ЛМ): саў + рым = “непарушнае сонца”;
Сак, Сака (Гр1413, пачынальнік шляхецкага роду Саковічаў з Няменчына): герм. Sacco, Sack; ад гоцк. sakjo “спрэчка”;
Сангаў (Гр1413), Сангушка (сын к. Фёдара Альгердавіча), Сонгаў (3ЛМ): ад герм. sangwa, гоцк. saggws “спеў”; былі герм. імёны Sanchard, Sancho, Sancke;
Сарвід (3ЛМ): герм. Sarvidis; сар + від = “зброя моцы”;
Сарман (цівун Жыжмарскі, 3ЛМ): герм. Saraman; сар + герм. man “чалавек” = “чалавек зброі”;
Саўгут (б. 1386 г.): саў + гуд = “боскае сонца”
Саўмунт (б. 1379 г.), Савімонт (3ЛМ): саў + мунд = “гарлівасць сонца”; было герм. імя Semund;
Свалегед (л.к.; тс. Swelgate пад 1205–1221 гг. з хронікі Генрыка Латвійскага): сваль + гед = “пышнае полымя”; было герм. імя Swallehart;
Свальген (Свялгеній) (брат в.к.л. Тройдзеня † да 1282 г.), Жваліген (3ЛМ): сваль + гін = “пачатак полымя”
Свідрыгайла (в.к.л. 1430–1432 гг.): герм. імя Swidirih “магутны гаспадар” + гайл = “гаспадар, магутны свавольствам”
Свімунт (б. 1394 г.): свін + мунд = “гарлівасць моцы”; было герм. імя Svidmuot;
Свінтарог (л.к.): свінт + раг = “магутны вырак”
Сірпуць (брат в.к.л. Тройдзеня † да 1282 г.; тс. б. каля 1380 г.; тс. 3ЛМ): былі герм. імёны Serpwin, Scerpholt; ад старагерм. scearp “востры”;
Скамунт (С1398), Скуманд, Скаламунд (яцвяскі к. † 1284 г.): скалк + мунд = “слуга гарлівасці”
Скіргайла (л.к.; тс. сын в.к.л. Альгерда): скір + гайл = “чыстая жвавасць”
Скірмунт (л.к.; тс. шляхецкі род на Піншчыне): скір + мунд = “ясны розум”; было герм. імя Scaramunt;
Скіртаўт (б. 15 ст.): скір + таўт = “чысты род”
Спрудэйка (к. 1219 г.): відаць, ад герм. sprutan “шунаць, пукацца”; былі герм. імёны Sprutho, Sprozwart;
Спэра (л.к.): герм. Sperus; ад герм. sper “кол, дзіда”;
Стэйгівіл (ВР1401): гоцк. steig- “уздым” + віл = “уздым волі”
Судымунт (к. † 1394 г.; тс. чашнік дворны 1409 г.): гоцк. sauþa “вобраз” + мунд = “вобраз гарлівасці”; былі герм. імёны Sudo, Sodilmunt;
Сунгайла (С1398, Гр1413, кашталян троцкі ад 1413 г.): сун + гайл = “сапраўдная жвавасць”; было герм. імя Sunichilo;
Сурвіла (к. 1336 г.; тс. брат кашталяна віленскага Мінгайлы, ВР1401; тс. ш.р. Сурвілаў-Сурвіловічаў на Віленшчыне): сур + віл = “заклён волі”
Сургайла (ВР1401; тс. 3ЛМ), Сыргайла (б. 1291 г.): сур + гайл = “заклён жвавасці”; было герм. імя Sarahailo;
Сургаўд (б. † каля 1431 г.): сур + гаўд = “заклён цноты”; былі герм. імёны Siriaud, Saregaud;
Сургут (Гр1413): сур + гуд = “боскі заклён”
Сурконт (б. 1379 г.; тс. 3ЛМ; тс. ш.р. Сурконтаў на Віленшчыне): сур + гунт = “заклён бітвы”
Сурмін (стараста Вялены ў 1372 г.): сур + мін = “заклён кахання”
Сурмонт (3ЛМ): сур + мунт = “заклён гарлівасці”
Сур’ят (б. 1388 г.): сур + ят = “заклятае дзіця”
Сутарт (3ЛМ): сут + торт = “мажнасць спакою”
Сутынк (л.к.), Сутка (сын Андрэя Гілігунта з Гр1413), Сутыла (3ЛМ): герм. Suto; “рахманы”;
Талівойша (сын Андрэя Гастоўта, ВР1401; тс. шляхецкі род Талівойшаў ад Мінгайлы, старасты ашмянскага): тал + войш = “дасціпны паляўнічы”
Талімонт (к. Свірскі 1449 г.; тс. род Тальмонтаў ад яго): тал + мунд = “гарлівая дасціпнасць”
Талмут (3ЛМ): герм. Talamot; тал + мут = “дух дасціпнасці”;
Талунт (к. † каля 1398 г.): “дасціпны”
Тальят (Ч1431), Талют (к. Гедройцкі 1451 г.): тал + ят = “дасціпнае дзіця”
Таўбут (б. † каля 1413 г.): герм. Teutobod; таўт + бут = “камель роду”;
Таўтвід (б. 1440 г.): герм. Teudoidis, Teudwit; таўт + від = “дрэва роду” або “моц роду”;
Таўтвіл (пляменнік в.к.л. Міндоўга, к. Полацку да 1263 г.; тс. сын к. Кейстута; тс. 3ЛМ): таўт + віл = “воля роду”; былі гоцк. імёны Theudila, Totila, герм. Teodwal, Deowilh, Theodowin;
Таўтыгерд (Гр1413, стараста майшагольскі ў 1434 г.): герм. Teutgerdis; таўт + герд = “ахова роду”;
Таўтыгінд (С1398, ВР1401): таўт + гінд = “посах роду”
Таўтымін (б. 1444 г.); тс., відаць, ‘Тюдиямин’ пад 1262 г.: таўт + мін = “памяць роду”
Трабус (л.к.; тс. тапонім Трабы): былі герм. імёны Trabini, Trapold; ад гоцк. draban “сячы”;
Трайнята (Тройнат) (в.к.л. 1263–1264 гг.): былі герм. імёны Throant, Truantdo, Troannus; ад герм. thrau “помста”;
Тройдзень (в.к.л. 1270–1282 гг.): былі герм. імёны Trostila, Trosthad; ад гоцк. traustja “звяз, угода”, trausts “моцны, верны”;
Трыд (ваявода в.к.л. Тройдзеня, 1275 г.): гоцк. þridja “трэці”; былі герм. імёны Tridmund, Tridlindis, Tridulf;
Цвербут (стараста берасцейскі 1413 г.; тс. 3ЛМ): цвер + бут = “корань ваяўнічасці”
Цвермунт (3ЛМ): цвер + мунд = “гарлівая ваяўнічасць”;
Чупа (Гр1413): гоцк. skuppa “чуб”
Шадыбор (брат маршалка дворнага Кясгайлы): шад + бар = “абарона нараджэння”
Эйвід (3ЛМ): эй + від = “лязо моцы”; было герм. імя Einswid;
Эйвільд (Гр1413; тс. 3ЛМ): эй + вільд = “дзікае лязо”; было гоцк. імя Vivildus;
Эйгайла (б. 1303 г.): эй + гайл = “жвавае лязо”
Эйгінт (б. 1360 г.), Эгінт (3ЛМ): герм. Egind; эй + гінт = “чароўнае лязо”
Эйнар (б. 1390 г.): герм. Einar; эй + нар = “захаванае лязо”;
Эйрам (3ЛМ): эй + ром = “лязо славы”
Эйсмант (шляхецкі род на Гарадзеншчыне): герм. Eemund, Eumund; эй + мунд = “гарлівае лязо”;
Эрык (к. Свірскі 1432 г.): герм. Erich, Eeric, Eriko; ад герм. era “чэсць”;
Юндыл (шляхецкі род на Ваўкавышчыне): ад гоцк. junda “маладосць”; было гоцк. імя Iudila;
Ягайла (в.к.л. 1377–1386 гг.; тс. к. Гедройцкі 1431 г.; тс. 3ЛМ): я + гайл = “сапраўды жвавы”;
Ягінт (стараста лідскі ў 1433 г.): я + гінд = “сапраўды чароўны”
Ядат (Гр1413), Ядут (б. 1379 г.; тс. 3ЛМ): “нашчадак”
Ямант (л.к.; тс. к. Клецку ў 1398 г.): я + мунд = “сапраўды гарлівы”
Ятвід (б. 14 ст.): ят + від = “дзіцё моцы”

Германскі суперстрат у старажытнай Літве (ч. 3)

Як бачым, патлумачаныя з усходнегерманскіх моў фарманты ў імёнах літоўскае шляхты добра стасуюцца паводле сэнсу ды наогул выяўляюць яўную прыналежнасць да ўсходнегерманскіх імёнаў. Тлумачэнні Раўданскага рукапісу (імёнаў Монтвіда, Нарымунта, Альгерда і Кейстута) трохі розняцца ад нашых тлумачэнняў, што можна патлумачыць адрозненнем зыходнае мовы ад матэрыялу, якім мы карысталіся (пераважна на грунце гоцкае мовы); між тым, у выпадках тлумачэнняў імёнаў Нарымунта і Кейстута маем амаль поўныя супадзенні. Наогул, у святле ўсяго разгледжанага матэрыялу ўсходнегерманскае паходжанне літоўскае шляхты не можа выклікаць сумневаў. Адсюль робіцца зразумела, што тэорыя аб аўтахтонным балцкім паходжанні літоўскае шляхты і яе роднасці з жамойтамі, якая была створана і актыўна пашырана езуітамі ў 16–17 ст. і ўжываецца ў якасці адзінае тэорыі этнічнага паходжання літвінаў і сядні, ёсць проста фікцыяй, часткаю езуіцкае антыгістарычнае прапаганды, скіраванае на разбурэнне сапраўднае гісторыі Вялікага княства Літоўскага. “Балцкая” тэорыя не пацверджана нічым наогул (у тым ліку і імёнамі).
Як бачым, літоўская шляхта да 14 стагоддзя сапраўды захоўвала ў нейкай меры сваю этнічную адметнасць і свядомасць. Але гэтая этнічная адметнасць была не балцкая, а германская. Літоўская шляхта гарліва захоўвала свае старажытныя германскія імёны, апавяданні аб сваім паходжанні (якія ўвайшлі ў летапісы Вялікага княства Літоўскага), недзе да 13 стагоддзя, як можна меркаваць, захоўвалася ва ўжытку спачатная германская мова літвы. Але з стварэннем Вялікага княства Літоўскага германскі элемент стаў на шлях няўхільнае славянізацыі і яго этнічная адметнасць стала захоўвацца адно ў выглядзе імёнаў – з гледзішча мовы і культуры ўжо ў 14 стагоддзі літоўская шляхта, безумоўна, была славянскаю. Германскі элемент імкнуўся злучыцца з славянскім элементам і апаноўваць славянскія ўдзельныя княствы ў складзе Вялікага княства Літоўскага: яшчэ за першага вялікага князя літоўскага Міндоўга яго сваякі селі на княжанні ў Наваградку, Крэве, Полацку, Друцку. Ля Віліі і вышняга Неману мелі свае старажытныя вотчыны князі Гедройці, Гальшанскія, Свірскія, Даўгоўды, Талунтовічы. У 14 ст. князі-Гедымінавічы займалі княскія стальцы ў Полацку, Віцебску, Горадні, Бярэсці, Пінску, Заслаўі, Слуцку, Мсціславе і распачалі княскія дынастыі Заслаўскіх, Сангушкаў, Чартарыйскіх, Алелькавічаў і інш. На ўсіх землях Вялікага княства Літоўскага сяліліся і літоўскія баяры. Нашчадкі літоўскіх паноў, якія займалі найвышшыя дзяржаўныя пасады за вялікага князя Вітаўта, распачалі шляхецкія роды Аляхновічаў, Дарагастайскіх, Забярэзінскіх, Станьковічаў, Кандратовічаў, Сурвіловічаў і інш. Літоўская шляхта наўсцяж славянізавалася: як дробныя баяры, так і буйнейшыя паны Гастоўты, Манівіды, Мантыгерды, Давойны, Радзівілы, Остыкі і іншыя ўжо за часоў вялікага князя Вітаўта называліся Івашкамі, Пятрашкамі, Алёхнамі, Андрушкамі, Станькамі, Міцькамі і г.д., менавалі беларускую мову “народнаю” (гл. ніжэй). Тое, што германскі элемент Літвы рассяліўся па ўсім уласна Літоўскім княстве і змяшаўся з яго славянскім жыхарствам, ясна відаць з чысленых запісаў наданняў вялікага князя Казімера, попісаў войска ВКЛ і іншых чысленых матэрыялаў.
У той жа час, германскі элемент Літвы, за выняткам намеснікаў і дзяржаўцаў, мала сяліўся ў Жамойці і амаль не змешваўся з яе балцкім жыхарствам. Адно ў панямонскіх местах Жамойці (Вялене, Эйраголе і інш.), дзе здаўна адбывалася германская каланізацыя, яшчэ ў 15 ст. знаходзім многа ўсходнегерманскіх імёнаў шляхты і нават простага люду (такіх жа, як у Літве): Гайлімін, Гінівіл, Торвід, Даўгерд, Эйтвілт, Сутарт, Відыгайла, Гедывід, Тальят, Ятаўт, Даўгоўд, Талівойша і інш. [46]. Многа такіх германскіх імёнаў і імёнаў па-бацьку шляхты ў панямонскіх местах бачым у попісе войска ВКЛ 1528 г. (намнога менш – на поўначы Жамойці). Тут, відаць, адбывалася частковае змяшанне германскага элементу з мясцовым балцкім. Але не выпадае казаць аб распушчэнні германскага элементу ў балцкім асяроддзі: германскі элемент у Жамойці, як і ў Літве, складаў пераважна шляхту, якая (гэтак жа, як і ў Літве) чыста славянізавалася ўжо ў 15 стагоддзі і, безумоўна, адрознівала сябе ад мясцовых балтаў-жамойтаў. З попісу войска ВКЛ 1528 г. ясна відаць, што шляхту панямонскіх местаў Жамойці амаль цалкам складаў славянізаваны германскі і чыста славянскі элемент, балты складалі толькі мізэрную яе частку (большую частку шляхты складалі балты на поўначы Жамойці). Гэтая шляхта, безумоўна, адносіла сябе да народу літвінаў, а не да жамойтаў. Адсюль паўставалі чысленыя скаргі жамойтаў на тое, што ўрады ў Жамойці дзяржалі “литва” і “русь” [47]. Калі ў 16 стагоддзі вялікі князь дазваляў жамойтам выбіраць і мець ураднікаў з мясцовага жамойцкага жыхарства “за прычыною шляхты”, то мелася на ўвазе якраз гэтая небалцкая шляхта літвінаў у Жамойці. На адрозненне ад балтаў Літвы, якія амаль цалкам славянізаваліся і ўвайшлі ў народ літвінаў, жамойты былі мала закрануты славянізацыяй і захавалі сваю балцкую ідэнтычнасць і мову. Жамойты адрознівалі сябе ад літвінаў на працягу ўсёй гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У земскім прывілеі Жамойці 1441 г. вялікі князь Казімер адрозніваў Жамойць ад Літвы (“А з Литвы не маем до них през Невяжу жадного тивуна зсылать”) [48]. У земскім прывілеі 1492 г. жамойты выступаюць як апрычоны ад літвы народ, аб якім гаспадар пісаў, што яны “з доброю волею прыстали” да Літвы [49]. Да 1566 г. жамойты не далучаліся да “родичей и врожонцев” Вялікага княства Літоўскага, якімі паводле Статутаў былі толькі “литва” і “русь”. У соймавых петыцыях 1542 і 1554 гг. жамойцкія паслы прасілі вялікага князя літоўскага, “абы вряды в земли Жомойтской не были даваны ни Литве, а ни Руси и неоселым, одно Жомойти”. У гэтых жа лістох разглядаліся пытанні “границы Литовское” з Жамойцю [50].

Такім чынам, старажытныя літоўскія шляхцічы з этнічнага паходжання не былі балтамі – яны былі германцамі, нашчадкамі ўсходнегерманскага народу, блізкага да готаў. Гэта тлумачыць поўную індыферэнтнасць літоўскае шляхты да балтаў і балцкай мовы. Жамойць заўсёды заставалася апрычоным ад Літвы краем, што было падчыркнута таксама ў земскіх прывілеях Жамойці вялікіх князёў літоўскіх. Няма ніякіх наогул сведчанняў аб ужыванні літоўскімі князямі і баярамі якое-кольвечы балцкае мовы. “Літоўскаю”, роднаю, пабытоваю літоўскія князі і паны 14–16 ст. наўсцяж называлі беларускую мову, а ацалелыя ў крыніцах рэлікты спачатнае мовы літвінаў ёсць (як убачым ніжэй) усходнегерманскімі, а не балцкімі. Першымі пашыраць балцкую (жамойцкую) мову ў пісьменстве і касцёльным жыцці Літвы пачалі замежныя езуіты ў канцы 16 стагоддзя. Нават калі жамойцкая мова сталася пісьмоваю і яе актыўна пашыралі ў Літве езуіты і іншыя замежныя дзеячы, літоўская шляхта не пазнала ў ёй сваёй (нібыта “роднай”) мовы ды працягвала карыстацца беларускаю (тагачаснаю “літоўскаю”) моваю.
Робіцца зразумелым, чаму такі магутны народ, як літвіны, не пакінуў амаль ніякіх сведчанняў сваёй спачатнае мовы – бо ён цалкам славянізаваўся (захоўваючы адно свае імёны) ужо ў 14 стагоддзі. Між тым, калі б літоўскі народ быў балцкім з паходжання і быццам наўсцяж захоўваў сваю “балцкую свядомасць” і мову аж да 16–17 ст. (калі езуіты пачалі пашыраць жамойцкую мову пад імем “літоўскае”) – то было б чыста немагчыма, каб у створаных ім пісьмовых помніках не засталося зусім ніякіх сведчанняў аб балцкай мове літвінаў. А такіх сведчанняў няма. У многіх народаў, мовы якіх не былі пісьмовымі, засталіся ясныя сведчанні аб іхніх мовах у пісьмовых крыніцах. Прыкладам, хаця польская мова не была пісьмоваю да 16 стагоддзя, ёсць многа запісаў у сярэднявечных польскіх лацінамоўных крыніцах, якія падаюць прыклады польскае мовы і адназначна сведчаць аб тым, што палякі размаўлялі на польскай мове. Нават аб эстонскай мове ёсць запіс у хроніцы Генрыка Латвійскага пад 1214 г.: “лаўла, лаўла, паппі” (“спявай, спявай, поп”) [51], які ясна сведчыць аб эстонскай мове эстаў. Між тым, сведчанняў аб балцкай мове літвінаў няма ніводнага. Літоўскія князі і баяры, падаўшы ў 14–15 ст. у сваіх перакладных лацінскіх і нямецкіх граматах тузыны гутарковых беларускіх слоў і выразаў, не падалі ў іх ніводнага балцкага слова. Гэта было б немагчыма, калі б народ літвінаў быў балцкім з паходжання.
Няшмат святла на мову літвінаў пралівае паведамленне Галіцка-Валынскага летапісу, паводле якога ў 1256 г. літвіны, убачыўшы спалены горад Звягель (на Валыні), “тоужахоу же и плевахоу, по своискы рекоуще “янда”, взывающе богы своя, Андая и Дивирикса” [52]. Тут “Янда” і “Андай” найбольш праўдападобна могуць быць патлумачаны гоцкім andeis “канец” і andjo “дашчэнту”. “Дывірыкс” гэта Deiwas riks, Deiwe rikijs – “Госпад Бог” па-пруску; прытым riks тут ёсць яўным германізмам (ад гоцк. reiks “гаспадар, валадар”), а Deiwe – старажытным індаеўрапейскім словам, тоесным з старагерманскім Teiwa (імя бога вайны, таксама назоў руны “т”) [53]. Такім чынам, спачатнае выслоўе магло гучаць “andjo, Teiwa reiks” і быць усходнегерманскім; гэтая цьмяная звестка летапісу можа казаць або аб германізаванай прускай, або аб германскай мове літвы. Можна дадаць, што ўсе згаданыя Галіцка-Валынскім летапісам імёны літвінаў ёсць яўна германскімі.
Можна вызначыць прыблізны час, калі спачатная мова літвінаў выйшла з ужытку. Калі Раўданскі рукапіс сведчыў, што ў канцы 13 ст. князь Гедымін надаваў імёны сыном з пэўным сэнсам, значыць, спачатная (германская) мова літвінаў тады яшчэ ўжывалася. З іншага боку, калі ў 1488 г. Раўданскі рукапіс падаваў тлумачэнні гэтых імёнаў – гэта яўны паказнік, што тады гэтая мова ўжо не ўжывалася. Паводле Конрада Кібурга, у 1397 г. яму ў Вільні паказвалі нейкія запісы на літоўскай мове, якія ніхто ўжо не мог зразумець [54]. Такім парадкам, 14 стагоддзе ёсць тым часам, калі спачатная (германская) літоўская мова цалкам выйшла з ужытку. У канцы 14 – пачатку 15 стагоддзя “літоўскаю” моваю ўжо шырака называецца беларуская мова, што адлюстроўвае поўнае злучэнне германскага элементу Літвы з славянскім элементам у адзін народ.
Між тым, рэлікты ўсходнегерманскае мовы літвінаў засталіся ў пісьмовых крыніцах і ва ўрадовай тэрміналогіі Вялікага княства Літоўскага. Усходнегерманскае паходжанне мае слова господар – ад гоцк. gastbaudes “гаспадар госця” (ад гэтага слова паходзіць таксама царкоўнаславянскае “господь”). Усходнегерманскае паходжанне гэтага тытулу магло б патлумачыць яго прыйманне і шырокае ўжыванне вялікімі князямі літоўскімі. Як вядома, тытул “гаспадар” спярша паўстаў у Вялікім княстве Літоўскім, адсюль у 14 ст. пашырыўся ў Валахію, а пазней у Масковію, дзе займеў форму “государь” [55]. Слова господа ў сэнсе жытла ўжывалася ў Статутах ВКЛ. Яркім прыкладам усходнегерманскага запазычання ва ўрадовай лексыцы ВКЛ ёсць тэрміны сок, сочыть – ад гоцк. sokjan “шукаць, дапытваць”, sokja “следчы (той, хто шукае, дапытвае)”. Тэрміны сок і просока ўжываліся ў Судзебніку вялікага князя Казімера 1468 г. як азначэнні старых праўных з’яў (“а просока по-старому”) [56]. Назоў галоўнага падатку ў ВКЛ – дякла (натуральнага аброку за дзяльніцу зямлі) – несумнеўна паходзіць ад корня -дзяк- (‘дзякаваць’), які сваім парадкам паходзіць ад усходнегерманскага þagk-. Усходнегерманскім ёсць назоў адной з галоўных літоўскіх дзяржаўных устаноў – скарбу – ад гоцк. skarpa “апірышча, запас, забеспячэнне”. “Скарбам” у ВКЛ ужо ў 14 ст. называлася сховішча дзяржаўных даходаў і рэгалій; грамата вялікага князя Вітаўта гарадзенцам 1389 г. згадвала “повинности”, якія трэба было плаціць “до скарбу нашого” [57]. Усходнегерманскае паходжанне мае пашыраны літоўскі праўны тэрмін габать і вытворныя ад яго габанье, нагабанье – ад гоцк. gabaidjan “прымушаць, прынукаць”. “Габаньем” у літоўскім праве называлася юрыдычная прэтэнзыя, а “нагабать” азначала прыцягаць у суд праз маёмасную або іншую прэтэнзыю. Тэрміны “нагабанье”, “габать” трапілі і ў польскія Варцка-Вісліцкія статуты 1420–1423 гг. праз іх літоўскіх складальнікаў. Германскага паходжання ёсць і тэрмін скарга (вядома германскае schergen). У ВКЛ слова скарга ўжо ў 14 ст. было праўным тэрмінам: прывілей вялікага князя Вітаўта 1388 г. згадваў аб запазванні ў суд “через скаргу” [58]. Усходнегерманскага паходжання ёсць і праўны тэрмін шкода (ад гоцк. skaþis): ён быў згаданы ў Судзебніку 1468 г. і іншых праўных лістох. Гэтыя словы маглі патрапіць ва ўрадовую лексыку адно з жывое ўсходнегерманскае мовы – такім парадкам, гэтыя праўныя тэрміны ёсць яркім сведчаннем аб ужыванні яшчэ ў 13–14 ст. літоўскаю шляхтаю ўсходнегерманскае мовы. Германскага паходжання ёсць і слова хоругва – ад гоцк. hrugga, герм. hrunga “кій”. У Вялікім княстве Літоўскім харугваю называўся сцяг з выяваю белегу павета, а харужым – павятовы кіраўнік баярства. Хоружыи былі згаданы ў грамаце вялікага князя Альгерда 1359 г. [59], аб іхніх абавязках згадвалі і Статуты ВКЛ.
Шэраг неславянскіх праўных тэрмінаў ВКЛ (лейці, райтынікі, борг і інш.), якія чамусьці лічаць “балцкімі”, ёсць яўна германскага паходжання. Гэтак, яўна германскаю з паходжання ёсць літоўская катэгорыя лейцяў, асноўныя рысы якой тоесны германскай катэгорыі летаў (літаў), вядомай яшчэ ў германскіх “барбарскіх” праўдах 6–8 ст. Германскія леты характарызаваліся наступнымі рысамі: 1) леты былі слугамі, якія пры жаданні маглі выкупіцца з служэбнага стану; 2) леты былі паўсвабоднымі: яны знаходзіліся ў залежнасці ад гаспадара, але мелі частковую праваздольнасць; 3) леты былі дзяржаўцамі зямлі гаспадара, за якую плацілі грашовы падатак [60]. Чыста такія ж рысы мелі літоўскія лейці – служкі гаспадарскіх двароў і гаспадарскія зямельныя дзяржаўцы на чыншу [61]. Назоў гэтага старажытнага стану, відаць, паходзіць ад гоцкага leits “дазволены, адпушчаны”. З. Зінкевіч заўважыў, што інстытут лейцяў не мог быць летувіскага паходжання дзеля нястачы ў летувіскай мове дыфтонгу -ей-, і лічыў гэты інстытут у ВКЛ запазычаным [62].
Тэрмін борг ‘крэдыт’ ёсць яўна ўсходнегерманскага паходжання – ад гоцк. baurgs “збор, плата”. Няма ніякіх падстаў казаць аб балцкім паходжанні катэгорыі “райтынікаў” – слуг, якія пераганялі гаспадарскіх коней [63]. Паходжанне гэтага тэрміну ёсць яўна германскім (гоцк. raidjan, reidan “ехаць конна”). Назоў падатку мезлева можа паходзіць ад гоцк. mimz “мяса” і lewa “нагода, прычына, загад”; такім парадкам, гэтае слова ва ўсходнегерманскай мове магло азначаць падатак мясною страваю – што яно і азначала ў літоўскім праве [64].
Як бачым, ва ўрадовай тэрміналогіі Вялікага княства Літоўскага былі некаторыя праўныя тэрміны і рэаліі ўсходнегерманскага паходжання, якія дапаўнялі звычаёвае права беларускіх зямель, на якім быў збудаваны ўрадовы лад ВКЛ. Германскі элемент, будуючы гаспадарства, знайшоў у беларускіх княствах ужо гатовы ўрадовы лад, які быў напоўніцу ўзяты для ўспраўлення дзяржаўнае сыстэмы Вялікага княства Літоўскага. У тых месцах, дзе ў беларускім праве не было адпаведнікаў інстытутам, вядомым германцам, былі ўзяты, як мы бачылі, старажытныя рэаліі з звычаёвага права германскага элементу. Такім чынам, заміж таго каб казаць аб нейкім фантастычным “сынтэзе балцкага і рускага права”, насамрэч трэба казаць аб сынтэзе ўсходнегерманскага і рускага права пры ўспраўленні ўрадовага ладу Вялікага княства Літоўскага.
У пісьмовых крыніцах захаваліся рэлікты ўсходнегерманскае мовы літвінаў. Гэтак, у мове літоўскіх князёў яшчэ ў 14 ст. быў пашыраны стары германізм “горазд” – ад гоцк. garazd “разумна, узважана, прыязна”. Пазней у славянскіх мовах гэтае слова набыла сэнс “добра, моцна”. Але ў яго першасным германскім сэнсе (“разумна, прыязна”) гэтае слова ўжывалі князі Кейстут і Вітаўт у сваіх размовах, запісаных у прыдворных літоўскіх летапісах: “Якгайло жыветь со мною горазд”, “ты c ним гораздо жывеш” [65]. Няма сумневаў, што ў летапісах была запісана жывая мова Кейстута і Вітаўта. Такім чынам, маем рэлікт усходнегерманскае мовы ў вуснах вялікіх князёў літоўскіх. Ва ўрадовых лістох ВКЛ было пашырана слова “надобе” – гэта запазычанне ад гоцк. naudaba (“патрэбна, канечна”). Гэтае слова знаходзім у лістох 1298, 1322, 1352, 1366, 1384 гг. і ў іншых чысленых лістох і прывілеях літоўскіх князёў і баяраў. Этымалагічны слоўнік М. Фасмера адзначае, што найранейшыя згадкі гэтага слова ў рускім пісьменстве сустракаюцца ў лістох ВКЛ [66]. Такім парадкам, і гэтае слова ёсць сведкам усходнегерманскага моўнага ўплыву, які шырыўся ад літоўскай шляхты.
У беларускай мове захаваліся наступныя словы ўсходнегерманскага паходжання: бронь, абарона (brunjo), вагацца (wagjan), валодаць (waldan), вараваць (waron), гартаваць (hardjan), гаспода, гаспадар (gastbaudes), годны (godei), лаяць (laian), лек (lekeis), ліхва (leihwa), люд (leuda), моц (mahts), мыта (mota), наўда (nauds), рабаваць (raubon), радзіць (raþjan), рахаваць (rahnjan), свара, сварыцца (swara, swaran), свярбець (swairban), скарб (skarpa), скіба (skiba), скрыня (scrinia), смок (snok), спрыт (sprauto), струмень (stroum), таймаваць (tamjan), хвіля (hweila), шкода (skaþis), шмараваць (smairþr), шума (skuma) і іншыя. Гэтыя ўсходнегерманскія запазычанні ў беларускай мове і ўрадовай лексыцы ВКЛ яскрава сведчаць аб значным уплыве на беларускую мову ўсходнегерманскага элементу, прытым на самым высокім роўні. Вялікая доля германізмаў ва ўрадовай мове ВКЛ і базавай лексыцы беларускае мовы (такіх як дах, грунт, смак, буда, дзякуй, варта, рахаваць, трапіць і інш.) можа тлумачыцца не толькі актыўнымі кантактамі ВКЛ з германскімі краямі, але і германскім этнічным паходжаннем літоўскае шляхты.



Троцкі замак

Усходнегерманскі ўплыў можна прасачыць і ў тапаніміі і гідраніміі Літвы. Гэтак, з усходнегерманскіх моў лёгка тлумачацца назовы рэк Сваротва, Ізва, Лахазва, Дзітва ў сярэднім Панямонні. Назоў буйнейшае прытокі Віліі – Свенты – можна патлумачыць ад гоцк. swinþs “моцны, магутны”. Назоў ракі Стрэвы можна патлумачыць ад гоцк. straujan “пырскаць”. Тапонімы Трокі, Кернаў, Эйрагола і іншыя, якім дагэтуль не знайшлі балцкіх тлумачэнняў, таксама могуць быць патлумачаны з германскіх моў. Гэтак, назоў Трокаў можа паходзіць ад гоцк. þrac, þroc “імклівасць”, а назоў Кернава – ад гоцк. qairnus “млын”. Назоў Эйраголы, якой шмат надаюць увагі летапісы ВКЛ, можа быць патлумачаны ад гоцк. airus “пасланнік” і goljan “вітаць”. Эйрагола на рацэ Дубісе была адным з першых гарадоў, заснаваным продкамі Ягайлавічаў: Раўданскі рукапіс называе яе “старажытным” местам, а легенда пра Палямона кажа, што прыбышы спярша “над Дубисою и над Немном, и над Юрою, там ся поселили и почали розмножыватися” [67]. Паводле Раўданскага рукапісу, князь Лютавор (бацька вялікага князя Віценя) адбудаваў “старажытную” Эйраголу ў 1262 г. У Эйраголе нарадзіўся ў 1232 г. і жыў Віцень, тут жа да апанавання вялікакняскага стальца жыў Гедымін [68]. Гэтыя звесткі пацвярджаюць і прыдворныя літоўскія летапісы, якія кажуць, што Віцень “был з рожаю, a c поколенья c Колюмнов, з ыменя держачого в Жомойти, реченого Аиракгола” [69]. Такім чынам, з Эйраголаю – местам з яўна германскім назовам – была знітавана гісторыя літоўскае вялікакняскае дынастыі. Германскім, як мы бачылі, ёсць і назоў Юрбарку. У Неманска-Вілейскім міжрэччы таксама многа тапонімаў, утвораных ад германскіх імёнаў (Мантвілішкі, Сунгайлы, Гальшаны, Мантыгерды, Віршулішкі, Дарсунішкі, Сурвілішкі, Гедройці, Драгамінішкі, Эйсманты і інш.), якія да мясцовага балцкага субстрату не маюць ніякага дачынення.
Аб германскім паходжанні літоўскае шляхты сведчыць рунічная сымболіка, пашыраная на яе гербах. Як вядома, руны ў паўночнай Еўропе існавалі толькі ў германцаў – у балтаў ніякіх рун ніколі не было. Цалкам імаверна, што рунічнае паходжанне мае так менаваны “крэст Ярылы”, які почасту ўжываўся на выяве гербу “Пагоня”. Рунічныя знакі ёсць на многіх пячатках і гербах літоўскае шляхты [70]. Аб тым, што літоўскія шляхцічы да Гарадзельскай уніі 1413 г. ужывалі ўласныя гербы, сведчаць літоўскія летапісы: “…мы шляхта старая, рымская, которыи предки нашы з тыми гербы своими зашли до тых панств и их вжывали, а так мы тепер их маем и их вжываем яко своих” [71]. Такім парадкам, рунічная сымболіка, што ацалела на некаторых літоўскіх геральдычных знаках, паходзіла ад старажытных літоўскіх гербаў – якія, такім чынам, былі германскага паходжання. Аб ужыванні ў старажытнасці літвінамі рун пісаў Т. Нарбут [72].
Нарэшце, сведчаннем аб рассяленні ў гістарычнай Літве ўсходнегерманскага народу ды яго злучэнні з славянамі ёсць назоў “гуды”, якім на працягу стагоддзяў жамойты называлі літвінаў-беларусаў. Гэтае жамойцкае азначэнне вядома прынамсі ад 16 стагоддзя і яго паходжанне ад саманазову готаў – guti – не выклікае ў даследнікаў сумневаў. Даследнікі прыйшлі да высновы, што гэты назоў готаў паўстаў сярод жамойтаў у раннім сярэднявеччы (калі готы панавалі ў Прусах) і пазней быў перанесены на беларусаў таксама ў якасці азначэння блізкіх, добра вядомых “чужакоў” з поўдня [73]. Але, між тым, не быў патлумачаны механізм такога пераносу і яго нутраны сэнс. Вядома, што вялікая лічба паселішчаў з назовамі, вытворнымі ад корня -гуд- (Гуды, Гудзелі, Гудышкі, Гудакі і г.д.), размешчана на Ковеншчыне і нават у Жамойці. Прызнана, што гэтыя паселішчы пазначалі месцы досыць вальнага пранікнення небалцкага элементу на балцкія землі. Пры гэтым даследнікі прызналі, што час і абставіны паўстання гэтых назоваў незразумелы. Між тым, вялікая лічба паселішчаў з падобнымі назовамі ёсць і на Гарадзеншчыне, а таксама на Меншчыне і Віцебшчыне. Значыць, гэтыя назовы не азначалі славянскі элемент. Супярэчнасць будзе развязана, калі прызнаць, што “гудамі” мясцовае балцкае жыхарства ў познім сярэднявеччы менавала германскі элемент – гэтаксама, як і ў раннім сярэднявеччы. У часы каланізацыі літоўскім германскім элементам Панямоння (10–11 стагоддзі) ён рассяляўся па ўсіх землях Панямоння – ад паўднёвай Жамойці да Меншчыны – і мясцовае балцкае жыхарства менавала яго “гудамі” ад назову здаўна вядомых яму готаў; адсюль такая шырокая геаграфія паселішчаў з назовамі на -гуд- – уздоўж усяго Неману. Пазней, калі гэты германскі элемент славянізаваўся, жамойты перанеслі яго назоў на новую супольнасць – народ літвінаў (беларусаў). Вядома, што яшчэ ў 18 стагоддзі жамойты менавалі “гудамі” жыхароў Ковеншчыны і Віленшчыны, якія не размаўлялі балцкаю моваю. Я. Лелявель пісаў, што паселішчы з назовамі на -гуд- у гэтым рэгіёне атрымалі свае назовы ў часы пашырэння жамойцкае мовы ў 17–18 ст. дзеля таго, што іхнія жыхары не разумелі балцкае мовы [74].
Выклікае пытанні паходжанне назоваў “літва”, “літвіны”. Наймя ў такой, славянскай форме гэтыя назовы вядомы ў самых старажытных крыніцах: литъва, литвины, Letwanos, Litwini. Даследнікі звярталі ўвагу на пашыранасць у ранніх крыніцах таксама варыянтаў Lutovia, Lutwani і на гэтай падставе казалі аб славянскім паходжанні назову літва/лютва [75] і нават аб паходжанні яго ад назову палабскіх люцічаў [76]. Версыю аб паходжанні літвы ад люцічаў можна было б разгледзець (з улікам летапісных звестак аб прыбыцці літоўскае шляхты з-за мора), калі лічыць люцічаў не славянскім, а ўсходнегерманскім народам. Дадзеных аб славянскім характару люцічаў (а таксама суседніх ім абадрытаў-рэрагаў) недастаткова, у той жа час шэраг імёнаў і тапонімаў люцічаў і абадрытаў ёсць яўна ўсходнегерманскімі.
Дзеля нястачы матэрыялу паходжанне назову “літва” на дадзены момант высветліць не ўяўляецца магчымым. Між тым, славянская форма назову “літвіны”, адзначаная ў самых ранніх крыніцах (каля 1025 г. палякі ваявалі проці Letwanos і іншых “вераадступных” [77]) кажа аб злучэнні літоўскага германскага элементу з славянскім элементам Панямоння і ўтварэнні канфесыйнае супольнасці літвінаў, якая захоўвала сваю канфесыйную адметнасць да сама Крэўскай уніі 1385 г. (гл. наш артыкул “Літоўскі народ 14 стагоддзя”). Усходнегерманскія народы на працягу стагоддзяў былі вядомы сваёй гарліваю прыхільнасцю да арыянства і зацята ахоўвалі сваю арыянскую веру ад захадаў католікаў. Арыянства, блізкае ў сваіх метафізычных поглядах да богумільства, магло злучыцца ў Панямонні з мясцовым богумільствам і ўтварыць новую канфесыйную супольнасць, як аб тым пісаў Пётр д’Альі, распавядаючы пра “літоўскае маніхейства” (Manicheismus Lithuanicus), якое ўтварылася ў 11 стагоддзі, калі “рускія маніхеі” прынеслі сваю навуку ў дамы літоўскае шляхты, якая “наўсцяж гарнулася да гэтага хрысціянства і стварыла нібыта новую сэкту” [78].

Такім парадкам, падсумаваўшы ўвесь вышпісаны матэрыял, можна цвердзіць, што этнічнае паходжанне літоўскае шляхты было не балцкім, а ўсходнегерманскім. Гэты германскі элемент прыбыў у Панямонне недзе ў 10 стагоддзі, пасяліўся па сярэднім і вышнім Немане і яго прытоках, меў шчыльныя дачыненні з старажытнымі беларускімі княствамі, а ў сярэдзіне 13 стагоддзя стварыў разам з шляхтаю гэтых княстваў Вялікае княства Літоўскае. Дзеля гэтага шляхту ВКЛ складалі пераважна асобы з ўсходнегерманскімі імёнамі, а атрыбуты гаспадарства (права, мова) былі ўсходнеславянскімі. Германскі элемент няўхільна славянізаваўся (захоўваючы ў якасці сваёй этнічнае адметнасці адно свае германскія імёны), дзеля чаго ўжо ў канцы 14 стагоддзя назоў “літоўскі” ва ўсіх дачыненнях (тэрыторыя, мова, права, вайсковыя звычаі і інш.) належаў да беларускага народу. У той жа час, жамойты не славянізаваліся, не ўваходзілі ва ўласна Літоўскае княства і адрознівалі сябе ад літвінаў.
Высвятленне сапраўднага (германскага) этнічнага паходжання літоўскае шляхты, як бачым, здольна праясніць многія заблытаныя пытанні гісторыі Вялікага княства Літоўскага, а таксама развязаць міфы, якія дагэтуль пашыраюцца ў сувязі з гэтымі цьмянымі пытаннямі. Напрыклад, можна разгледзець праблему Гарадзельскае уніі 1413 г. і яе ўплыву на нацыянальнае і палітычнае жыццё ВКЛ. Імёны ўчаснікаў гэтае уніі (47 літоўскіх шляхецкіх родаў) дагэтуль падаюць у гістарычнай літаратуры як быццам неаспрэчнае сведчанне “балцкага этнічнага” характару літоўскага гаспадарства, а сам факт гэтае уніі як быццам перавагу нейкага “балцкага нацыяналізму” над усімі праявамі славянізацыі шляхты ВКЛ. Між тым, сярод гэтых імёнаў няма ніводнага балцкага імя: бальшыня імёнаў ёсць яўна ўсходнегерманскімі (гл. вышэй), а некаторыя яўна славянскімі. Балцкімі можна было б палічыць хіба што імёны Карэйвы і Даўкшы – калі б мы не ведалі, што да роду Карэйвы належаў баярын Гайлімін (германскае імя), а Даўкшам зваўся таксама сын баярына Кімунта з ВР1401 (таксама яўна германскае імя) [79].
Імёны літоўскіх баяраў з актаў Гарадзельскае уніі можна падзяліць паводле крытэру этнічнасці на тры групы: 1) германскія імёны без прыкмет славянізацыі; 2) германскія імёны з прыкметамі славянізацыі (імёны па-бацьку на -віч); 3) славянскія імёны. Да першай групы належаць 29 імёнаў: Манівід, Яўнут, Мінгайла (двойчы), Сунгайла, Гостык, Бутрым, Галігунт, Байлімін, Карэйва, Вісігерд, Мантыгерд, Таўтыгерд, Гастоўт, Ядат, Даўкша, Бойнар, Гетаўт, Даўген, Сангаў, Сака, Цвербут, Монствільд, Вісігін, Монстаўд, Радзівіл, Гердуд, Чупа, Эйвільд, Сургут. Да другой групы належаць 12 імёнаў: Ян Рымавідавіч (Rimovidovicz), Бутаўт Мантыгайлавіч (Montigalowicz), Гінет Канчэвіч (Konczevicz), Воўчка Ракутовіч (Rokutowicz), Войшнар Віркалевіч (Vircolevicz), Начко (Naczko), Войшын Данейкавіч (Daneycovicz), Андрэй Даўконтавіч (Dewknetovicz), Мінімунд Сашніковіч (Sessnicovicz), Міцусь Вільчковіч (Vilczcovicz), Вайдыла Кушаловіч (Kussolovicz), Станіслаў Бутаўтавіч (Butowtowicz). Наастатку, да чыста славянскіх трэба аднесці 5 імёнаў: Няміра, Воўчка Кульва, Качан, Рала і Качан Суковіч (Sukovicz).
Як бачым, імёны літоўскіх шляхцічаў у Гарадзельскіх актах выяўляюць суцэльную тэндэнцыю нацыянальнага развіцця літоўскае шляхты 14 стагоддзя – гэта ўсходнегерманскія імёны з заўважнаю схільнасцю да славянізацыі. У часы Гарадзельскае уніі славянізацыя германскае шляхты Літвы не спынялася і прывяла нарэшце да поўнага злучэння германскага элементу Літвы з яе славянскім народам: літоўскія князі і баяры (у тым ліку буйнейшыя паны – учаснікі Гарадзельскіх актаў) бралі народныя славянскія імёны, называліся імем і імем па-бацьку паводле рускага звычаю, менавалі беларускую мову “літоўскаю”, “народнаю”. Прыкладам, сыны старасты віленскага Андрэя Гастоўта зваліся Івашка, Андрушка, Войтка і Юшко. Івашка Гастоўтавіч, маршалак дворны ад 1426 г., у лацінскіх лістох пісаўся Івашкам (Iwaschko) ды Гастоўтавічам (Ioannis Gastoltowycz). Сын ваяводы віленскага Гедыгоўда зваўся Сенькам: ад 1429 г. ён займаў пасаду маршалка дворнага, ад 1451 г. кашталяна віленскага; Сенькам (Senko) менаваў яго ў лацінскіх лістох вялікі князь Вітаўт. Брат Гедыгоўда Рымавід меў сыноў Алёхну і Юшку: ад Алёхны (быў намеснікам гарадзенскім, пазней маршалкам дворным) пайшлі шляхецкія роды Аляхновічаў і Дарагастайскіх, а ад Юшкі Рымавідавіча – род Забярэзінскіх. Сыны намесніка полацкага Мантыгерда зваліся Алёхна і Пятрашка. Алёхна Мантыгердавіч у 1410 г. быў падчашым дворным і вялікі князь Вітаўт менаваў яго ў лістох Olechno. Пятрашка Мантыгердавіч ад 1422 г. быў маршалкам дворным і змацоўваў лісты пячаткаю з надпісам “П. ПЕТРАШОВА МОНДКІРДВІЧА”. Баярын Валімунд меў сыноў Яўнута (ваявода троцкі ад 1412 г., пісаўся Yownis Wolimonthowicz), Кясгайлу, Ромвальта, Шадыбора (меў пячатку “ПЕЧАТЬ ШЕДИБОРОВА ВОЛИМОНТОВИЧА”), Судывоя і Гудыгерда. Ад Кясгайлы пайшоў шляхецкі род Кясгайлаў, ад Станька Судывоевіча – Станьковічы, а ад Кандрата Гудыгердавіча – Кандратовічы. Кашталян віленскі Остык меў сыноў Радзівіла, Міцька, Станька і Бартка. Ад Радзівіла пайшоў шляхецкі (пасля княскі) род Радзівілаў, а ад Станька род Остыкавічаў. Пляменнік Остыка Судымонт меў сыноў Алёхну (ад 1477 г. ваявода віленскі, ад 1478 г. канцлер ВКЛ) і Міхайлу. Сунгайла, у 1410 г. намеснік ковенскі, а ад 1413 г. кашталян троцкі, ужываў пячатку “ПЕЧАТЬ СУНЬГАИЛОВА” і меў сыноў Федзьку і Івашку. Баярын Сака з акту Гарадзельскае уніі ўжываў пячатку з надпісам “peczeth sakowycz” і меў сыноў Андрушку і Івашку. Андрушка Саковіч ужываў пячатку “ПЕЧАТЬ АНДРИЯ САКОВИЧА” і быў ад 1458 г. ваяводам троцкім, а яго сын Багдан Андрушкавіч быў маршалкам земскім і ваяводам троцкім. Пан Даўгерд (ад 1424 г. маршалак дворны, ад 1433 г. ваявода віленскі) меў сына Андрушку, які пісаўся Andruszko Dowgyrdowycz. Баярын Давойна (сын Вісігерда з акту Гарадзельскае уніі) меў сыноў Алёхну, Андрушку і Івашку. Алёхна Давойнавіч ад 1434 г. быў старастам лідскім, а ад 1459 г. кашталянам троцкім і ўжываў пячатку “s. olechno dowonowicz”. Андрушка Давойнавіч ад 1440 г. быў старастам гарадзенскім і ўжываў пячатку “ПЕЧАТЬ ПАНА ОНЪДРЮШКА ДОВОИНОВИЧА”. Баярын Гайлігін з акту Гарадзельскае уніі меў сыноў Алёхну і Андрушку Гайлігінавічаў, якія гэтак пісаліся ў літоўскіх і замежных лістох (Олехно Кголикгинович, Olechno Goliginovicz; Andruszko Golgynovicz). Сыны баярына Вештарта зваліся Мішка (дзяржаўца слонімскі ў 1441 г.) і Яцко Вештартавічы [80]. У розных лістох (у тым ліку ў лістох каталіцкага касцёлу) першае паловы 15 стагоддзя былі згаданы літвіны з народнымі імёнамі Рачко, Некраш, Неруш, Воўчка, Войтка, Грыцко, Багдан, Васько, Фомка, Андрусь, Машка, Мілохна і інш. Буйнейшыя літоўскія паны – Радзівілы, Кясгайлы, Гедыгоўды і іншыя – у сваіх лацінскіх лістох 15 ст. шматкроць падавалі лацінкаю словы і цэлыя выслоўі ў беларускай мове (“устаўное лукно”, “пашня”, “сябрычы”, “дзяльніца”, “ушаткі”, “пуд воску”, “на чатыры сохі”, “на тры сцірты”, “кулі ліпцу”, “подле дарогі міма касцёлу нашага” і інш.), называючы гэтую мову “народнаю” (vulgariter) [81]. Гэтыя прыклады можна множыць і множыць.
У святле ўсіх гістарычных фактаў не даводзіцца казаць аб тым, што Гарадзельская унія нібыта спыніла славянізацыю літоўскае шляхты (не кажучы ўжо аб тым, што яна быццам ёсць даводам нейкае “балцкае” этнічнасці літоўскае шляхты). Насамрэч, галоўнаю мэтаю Гарадзельскае уніі было палепшыць міжнароднае становішча ВКЛ пасля паразы Тэўтонскага ордэну ў Грунвальцкай бітве, а ейныя абмежавальныя пастановы, як даўно было заўважана, мелі неюрыдычны, прапагандысцкі характар [82], не выконваліся на практыцы і неўзабаве былі амаль цалкам скасаваны ў выніку прывілеяў Гарадзенска-Троцкае уніі 1432–1433 гг. Уся літоўская шляхта – як каталіцкая, так і праваслаўная – у 15 стагоддзі складала адзін народ з славянскім народам Вялікага княства Літоўскага, аб чым ёсць процьма як уласна літоўскіх, так і замежных сведчанняў. Польскія пісьменнікі 15 і 16 стагоддзяў пісалі: “Люд літоўскі, рускі і маскоўскі – гэта адна і тая ж Русь, адно і тое ж племя” [83]. Такія еўрапейскія навукоўцы, як Энэй Сыльвій (у 1440-х гадох), Гартман Шэдэль (1493 г.), Ян Коклес Норык (1511 г.), Ян Багемскі (1538 г.), ды іншыя залічалі літвінаў да славянскіх народаў, а літоўскую мову залічалі да славянскіх моў [84].

Алёхна Дайліда